(Не)абавязковыя фатаграфіі

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

Аналагавая фатаграфія сёння набывае другое дыханне. Стаміўшыся ад утылітарнасці лічбавай выявы, яе бясконцага множання, аўтары ўсё часцей звяртаюцца да традыцыйных тэхнік як сродку спасціжэння падзабытай магіі і пошуку ўласнага стылю. На выставе “Віленскі фестываль аналагавай фатаграфіі і кіно” куратар праекта Андрэй Антонаў звярнуў увагу на яшчэ адну асаблівасць аналагавага фота — павольнасць. Такія здымкі нельга атрымаць хутка — і тое, што раней лічылася недахопам, сёння пачынае адкрываць іншыя вартасці. “Віленскі фестываль” распачаў гэтую размову пра магчымасці формы — і спадзяюся, што працяг яе будзе.

/i/content/pi/cult/723/15766/20.JPGВысакароднае, але іранічнае

Цікавай адметнасцю выставы стала і яе правядзенне на дзвюх пляцоўках — у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў і галерэі-кавярні “Арцель”. Адхіліўшыся ад прынятай траекторыі ўспрыняцця аналагавага фота як “рамантычнага звароту да мінуўшчыны”, куратар праекта дапамог творам літоўскіх і беларускіх мастакоў прагучаць у іншым ключы — як вольным практыкам вольных мастакоў. Іншымі словамі, Андрэй Антонаў дазволіў у пэўным сэнсе “элітнай” фатаграфіі трошачкі пабыць у якасці высакароднага, але іранічнага медыя.

Вось, калі ласка, работы Мантаса Пуйды (бромсрэбраны друк) у НЦСМ. Літоўскі фатограф захаваў на стужцы звычайныя будні вільнюскай Кальварыі. “Кальварыйская панарама” — гэта некалькі фатаграфій, пададзеных у форме кінакадраў: людзі на выявах стаяць на прыпынку або кудысьці рушаць на фоне вядомага месца. Кіно zero. Нічога асаблівага. Будзённая завядзёнка. Але менавіта за кошт фатаграфічнай культуры серыя выглядае свежа і цікава.

Ці, да прыкладу, фотаадбітак Альфрэдаса Малінаўскаса з серыі “Рэтраспектыва”. На выяве — трохлітровы слоік вады, у якім уніз галавой плавае рамонак, а на дне пасудзіны — нейкі падобны да галавы фрукт. Слоік адкідае цень на сцяну — яго “разразае” яркі промень святла. Дзіўны сюжэт, які ніяк не назавеш паэтычным. Непрэзентабельны посуд. Але ў фатаграфіі бачны погляд аўтара — нагледжанага і дасведчанага, які, тым не менш, не баіцца сваім “жартам” знізіць пафас гучання традыцыйнага фота.

А літаральна побач — неверагодныя хэміграмы Эгле Гуданітэ. На адмыслова апрацаванай хімікатамі паверхні мастачка размяшчае тонкія колцы садавіны ці гародніны. У выніку на паперы застаюцца разнастайныя сляды, што нагадваюць абстракцыі. Дзіўна? Так. Прыгожа? Таксама. І сапраўды — чаму гэтыя эксперыменты нельга лічыць фатаграфіяй? Невыпадкова і тое, што серыя называецца “Каметы”.

У такой тэхніцы, як люмент прынт, або кантактны друк, працуе і куратар выставы Андрэй Антонаў. Ён прыкладае да фотаадчувальнай паперы засохлыя кветкі. На паверхні застаюцца іх абрысы ці нават сама фактура раслін. Па-сутнасці, перад намі амаль што гербарый, але зроблены менавіта з дапамогай фатаграфіі. “Бурштынны” з-за яго адпаведанага колеру адбітак. Прычым энергетыку і хараство гэтых работ аспрэчыць цяжка.

Кястутыс Плейта выкарыстоўвае аналагавае фота для экспрэсіўнага адлюстравання перформансу. Серыя фатографа фіксуе размаіты танец чалавека: ён рухаецца, пакідаючы ў кожным асобным кадры белы след і не даючы воку гледача ўхапіць абрысы яго фігуры. І фатаграфія тут — такі ж удзельнік перформансу, як і сам артыст.

Нібыта фрагменты сну

Беларускія аўтары ў гэтай гульні з тэхнікамі ў параўнанні з літоўскімі калегамі выглядаюць больш стрымана. Алена Данброва ў серыі “Сон” накладвае адну выяву на другую, ствараючы мультыэкспазіцыйныя калажы (бромсрэбраны друк). Аўтарка здымае гарадскія двары, вуліцы, людзей, розныя фактуры.

Уладзімір Парфянок у серыі “Вільня. Вечар” засяроджваецца на рытме і трымценні святла на вуліцах горада. У цэлым, працу са штучным святлом, яго бляскам можна вылучыць як адметнасць почырка фатографа. Марына Бацюкова ў серыі “Досвед прысутнасці” дэманструе гарадскія фота-палімпсесты — мяркуючы па ўсім, аўтарку больш за ўсё натхняюць адлюстраванні. Віктар Сянькоў робіць бездакорныя ню-работы ў тэхніцы цыянатыпія — серыя “Німфы”.

У цэлым, варта адзначыць, што тая частка праекта, што экспануецца ў галерэі “Арцель”, прадстаўляе аналагавае фота ўжо ў больш знаёмым ключы — як класічную вытанчаную фатаграфію без нечаканак кшталту брутальных сюжэтаў і жартаўлівых жэстаў.

Альгімантас Маскалюнас стварае атмасферныя пейзажы прыморскіх рыбацкіх вёсак 1970-х. Эмілія Пятраўскіене выяўляе фактуру і прыгажосць кветак і раслін, робячы бромсрэбраныя адбіткі ажно з дагетаратыпу — серыя “Срэбраны сад”. Саўлюс Славінскас прапаноўвае да ўвагі блакітныя ўнікаты з ледзь заўважнымі абрысамі цюльпану на падваконні — серыя “Падваконне”.

Экспазіцыя ў гэтай прасторы па настроі больш пафасная, урачыстая, і дае “збой”, лічы, толькі ў дзвюх — трох серыях. Першая — “Без назвы” Кацярыны Гуртавой, выкананая ў літ-друку. У поле ўвагі беларускай аўтаркі трапляюць зусім, здаецца, невыразныя віды, дэталі, сюжэты: напрыклад, чалавек на фоне рога дома, твар якога і разглядзець нельга, або шурпатая сцяна. Гэтыя “вырваныя” з чыйгосьці сну ўспаміны і фактуры як быццам хаваюць за сабой пэўную гісторыю і выклікаюць трывогу праз сваю ледзь заўважную сувязь з рэчаіснасцю. Вось чыю падборку можна было б назваць “Сон”.

Другая серыя з нечаканым сюжэтам — гэта таксама літ-друк, але ўжо літоўскага аўтара Вітаўтаса Кракаўскаса. Не звяртаючы ўвагу на нібыта нефатаграфічнасць свайго аб’екту здымак — старога бровара — аўтар бачыць у ім паўнавартаснага партнёра. Кантраст брутальнага, закінутага будынка і натуральнага святла робіць гэтыя работы цікавымі.

Да “парушальніка спакою” ў пэўным сэнсе можна далучыць і Гінтаса Кавалюнаса з яго нацюрмортам “Яблык”. Аднолькавыя фатаграфіі фрукта выкананыя ў дзвюх розных тэхніках — цыянатыпіі і альбумінавым друку. Гэтая пара прывабіла мой позірк, мабыць, менавіта сваёй прастатой сюжэту.

Тэрапія будзённасці

Пэўным чынам кантактуючы паміж сабой, дзве экспазіцыі выставы склаліся ў кампраміснае выказванне. З аднаго боку, тут ёсць узоры эстэтычных, вытанчаных арт-фота — для тых, хто цэніць менавіта такое выкарыстанне традыцыйных і альтэрнатыўных тэхналогій. З другога — прыклады “незланамераных” правакацый, якія даюць магчымасць па-новаму прачытаць аналагавую фатаграфію.

Варта дадаць, што куратар праекта Андрэй Антонаў распачаў “Віленскі фестываль” яшчэ ў Вільнюсе. У жніўні гэтага года ў прасторы “Тута” адбылося першае веню ініцыятывы, у якім прымалі ўдзел і беларускія фатографы. Акрамя выставы, фестываль уключаў у сябе шэраг падзей: майстар-класы, паказ кіно.

Дзякуючы дапамозе Амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, Беларускаму грамадскаму аб’яднанню фотамастакоў, Нацыянальнаму цэнтру сучасных мастацтваў з’явілася магчымасць зладзіць падзею і ў Мінску. Склад удзельнікаў “фестывалю” трошкі памяняўся, але неістотна. Праграму ў мінскай рэдакцыі таксама дапаўнялі майстар-класы літоўскіх і беларускіх аўтараў па працы з аналагавымі матэрыяламі. Гледзячы па водгуках у сацыяльных сетках, яны карысталіся вялікай папулярнасцю.

Акрамя відавочных творчых кантактаў фатографаў суседніх краін і папулярызацыі аналагавай фатаграфіі, “Віленскі фестываль” спадабаўся і па наступнай прычыне. Ён засведчыў, што аналагавая фатаграфія можа не толькі стаяць на варце традыцыі і рамяства, але і выступаць паўнавартасным інструментам даўншыфтынгу, тэрапіяй будзённасці, сродкам асэнсавання і канцэнтрацыі, ды проста вольнай практыкай, здатнай як спараджаць паўнавартасныя творы мастацтва, так і заставацца спосабам самавыяўлення.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"