Факт пра план, які не догма

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Чаму здзіўляліся, чаму — не вельмі
Так, сённяшні артыкул — толькі пра культуру Бешанковіччыны. Між іншым паспрабуем адказаць, ці можна па адной установе культуры меркаваць пра стан культурных спраў усяго раёна. Распавядзем пры гэтым не толькі пра сельскія клубы, але і пра тое, чым адметны ў згаданай сферы раённы цэнтр. Загадзя праканстатуем: нашы высновы тут — неадназначныя.

/i/content/pi/cult/562/12316/10-1.jpgРДК не спіць

У Бешанковічы прыехалі вечарам. Заўважылі, што вокны РДК свецяцца, зайшлі — і не пашкадавалі. Апошні раз “К” наведвала гэты райцэнтр у 2009 годзе, Дом культуры тады толькі рамантаваўся. На сёння ён выглядае як тая лялечка: дыхтоўны, утульны, ды яшчэ і працуе, нягледзячы на позні час. Пасля зачыненых дзвярэй установы культуры ў аграгарадку “Свяча” “адчыненасць” РДК — як гаючы бальзам.

У глядзельнай зале вядзе рэпетыцыю Соф’я Панкевіч. Адзінаццацікласніцы Ксенія Малец і Дар’я Даўгяла старанна спяваюць штосьці эстраднае пад бадзёрую “мінусоўку”. Усё разам гэта называецца вакальным гуртом “Хвалі”. Соф’я Іванаўна — акампаніятар, усё жыццё — у культуры, як аказалася, вучылася на адным курсе з Мікалаем Пашынскім, колішнім начальнікам колішняга ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама і даўнім партнёрам нашай рэдакцыі… Пра тое, што Панкевіч ведаюць у Бешанковічах многія, мы пераканаліся ў гасцініцы, калі адміністратар запыталася: “З кім паспелі пазнаёміцца?” Распавялі пра Соф’ю Іванаўну. Адміністратар абрадавалася: “А мы з ёй разам у клубе спяваем. Чалавек вялікай душы!”

Што прымусіла Соф’ю Панкевіч затрымацца на працы ў РДК? Прафесійны абавязак. Заўтра мусілі адбыцца ўрачыстасці з нагоды восеньскага прызыву ў войска. Вось акампаніятар і нястомна адточвала майстэрства вакальнага гурта. А мы ў сваю чаргу парадаваліся: усё ж ёсць на бешанковіцкай зямлі моцныя прафесіяналы.

Зноў пра “Свячу”…

Зранку сустрэліся з намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бешанковіцкага райвыканкама Марынай Пясецкай. Запыталіся пра “Свячу”. Марына Анатольеўна вельмі здзівілася: маўляў, у гэтым аграгарадку працуе неблагі спецыяліст. Пачала кудысьці тэлефанаваць, высветліла, што работнік культуры адсутнічала ў рабочы час па ўважлівай прычыне. Па якой менавіта і чаму не пакінула адпаведнай абвесткі, нам не паведамілі.

Дык ці можна па адной установе, дзе атрымалі адмоўныя ўражанні, меркаваць пра культуру ўсяго раёна? Не. Як, зрэшты, і па тым, што ў горадзе ёсць цудоўны РДК, нельга сцвярджаць, што гэткая ж “цудоўнасць” уласцівая сельскім клубам ды бібліятэкам раёна.

А яшчэ даведаліся мы ад Марыны Пясецкай, што існуе праблема з кадрамі на сяле. Да слова, у сферы культуры Бешанковіцкага раёна сёння працуе 189 чалавек, з іх спецыялістаў з профільнай адукацыяй 109, а з вышэйшай — 60. Натуральна, многім работнікам важна было б павялічыць багаж ведаў, павысіць кваліфікацыю. Але тут паўстае новая праблема: не стае метадычнай дапамогі (пра гэта “К” пісала яшчэ ў 2009 годзе), іншым разам не хапае грошай, каб лішні раз адправіць супрацоўнікаў адпаведных устаноў на вучобу ў Віцебск… Пытанні, характэрныя ці не для кожнага раёна краіны. Адно не выклікае сумненняў: пры ўсяго толькі трох метадыстах дапамога сельскім клубнікам павінна быць больш дзейснай і частай. Не толькі дапамога, але і кантроль.

Чаму толькі “клубнікам”? Ды проста пра дзейнасць бібліятэкараў мы ведаем значна больш па той прычыне, што мясцовыя “кніжнікі” апошнім часам вельмі актыўна супрацоўнічаюць з “К”: пішуць (бывае, вельмі цікава!) пра плён сваёй дзейнасці. І ўвогуле, першае, што нас уразіла той раніцай, — вялізны стэнд ля ўваходу ў дзіцячую бібліятэку, дзе былі змешчаны вялікія каляровыя партрэты лепшых чытачоў. Мы такога, шчыра кажучы, нідзе пакуль не бычылі!

Ад Марыны Пясецкай даведаліся яшчэ пра некалькі клопатаў аддзела. Першае, за што баліць сэрца ў намесніка кіраўніка сферы: патрабуе рамонту дзіцячая школа мастацтваў. Падрыхтавана дакументацыя, але на тое, каб зрушыць справу, банальна не хапае сродкаў. Апроч таго, істотнага абнаўлення патрабуюць у ДШМ музычныя інструменты, гукавое абсталяванне. І аднаго пазабюджэту на гэтыя мэты, відавочна, недастаткова.

Чарговая (і агульная для ўсёй краіны) праблема — наведвальнасць дыскатэк. І нібыта знайшлі ў раёне, як яе вырашыць, аднак сутыкнуліся з новымі акалічнасцямі. Так, у Міністэрстве культуры падказалі, што можна праводзіць разавыя вечаровыя мерапрыемствы з удзелам непаўнагадовых, што аддзел актыўна і практыкуе. І тым не менш захоўваюцца напружаныя адносіны з праваахоўнымі органамі: з аднаго боку, падлеткі цяпер могуць знаходзіцца да гадзіны ночы ў клубе, з іншага, выйсці на вуліцу і дайсці да дому пасля мерапрыемства яны мусяць у суправаджэнні бацькоў, якія на той час ужо бачаць салодкія сны. Як быць з новай юрыдычнай калізіяй?

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Бібліятэкары, сапраўды, малайчыны. І не толькі на Бешанковіччыне. Вось ім чамусьці не надта патрэбна метадычная дапамога. Тая сітуацыя, калі на практыцы не без поспеху рэалізуецца старадаўняя выснова: “Той, хто інфармацыяй валодае, той і светам кіруе”. Якую б выснову для “клубнікаў” прыдумаць? Мо чытачы падкажуць?

Знаёмцеся: Станіслаў Леваненка!

Уразіў не столькі Бешанковіцкі краязнаўчы музей, колькі галоўны захавальнік ягоных фондаў Станіслаў Леваненка. Ён сам па сабе — музей. Павадзіў нас па горадзе, панарасказваў такога, што ў нас, без перабольшання, раты ад здзіўлення не закрываліся. З гэтай нагоды музейшчык — вельмі папулярны чалавек. Час ад часу тыя жыхары райцэнтра, да якіх прыязджаюць госці, бяруць Станіслава “ў арэнду”, каб павазіў па горадзе і раёне ды парасказваў пра слаўную гісторыю Бешанковіччыны. І Леваненка паспявае паўсюль: на раскопках, на музейных занятках са школьнікамі, на непасрэднай працы па папаўненні і захаванні фондаў. Такіх бы самаадданых музейшчыкаў — ды паболей!

Вось і нас спадар Леваненка павёў адразу не ў музей, а паказаў вулічныя цікавосткі Бешанковічаў, ці не галоўная з якіх — помнік у сэрцы райцэнтра. Як аказалася, колішні ўладальнік Бешанковічаў Іеранім Храптовіч узвёў гэты помнік у гонар прыезду расійскага імператара Аляксандра І у 1821 годзе. Некалькі разоў манумент перарабляўся, а ў сярэдзіне мінулага стагоддзя набыў сваё сучаснае аблічча: сведчыць пра подзвіг камсамольцаў у час Вялікай Айчыннай вайны. Цікава, што з ХІХ стагоддзя захаваліся побач з помнікам сем аўтэнтычных слупоў.

Але вернемся да музейнай справы. Што нам спадабалася? Ды хаця б тое, што ў мясцовых музейшчыкаў шмат перспектыўных задумак. Адна з іх — проста супер! Гаворка пра аднаўленне знакамітых бешанковіцкіх кірмашоў. А знакамітыя яны былі тым, што цягнуліся аж чатыры тыдні запар. За гэты час купцы афармлялі кантракты на пастаўку тавараў, каб не прагадаць, спрачаліся і таргаваліся да апошняга. Цяпер бы адпаведны кірмаш назвалі аптовым. Натуральна, сучасная рэканструкцыя такіх кірмашоў не прадугледжвае захаванне ягоных тэрмінаў. Галоўнае — гістарычную атмасферу перадаць ды вярнуць колішні гандлёвы прэстыж райцэнтру. Праўда, для нас незразумелым засталося вось што. Кірмашы раней праводзіліся на месцы сённяшняга гарадскога сквера. Калі іх узнаўляць, дык менавіта тут. Але ж у скверыку цяпер устанаўліваецца мемарыяльная вайсковая тэхніка. Справа — цудоўная, але як яна будзе сумяшчацца з кірмашовымі рэканструкцыямі, якія ў рэспубліцы набываюць брэндавае значэнне (згадайма “Ганненскі кірмаш” на Зэльвеншчыне)?

Што не спадабалася? Тое, што музей патрабуе рамонту будынка і абнаўлення экспазіцыі. На першае і другое элементарна, няма грошай. Застаецца толькі спадзявацца, каб іх хапіла на адмостку музейнага перыметра, якую распачалі і на невядомы час спынілі. А пра тое, што музей патрабуе да сябе пільнай увагі і ўкладанняў, сведчыць хаця б наступная акалічнасць: асноўная эспазіцыя была створана яшчэ ў 1987 годзе...

Тым не менш, Станіслаў Леваненка не сядзіць, склаўшы рукі. Дзякуючы яго пошукавай працы сабрана багата архіўных матэрыялаў, зроблены фотакопіі. Вось толькі прадставіць іх належным чынам няма як: у музеі адсутнічае нават праектар, не кажучы пра інфакіёскі з запампаванай туды цікавай гістарычнай інфармацыяй.

Сваімі сіламі музейшчыкі падрыхтавалі некалькі выставачных праектаў, пад якія аддадзена пару мініяцюрных залаў. У адной з іх прадстаўлены карціны мясцовага мастака, у другой адноўлены аўтэнтычныя інтэр’еры пакоя сярэдзіны мінулага стагоддзя. Канешне, можна сказаць, што мода на выстаўкі, якія адлюстроўваюць савецкі побыт, сёння паўсюдная, з-за чаго арыгінальнасць, вядома ж, губляецца. З іншага боку, калі мясцовай грамадзе (і найперш моладзі) цікава паглядзець, як жылі людзі некалькі дзесяцігоддзяў таму, то чаму б і не? Прынамсі, выстаўка ў Бешанковічах зроблена з густам і насычана цікавымі артэфактамі.

Вузка! Цесна! Мала!

Чарговае станоўчае ўражанне, якое суседнічае з уражаннем адмоўным, звязана з раённым Домам рамёстваў. Як і шмат гадоў таму месціцца ён у мала прыстасаваным для такіх патрэб будынку, дзе дастаткова цёпла толькі ў адным пакоі… Забягаючы наперад, зазначым: чарговая наша публікацыя будзе прысвечана культуры Лёзненшчыны. Дык вось, у гэтым раёне, які ў фінансавым плане, падаецца, нічым не адрозніваецца ад Бешанковіччыны, неяк здолелі і з рамонтам музея разабрацца, і падшукалі новае памяшканне для РДР. Відаць, справа не толькі ў фінансаванні. Нагадаем, што ў Лепелі Дом рамёстваў знаходзіцца на галоўным райцэнтраўскім пляцы. І займае не толькі другі паверх крамы, але і прэтэндуе на першы.

І ўсё ж пра станоўчае. Кіраўнік мясцовага РДР Марыя Калкова ад мар пра новы будынак для сваёй установы пераходзіць да будзённых спраў. У прыватнасці, пры РДР дзейнічае народны клуб майстроў, які складаецца з 17 чалавек. Гэтымі днямі ён мусіў пацвердзіць свой статус у Віцебску. Самі ж супрацоўнікі ўстановы ствараюць проста цуды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, працуючы ў вышыўцы, распісваючы маляваныя дываны, ствараючы чароўныя роспісы па шкле. Для дзяцей працуюць некалькі гурткоў, самымі папулярнымі з якіх з’яўляюцца “Гліняная цацка” і “Гліняныя цуды” — падлеткі на занятках асвойваюць азы не толькі ганчарнага майстэрства, але і стварэння з гліны разнастайнай сувенірнай прадукцыі.

Марыя Калкова марыць, каб працы мясцовых майстроў выстаўляліся ў розных галерэях. Мы, у сваю чаргу, прапаноўваем ідэю ладзіць абменныя выстаўкі, да прыкладу, з тым жа Лепельскім РДР. Марыя Ісакаўна была б і рада такія праекты ажыццяўляць, ды, па яе словах, адзіная на сферу культуры раёна “Газель” пастаянна загружана. І не дзіўна, калі на ўвесь раён няма нават аўтаклуба. Ну а для таго, каб выканаць гадавы план па аказанні платных паслуг, які сёлета складае 15 мільёнаў, у РДР знайшлі арыгінальнае выйсце: была створана новая батлейка, і супрацоўнікі ўстановы паказваюць тэатралізаваныя прадстаўленні.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Размаўляючы з кіраўніцтвам, работнікамі сферы культуры, ніводнага разу не пачуў пра спонсарскую дапамогу, прыклады дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. Але за перспектыўнымі варыянтамі далёка хадзіць не трэба. Завіталі ў прыватную фірму, якая займаецца ў вёсцы Астроўна селекцыяй садовых і дэкаратыўных раслін. Пераканаліся, што патэнцыял супрацоўніцтва паміж фірмай і мясцовым Домам культуры велізарны. Хаця б у правядзенні арыгінальных садовых святаў. Вось толькі хто зробіць першы крок насустрач?

Дык які ў нас план?

Гаспадарчая група аддзела, як кажа Марына Пясецкая, працуе на разрыў. Тымі днямі, напрыклад, яна займалася рамонтам ацяпляльнай сістэмы ў аграгарадку “Астроўна”. Калі мы прыехалі туды, работы былі ўжо завершаны.

Марына Анатольеўна, накіроўваючы нас у Астроўна, зазначыла, што тут няблага наладжана супрацоўніцтва клубнікаў з царквой. Пра гэта і пачалі гаворку з дырэктарам мясцовага СДК Валянцінай Ціханавай і мастацкім кіраўніком установы Наталляй Крыловай. Так, сувязі з царквой трывалыя. Ці не кожнае царкоўнае свята мае падтрымку работнікаў культуры. СДК рыхтуе сцэнарыі, тэатральныя сцэнкі, музычныя нумары. Тым больш, маецца ў СДК аж дзевяць клубных фарміраванняў. Словам, выбіраць ёсць і з каго, і з чаго.

Адно з нашых традыцыйных пытанняў звязана з ходам выканання плана па аказанні культурных паслуг насельніцтву. Не абышлося без яго і гэтым разам. Нашы суразмоўцы лічбаў плана не ведалі. Спачатку Валянціна Ціханава сказала, што план яе ўстанова не выканае, бо існуе праблема з напаўняльнасцю глядзельнай залы. Потым падгледзела ў нейкім сшытку, што план на год складае 15 мільёнаў рублёў, а факт на сёння — ці не 11 мільёнаў. Пачалі лічыць разам. Раз у месяц калектывы СДК выступаюць у санаторыі “Бароўка”, што на Лепельшчыне. Такія канцэрты прыносяць у клубную скарбонку па паўтара мільёна ў сярэднім. Ды плюс навагоднія мерапрыемствы, якія заўжды і нязменна запатрабаваныя. Атрымліваецца, што план пазабюджэткі будзе нават і перавыкананы.

Тут узнікае вось якое пытанне. Ці павінны работнікі культуры на месцах кантраляваць ход выканання названага плана? Калі рэй у клубе вядзе прафесіянал, для яго ў паўсядзённай працы няма дробязей. Дый ці можна назваць дробяззю “пазабюджэтку”, ад велічыні якой залежаць і перспектывы ўстановы, і ўзровень матэрыяльнага стымулявання? Згадайце, як у першым нашым артыкуле гэтага аўтатура лёгка і вольна аперавала фактамі ды лічбамі пазабюджэтнай дзейнасці кіраўнік Лепельскага РДР Алена Барадзейка. А яе ніхто не прымушаў! Проста яна зацікаўлена ў канчатковым выніку. Каб бачыць перспектыву, каб удасканаліць працу, каб захоўваць “падведамасную” галіну цікавай ды карыснай для наведвальнікаў. Вельмі простыя рэчы. І калі імі не жыць, можа лёгка пераблытаць прыдуманае з рэальным.

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

Тут, пагадзіцеся, не да лірыкі — пытанняў з’явілася багата. Але, найперш, уразіла нас стракатасць — у адных установах ідэй і прапаноў незлічонае мноства, у іншых нібыта і зусім няма. Адны ў неверагодна складаных, з тэхнічнага боку, умовах распрацоўваюць новыя праекты і выстаўкі, другія кіруюцца прынцыпам “абы ціха”. Відавочна тут адно: без дапамогі зверху першыя не змогуць рэалізаваць задуманае, другія не здолеюць прадставіць прывабны і канкурэнтаздольны прадукт.

Фота аўтараў

Мінск — Лепельскі — Бешанковіцкі —  Лёзненскі раёны Віцебшчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"