Яе душа палыхае!

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Настасся ШПАКОЎСКАЯ, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, выканаўца ролі Цёткі ў спекталі “Пясняр”, лідар гурта “Naka”
Калі ў тэатры мне прапанавалі сыграць Алаізу Пашкевіч у спектаклі “Пясняр” у пастаноўцы Валянціны Ераньковай, мая рэакцыя, вядома, была станоўчай. Паводле п’есы Васіля Дранько-Майсюка Цётка і іншыя класікі беларускай літаратуры — тыя постаці, з якімі музыкант-Пясняр меў пастаянную сувязь. Узнікаюць яны перад ім і ў перадсмяротны час.

/i/content/pi/cult/550/11996/5-55.jpgРоля невялікая, але мне было цікава глыбей пазнаёміцца з асобай слыннай паэткі. Я шмат пра яе прачытала: маўляў, яна любіла адпачываць, слухаючы салаўёў ды жуючы каўбасу, што не прымала п’яных застолляў, што яе асабістае жыццё так па-сапраўднаму і не склалася… Даспадобы прыйшліся і яе вершы, тая ж рэвалюцыйная лірыка. Звычайна ў прафесіі даводзіцца працаваць з выдуманымі персанажамі, ствараць іх, а тут жывая постаць, са сваім характарам, лёсам. Іграць і ўяўляць яе — вялікая асалода.

Ці не падаецца сёння рэвалюцыйна-вызваленчая лірыка Цёткі састарэлай, “вузкай” праявай свайго часу? Мая думка такая: нельга ацэньваць творчасць паэта так аданабакова. Бо тут ёсць і пошук, і радасць творчасці, і пэўнае паглынанне ідэяй, прага да свабоды. Так, у яе вядомым вершы “Хрэст на свабоду” бачная лозунгавасць, я нават сказала б, рытміка, блізкая вершам Маякоўскага. Але цікава тое, што падобныя творы пісала жанчына. У яе паэзіі рэзкія вобразы, але нельга адмовіць ім у глыбіні. Да ўсяго — валоданне мовай! Розныя фарбы, нюансы, адценні. Дакладна скажу: яе творы нельга назваць шараговымі.

Магчыма, гэта памылковае меркаванне, але за лозунгавасцю Цёткі хаваецца такая трагічная несупакоенасць, абарона ад свайго непрыкаяннага сэрца. У спекталі мая гераіня нават прамаўляе такія словы: “Не ўбачыў мае жывыя думкі, мары”. Яна кажа гэта Песняру з папрокам, што ён не знайшоў у яе творчасці матэрыялу для сваёй, не скарыстаў яе вершаў у песнях. Маўляў, ён пайшоў толькі за “словамі”, а не за сэрцам.

Канешне, падобны надлом тычыцца большасці паэтаў. Бо калі сэрца знаходзіцца ў спакоі, тады творчасці і не будзе, на маю думку. Пошук, непаразуменне, няшчаснае каханне, несупакой з’яўляюцца рухавікамі мастацтва, літаратуры. Нават калі гэта лірыка камічная, без гэтага другога плана — пакутаў душы, — твор не адбудзецца. Пра Цётку такога сказаць ніяк нельга. Яе душа палыхае!

Дарэчы, не магу не параўнаць лёс Алаізы Пашкевіч з лёсам Яўгеніі Янішчыц. Абедзве былі апантаныя ідэямі свайго часу, у абедзвюх — нейкая асабістая неўладкаванасць. Нават знешне, мне падаецца, яны падобныя. Дарэчы, у маім будучым беларускамоўным альбоме я скарыстоўваю верш Яўгеніі Іосіфаўны.

Але калі вярнуцца да Цёткі, то яе постаць, вядома, пашырыла палітру маіх акцёрскіх роляў. Яна — адметная і таленавітая асоба, чый свет — крыніца для роздуму, натхнення, надзеі. У грамадства на слыху больш вядомыя класікі, а многія вартыя ўвагі літаратары застаюцца ў ценю. Але, магчыма, камусьці і патрэбна слава, а камусьці — на пэўны час бясслаўе. Рэдка так бывае, калі ўсё складваецца ідэальна. Але тыя ўзрушэнні, іспыты — як добрыя, так і дрэнныя часам неабходныя паэту для паўнавартаснага жыцця яго духа, для руху наперад. Тут магу прыгадаць радкі Цёткі з верша “У дарогу”:

Цераз моры, акіяны

Палячу ў далёкі край,

Бо люблю я ураганы,

Бо я ў буры чую рай,

Бо на дзікіх грывах хвалі

Маім думам лягчэй плыць,

Бо у дзікай, страшнай буры

Я аб песні магу сніць,

Бо я толькі на прасторах

Ў звонкай ліры маю слух,

Бо у дзікай, страшнай буры

Крэпне мой свабодны дух.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"