“Анімаёўка”: ёсць і маладзее

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Ужо заўтра ў Магілёве старшыня журы Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, прафесар Леанід Носыраў аб’явіць пераможцу форуму. 19-ы фестываль, які сабраў 381 карцін з 45 краін, сёлета ўрачыста распачаўся 28 кастрычніка, далучыўшыся да святкавання Міжнароднага дня анімацыі.

/i/content/pi/cult/610/13561/1-1.jpgУсяго ў асноўны конкурс патрапілі 103 стужкі з 34 краін, сярод якіх і карціны беларускіх рэжысёраў. Сёмая частка альманаха “Аповесць мінулых гадоў”, “Вясна ўвосень” Таццяны Кубліцкай паводле казкі Уладзіміра Караткевіча, “Якія сны сніць мядзведзь” маладога рэжысёра Руслана Сінкевіча… Варта адзначыць стужкі кінастудыі “Беларусьфільм”, якія вылучаюцца беларускай культурай і мовай. Таксама ў беларускі блок трапляе нашумелая карціна Алены Пяткевіч “Марк Шагал. Пачатак” і “Дзеці будучыні спяць” маладога аўтара Івана Гапіенкі.

Яшчэ адзін напрамак форуму — конкурс дзіцячай анімацыйнай творчасці “Я не чараўнік, я толькі вучуся…” сёлета таксама ў фаворы: ён сабраў 69 работ з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы і Бельгіі.

Сярод паказаў “Анімаёўкі-2016” — залатая калекцыя “Саюзмультфільма”, прымеркаваная да 80-годдзя слыннай студыі, прэзентацыя фестывалю польскай анімацыі “О!PLA”, адмысловая праграма з Дзяржфільмафонду Расіі, вядома, падборка беларускай анімацыі…

Традыцыйна адбыўся конкурс дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, на які, па словах новага дырэктара Магілёўскага кінавідэапракату і фестывалю Ірыны Дарафеевай, прыйшло каля 500 работ.

Ганаровымі гасцямі “Анімаёўкі” сталі яе сябры: дырэктар Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек і анімацыйных фільмаў “Лялька таксама чалавек” Марэк Хадачыньскі (Польшча), які прывёз у Магілёў спектакль “Пані Саці” тэатра “Атофры”, слынныя педагогі і аніматары Яраслаўскага цэнтра анімацыйнай творчасці “Перспектыва” Маргарыта Нагібіна і Уладзімір Ішчук (Расія), беларускі майстар Ірына Кадзюкова, якія выступілі з майстар-класамі… Валерый Панкоў з Расіі, акцёр дубляжу, саліст дуэта “Панкофф ЛаВа”, першы з расійскіх артыстаў, які выйграў кастынг на агучку музычнай часткі мультфільмаў “Чып і Дэйл спяшаюцца на дапамогу”, “Прыгоды мядзведзікаў Гамі”, “Качыныя гісторыі”, сёлета наведае з адмысловай музычнай праграмай не толькі Магілёў, але яшчэ і Бабруйск ды Быхаў.

“Праграма магілёўскага фестывалю на сёння складаецца ў большай частцы са студэнцкага і дэбютнага кіно, — пракаментавала кантэнт асноўнага конкурсу Ірына Дарафеева, — і, напэўна, гэта можна лічыць своеасаблівым напрамкам, у бок якога можа далей рушыць фестываль”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"