Прэм'ерны выхад

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

У кінатэатры “Масква” 24 верасня адбылася прэм’ера карціны “Мы, браты…”, сумеснага праекта Міністэрства культуры Беларусі і кампаніі “Nonstop Media”. Яго стваральнікі прэзентавалі карціну як нацыянальны фільм.

Менавіта такім лічыць нашумелую стужку “аб выбары кожнага з нас” і міністр культуры Барыс Святлоў. Ён падкрэсліў: “Ніхто яшчэ да гэтага часу не сфармуляваў дакладна, што такое ўвогуле нацыянальны твор мастацтва, кожны гэта разумее па-свойму. Але калі фільм з’яўляецца творам пра Беларусь і за Беларусь — а менавіта такой і ёсць стужка “Мы, браты…”, — то яго можна назваць нацыянальным праектам”.

Сяргей Ждановіч, галоўны прадзюсар кампаніі “Nonstop Media”, на прэм’еры не хаваў свайго хвалявання.

— Быць стрыманым, прайшоўшы вядомы інфармацыйны прэсінг, складана, — прызнаўся ён. — Але карціна ўжо была прадстаўлена ў Амерыцы, у Лас-Анджэлесе, у Расіі на “Кінашоку” — яе прынялі. Гэта дарагога каштуе. І калі мы будзем успрымаць гэты фільм як кіно, якое нарадзілася тут, у нашай краіне, мяркую, атрымаем поўны спектр эмоцый, — даў своеасаблівы наказ перад прэм’ерай прадзюсар.

На сёння ўжо вядома, што дамовы аб паказе “Мы, браты…” заключаны з 40 краінамі. Японія, Паўднёвая Карэя, Турцыя — у гэтых краінах працуюць адмысловыя агенты па прасоўванні стужкі, гэтаксама фільмам плённа займаюцца ў Лас-Анджэлесе. “Каб займець падобныя кантакты, трэба было парупіцца”, — адзначае Сяргей Ждановіч і выказвае спадзеў: нягледзячы на тое, што зараз яшчэ рана казаць пра самаакупнасць фільма, але пэўныя гарантыі гэтаму ўжо ёсць.

Нагадаю, што над карцінай, рэжысёрам якой выступіў амерыканец Вільям дэ Віталь, працавала інтэрнацыянальная каманда: акцёры Эрык Робертс, Сара Кёркленд, актрыса і мадэль Наталля Алам, акцёры, каскадзёры і пастаноўшчыкі трукаў Энтані Чарльз Де Лонгіс, Монте Перлін, Кобі Азары -- усе з ЗША, гэтаксама адмыслоўцы з Германіі, Расіі і Польшчы. Але галоўныя і вядучыя ролі ў карціне выконваюць і беларускія акцёры: Руслан Чарнецкі, Алеся Грыбок, Уладзімір Гасцюхін, Аляксандр Яфрэмаў і Сяргей Яфрэмаў ды іншыя.

Менавіта для маладых беларускіх акцёраў — прэм'ера і сталася сапраўднай падзеяй.

З 1 кастрычніка “Мы, браты…” выйдзе ў рэспубліканскі пракат. Яго “тур” па беларускіх гарадах будзе падтрыманы адмысловай прома-кампаніяй, у якой прымуць удзел беларускі акцёрскі склад, а гэтаксама адзін з выканаўцаў заглаўнай песні стужкі — спявак Аляксей Хлястоў.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"