Калі клуб у… класе

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

У пошуках асоб, вопыту і логікі: варыянты размяшчэння і замяшчэння Дома культуры
У дзясяты па ліку аўтапрабег адправіліся 11 лютага. Цягам некалькіх “невыязных” зімовых месяцаў засумавалі, шчыра кажучы, па выбітных асобах, па не менш яркіх творчых праектах ды новым досведзе развіцця рэгіянальнай культуры. За тры дні камандзіроўкі пабывалі ў Барысаўскім і Крупскім раёнах Міншчыны, а таксама ў Талачынскім ды Сенненскім раёнах Віцебшчыны. Як і заўжды, убачылі шмат цікавага і не вельмі. Як і заўжды, пастараліся быць аб’ектыўнымі ў асвятленні з’яў, падзей ды тэндэнцый.

/i/content/pi/cult/523/11293/11-1.jpg

“Сваё” і “наша”

Першым прыпынкам нашай аўтавандроўкі абралі вёску Вялікая Ухалода, што на Барысаўшчыне. Зрабілі гэта невыпадкова, бо даўно хацелі пазнаёміцца з мясцовым бібліятэкарам Надзеяй Мацюшонак. Уважлівы чытач памятае яе леташнюю публікацыю на старонках “К” пад загалоўкам “Тэрапія літаратуры”. Зрэшты, на гэтую шчырую споведзь цяжка забыцца. Аўтарка да драбніц распісвае адзін дзень з жыцця сваёй сельскай бібліятэкі. І не толькі распавядае, але і аналізуе. Вось каб такіх артыкулаў — ды пабольш! Лічым яго цудоўным дапаможна-метадычным матэрыялам для іншых энтузіястаў бібліятэчнай справы. І ўвогуле бібліятэкары Барысаўскага раёна, на наш погляд, — адны з першых у краіне. І ў велавандроўкі да калег рэгулярна скіроўваюцца, і сайты сельскіх устаноў складаюць, і не саромяцца падзяліцца досведам. Дый ці варта тут казаць пра нейкі сорам? Прыдумаў, “абкатаў” — пайшоў у пошуках далей. І як тут не падзяліцца карысным набыткам хаця б з нагоды карпаратыўнай еднасці? Маўляў, навошта калегам час губляць, калі ўжо гатовае ёсць? А хтосьці штосьці іншае прыдумае і таксама праз “К” падзеліцца. Гэта, напэўна, і ёсць здаровая кансалідацыя сіл. Між тым, як наша практыка паказвае, далёка не ўсе так думаюць. Вось адна з “альтэрнатыўных” пазіцый, якую час ад часу даводзіцца чуць ў аддзелах: “Мы не дзеля справаздач працуем”. Згодны, час пустых справаздач беззваротна мінуў. Але дзелавы дыялог аўтара крэатыву з чытачамі “К” — не толькі піяр роднай установы (што само па сабе ўхвальна!), але і сведчанне прафесіяналізму. Інакш кажучы, Надзея Мацюшонак лічыць за гонар сваё зрабіць нашым.

“…Бібліятэка любіць мяне”

І мы тут зусім не адхіліліся ад тэмы, бо Надзея Мацюшонак і гэтым разам падзялілася з намі (а значыць, і з чытачамі) чарговым бібліятэчным крэатывам. Па-першае, дзеля самаадукацыі яна выкарыстоўвае Сеціва па максімуме: дзелавыя кантакты з бібліятэкарамі, скажам, Самары і Новасібірска, адзначаны нават дыпломамі. Спецыяліст, які не саромеецца параіцца, — прафесіянал.

Па-другое, з мэтай развіцця і падтрымкі чытання Надзея Уладзіміраўна ўвяла такі від кніжнай рэкламы, як бук-трэйлер: анонс запісаны на дыску і агучаны бібліятэкарам. Ды так, што попыт на такую рэкламу не меншы, чым на саму літаратуру!..

Бібліятэка ў Вялікай Ухалодзе знаходзіцца ў школе — вынік інтэграцыі. Ёсць асобны ўваход. У памяшканні па-хатняму ўтульна. Абслугоўвае ўстанова 731 чытача, з іх 222 — дзеці. За дзень тут бывае ў сярэднім па 40 наведвальнікаў. Лічба вялікая, але цалкам рэальная: пад час нашага візіту ва ўстанову на Надзеі Уладзіміраўне літаральна “вісеў” ці не ўвесь беларускамоўны 4 “Б”. І кожнага са сваіх чытачоў — і маленькіх, і дарослых — бібліятэкар імкнецца “лячыць” кнігамі. А што такая духоўная тэрапія неабходная, мы пераканаліся, калі сустрэліся з мясцовым святаром — айцом Аляксандрам. Але пра гэта — пазней.

Можна доўга шукаць і бясконца ўдасканальваць фармулёўку бібліятэчнаму прафесіяналізму. Але хто больш дакладна выкажацца, як не сам спецыяліст? Надзея Мацюшонак, да прыкладу, часта паўтарае: “Я люблю бібліятэку, а бібліятэка любіць мяне”. Лепш і не скажаш…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Прыгадваецца, летась на старонках “К” разгарэлася нежартоўная дыскусія, прысвечаная будучыні бібліятэк. Давялося атрымаць нямала гнеўных лістоў на маю пазіцыю, якая заключалася якраз у тым, што бібліятэка будучыні — гэта не столькі пункт кнігавыдачы, колькі месца (у тым ліку і віртуальнае), дзе можна атрымаць рэкамендацыю, якую цікавую кнігу можна спампаваць з Інтэрнэту для свайго рыдэра. Прыемна, што бібліятэка ў Вялікай Ухалодзе пацвердзіла слушнасць маёй думкі, а заадно з катэгорыі “бібліятэка будучыні” стала “бібліятэкай сучаснасці”.

Састарэлы даўгабуд і…

Дзіўная рэч: на ўсе нашы пытанні, дзе ў Вялікай Ухалодзе клуб знаходзіцца, маладзёны толькі пасмейваліся. А адна кабета зазначыла не без іроніі: “Ды бліжэйшы, відаць, у Барысаве”. Што за дзівы: вёска з паўтаратысячным насельніцтвам, з жывой школай — ды без СДК? Не можа быць! Пытаемся, шукаем і зноў вяртаемся да школы, побач з якой — недабудаваны гмах, які звычайна называюць “гаргарай” і які мы прынялі спачатку за нейкае прамысловае безаблічнае збудаванне. “Вось вам і клуб”, — падказвае мінак і з прыкрасцю маша рукой. А мясцовая бабуля распавядае, што будаваць “культурны” палац распачалі… ці не трыццаць гадоў таму. За гэты час новае пакаленне вялікаўхалодцаў вырасла. Але “недафінансаванне”, відаць, — слова ўстойлівае і далёка не архаічнае.

Больш за тое: даўгабуд (ці недабуд?) за гэтыя гады стварыў для вяскоўцаў немалую праблему. Па іх словах, будынак пакрысе развальваецца, не ахоўваецца, а паколькі знаходзіцца паблізу школы, дык уяўляе з сябе немалую небяспеку для дзяцей, якіх сюды як пішчом цягне. Сапраўды праблема... Распавялі нам і пра тое, як калісьці нейкі ахвотны і разваротлівы прапанаваў мясцовым уладам будынак выкупіць ды зрабіць тут нешта кшталту цэнтра адпачынку з кавярняй. І нават гатовы быў выдзеліць месца для СДК. Не атрымалася. Неаспрэчна, рэстарану з казіно — не месца ля школы. Але і сённяшняя “гаргара” пейзаж ніяк не ўпрыгожвае. На жаль, з такімі праявамі нам давядзецца сустракацца і ў іншых раёнах. Але пра гэта — у свой час.

…Вера непахісная

“Пачакайце, — пераб’е наш расповед неабыякавы чытач, — дык што, у вёсцы сапраўды клуба няма?” Ёсць. Але гэта чарговая і вельмі таямнічая ды парадаксальная гісторыя. Справа ў тым, што клубная ўстанова, як высветлілася, займае ў школе… адзін з класаў. Тут нават шыльдачка захавалася: “Клас ігры на баяне”. А вось працоўнага раскладу клубнай установы нам адшукаць не ўдалося. Калі гэты клуб працуе? І што ўвогуле можна арганізаваць у невялічкім пакоі? Хіба заняткі аднаго гуртка? Актавая школьная зала, як клубная і дыскатэчная, не выкарыстоўваецца. Прынамсі, пра гэта нам школьнікі ды сталыя вясковыя жыхары паведамілі. Сітуацыя, пагадзіцеся, — нелагічная ды парадаксальная. Дык хіба ў Вялікай Ухалоды ніякіх перспектыў? Ну не стала гэтая вёска аграгарадком! Няўжо адсутнасць такога статуса — прысуд для вяскоўцаў?

Але, як кажуць у народзе, святое месца пустым не бывае. У гэтым пераканаліся, калі, блукаючы па вёсцы ў пошуках клуба, завіталі ў мясцовую царкву, дзе пазнаёміліся з настаяцелем храма айцом Аляксандрам Пачобкам. Філолаг па першай адукацыі, член Біблейскай камісіі Беларускага Экзархату, якая займаецца перакладам Бібліі на беларускую мову, ён штодня прапаведуе Слова Божае на роднай мове.

Хапае часу яму і актыўна супрацоўнічаць з мясцовай школай, бібліятэкай ды нават работнікамі культуры раёна, якія неаднаразова запрашалі айца Аляксандра паўдзельнічаць у абрадах зажынак і дажынак: асвяціць палеткі ды сабраны ўраджай.

Ва ўмовах адсутнасці Дома культуры багата моладзі прыходзіць да Аляксандра Пачобкі на заняткі ў нядзельную школу, дзе акрамя ўласна вывучэння Закону Божага дзеці і падлеткі ўдзельнічаюць і ў мастацкай самадзейнасці. Так, да мінулых святаў у мясцовай школе яны прадставілі літаратурна-вакальную праграму пад назвай “Святло Зоркі”.

На думку святара, праблема нашага грамадства ў тым, што яно надзвычай меркантылізуецца. Людзей ужо мала цікавяць кнігі, бібліятэкі, а нізкі ўзровень культуры азначае, у тым ліку, і адсутнасць веры… Толькі пакрысе, карпатліва працуючы з людзьмі, можна дамагчыся ў іх пазітыўных змен, у першую чаргу — любові да бліжняга і да роднай культуры. Мо таму і адбываецца такое актыўнае супрацоўніцтва настаяцеля храма і з ухалодаўскай бібліятэкай? Тыя ж духоўныя сустрэчы ды чытанні, прымеркаваныя да ўшанавання падзвіжнікаў беларускай зямлі, сталі ўжо рэгулярнымі. Што і казаць, калі ў самой царкве дзейнічае, мяркуючы па ўбачаным, някепская прыхадская бібліятэка. Поруч з царкоўнай літаратурай маецца там і класіка: Антон Чэхаў, Янка Купала, факсімільныя выданні Францыска Скарыны, цікавая дзіцячая літаратура на беларускай мове. І, паверце кнігалюбам са стажам, некаторым выданням пазайздросціць нават публічная бібліятэка!

Імпануе нам і яшчэ адна рыса айца Аляксандра, якая мусіць быць у кожнага работніка культуры: шанаванне народных традыцый. Завітваючы ў храм, трапляеш нібы на выстаўку ў этнаграфічным музеі: кожная ікона ў храме аздоблена тканым ручніком. Захоўвае прыход і памяць пра знішчаны ў мінулым стагоддзі храм у ваколіцах Вялікай Ухалоды, клапатліва даглядаючы святую крыніцу, да якой штогод адбываецца хрэсны ход. Думаецца, калі ўсё ж з’явіцца ў Вялікай Ухалодзе СДК, то той жа гурток па краязнаўстве мог бы ўзначаліць менавіта айцец Аляксандр, які хоць і нарадзіўся на Глыбоччыне, але цудоўна ведае гісторыю навакольных вёсак Барысаўшчыны. Чым не прыклад для культасветработнікаў?..

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Айцец Аляксандр доўга тлумачыў мне, што такое подзвіг зямнога жыцця. Збольшага гэта — перамога над уласнай абыякавасцю. Так, культуры без веры не бывае. Як і веры без культуры. У што веру я? У святую жыццядайнасць беларускай вёскі. І не хочацца ўяўляць, што праз лічаныя гады ў нас застануцца толькі аграгарадкі, якія горадам не здолелі пакуль стаць, а вёскай ужо перасталі быць. Вёскай, дзе ніводнага падобнага дома, вёскай, дзе ліштвы на аканіцах у кожнага гаспадара — розныя. Дзе свойскі статак — бязмежны. Не будзе гэтага, дык неўзабаве знікнуць школа ды крама, а потым — і сама вёска. Няўжо такі ж лёс чакае і Вялікую Ухалоду? Хочацца верыць, што, пакуль там робяць сваю справу Надзея Мацюшонак ды айцец Аляксандр, гэтага не здарыцца…

Сустрэнемся ў галерэі!

Пад музыку ўкраінскага гурта “Скрабін” не заўважаем, як трапляем да чарговага нашага прыпынку — у горад Крупкі. Прыпаркаваўшыся каля мясцовага кінатэатра, запыталіся ў першых сустрэчных пра месцазнаходжанне ўстаноў культуры горада. Цікавіла, у першую чаргу, раённая бібліятэка. Як патлумачылі нам мінакі, ужо некалькі гадоў як ЦБС месціцца ў адным невялічкім будынку разам з дзіцячай бібліятэкай і немаведама колькі часу збіраецца пераехаць… “К” пісала пра гэтую сітуацыю неаднаразова, таму мы вырашылі не вярэдзіць раны, а спачатку скіравацца ў мясцовы Палац культуры. Паблукаўшы ў адзіноце будзённага дня па першым і другім паверхах будынка, ужо было сабраліся сыходзіць, як заўважылі лесвіцу, што вядзе ці то на мансарду, ці то на трэці паверх. Як аказалася, месціцца там мастацкая галерэя.

Якія цікавосткі мы ўбачылі ў галерэі, у чым адметнасць філарманічнай пляцоўкі ў Крупскай ДШМ, што з сябе ўяўляе аптымізацыя бібліятэк у Бабры і якім гэты гарадскі пасёлак бачаць у недалёкай (а мо і далёкай) будучыні мастакі, — пра гэта і не толькі чытайце ў наступным выпуску аўтатура “К”.

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Хочацца ездзіць па Беларусі і адно толькі радавацца. З’явам, людзям, падзеям, нечаканым адкрыццям… Хочацца аналізаваць толькі станоўчае. Пакуль не атрымліваецца. Іншым разам даводзіцца шукаць логіку парадаксальных учынкаў і з’яў. Шкада: занадта шмат часу гэта ўсё вымагае. Для розуму — карысна, для агульнай справы — не вельмі…

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"