Ініцыятарам жа новага фэсту выступіў Тэатр старадаўняй культуры “Яварына”, кіраўнік якога Маргарыта Кубенкевіч працуе культарганізатарам названага палаца.
… Пад гукі дуды, лютні і шалмеяў у цэнтр белай мармуровай залы выходзяць танцоры. Юнакі і дзяўчаты, апранутыя ў звыклым спартыўным стылі, бяруцца за рукі са сваімі аднагодкамі ў ільняных архаічных і шыкоўных сярэднявечных строях, адчуваючы сябе цалкам нязмушана.
Ахвотных прыбывае, круг пашыраецца, унутры яго ўтвараецца меншы кружок, яшчэ меншы…
Музыкі граюць усё хутчэй, у віхуры танца круг раптоўна разрываецца, ператвараючыся ў ланцужок, падхопліваючы аднаго за адным гледачоў, што датуль нерашуча пераміналіся наўзбоч.
Бадай, толькі на такіх фэстах можна ўбачыць, як хлопец у чорнай рокерскай байцы схіляецца ў паклоне перад абранай дамай сэрца ў ядвабнай сукенцы, стылізаванай пад Рэнесанс. І здаецца, нібы сучаснасць і Сярэднявечча сустрэліся на свяце — і пасябравалі, паразумеліся на універсальнай мове музыкі і пластыкі.
Гук на фестывалі — толькі жывы, граюць і спяваюць гурты, што сталі сапраўднымі зоркамі сярэднявечнай музыкі. Першым публіку вітаў гурт “Келіх кола”, які выконвае беларускую і балцкую архаічную, народную кірмашовую музыку на самых розных інструментах: гуслях, флейтах, дудах, лірах, бубне, жалейцы, скрыпцы ды іншых. Для “разагрэву” “Келіх кола” прапанаваў танцы “Мяцеліца”, “Ойра”, “Талака” — здабыткі фальклорных экспедыцый.
Наўрад ці патрэбна спецыяльна прадстаўляць “Старога Ольсу”, чый трывалы творчы сімбіёз з “Яварынай” на кожным выступленні стварае надзвычай прыгожае, рамантычнае і энергетычнае відовішча — на радасць шматлікім прыхільнікам. Гэтым разам “цвіком праграмы” стаў іх сумесны спектакль “Юр’я і Цмок” паводле народнай “Легенды пра Цмока”. Вядомы некалькі яе сюжэтных варыянтаў. У баладзе, пранікнёна праспяванай Алесем Чумаковым, кароль мусіць ахвяраваць дачку страшэннаму Цмоку, які жыве ў сінім моры і штодня патрабуе аброк — чалавека. Але на малітвы пакінутай на беразе каралеўны з неба спускаецца Юр’я і забівае дзідай Цмока ў жорсткім баі. “Абкормленая”, здавалася б, экшнамі моладзь з прыцішанай увагай сачыла за немудрагелістым сюжэтам, герояў якога ўвасаблялі і акцёры, і лялькі.
Досвед правядзення танцавальных вечарын у стылі медыяваль мае гурт “Testamentum terrae” (“Запавет зямлі”). Юрась Панкевіч, кіраўнік гурта, — адзін з вядучых беларускіх дудароў, сам займаецца рэканструкцыяй старадаўніх інструментаў. “Testamentum terrae” распаліў імпэт танцораў дынамічнымі творамі са знаёмымі назвамі — “Кракавяк”, “Полечка”, потым перайшоў да запаволенай шляхетнай кампазіцыі “Пава” і, нарэшце, нагадаў добра знаёмую многім песню “Вайтоўна”, але ў вальсавай апрацоўцы.
Удзельнікі “Яварыны” і танцавальнага калектыву “Гістрыён” тым часам рассеяліся па зале, падымаючы з крэслаў нават самых лянівых гледачоў, уцягваючы іх у скокі, ведучы за сабой, навучаючы на хаду. Тыя ж з радасным здзіўленнем пачыналі разумець, што не такія ўжо мудрагелістыя гэтыя танцы продкаў, і нават у няспрытных атрымлівалася, хай не з першага разу, падладзіцца пад агульны рытм, пераняць рухі.
Нарэшце, “Яварына” прадэманстравала “майстар-клас”: прыдворныя парныя танцы XV ст., падкрэслена цырымонныя, у шыкоўных строях, і раптам, пасля паўзы, — кантрастная змена вобраза: палымяны арабскі танец з фантастычнай пульсацыяй гнуткіх кашэча-змяіных целаў і зіхценнем маністаў.
Апошнім граў “Ліцвінскі хмель”, яшчэ раз давёўшы, што сярэднявечная музыка — не проста старонкі нотнай гісторыі: яна можа быць “драйвам” і для меламанаў ХХІ стагоддзя.
Пасля мы пагутарылі з кіраўніком “Яварыны”, выпускніцай Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў Маргарытай КУБЕНКЕВІЧ.
— Сёння давялося бачыць, здаецца, больш за сотню маладых людзей, якія не мелі гістарычных касцюмаў, але досыць бойка вытанцоўвалі маразулю, турдзьён, плятэршпіль... Гэта вашы вучні або прыхільнікі?— Заўсёднікі нашых выступленняў, тыя, хто часта наведвае фестывалітакога кшталту, сярэднявечныя дыскатэкі, якія час ад часу ладзіць у мінскіх клубах “Стары Ольса”.
— “Яварына” прайшла шлях ад гурта сярэднявечнага танца да тэатра старадаўняй культуры і здзіўляе ўсё новымі знаходкамі. Нядаўна ў вас з’явіліся і свае музыкі?— Так, 5 музыкантаў, якія граюць на дудах, шалмеях, дудках, цыстры, барабанах. Удзельнікі “Яварыны” могуць паказаць касцюмаваныя гарадскія, народныя, прыдворныя танцы — ад архаікі ІХ стагоддзя да канца XVI. Яшчэ ў нашым цяперашнім рэпертуары — усходнія танцы, фехтаванне на мячах, пародыі на рыцарства, камедыйныя сцэнкі ў масках, вогненнае і піратэхнічнае шоу. Ведаеце, у беларускім фальклоры ёсць такі непісаны прынцып: “Каб вока радавалася”.
Вось мы і стараемся радаваць гледачоў, каб ім было прыемна бачыць нашы выступленні.
— І дзе ж знаходзіце артыстаў з такімі разнастайнымі здольнасцямі?— У асноўным гэта прафесійныя харэографы, студэнты і выпускнікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.
— Вы прыйшлі ў субкультуру медыеваль 8 гадоў таму. Як лічыце, ці ёсць у яе перспектывы, або гэта толькі часовая мода?— Колькі гэтым займаюся — бачу, што людзі ўсё больш цягнуцца да гісторыі, цікавяцца і Сярэднявеччам, і раннімі эпохамі, і пазнейшымі. Мяркую, у Беларусі будзе павялічвацца колькасць творчых праектаў гістарычнай тэматыкі.
Святлана ІШЧАНКА