Чамадан марскіх прыгод

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Ад Турына да Ялізава: няма камп’ютара — камп’ютары ёсць
Гэта публікацыя звязана толькі з прыемнымі ўражаннямі. Інакш кажучы, амаль усе ўстановы культуры, што сустрэліся на шляху, працавалі, за адзіным выключэннем, як мае быць. Шчыра кажучы, здзіўляліся мы не адзін раз. Як і заўжды, вакол пабачанага і адчутага з’явілася шмат разваг ды высноў. Думаць ды аналізаваць нам дапамагалі самі работнікі культуры. Той дадатны прыклад, калі аднадумства спрыяе развіццю агульнай справы. І яшчэ. Ненаўмысна давялося параўноўваць матэрыяльна-тэхнічную базу двух суседніх раёнаў, Пухавіцкага ды Асіповіцкага, — і пераканацца, што далёка не ўсё тое лепшае, што бліжэйшае да сталіцы.

/i/content/pi/cult/550/12006/10-1.jpgРовар — не раскоша

Думалі, што пад час вандроўкі па Пухавіччыне абмяжуемся Дукорай. Але пабачылі на шашы ўказальнік “Турын” і заехалі ў вёску з экзатычнай назвай. Як ні спадзяваліся, але націск ў назве паселішча прыпадае на першы склад. Кажуць, тут за княжацкім часам туры прывольна жылі. Забягаючы наперад, зазначым, што ў кантэксце мясцовай культуры брэнд гэты пакуль ніяк не выкарыстоўваецца. Шкада.

А парадавала тое, што ў Турыне, як і ў вёсках Асіповіцкага і Кіраўскага раёнаў, у асаблівай пашане такі транспартны сродак як ровар. Натуральна, не грэбуюць ім і ў іншых раёнах, але столькі грунтоўных прыстасаванняў для, так бы мовіць, роварных парковак, мы, падаецца, больш нідзе не бачылі. Вось і побач з СДК вёскі Турын мы налічылі пяць велікаў.

Факт, які заслугоўвае ўсебаковай увагі: на роварах прыехалі сюды з самых розных вёсак сельсавета вакалісткі гурта “Весялуха”. Да слова, у зоне абслугоўвання турынскага клуба 17 вёсак. Доказ таго, што ўзрост і адлегласць — не перашкода для чарговай рэпетыцыі. А мы прызналіся кабетам, што такі шматлюдны клуб днём даводзіцца бачыць даволі рэдка, так што Турынскаму СДК — наш рэспект.

Кіраўнік установы Валянціна Карнейчык — тры месяцы як на пенсіі, але працуе. І робіць гэта прыстойна. Абапіраецца на падтрымку старшыні сельсавета (будынак гэтай установы суседнічае з клубам) Святланы Харытончык, якая ніколі не сядзіць без справы, і на вялізны досвед 85-гадовага Івана Свірыдовіча, што кіраваў СДК з 1958 года, з моманту яго адкрыцця. А прынцып кіравання просты: не сядзець без справы і кожнага вяскоўца ўспрымаць як сямейніка ці родзіча. Таму “Весялуха” — заўжды бадзёрая і пазітыўная. І кожны цягнецца да яе падсілкавацца добрым настроем. Так, падаецца, і павінна быць.

А кіруе “Весялухай” Зінаіда Яскевіч. Скардзіцца на бязлітаснае надвор’е: калі б не спёка, даўно выехалі б на зернесушылку з канцэртам для хлебаробаў. Сёння, калі ў паветры палагаднела, выступілі ўжо не толькі на зернеачышчальным комплексе, але і ў іншых сельскагаспадарчых брыгадах. Ровары — не раскоша, а сродак мабільных культурных стасункаў.

Мы пагутарылі з кабетамі аб праблемах. Апаратура хоць і з 2005 года, але век свой яшчэ не аджыла. (Па суботах па-ранейшаму ладзяцца падлеткавыя дыскатэкі, білет каштуе пяць тысяч рублёў.) А вось без камп’ютара — вельмі цяжка. Ён цяпер і для шматлікіх справаздач патрэбны, і для вырашэння творчых задач незаменны.

Выснова тут адзіная: без камп’ютарнай тэхнікі сёння цяжка ўявіць не толькі бібліятэкі, але і клубныя ўстановы, ад якіх патрабуецца выкананне намалога пазабюджэтнага плана. Так што эканоміць на гэтым — усё роўна што не глядзець у перспектыву. Як можна патрабаваць ад сельскага клуба якасці мерапрыемстваў і не ствараць для гэтага хаця б мінімальных умоў? Аказваецца, можна. Іншая справа, што тыя ж настольны тэніс, секцыя гульні ў шашкі і нават канцэртная дзейнасць пакуль не прыносяць прыбытку.

Але яшчэ колькі слоў пра яркія турынскія акцэнты. Адзін з іх патэнцыйны культурны брэнд: у тутэйшых мясцінах у 1920-я любіў, аказваецца, тварыць Янка Маўр. Мясцовыя работнікі клубнай установы ганарацца тым фактам, што славутыя “Палескія рабінзоны” былі напісаны менавіта ў іх. Вось толькі гэтыя факт ніяк не адбіўся на лёсе мясцовай публічнай бібліятэкі. Нядаўна яе аб’ядналі са школьнай.

Яшчэ адна цікавостка — этнаграфічны куток сялянскага побыту, які сваімі рукамі стварыла дырэктар СДК. Там можна ўбачыць не толькі кросны ды лапці, але і даведацца пра цікавыя гістарычныя факты. Скажам, на месцы клуба ў свой час размяшчаўся праваслаўны храм. Там жа прадстаўлены ўспаміны этнографа Паўла Шпілеўскага, які ў ХІХ стагоддзі завітаў у Турын. Словам, не толькі мясцоваму жыхару, але і нават выпадковаму турысту ў гэтай вёсцы ёсць з чым і з кім пазнаёміцца. Можа, неўзабаве набудзе актуальнасць шыльда, што красуецца на ўнутраных дзвярах установы “Турын запрашае!”?

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Яшчэ са студэнцкіх гадоў прываблівалі аманімічныя тапонімы. Тыя ж Брэст і Парыж — гэта не толькі найменні французскіх гарадоў, але і беларускіх населеных пунктаў. І вось Турын. Цікава, што раней яго называлі Турыно, што адпавядае міжнароднаму напісанню наймення горада ў Італіі. Да чаго ўсё гэта кажу? Трэба такой магчымасцю актыўна карыстацца, рабіць цікавыя культурныя праекты, звязвацца з аднайменнымі гарадамі, усталёўваць кантакты. Як-ніяк, а пра беларусую вёсачку Парыж ведаюць ужо не толькі айчынныя турысты. Мо чарга за Турынам?

Аснова дзяржаўнасці…

У вёсцы Лапічы Асіповіцкага раёна вырашылі пазнаёміцца з багатым досведам клубнай установы і бібліятэкі, што размяшчаюцца ў адным будынку. Прыехалі якраз у абедзены час, таму вырашылі замест чакання пад дзвярыма выправіцца да Свіслачы, узбярэжжа якой у гэтых мясцінах уражвае сваім хараством. Пасля скіроўваемся да ўстаноў культуры, а там — зачынена. Але запіскі з подпісамі, уладкаваныя за шклом дзвярэй, сведчылі, што ёсць на тое уважлівыя прычыны. Таму паехалі ў Ялізава, славутае сваім шклопрадпрыемствам. Патрапілі спачатку да “дарослай” бібліятэкі. Побач з ганкам мужчына ўладкоўвае на багажніку ровара ладны кніжны стос. Пытаемся: “Ну і як бібліятэка?”. Адказвае: “Цудоўная!”. “А бібліятэкарка?” — “Прыгажуня ды разумніца!”. Пасля такой характарыстыкі ад чытача ногі самі панеслі нас у бібліятэчную прахалоду.

Усё правільна! Разумніца ды прыгажуня. Прыязная ўсмешка на твары. Уражанне такое, што любіць дзяўчына ўвесь свет. Мы потым прыгадалі плойму бібліятэкараў, што калісьці сустракалі нас, незнаёмых, і пахмурна, і абыякава, і са страхам… А тут — зусім іншае. І без сонейка ў бібліятэцы — сонечна. У гэтым — фірмовы, калі жадаеце, стыль установы…

Марына Тур, нягледзячы на маладосць, мае 16-гадовы стаж. Скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Ёй бы на завочнае аддзяленне, каб вышэйшую адукацыю атрымаць. “Муж не пускае”, — смяецца Марына. Смех смехам, але гэта — таксама праблема, уласцівая для далейшага творчага росту нашых маладых работнікаў культуры. Як яе вырашаць? Далікатна. Калі да такога мужа прыедзе, скажам, начальства з раёна ды з пераканаўчымі аргументамі патлумачыць, што вышэйшая адукацыя — чарговая прыступка ва ўмацаванні жончынай самапавагі, дык мо і не будзе асаблівых падстаў для пярэчання. Для сябе вырашылі такі досвед сабраць у маштабе рэспублікі, сабраць, каб абагульніць для чытачак “К”…

У бібліятэцы ўтульна, прыгожа. Найперш у вочы кідаецца плакат “Мова — аснова дзяржаўнасці”. Вось у кожнай бы бібліятэцы так красамоўна ды дакладна. Прынамсі, установы Асіповіччыны ўпрыгожаны менавіта так. Ідэалогія, скіраваная на нацыянальныя інтарэсы. І гэта не проста дэкларацыі.

Чарговая прыемная неспадзяванка — плакат з выявай братоў Багдановічаў з іх аўтографамі. Тых самых, якія ў веславанні заваявалі для Беларусі на летняй Алімпіядзе ў Пекіне “золата”. Побач — добрая падборка матэрыялаў пра славутых весляроў. Аказалася, тое не выпадкова. Аляксандр і Андрэй нарадзіліся ў Ялізаве, тут праходзілі іх першыя трэніроўкі. А таму мясцовым жыхарам ёсць кім ганарыцца і за каго перажываць у час спартыўных відовішчаў.

Але вернемся да кніг. Новая літаратура, у тым ліку і беларускамоўная, паступае ў бібліятэку рэгулярна. Апошнім разам, да прыкладу, бібліятэчны фонд павялічыўся на паўтысячы кніжных выданняў. У іншых абласцях далёка не ўсе могуць гэтым пахваліцца. А вось на Магілёўшчыне, як паказваюць нашы аўтатуры, словы не разыходзяцца са справай. У гэтай вось бібліятэцы — тры (!) камп’ютары. Два для работнікаў, адзін — для карыстальнікаў. Тут і высноў нейкіх рабіць не варта — усё навідавоку.

Таму чытачоў у бібліятэцы — без малага дзве тысячы. Наколькі яны задаволены, можна меркаваць, напэўна, па словах наведвальніка на ровары, з якіх мы і пачалі гэты раздзел…

А галоўная “фішка” бібліятэкі, як лічыць Марына Тур, — краязнаўчыя рукапісы, што распавядаюць пра Ялізава, найбуйнейшую на Беларусі гуту і слаўных людзей, што тут працавалі, працуюць і будуць працаваць.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Мы яшчэ не паспелі пра дзіцячую бібліятэку распавесці, а ўжо карціць чарговы раз згадаць кіраўніцтва бібліятэчнай сістэмы Асіповіцкага раёна. Упершыню пабываў ва ўстановах згаданага краю гадоў дзесяць таму. З таго часу імкнуся ставіць мясцовы бібліятэчны досвед у прыклад іншым. Тут, да прыкладу, даўно і планава займаюцца кнігавыданнем, а ў калектывах пануе не страх звальнення, а жаданне быць непадобнымі. Збрашураваныя кнігі пра славутых землякоў, лёсы вёсак, краязнаўчыя цікавосткі папаўняюць фонды сельскіх устаноў. І ў мясцовых бібліятэкараў заўжды ёсць што пераймаць на карысць іншым…

“Чытаць пакуль не ўмеем…”

Словы, што вынесены ў падзагаловак, належаць двум мальцам-дашкольнікам, што атабарыліся на ганку Ялізаўскай дзіцячай бібліятэкі. Патэнцыйныя чытачы, падумалі мы. А малеча сапраўды чакала сваіх старэйшых сяброў, што на той час літаральна запаланілі бібліятэку. Малодшыя заўжды жадаюць быць такімі ж, як старэйшыя. Так што гэтая малеча праз год-другі зойме пачэснае месца ў мясцовай “чыталцы”. Тым больш, тут таямніча ды цікава.

Заходзіш — і адразу трапляеш да… чамадана з марскімі прыгодамі. Шыльдачка пра гэта размешчана над сапраўдным пацёртым чамаданам, набітым маляўнічымі кніжкамі пра акіяны, брыганціны, піратаў, любоў да рызыкі і мужнасць у адстойванні сяброўства…

Вы не паверыце, з чамадана нібыта выляталі салёныя марскія пырскі. Цяжка было адарвацца ад ўсяго гэтага чарадзейства. Прынамсі, у нашым дзяцінстве не было такога прынадна-спакуслівага чамадана. А шкада…

За бібліятэчнымі сталамі мы налічылі з дзясятак маленькіх “піратаў”. А “капітанам” тут — Вікторыя Маеўская, галоўная выдумшчыца і фантазёрка. Яна таксама ўмее шчыра ўсміхацца. У адносна маленькім памяшканні — трынаццаць тысяч кніг, два кам’ютары, якімі карыстаюцца 450 дзяцей і паўсотні дарослых. Таямнічы чамадан вабіць да сябе не толькі дзятву!

Вышэйшай адукацыі ў Вікторыі таксама няма. Між тым узрост дазваляе, а час проста патрабуе. Маеўская пра гэта ведае, і, будзем спадзявацца, наш прыезд паставіць кропку ў яе развагах.

Мы дакладна ведаем, што начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец часта завітвае ў сельскія бібліятэкі, правярае не толькі ступень “камп’ьютарнай” падрыхтаванасці спецыялістаў, але і адсочвае, каб установы мелі непаўторнае аблічча. Вось так і ўзнікаюць таямнічыя чамаданы, радыёлы сярод кніжных паліц і глечыкі з квасам для чытачоў. І такі бібліятэчны крэатыў усяляк стымулюецца. Цікава, хто з бібліятэкараў Беларусі зможа сказаць на сёння з упэўненасцю “А ў нашых установах не менш цікава, чым на Асіповіччыне”?

Таямнічы ДК

Так, Ялізаўскі дом культуры — не менш таямнічы. Але па цалкам трывіяльнай прычыне: у другой палове дня ён быў зачынены, што супярэчыла працоўнаму графіку ўстановы. Запіскі з датай, подпісам і нумарам мабільнага тэлефона не знайшлі. А нам так хацелася высветліць, ці ёсць у мясцовых клубнікаў камп’ютар. Пытанне засталося адкрытым. Крыўдна. Клубны будынак пабудаваны яшчэ за савецкім часам, мае дастатковую карысную плошчу. Мінакі нам паведамілі, што, маўляў, увечары ўсё самае асноўнае і распачнецца… Сонейка, сапраўды, грэла па тым часе бязлітасна.

Ды не будзем пра лыжку дзёгцю, усё роўна “мёду” мы пакаштавалі вельмі прыемнага.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

У кожнай вобласці — свае падыходы да матэрыяльна-тэхнічнага падмацавання сельскай культуры. Дзесьці даўно асвоілі ноўтбук для наладжвання, скажам, больш разнапланавай дыскатэкі. А дзесьці і па сёння змушаны прыносіць той ноўтбук з дому ці ўвогуле марыць пра такую тэхнічную раскошу. Што і казаць, нават ў шэрагу аграгарадоцкіх бібліятэк няма выхаду ў Інтэрнэт ці безнадзейна састарэла камп’ютарная тэхніка. Магілёўшчына тут выглядае як безумоўны лідар у развіцці і клубнай, і бібліятэчнай спраў. Але камп’ютары камп’ютарамі. Працуюць жа з імі людзі. І нам чарговы раз пашанцавала на сустрэчы з таленавітымі ды апантанымі.

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"