Азіяцкі вецер і парад дэбютаў

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

24 дэбюты, 11 фільмаў рэжысёраў-жанчын, заўважная прысутнасць азіяцкага кіно… 17 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Falcon Club Буцік Кіно 25-ты Мінскі Міжнародны кінафестываль “Лістапад” прадставіў міжнародныя праграмы ігравога і дакументальнага кіно. “К” паспрабавала вылучыць у іх галоўныя цікавосткі.

/i/content/pi/cult/714/15615/logonew-999999876_opt.jpegКонкурс нацыянальных кінашкол

Сёлета ў ім прыме ўдзел ажно 13 інстытуцый. У іх ліку — Школа кіно і аўдыявізуальных мастацтваў Ecam (Іспанія), Факультэт кіно і тэлебачання Акадэміі музычнага мастацтва (Чэхія), Польская школа кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі (Польшча), Міжнародная кінашкола ў Кёльне (Германія). Будуць і старыя знаёмыя — Мабільная кінашкола Docnomads, прынцып якой — адкрытасць да рэжысёраў з розных краін. Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацваў у праграме прадставіць стужка студэнткі Сяргея Шульгі Алены Буяковай “Адзін дзень з жыцця Алеся і Алесі”.

Для стварэння камернай і прыязнай атмасферы конкурс маладога дакументальнага кіно вырашылі перанесці ў малую залу кінатэатра “Піянер”.

— Гэта робіцца для таго, каб маладыя людзі — і ў першую чаргу, студэнты нашых ВНУ — знаёміліся са сваімі калегамі, стасаваліся, вучыліся адзін у аднаго, — патлумачыла дырэктар праграм неігравога кіно Ірына Дзям’янава.

Асноўны конкурс дакументальнага кіно

Адным з тэматычных кірункаў сёлетняй праграмы можна назваць зварот аўтараў да гісторыі ўласнай сям’і. У гэтым кантэксце перагукаюцца стужкі “Вітаю, бабуля!” літоўскіх рэжысёрак Юратэ і Вілмы Самулёнітэ і фільм “Праект “Бабуля” венгра Балінта Рэверса. Іх аўтары занурваюцца ў жыццё родных, каб у выніку разабрацца ў саміх сябе.

Другі трэнд праграмы — фокус на блізкасць. “Глядзіш і ўражваешся, як блізка рэжысёры падыходзяць да сваіх герояў. Стаць незаўважным, часткай абстаноўкі — гэта вышэйшае майстэрства”, — кажа Ірына Дзям’янава. З такой дыстанцыі, па яе словах, становяцца заўважнымі ўнутраныя рухі душы чалавека. Пацверджанне таму — карціна “Пустэльнік” Арцёма Маскалёва з Расіі — пра адасобленае і аскетычнае жыццё ў глухім лесе. Уражвальны псіхалагічны партрэт расійскай гімнасткі Маргарыты Мамун, якая імкнецца рэалізаваць свае амбіцыі, удалося стварыць паляку Марту Прусу ў карціне “За межамі”. У фільме ўкраінскай рэжысёркі Алісы Каваленка “Хатнія гульні” галоўнай гераіне даводзіцца
абіраць паміж яе незвычайным захапленнем — футболам — і сям’ёй. Дэбют венгеркі Бэрнадэт Туза-Рытэр “Палонная” прасочвае шлях гераіні да свабоды. Ёсць у конкурсе і стужкі, якія даследуць уздзеянне вайны на псіхіку чалавека — “Вайна” Сулева Кеэдуса.

Айчынная дакументалістыка будзе прадстаўлена ў конкурсе стужкай Віктара Аслюка “Беларуская Атлантыда”.

Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”

Сёлета ў ім шэсць карцін. Праграмны дырэктар конкурсу Ігар Сукманаў яшчэ раз зрабіў акцэнт на канцэптуальным складніку праграмы. “Мы хочам паказаць, што дзіцячае кіно раўнацэннае даросламу. Гэта шчырая размова на роўных”, — запрасіў ён на сумесныя паказы дзяцей і бацькоў.

З цікавостак у конкурсе — стужка кенійскага рэжысёра Лікарыёна Вайнайна “Супа Мода”, вылучаная ад краіны на “Оскар”. Таксама ў фаварытах — лідар эстонскага пракату “Таварыш дзіця” Моонікі Сійметс.

Адкрыецца конкурс, які па традыцыі праходзіць у кінатэатры “Піянер”, беларускай карцінай “Правілы геймера” Ігара Чацверыкова.

Конкурс “Маладосць на маршы”

Два фільмы з Індыі — “Гандляр бранзалетамі” Эрэ Года і “Спадар” Рохена Геры, два з Кітая — “Аўдавелая ведзьма” Цай Чэнцзэ і “Прах” Лі Сяофэн, тайландская стужка “Манта Рэй” Арунпхенга Пхуціпхонга, “Яго страчанае імя” японкі Нанакі Хіросэ — вучаніцы майстра Хіракадзу Карээда… Азіяцкі ўхіл у конкурсе заўважны. Прычым гэта не выпадковасць: узровень работ рэжысёраў з Усходу неаднаразова быў высока адзначаны на самых розных міжнародных кінафорумах.

А таксама важна не абмінуць увагай нашумелы праект Даніэла Санду “За спінай у Серафіма”, які забраў восем узнагарод Нацыянальнай румынскай кінапрэміі Gopo Awards, у тым ліку і “за найлепшую рэжысуру”.

Яшчэ “Маладосць на маршы” падрыхтаваў асаблівы падарунак кінагурманам — адмысловы паказ стужак кітайскага рэжысёра Ху Бо, аўтара чатырохгадзіннага фільма-сенсацыі Берлінскага кінафестывалю “Слон сядзіць спакойна”. Апрача яго, можна будзе ўбачыць і дэбютную стужку аўтара “Чалавек у калодзежы”.

Асноўны конкурс ігравога кіно

Ён ужо прыцягвае ўвагу анонсам трох фільмаў. Пра “Сэрца свету” Наталлі Мешчанінавай (вядомай нашумелай працай “Камбінат “Надзея”) ужо гаворыць не толькі расійскі свет кіно. Дэбют у ігравым кіно Рамана Бандарчука, чыю дакументальную стужку “Украінскія шэрыфы” мы маглі бачыць на “Лістападзе” ў 2016 годзе — цудоўны прыклад паэтычнага сучаснага кіно. Немагчыма прайсці міма работы “Попел беласнежны” ўладальніка “Залатога льва” Цзя Чжан-Кэ — на гэты раз аўтар “Дотыку граху” зняў гангстарскую меладраму “ў эпоху пераменаў”. Таксама ў конкурсе новы фільм паслядоўніка румынскай “новай хвалі” Раду Жудэ “Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары” і “Ласкавая абыякавасць свету” Адзільхана Ержанава, вядомага мінскім гледачам па стужцы “Чума ў ауле Каратас”.

Як паведаміла на сустрэчы з прэсай начальнік аддзела рэпертуарнага прагназавання і планавання мінскага “Кінавідэапракату” Вольга Багаварава, білеты на сеансы ў рамках “Лістапада” будуць вагацца ў межах ад двух да сямі рублёў. Самыя дарагія — 15 рублёў — на цырымонію адкрыцця і закрыцця фестывалю.

Што да першай, то яна 2 лістапада традыцыйна пройдзе ў кінатэатры “Масква”. Як адзначыў начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры краіны Аляксандр Рыдван, рэжысёрска-пастановачную групу, якая працуе над урачыстай часткай, узначальвае Уладзіслава Арцюкоўская.

Фільмам адкрыцця стане апошняя работа польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскага “Халодная вайна”, адзначаная на апошніх Канах узнагародай “За найлепшую рэжысёру”.

25-ты “Лістапад” трымае планку кінафестывалю, які прапаноўвае гледачу кінапраграму вышэйшага класа. “Але для нас важна і несупыннае развіццё, — падкрэсліла дырэктар кінафоруму Анжаліка Крашэўская. — Само жыццё дыктуе новыя формы, запыты і ідэі, таму неабходна рухацца наперад. Можа быць, 25-годдзе дасць кінафестывалю новы імпульс”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"