Сёлета збіралася ў Луку на Століншчыне, але ў апошні момант вырашыла паехаць у свой родны Клічаўскі раён, дзе ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўнесены дзіцячы калядны абрад “Куры”. Гэта абыход двароў, што здзяйсняецца 13 студзеня дзецьмі школьнага ўзросту, якіх у Віркаве засталося ўсяго 14 дзяцей. Налета большасць з іх скончыць школу ў суседнім Пярэкаллі і раз’едзецца. Хто тады будзе хадзіць “у куры”? Пакуль невядома.
Сёлета Віркаў наведалі таксама ўдзельнікі фальклорнага гуртка “Гарэзы” з Клічава. З імі прыехалі дырэктарка Цэнтра дадатковай адукацыі Ала Пятроўская, выкладчыца Жанна Ачыновіч і метадыстка Вераніка Коўрык, а таксама дырэктар Клічаўскага цэнтра турызму Аляксей Шумскі. Прыемна было бачыць такую цікавасць да вясковага абраду з боку жыхароў райцэнтра. Як патлумачыла Жанна Ачыновіч, яе навучэнцы вельмі хацелі паглядзець на сапраўднае калядаванне і самі пакалядаваць. “Гарэзы” хадзілі з уласнай каляднай праграмай, хаця ведаюць і песню віркаўскіх “курэй”. Адбыўся ў нейкім сэнсе абмен вопытам.
Таксама ў гэты вечар па вёсцы хадзіў гурт калядных “цыганоў” на чале з кіраўніцай віркаўскага клуба Жаннай Васьковіч, якая сама пераапранулася ў цыганку. Нядаўна клуб “перасялілі” з аварыйнага будынка ў бібліятэку. Тут працуе краязнаўца Надзея Дубень, якая ўдзельнічае ў гурце “цыганоў” у ролі Паненкі. З ёй у пары — Пан. Таксама парныя персанажы — Цыган з Цыганкай, Малады з Маладой. Усе яны віншуюць гаспадароў і танчаць. З імі ходзіць Механоша.
Назад у Клічаў “Гарэзы” з’язджалі задаволеннымі і стомленнымі, з поўнай торбай пачастункаў ад віркаўскіх гаспадароў. “Кур” і “цыганоў” вяскоўцы таксама, канечне, не пакрыўдзілі.
Алена ЛЯШКЕВІЧ,
малодшы навуковы
супрацоўнік Цэнтра
даследаванняў беларускай культуры, мовы
і літаратуры НАН Беларусі