Прастора інтэрактыву

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Замежны досвед — сваё начынне
Адкрыццё інтэрактыўных залаў для юных аматараў нашай мінуўшчыны ў Нацыянальным гістарычным музеі прымусіла паразважаць пра такое паняцце, як даступнасць культуры. А яно, між іншым, азначае не толькі наяўнасць і зручны час працы ў пэўным населеным пункце асобнай установы. Гэта яшчэ і магчымасць даступнага ўспрымання інфармацыі.

/i/content/pi/cult/558/12226/12-2.jpgПагадзіцеся, калі ў сельскай бібліятэцы прыярытэт будзе нададзены выключна навуковым выданням, то карысці ад такой установы акажацца мала. Тое ж самае можна сказаць і пра музеі. Сухая падача інфармацыі ўспрымаецца тут не вельмі добра нават падрыхтаванай аўдыторыяй, не кажучы ўжо пра дзяцей. Як вынік, пад уздзеяннем ранейшага адмоўнага досведу ці стэрэатыпаў дзеці і іх бацькі нават баяцца наведваць музеі. Каб не пагоршыць уражанне. І гэта не выдумка, а рэчаіснасць! Не выпадкова ў сферы культуры шэрагу еўрапейскіх краін пытанне музейнай педагогікі ўжо даўно з’яўляецца надзвычай актуальным. Пад распрацаваныя спецыялістамі праграмы ў буйных музеях выдаткоўваюцца асобныя залы, забяспечаныя ўсім неабходным. Такі падыход давялося назіраць у некалькіх музеях — абсалютна розных профіляў — нямецкага Бона. Дзеці пагружаны ў музейны працэс, пачынаючы з інтэрактыўнага даследавання побыту чалавека часоў старажытнасці і заканчваючы вывучэннем распілаванага на дзве часткі “Мерсэдэса” і выпрабаваннем эфектыўнасці бытавых тэхнічных ноу-хау.

Прызнаюся, пасля ўбачанага ў Боне, “рэпертуар” для дзяцей айчынных музеяў прымушаў адчуваць хіба няёмкасць і недарэчнасць. І вось цяпер, дзякуючы Нацыянальнаму гістарычнаму, яшчэ і гонар. Бо прадстаўленая днямі інтэрактыўная музейна-пазнавальная прастора з’яўляецца на сёння, мяркую, узорнай.

У Нацыянальным гістарычным не адмаўляюць, што скарысталіся заходнім досведам. Іншая справа, што ўсё напаўненне дзіцячай прасторы, пачынаючы ад канцэпцыі, створана айчыннымі спецыялістамі, пераважна самімі музейшчыкамі, і, вядома ж, на аснове выключна беларускага матэрыялу. Прыкладам, у межах інтэрактыўнай зоны створаны лекторый пад патрэбы сярэдняга школьнага ўзросту. Дзеці маюць магчымасць у форме музейна-педагагічных заняткаў пазнаёміцца з гісторыяй і культурай Вялікага Княства Літоўскага, засвоіць сакрэты народнага рамяства ды самастойна выткаць пояс ці вырабіць абрадавую ляльку.

Цяпер маецца ў музеі і інтэрактыўная зона для самых маленькіх (разлічана на ўзрост дзяцей ад двух з паловай гадоў), прыстасаваная пад вывучэнне гісторыі краіны ў даступнай для іх узросту форме. З дапамогай змешчаных тут прадметаў — таго ж маманцёнка — у выглядзе гульні лёгка пагрузіцца ў першабытную гісторыю роднага краю. Спрыяюць усведамленню гісторыі таксама інтэрактыўныя стэнды, стол для малявання, збірання пазлаў ды іншыя цікавосткі. Менавіта на ўнутранае пагружэнне ў гісторыю разлічаны і музейны народны лялечны тэатр. Цяпер у дзяцей з’явілася магчымасць адчуць сябе акцёрамі, прыняць удзел у пастаноўцы батлеечнага спектакля і пазнаёміцца з ягонымі героямі.

Новае аблічча займела і зала для музейных заняткаў “Жывая археалогія”. Яна пераносіць наведвальнікаў у час позняга бронзавага веку. У зале ўзноўлены некаторыя функцыянальныя элементы падворка таго часу з ткацкімі прыстасаваннямі, станком для свідравання каменя, крамянёвымі сякерамі і іншымі прыладамі працы, што дазваляе паглыбіцца ў мінулае праз актыўнае дзеянне сваімі рукамі. Апроч таго, у зале быў павялічаны археалагічны раскоп і створана адмысловая прастора “Лабараторыя археолага”, якая дазваляе паказаць даследчую працу археолагаў са знаходкамі.

Пашырылі педагагічныя магчымасці залаў шматфункцыянальныя інтэрактыўныя панэлі і лазарны праектар, набытыя і ўсталяваныя, дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі “Velcom”. З яе дапамогай падчас заняткаў дзеці атрымалі магчымасць праглядаць адукацыйныя ролікі ды прэзентацыі, выконваць заданні на замацаванне матэрыялу.

У музейнай прасторы на вялікім плазменным экране можна пазнаёміцца і з часопісам “Музейныя вандроўкі”, які ў забаўляльнай форме раскрывае асобныя эпізоды гісторыі Беларусі. Расповед у электронным перыядычным выданні грунтуецца на прадметах са збору Нацыянальнага гістарычнага музея.

Зазначу, што кожны музейны занятак разлічаны на невялікую колькасць наведвальнікаў, а таму замову на ўдзел у дзіцячым інтэрактыве ў выхадныя ўжо цяпер трэба рабіць ці не за месяц да меркаванага наведвання музея. Што ж, цяпер мо і ў нас не толькі ўзровень айчынных музейных праектаў, але і чэргі на іх будуць на ўзроўні самых папулярных музеяў свету. Засталося толькі, каб досведам Нацыянальнага гістарычнага музея скарысталіся і рэгіёны.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"