Што адказаў Радзівілаў?
— Ёсць такая цудоўная песня “Я получил эту роль, мне выпал счастливый билет…”
— Яна трошкі пра мяне. Я ў сваім жыцці хацеў стаць артыстам — і стаў ім.
— Кім патрэбна быць, каб гаспадарыць у ролі Дзеда Мароза больш чым дваццаць гадоў запар?
— Не паверыце, але я перакананы: Дзедам Марозам можа быць кожны! У Маскве, на Вараб’ёвых гарах, ёсць нават адпаведная школа — трохмесячныя курсы, на якіх ты атрымліваеш гэткую “кваліфікацыю”. Там вучаць акцёрскаму майстэрству, сцэнічнаму маўленню, псіхалогіі стасункаў з дзецьмі. Але я ў свой час атрымаў дастаткова іншых адукацый, каб прэтэндаваць на гэты вобраз.
— Наколькі “смехатэрапія”, якой вы займаецеся ў штаце Белдзяржфілармоніі, запатрабавана сёння?
— Жанр, у якім я працую, — вельмі складаны і рэдкі ў нас, чаго не скажаш пра тую ж Расію. Ён цяжка даецца людзям, бо, акрамя таленту, патрэбны пэўныя душэўныя якасці. Ёсць і тэхнічныя асаблівасці, напрыклад, якасныя тэксты. Трэба, каб аўтары пісалі для цябе і менавіта пад цябе. Я займаюся пародыямі, чытаю маналогі, фельетоны, спяваю. Раблю ўсё, акрамя фокусаў! Урэшце, спатрэбіцца — і гэта развучу. А часы зараз добрыя, далібог. Так, у свеце не ўсё заўжды ладзіцца, але з часам людзі зразумеюць: жыць у сяброўстве і згодзе — куды лепш. Гэта тая вялікая сіла, што кіруе людзьмі.
— То бок да вас публіка прыходзіць збольшага шчаслівая, бо і беларусы такія самі па сабе?
— Канешне! Тым больш і смех заўсёды аздараўляе чалавека, лечыць чалавечыя душы. Гэта сапраўды найлепшыя лекі.
— Вы адзначылі, што Масква гумарыстамі поўніцца. А чаму іх мала ў нас?
— Ну, параўнайце маштабы тамтэйшага рынку і нашага. Ды і, паўтаруся, сам жанр складаны. Прынамсі, справа не ў тым, што нашы артысты дрэнныя.
— Мо школа ў суседзяў лепшая?
— І не гэта. Хаця ў мяне самога маскоўская школа. Нашы артысты добрыя, а вось у гэты жанр ніхто не хоча ісці, бо ён вельмі спецыфічны, патрабуе выдаткаў, у тым ліку матэрыяльных: набыць маналог, зрабіць так, каб ён спадабаўся гледачу і каб самога сябе не пакрыўдзіць. Артыстаў размоўнага жанру публіка сама адсейвае, прычым даволі жорстка. За бортам лёгка апынуцца...
— А што да выдаткаў душэўных: ці хапае вам любові, цеплыні, радасці для блізкіх людзей з такой работай?
— Люблю іх усіх, яны гэта ведаюць. І сям’ю, і сяброў. Збіраемся віншаваць адзін аднаго традыцыйна пад стары Новы год, бо раней я заняты.
— Ці не адчуваеце вы сябе гэткім Містарам Ікс, знаходзячыся пастаянна ў ролях і вобразах? Які ж вы сапраўдны?
— Маскі я нашу толькі на рабоце, але часта: то добрую, то злую. Магу нешта і для вобраза ўжыць кшталту акуляраў ці парыка — незаменных для артыста парадыйнага жанру штрыхоў.
— Ці сочыце за кірункам развіцця культуры і за працэсамі ў галіне?
— Я не навігатар, але свой жанр, свой матэрыял шаную, паважаю, цаню. У красавіку будзе 30 гадоў маёй творчай дзейнасці. Таму дасягнутае зберагаю. А культурнымі падзеямі сапраўды цікаўлюся, у тым ліку і поспехамі калег, айчынных і замежных.
— Ці бываеце вы ў рэгіёнах са сваімі праграмамі? Або арыентуецеся на сталічную публіку?
— Сам я паходжу з Круглага Магілёўскай вобласці, дзяцінства правёў у горадзе Узда на Міншчыне. Мо таму і езджу часта. Як толькі чарнобыльская бяда грымнула, у ліку першых паехаў па забруджаных тэрыторыях. Рэгулярна прымаю ўдзел і ў фестывалі “Майстры культуры — працаўнікам сяла” ў якасці вядучага. Ды і вёскі не абыходзім увагай. Дзе толькі ні пабывалі за гэтыя 15 гадоў!
— Жыхароў раёнаў можна лічыць у нечым абдзеленымі “культурным забеспячэннем” ці, як кажуць, “культура не мае правінцыі”?
— Дзяржава паклапацілася пра людзей ва ўсіх кутках радзімы. Калі я бачу, у якіх дамах жывуць работнікі сельскай гаспадаркі, прыгожых, велізарных, то разумею: раней такога не было. Якія аграгарадкі, якія клубы, якое ў іх забеспячэнне! Дзеці ходзяць на дыскатэкі, займаюцца танцамі, спевамі, лепкай, вышываннем.
— Тады інакш спытаюся: ці роўныя зараз дзеці правінцыі і тых жа абласных цэнтраў па сваіх магчымасцях рэалізацыі ў творчасці?
— Я ўдзельнічаю ў камісіі па прыёме абітурыентаў ва Універсітэт культуры і мастацтваў. Адзначу, што вясковая моладзь, якая прыязджае паступаць, нічым не горш за мінчан.
— Справа тут у падрыхтаванасці альбо, скажам так, самабытнасці?
— Дзеці збольшага падрыхтаваныя, сапраўды. Але прыродны дар у многіх з іх у наяўнасці. А справа ўніверсітэта — развіць гэты талент. Для таго ўстанова існуе, каб выцягнуць з чалавека тое, што самастойна не раскрываецца.
— Як бы вы самі сябе павіншавалі з Новым годам? Мачыма, год малпы будзе вельмі багатым на пародыі…
— Малпа жывёла непрадказальная, свабодалюбівая. Яна сёння адно зробіць, а заўтра — іншае. Ніколі не дасць сябе пакрыўдзіць! Ну і да таго ж — вельмі разумная, усё бачыць, усё запамінае. Хачу, каб у такі артыстычны малпавы год усе мае блізкія і родныя былі здаровыя, каб мы збіраліся разам часцей, каб менш нас атачаў сум, а дабрыні і любові, наадварот, было багата. Асабіста сабе жадаю здзяйснення тых мар, якія ў мяне яшчэ не рэалізаваліся.
Што адказаў Дзед Мароз?
— Дзед Мароз, ёсць такі артыст Радзівілаў. Кажуць, часта табе дарогу пераходзіць. Не перашкаджае гэты персанаж?
— Не перашкаджае, ані! Радзівілаў — добры чалавек, балазе ён са мной побач ужо шмат гадоў. Бывае, змагаюся з ім, бо часам ён злуецца. Але часцей Уладзімір усё ж мудры і сардэчны.
— Часцяком, асабліва ад старэйшых, чую развагі пра новыя пакаленні. Маўляў, людзі становяцца ўсё горшымі. Таму хачу запытаць у Дзеда Мароза, якога лічу досыць аб’ектыўным сведкам таго, якія зараз растуць дзеці: ці можна па сённяшніх малечах прадказаць тое, у каго яны вырастуць праз зусім ужо і нядоўгі час?
— Дзеці зараз максімальна сучасныя. Усе разумныя, усе ведаюць, чаго жадаюць. Нават зусім малыя! І ўвогуле, тут прэтэнзіі павінны тычыцца не моладзі, а дарослых. Вось, дарагія дарослыя, а згадайце сябе, калі вы толькі пачыналі жыццё! Вашае бурчанне зараз — першая прыкмета старасці. Трэба з гэтым заканчваць, больш радавацца жыццю, усміхацца яму. Тым больш дзеці, моладзь у нас класныя. Проста ім трэба надаваць як найбольш увагі. Чаму яны не слухаюцца, бывае? А вы з імі час разам заўжды бавіце, а? Так, працуеце, дык ёсць жа суботы і нядзелі: для цырка, катка, кінатэатра. У нас расце цудоўнае пакаленне дзяцей, якія любяць нашу краіну. Я спакойны за будучыню Беларусі з такімі наступнікамі.
— Ці залежыць у тым ліку ад Дзеда Мароза станаўленне асобы дзіцяці?
— У нейкай ступені. У Дзедзе Марозе, прынамсі, трэба быць упэўненым, калі запрашаеце яго да свайго дзіцяці. Усяму ўніверсітэты могуць навучыць, у тым ліку і Дзеда Мароза-пачаткоўца, акрамя галоўнага — дабрыні, якая ў цябе альбо ёсць, альбо ты пусты. Не хачу выхваляцца, але нават калі я ў “грамадзянскім”, дзеці заўсёды да мяне цягнуцца, працягваюць рукі. Магчыма, таму, што я чарадзей…
— Што трэба дарыць дзецям, каб у іх узнік жывы інтарэс да мастацтва?
— Бацькі любяць вырашаць пытанні за сваіх дзяцей. З той жа вучобай, напрыклад. Не вельмі правільна, калі выдатныя піяністы становяцца неблагімі дактарамі. Таму трэба прыглядацца да дзяцей, прапаноўваць ім варыянты, не замінаць ісці сваім шляхам. Дзеці не павінны чуць: стоп, якія барабаны, якая гітара?! Малыя ў якасці падарункаў зараз любяць усё новае. Раней памятаю гэты бум на ляльку Барбі. А яны таксама розныя. Я ж спецыяліст ужо: у лялек мяняюцца сукенкі, упрыгожанні і нават валасы. І, дарэчы, лічу Барбі падарункам добрым: яна здатная раскрываць здольнасці дзяўчынкі, густ, светабачанне. Амаль у кожным разумным прэзенце можна знайсці і сэнс, і карысць.
— Напэўна, Дзед Мароз стамляецца падчас навагодняга марафону?
— Не, я ўжо настроены: трэба падарыць раз у год дзецям свята. А якое свята без Дзеда Мароза і яго падарункаў. Таму гэты персанаж абавязаны дапамагаць дзецям, а разам з тым і дарослым, каб святочныя дні прайшлі прыгожа, ярка і запамінальна. Гэта хутчэй задавальненне, чым праца для Дзеда Мароза.
— Ці лічыць сябе Дзед Мароз работнікам культуры?
— А як жа! Ён павінен быць культурным, акрамя ўсяго астатняга.
— Калі браць паняцце “работнік культуры” ўвогуле, то гэтая місія лічыцца цяжкай ношай, маральна і фізічна?
— Усе прафесіі я лічу складанымі, а заадно — карыснымі, важнымі. Таму лепш выбіраць тое, што табе кладзецца на сэрца, бо так лягчэй потым у жыцці.
— Чым і як натхняцца людзям нашай сферы?
— Любоўю да творчасці, безумоўна. Калі любіш сваю справу, дык будзеш верным ёй да канца сваіх дзён. Той жа бібліятэкар хіба не будзе шчаслівым, калі пабачыць цікавасць у вачах дзіцяці ў адказ на прапанаваную ім кнігу? Тое ж самае і з артыстамі ды іншымі.
— Вельмі хачу, каб Дзед Мароз персанальна, адрасна павіншаваў работнікаў культуры праз нашу газету.
— Дарагія калегі, паважаныя сябры! Як Дзед Мароз і як артыст Уладзімір Радзівілаў віншую вас з Новым годам і Калядамі. Хачу, каб ваша праца ніколі не згасала, каб вашы сэрцы біліся з імпэтам. А наша сфера з кожным годам станавілася ўсё больш прыгожай ад новых імёнаў: артыстаў, музыкантаў, пісьменнікаў. Усяго вам самага найлепшага ў гэтыя дні! Цяпла і ўтульнасці ў вашых дамах!
Фота аўтара