Але пачнем з лепшых. “Лебедзі” — гэта рабочы пазыўны аддзялення хуткай дапамогі ў Светлагорску. Рэжысёрка разам з брыгадай медыкаў выпраўлялася на выклікі і без эківокаў фіксавала тую працу, што прыходзіцца выконваць дактарам. У якіх умовах жывуць людзі? На што хворае наша грамадства? Як цэніцца праца “тых, хто першы пасля Бога”? Хто яны, тыя “лебедзі”? — перад намі паступова паўстае партрэт аддзялення светлагорскіх урачоў, што самааддана выконваюць сваю працу, іх штодзённая руціна, ад якой часам можна звар’яцець. А таксама — жыццё правінцыйнага горада з яго “балявымі” кропкамі.
Адна справа — уяўляць з чым прыходзіцца сутыкацца ўрачам, а зусім іншая — убачыць гэта на свае вочы. “Пахі, абстаноўка — для нас гэта ўсё не павінна мець значэння”, — кажа адзін з дактароў. Галіне Адамовіч удаецца зафіксаваць не толькі аблічча хваробы — скажам, “бруд” алкагольнага запою — але і супрацьпаставіць ёй стойкасць і чалавечнасць урачоў. Па сутнасці, супрацьпаставіць смерці жыццё.
Галоўны герой стужкі “Полацкі вальс” Вольгі Дашук — таксама чалавек перыферыі. Гэта культурны работнік Полаччыны, самадзейны кампазітар Васіль Граноўскі. Персанаж вельмі неадназначны: тройчы быў жанаты, бонвіван, зацейнік, аднак адкрыты да творчасці і культурнай працы. Цікава заўважаць за сабой, як падчас прагляду стаўленне да героя змяняецца ад пэўнага скепсісу і непрыяцця да спачування і разумення. Стужка нечакана паказвае і сённяшнюю вёску, у якой Васіль знаходзіць сваё месца. “Полацкі вальс” — гэта гумарыстычны партрэт на фоне сучаснага вясковага жыцця, дзе бавяць свой век адзінокія жанчыны ды каларытныя персанажы. Кампазітар Васіль, як ён сябе называе, у гэтым асяроддзі не здаецца — не саступае ні навакольнай, скажам так, энтрапіі, ні ўласнай хандры. Яго характар ніяк не замінае, а наадварот дапамагае гуртаваць вакол сябе людзей.
“Шахцёры” Віктара Аслюка — яшчэ адно назіранне за чалавекам пэўнай прафесіі. Адметнасць стылю знанага дакументаліста — ва ўменні выкрышталізоўваць сутнасць рэчаў, людзей, асяроддзе і выяўляць іх у мастацкай форме. У апошнім фільме рэжысёр перадае чалавеку старонняму “бляск” і прыгажосць сучаснай шахты, яе экзотыку. І, тут жа, фіксуе ўвагу на цяжкай працы шахцёраў калійнага камбіната, якая, нягледзячы на аўтаматызацыю, па-ранейшаму вымагае сілы і трываласці. Найбольш запамінальная частка фільма — калі перамяшчэнні па “казачных” тунэлях, “расфарбаваных” слаямі саляных парод, паступова пераўтвараюцца ў руцінныя рэйды. Сутарэнні не маюць канца, і ўсё больш адчувальнымі становяцца цемра, паветра, глыбіня саляных шахтаў.
Аднак, на мой погляд, карціне не хапае канфлікту. Надта ідэальнымі выглядаюць і самі шахцёры: прыкладам, за ўвесь час цяжкай працы ніхто з іх не прамовіў ніводнага “моцнага” слоўца. У мяне з’явілася адчуванне, нібы пэўныя абмежаванні на “непрычасанае жыццё” сталі патрабаваннем з боку. “Шахцёры” ў выніку выглядаюць прыгожай завязкай, але для “аб’ёмнага” аблічча шахты не хапіла нюансаў.
У цікавую дыспазіцыю выбудоўваюцца фільмы Яўгена Сяцько “УНОВИС” і Юрыя Цімафеева “Вялікае падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі”.
Стужка Яўгена Сяцько — гэта безумоўны must have для беларускіх тэлеканалаў. “УНОВИС” акуратна трапляе ў нішу папулярнага якаснага (тэле)фільма пра мастацтва — таго жанру, які ў апошні час становіцца ўсё больш актуальным. Яўгену ўдалося распавесці пра Віцебск 1920-х, народнае мастацкае вучылішча, асобу Казіміра Малевіча, значэнне яго ідэй, не абмінуць постаці вучняў мастака, падкрэліць сувязь з сучаснасцю… У фільме ўдала скамбінаваныя інсцэніроўка, выказванні экспертаў, хроніка, дакументы, сучасныя здымкі — што ў даступнай форме дае ўяўленне пра феномен УНОВИСа. На жаль толькі, у ценю застаўся Марк Шагал, роля якога ў стварэнні і жыцці мастацкай вучэльні была важкай. Тым не менш, раскрыццё ідэй Малевіча ў стужцы выклікае безумоўную павагу.
“Вялікае падарожжа...”, хоць зроблена і не ў такой светлавой якасці па карцінцы, дэманструе выдатнае валоданне аўтарам мантажом і рэжысёрскай прафесіяй. Стужка распавядае пра найцікавейшую старонку беларускай гісторыі — пахавальныя традыцыі князёў Радзівілаў. Вядомая крыпта Фарнага касцёла ў Нясвіжы лічыцца трэцяй сямейнай пахавальняй у Еўропе — пасля Бурбонаў у Францыі і Габсбургаў у Аўстрыі. Стваральнікам крыпты з’яўляецца князь Радзівіл Сіротка.
Для расповеду пра заснаванне гэтай традыцыі рэжысёр абірае некалькі ліній — меркаванні экспертаў, падарожжы ў абатцтва Сан-Дэні ў Парыж, у Капуцынеркірхе ў Вену, у Венецыю, Каір... І яшчэ адна з ліній — гэта знаёмства з сучаснымі продкамі Радзівілаў. Іх развагі ператвараюць гэту амаль дэтэктыўную гісторыю ў больш “паўнакроўны”, “аб’ёмны” дакумент. (Можна сказаць, што аўтару ўдалося спалучыць некалькі жанравых матываў: авантурна-прыгодніцкі, дэтэктыўны, уласна даследчы). Таксама задзейнічаны і нарысы самога князя Мікалая, дадаючы яшчэ адно вымярэнне ў апавяданне. “Вялікае падарожжа...” дае адчуванне маштабу, занурэння ў цікавую тэму, даследчыцкага азарту рэжысёра, жывой датычнасці да гісторыі.
На жаль, не ўсе фільмы, прадстаўленыя ў праграме, мелі такую ўдала выбраную інтанацыю і сучасны падыход да тэмы.
“Зямляк” знанага дакументаліста Анатоля Алая, які распавядае пра постаць трэцяга беларускага касманаўта, героя Расіі Алега Навіцкага, прайграе з-за састарэлай мовы нарыса.
Фільм пра музей супраціўлення ў Навагрудку “Лехайм!” За жыццё!” Ірыны Волах, нягледзячы на значнаць тэмы, пазбаўлены жорсткага рэжысёрскага каркасу. Патрапіўшы ў плынь інфармацыі, глядач не мае магчымасці нават уздыхнуць, каб асэнсаваць гісторыю, што адбылася ў гэтых мясцінах. Мы знаёмімся з наведвальнікамі музейнай установы з усяго свету, з іх успамінамі ды сямейнымі гісторыямі, але часу разабрацца ў тым, калі ўзнікла экспазіцыя, хто за ёй стаіць, які гэта быў важны крок у асэнсаванні памяці Другой сусветнай вайны ў Беларусі, проста не стае. Фільм не дае і самому месцу праявіць сябе (для гэтага патрэбны іншы тэмп) праз жаданне аўтараў умясціць у карціну як мага болей адзнятага матэрыялу.
У стужках Generation Play Ігара Чышчэні і “Інклюзія” Аляксандры Маркавай можна казаць пра набліжэнне да тэмы, але не пра яе раскрыццё. Для характарыстыкі работ маладых аўтараў хутчэй падыдзе азначэнне “разгорнутыя рэпартажы”. Фільмы, хочацца верыць, — яшчэ наперадзе.
У цэлым, паказ падштурхнуў да высновы, што атрымаць лепшае кіно дакументалістам перашкаджае брак часу і разумення “сваёй” тэмы. Як вынік, бачым “сырыя” стужкі, якія набліжаюцца больш да тэлевізійнага фармату. І тое, што найлепшымі атрымаліся найбольш смелыя карціны — таксама падстава для роздуму.