Ад свята да рэстаўрацыі

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

У папярэдні раз на фестывалі ў Гальшанах давялося пабываць чатыры гады таму. І я з прыемнасцю скарыстаўся магчымасцю параўнаць убачанае тады з сёлетнім дзействам вакол славутых руін. Тым больш, ужо трэці год “Гальшанскі замак” праводзіцца без прыцягнення прыватных партнёраў у якасці суарганізатараў — выключна высілкамі Ашмянскага райвыканкама пры частковым фінансаванні Гродзенскага аблвыканкама.

/i/content/pi/cult/550/12008/12-1.jpgКошт уваходнага білета на сярэднявечнае свята сёлета склаў 70 тысяч рублёў. Тым не менш недахопу ў наведвальніках не заўважыў: навокал былі ўсё тыя ж перапоўненыя імправізаваныя паркоўкі ўздоўж дарогі і на зялёнай зоне, гэткае ж вялікае прадстаўніцтва прыватных майстроў і дамоў рамёстваў з розных раёнаў Гродзеншчыны, шмат гледачоў, якія прыйшлі з дзецьмі, і, канешне ж, руплівыя работнікі культуры раёна. Яны не толькі падрыхтавалі свята, але і трымалі яго пад кантролем. Словам, часамі нават адчувалася дэжа вю, але ад таго не ўзнікала нейкай прыкрасці за арганізацыю свята, наадварот: абкатаны за шмат гадоў фармат фестывалю дазваляў пазбавіцца шмат якіх агрэхаў. Разам з тым, удалым атрымалася рашэнне актыўна задзейнічаць не толькі цэнтральную пляцоўку, але і дадатковыя, раскіданыя побач з палацам.

Трэба сказаць, што сёлета супалі тры знамянальныя даты: 735 гадоў мястэчку Гальшаны, 610 гадоў з дня нараджэння каралевы Соф’і Гальшанскай і 405 гадоў уласна тутэйшаму замку. З такой нагоды, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіны Балінскай, на свята ўпершыню прыехалі блізу дваццаці клубаў гістарычнай рэканструкцыі з усёй Беларусі. Сабраць такую прадстаўнічую колькасць удзельнікаў свята арганізатарам дапамог клуб славянскіх адзінаборстваў з Гродна “Арыдан”. У сваю чаргу “Залатая шпора” з Мінска дапамагла арганізаваць яскравае коннае шоу. Упершыню на фестывалі выступіў вулічны тэатр “Вір”, які ў спектаклі “Карабель дурняў” ажывіў на фестывальнай пляцоўцы карціну нідэрландскага мастака Ераніма Босха, а танцавальны калектыў “Soleil” правёў майстар-клас па сярэднявечных і шатландскіх танцах. Выдатную сярэднявечную атмасферу стварала музыка ў выкананні гуртоў “Літы талер”, “Pawa” і “Дзівабор”.

Вядома, хацелася б, каб калектываў было на шмат больш. З гэтым пагаджаецца і Галіна Балінская, з жалем канстатуючы, што свята абмежавана ўсяго 12 гадзінамі. У той жа час, на думку арганізатараў, вельмі важна, каб праграма фестывалю была разнастайнай. Так, летась публіка вельмі прыязна ўспрыняла пастаноўку мюзікла “Соф’я Гальшанская” Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, а таму сёлета было вырашана паўтарыць эксперымент: акцёры прапанавалі папуры з рэпертуару іх трупы.

Пару слоў пра арганізацыйныя моманты. Некалькі гадоў таму асобныя турыстычныя фірмы прывозілі на свята з Мінска групы турыстаў. Сёлета вырашылі пайсці трохі іншым шляхам. Акрамя інфармавання пра мерапрыемства турагенстваў, праз актыўную рэкламу ў Інтэрнеце разлічвалі, найперш, на індывідуальнага турыста. І па нумарах аўтамабіляў, прыпаркаваных непадалёк замка, можна пераканацца, што такая тактыка спрацавала. Тым не менш, для многіх турыстаў транспартнае пытанне было надзвычай актуальным — дабрацца да Гальшанаў з Мінска на грамадскім транспарце можна толькі з перасадкай. Таму была дасягнута дамоўленасць з мясцовым аўтапаркам, які пагадзіўся арганізаваць часовы прамы маршрут з мінскага мікрараёна “Каменная горка” непасрэдна да святочнай пляцоўкі.

Пэўныя хваляванні адносна турыстычнай прывабнасці фестывалю арганізатары звязвалі і з часам яго правядзення. У мінулыя гады свята праводзілася напрыканцы мая — у пачатку фестывальнага сезону, калі публіка яшчэ не стамілася ад разнастайных забаўляльных мерапрыемстваў. З-за фінансавага становішча сёлета давялося скарэктаваць даты. Ды і апошняя субота жніўня не дазволіла папрысутнічаць частцы студэнтаў, якія ўжо скіраваліся на вучобу ў буйныя гарады. І ўсё ж публікі сабралася на свяце даволі шмат. Адпаведна, мяркую, атрымаецца і прыстойная выручка. Як адзначыла Галіна Балінская, заробленыя ад продажу білетаў сродкі пойдуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры раёна.

І ўсё ж асноўнай мэтай свята было прыцягненне ўвагі грамадскасці да гальшанскага замка, рэканструкцыя якога ўключана ў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі”. Работы вядуцца з 2011 года. Ужо зацверджаны праектны каштарыс, а літаральна адразу пасля правядзення фестывалю рабочыя распачнуць узводзіць вакол адной з вежаў замка лясы. Усяго на гэты год на рэстаўрацыю выдаткавана толькі 400 мільёнаў рублёў. Па словах Галіны Балінскай, 25 верасня міністр культуры краіны плануе наведаць аб’ект разам са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. Да гэтага часу ашмянскімі рэстаўратарамі запланавана здзейсніць вялікі пласт работы. Згодна з планамі ў адрэстаўраванай вежы размесціцца так званая “халодная” экспазіцыя. Пакуль прапрацоўваецца план будучага музея.

Думаецца, што і надалей — асабліва з адкрыццём музея — галоўнае брэндавае свята Ашмянскага раёна будзе прыцягваць шматлікіх аматараў беларускай гісторыі і культуры.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"