Складанасці прагляду

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Важны досвед дзіўнага фестывалю “Нефільтраванае кіно”
На вуліцы лье моцны летні дождж. Разам з заснавальнікам і арт-дырэктарам форуму Аляксандрам Мартынюком, сябрам журы, кінакрытыкам Максімам Карпіцкім і каардынатаркай Лерай Грын абмяркоўваем вынікі міжнароднага кінафестывалю кароткаметражнага кіно. “Кіно можа быць свядома недасканалым — чаму яно тады не вартае ўвагі?” — разважае Аляксандр. Максім, узгадаўшы любімую фразу Ланглуа “ўсе фільмы нараджаюцца роўнымі”, звяртае ўвагу на тое, што часам менавіта непрафесійнае, выпадкова знятае кіно можа распавесці пра час болей за шматлікія карціны мэтраў. Лера маўчыць. Я напіраю на тое, што канцэпцыю форуму трэба прапісаць больш выразна. Фэст “Нефільтраванае кіно”, які прайшоў у Мінску напрыканцы ліпеня, — гэта падзея, якая падымае шмат пытанняў, і галоўнае з іх — што ёсць сёння кіно і як мы мусім яго ўспрымаць.

Няфільтр супраць фармату

Праект заснавальніка руху kinaclub.org і па сумяшчальніцтве выкладчыка права Аляксандра Мартынюка нарадзіўся некалькі гадоў таму, падчас адбору фільмаў у праграму іншага кінафорума — Cinema Perpetuum Mobile. “За бортам” тады апынуліся многія вартыя ўвагі (па меркаванні рэжысёра) стужкі, і ў Аляксандра ўзнікла ідэя стварыць незвычайны фестываль. Супраць фармату і відавочных кінаклішэ, акурат для таго нязручнага кіно, якому цяжка прабіцца на вядомыя кінапляцоўкі. Так і з’явілася “Нефільтраванае кіно” з як мага шырокімі тэматычнымі і эстэтычнымі рамкамі — і, адпаведна, вялікім спектрам кінапоглядаў на свет.

У яго праграме могуць спалучацца самыя розныя ”опусы”. Да прыкладу, сёлета ў конкурсе спаборнічалі стужкі такіх аўтараў як: прафесійны фінансіст і адданы кінааматар Дуглас Філіпс з ЗША, выпускнікі Гуманітарнага інстытута тэлебачання і радыёвяшчання ў Маскве Дзмітрый і Дзяніс Луканіны, выпускніца кінааператарскага факультэта Лонданскай школы кіно Варвара Іванова, выкладчык сцэнарнага майстэрства ў Чэшскай кінашколе і рэжысёр Дыега Фандос. Такая пярэстая карціна ніяк не бянтэжыла стваральніка “Няфільтру”, бо, як падкрэслівае Аляксандр, кантэкст, у якім ствараецца кіно, і тэма стужак важнейшыя за дасканалую форму. Таму розная вага рэжысёраў смела ўраўнаважылася, выбачайце за таўталогію, актуальнай праблематыкай.

Сёлета кінафорум упершыню за час свайго існавання вырашыўся на конкурс і працу журы. Дык як жа дэмакратычны прынцып? — пасыпаліся пытанні. Алекс зрэагаваў на падобныя заўвагі спакойна: “Гэта эксперымент. Да ўсяго, мы можам адзначыць кінарэжысёраў сімвалічнымі ўзнагародамі Short Movie club“, — сказаў ён. Менавіта так пераклалі на англійскую “Нефільтраванае кіно”.

Ад тусоўкі да культурагента

Калі хтосьці напрыканцы аднаго ліпеньскага тыдня зазірнуў бы ў Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў па вуліцы Някрасава, то пабачыў бы займальную карціну. Малады чалавек на англійскай мове зачытвае сінопсіс пэўнага фільма перад купкай гледачоў у зале. Публіка ўважліва слухае і потым аддана глядзіць “кароткі метр” дзіўнага кіно, прагляд якога для кагосьці стаўся бы частаваннем горкай рэдзькай — што нельга і ў рот пакласці. Шмат замежных гасцей. Пасля кожнай карціны — апладысменты. Некалькі слоў аўтара — і зноў уважлівы прагляд. Эксперыментальная праграма, анімацыйная, выдатная дакументальная, ігравая… “Нефільтраванае кіно” зрабіла блокі рознай “цяжкасці”, але кожны з іх беларуская публіка ўспрыняла з вялікай далікатнасцю і ўвагай.

/i/content/pi/cult/651/14460/32 kultura 8-9 copy2.jpg

У арт-прасторы “Мёд”, дзе ладзіліся пазаконкурсныя паказы, быў наогул аншлаг. Панавала нязмушаная атмасфера, як у зале, так і на экране: аўтары маглі дазволіць сабе “амаль усё”. Да прыкладу, расійская кінарэжысёрка Кацярына Данчанка, якая прывезла на кінафорум даволі нашумелую стужку “Пахаваць Леніна?”, зрабіла эфектнае intermezzo перад праглядам сваёй карціны. Яна прапанавала гледачам сумесны спеў своеасаблівага “каверу” на песню Pink Floyd High hopes у падтрымку стужкі. Амаль усе словы ў кампазіцыі былі заменены на рэфрэн назвы фільма. Аўдыторыя жыва падтрымала рэжысёрку, хоць некаторыя з кінематаграфістаў і не ведалі рускай мовы — як, напрыклад, індыйскі рэжысёр Кумара Раджа, што сядзеў побач са мной. Пасля перажытага досведу спеваў малады кінематаграфіст ахвотна распавёў пра свае ўражанні ад убачанага ў Мінску, зазначыўшы, што вельмі шчаслівы, “заехаўшы так далёка”.

— Сёння я пабываў ў Музеі гісторыі беларускага кіно, і мяне асабліва ўразіла тая частка экспазіцыі, што прысвечана анімацыі, — дзеліцца Кумара.

Як высветлілася, яшчэ ў недалёкім мінулым ён быў праграмістам і толькі нядаўна вырашыў сур’ёзна заняцца кіно, для чаго паехаў у Лондан вучыцца прафесіі. Кумара з аптымізмам распавядае пра свае планы, а на маё пытанне пра беларускі фестываль адказвае, што не бачыць анічога дзіўнага ў сваім далёкім падарожжы — калі для прамоцыі ўласнага праекта ён паехаў у такую далечыню.

— Цікавая праграма фэсту, у мяне цяпер вялікі ліст кантактаў, цудоўны горад — я задаволены! — канстатуе Кумара.

Варта аддаць належнае: “Нефільтраванае кіно”, якое ўзяло на сябе рызыкоўную місію злучэння прафесіяналаў і аматараў, у выніку іх сапраўды паяднала. Не толькі на экране. Кінематаграфісты і кінадзеячы з Лівана, Францыі, Вялікабрытаніі, Турцыі, Іспаніі, Расіі, ЗША — усе, з кім удалося перасекчыся, ва ўнісон адзначылі гасціннасць Мінска, цёплы прыём ды адметнасць беларускага Short movie club. Аляксандр Мартынюк выдатна адчуў запыт новай генерацыі стваральнікаў кіно — і трапіў з “Няфільтрам” у яблычак. Кінематаграфісты з усяго свету знайшлі сваю аўдыторыю і былі ўсцешаныя. І калі потым на асабістых старонках пераможцаў і ўдзельнікаў фэсту ў сацыяльных сетках чытаеш словы ўдзячнасці і захаплення вандроўкай — становіцца зразумелым, што фестываль паспяхова выканаў і культурную місію, пакінуўшы за пакуль невядомым для кагосьці Мінскам шлейф багатага на свае цікавосткі горада.

Ад Расіі — да Лівана

Ды ўсё ж звернем увагу на праграму, якая пры сваёй размаітасці і агульнай скіраванасці на кіно нечаканае і сацыяльна значнае, выглядала ў цэлым змястоўнай. З вялікай колькасці дасланых на фестываль прац — больш за некалькі соцень — Аляксандр разам са сваёй камандай абраў у чатыры конкурсныя секцыі толькі 21 стужку. Прызма ў “Няфільтра” ўсё ж такі ёсць — яна пільна рэагавала менавіта на ідэі і мэсідж кіно, і гэта можна назваць своеасаблівым фільтрам нефарматнага фэсту.

Да прыкладу, дакументальная праца “Шышок”, якую на фестывалі прадстаўляла аператар Варвара Іванова, распавяла пра жыццё маладога хлопца Сяргея на фоне расійскай вёскі Ільяціна. Атачэнне 20-цігадовага героя, які мае прозвішча Шышок, яго сябры, дзяўчына, што толькі скончыла школу, лад жыцця людзей у мясцінах, якія інакш як закінутымі не назавеш — усе гэта, на жаль, аўтары паказалі з прадузятасцю, што на працягу фільма толькі мацнела. Сяргей — заўважна па падборы сцэн — чужы для стваральнікаў стужкі, і гэты бар’ер рэжысёры чамусьці аддана сцераглі. У некаторых эпізодах герой выпадкова выходзіць за межы свайго “вобраза”, але аўтараў не цікавіць падобнае “збліжэнне”. Шышок у стужцы застаецца на загадзя адведзеным яму аўтарам месцы, — і таму карціна пакідае адчуванне ангажаванай працы. З аднаго боку, даволі прафесійнае і працяглае даследаванне, з іншага — дыстанцыя да персанажаў, якую нельга не заўважыць, і якая выклікае, мякка кажучы, недаўменне. Фільм атрымаўся слабы, але ён цікавы гэтым парадоксам, — калі кіно выяўляе светапогляд не толькі герояў карціны, але аўтараў, шмат распавядаючы пра іх саміх.

У супрацьлегласць расійскай стужцы можна паставіць пераможцу дакументальнага конкурсу — карціну ліванскага рэжысёра Амара Шамі “Апошні сігнал”. Фільм таксама адлюстроўвае паўсядзённасць — ужо ліванскай вёскі, дзе нічога не здараецца. Але гэта анічога не ўтрымлівае ў сабе жыцця. Рэжысёр фіксуе “разраджаную” завядзёнку сваіх сваякоў: тэлефанаванні старой бабулі, якая ўжо амаль не можа выйсці з пакоя, абібоцтва дзядзі, які вылоўлівае на радыё любімыя песні і навіны. Пустэча, цішыня, дрымота котак у сваіх хованках… Як адзначае Амар, ён не ставіў сабе за мэту зрабіць фільм, у якім ёсць згадкі пра вайну. “Але яна там ёсць, — пагаджаецца рэжысёр. — Адсутнасць працы і заняпад выяўляюць яе аддаленую прысутнасць”. І самае галоўнае — аўтар шкадуе сваіх персанажаў, і гэты кантраст чалавека і навакольнай энтрапіі спараджае адмысловую драматургію.

Сюжэты падказваюць стужкі навін

Фільм “Аўрора” Дыега Фандаса стаў уладальнікам Гран-пры. Ён распавядае пра гвалт, ад якога сёння не ўцячы нідзе на зямлі. На працягу 10 хвілін бачны на экране маляўнічы ўзыход сонца над морам. План з блакітнай роўняддзю не мяняецца — публіка сочыць за гісторыяй, слухаючы толькі галасы людзей, якія нібыта ў гэты самы час назіраюць прыгожую дзею. Ідылія абарочваецца трагедыяй, калі чуюцца гукі стрэлаў. Сонца працягвае свой узыход, але галасы людзей ужо не чутныя.

Дыега так распавядае пра сваю карціну: “Для мяне было істотна правесці ў кіно дзве думкі. Па-першае, мы да канца і не даведваемся, хто з тых людзей — забойца. Я не ўказваю на нацыянальсць тэрарыста, бо сёння падобныя дзеянні могуць здарыцца дзе заўгодна і быць учыненыя кім заўгодна: ад тэрактаў ІГІЛ у Еўропе да бессэнсоўных забойстваў у ЗША, якія здзяйсняюць адзіночкі-псіхапаты. Другая думка, — гэта безабароннасць Бога, Сусвету перад учынкамі людзей. Нам дадзены такі прыгожы свет, а што чыніць чалавек? Толькі знішчае яго”.

Спадар Дыега прызнаецца, што зрабіць такую радыкальную канцоўку ў стужцы падштурхнула яго абстаноўка, што адбывацца ў свеце: “Спачатку я хацеў зняць фільм пра пары, якія знаходзяцца ў асабістым крызісе, размаўляюць аб гэтым, гледзячы на ўсход, але потым зразумеў, што тое занадта банальна. Дапамагла змяніць фільм стужка навін, якая штодня поўніцца звесткамі аб тэрарыстычных актах, забойствах. Людзі за кадрам размаўляюць пра сексуальнасць, грошы, уладу і гэтак далей — вядома, разважанні аб прычынах, што прыводзяць людзей да гвалту, таксама мой пасыл”.

Нецярпімасць, тэрор, эканамічная неўладкаванасць, бяздумнае прытрымліванне рэкламных стандартаў, гвалт у сям’і — вось тэмы, якія хвалююць сучасных рэжысёраў з усяго свету. Новы свет кіно паказвае, што ў той эры, якая наступіла з прыходам сучасных тэхналогій, мяжа паміж прафесійным фільмам і аматарскім усё больш размываецца. Ніхто не можа гарантаваць, што прафесійны фільм сёння абавязкова падорыць гледачу асалоду. “Няфільтр” пры такім раскладзе становіцца важнай пляцоўкай для пошуку сапраўднай аматарскай удачы. І, як сведчыць гісторыя кіно, яны часам здараюцца.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"