Напрыклад, на сёлетнім фестывалі “Горад і кнігі” ў Мінску гаворка ішла менавіта пра гэта: прадстаўнікі шэрагу айчынных бібліятэк Беларусі падчас работы “Экспертнай пляцоўкі” дзяліліся сваім досведам удзелу ў праграмах, накіраваных на адукацыю і прафесійнае навучанне. Адзін з найбольш вядомых тут праектаў — праграма міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Сэрвісы па падтрымцы бібліятэчнай сеткі: мадэрнізацыя бібліятэк Арменіі, Малдовы і Беларусі шляхам развіцця бібліятэчных кадраў і рэфармавання бібліятэк”, які з’яўляецца адным з 4 праектаў праграмы Erasmus+, прынятых да рэалізацыі ў Беларусі на 2015 — 2017 гады.
Каардынатарам праграмы выступае Акадэмія дзяржаўнага кіравання Арменіі, а ўдзельнікамі праекта з беларускага боку — бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. І гэты ўдзел мае важкі фінансавы складнік.
Напрыклад, як распавёў “К” дырэктар Навуковай бібліятэкі ГрДУ Мікалай Грынько, агульны бюджэт праекта для айчынных кніжніц склаў больш за 220 тысяч еўра.
— Кожнай з айчыных бібліятэк было выдаткавана прыкладна па 57 тысяч еўра, — адзначыў візаві. — На гэтую суму мы праходзілі стажыроўкі за мяжой (напрыклад, паляпшалі свае веды ў англійскай мове, вучыліся бібліятэчнаму маркетынгу і гэтак далей), ладзілі сустрэчы ў Беларусі з замежнымі спецыялістамі бібліятэчнай справы, а таксама набылі неабходнае абсталяванне для правядзення семінараў і трэнінгаў.
Акрамя таго, па словах Мікалая Грынько, у рамках праекта Erasmus+ усе ўніверсітэты-ўдзельнікі распрацоўваюць свае модулі і складаюць праграму навучання да іх. Пасля правядзення серыі пілотных заняткаў на базе сваёй ВНУ ўдзельнікі абмяняюцца праграмамі модуляў для арганізацыі навучання ў іншых універсітэтах—партнёрах праекта.
Дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімір Кулажанка ў сваю чаргу зазначыў, што, дзякуючы названаму праекту, яго ўстанова набыла камп’ютары, фотакамеру, каляровыя прынтары і іншае абсталяванне на суму ў 4 600 еўра. Але, на яго думку, тое не самае важнае.
— Галоўнае, што мы з дапамогай еўрапейцаў не толькі мадэрнізуем нашу бібліятэку, але і павышаем кваліфікацыю супрацоўнікаў як фундаментальнай бібліятэкі БДУ, так і іншых бібліятэк Беларусі, атрымліваем доступ да міжнародных бібліятэчных баз даных, а таксама ствараем сэрвіс падтрымкі сеткі бібліятэк краін “Усходняга партнёрства”, — распавёў суразмоўца. — У нас на стадыі распрацоўкі ўжо знаходзіцца адукацыйны модуль па інфармацыйнай граматнасці бібліятэкараў. На яго ўкараненне ў дзеянне — гэта будзе онлайн-партал — выдаткавана са сродкаў праграмы каля 19 тысяч еўра.
Як бачна, удзел у грантавых праграмах і партнёрскіх праектах заўсёды ідзе на карысць тым, хто спрабуе актыўна піярыць сябе і сваю дзейнасць. Прычым не толькі на карысць матэрыяльную. Узрастаць у сваёй справе, як вядома, можна ўсюды і заўсёды, беручы карыснае з вопыту замежных калег і прапагандуючы свой уласны, беларускі досвед узаемадзеяння з чытачамі на еўрапейскіх дыскусійных пляцоўках. А англійскую мову вывучыць не так ужо складана…