Канцэптуальнасць і сімвалізм для музея

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Барыс ЛАЗУКА, кандыдат мастацтвазнаўства, дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Апошнім часам у рэгіёнах нашай краіны з’яўляецца багата адметных турыстычных цікавостак. Адна з іх — Музей гісторыі слуцкіх паясоў, які напрыканцы мінулага года адкрыўся ў Слуцку — непадалёк ад месца, дзе ў XVIII стагоддзі дзейнічала ткацкая мануфактура, вядомая як персіярня...

/i/content/pi/cult/515/11138/4-3.jpgНекалькі гадоў таму да мяне звярнуліся з просьбай распрацаваць сціплую невялікую экспазіцыю, прысвечаную гісторыі слуцкіх паясоў. Але, ацаніўшы магчымасці (гарадскія ўлады Слуцка прапанавалі пад гэтыя мэты даволі вялікую пляцоўку ў цэнтры горада і абяцалі аказваць дапамогу), вырашылі стварыць паўнавартасны музей. Задача ўскладнялася адсутнасцю арыгінальных артэфактаў — старадаўніх слуцкіх паясоў. Вядома, ідэальным варыянтам магла стаць перадача хаця б некалькіх паясоў з калекцый расійскіх, польскіх музеяў. Аднак усе мы рэалісты, а таму марнаваць час на доўгія перамовы і чаканне артэфактаў не сталі.

З’явілася ідэя паказаць, што слуцкія паясы — вартая частка не толькі нашай культуры, але і сусветнай. Таму было вырашана ў будучым музеі адлюстраваць тэму паясоў у культурах розных краін свету. Які б народ мы ні ўзялі, кожны з іх адводзіць поясу тую або іншую ролю і значэнне: магічнае, функцыянальнае, эстэтычнае, утылітарнае.

Я паставіў сябе на месца сярэднестатыстычнага наведвальніка, які, завітаўшы ў гэты музей, адразу пачынае задумвацца, чаму менавіта пояс (а не, скажам, зброя, галаўныя ўборы, упрыгожанні, посуд) заняў такое важнае месца ў культуры, чаму столькі ўвагі яму надавалі тыя ж Радзівілы. Каб адказаць на гэтыя пытанні, нам трэба было паказаць кантэкст існавання кунтушовага пояса ў шляхецкім асяроддзі. Другая праблема, з якой сутыкнуліся стваральнікі музея, — прадэманстраваць, кім і ў якіх умовах ствараўся пояс. Хацелася даць уяўленне пра эпоху XVIII стагоддзя. Разам з тым, не было задачы дакладна адлюстраваць тагачаснае абсталяванне ці аблічча майстроў. Хацелася расказаць і пра тое, што слуцкі пояс — гэта не толькі прадмет гардэробу шляхціча, але і каштоўная рэч, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне, ахвяравалася храмам.

Я ніяк не мог абмінуць у экспазіцыі сувязь слуцкага пояса і традыцыйнага народнага. Хацелася правесці паралель паміж ткацкімі мануфактурамі ў Слуцку, Ружанах ды звычайнымі ткацкімі станамі ў вясковых хатах, якія і па сёння там-сям можна сустрэць на Беларусі.

Багата ў музеі і мультымедыйнага начыння. Дэманструецца некалькі дакументальных ролікаў, створаных адмыслова для новай установы. І ўсё ж “галоўны герой” ды аб’ект у музеі — гэта слуцкі пояс. Невыпадкова — па задуме — наведанне музея завяршаецца дэманстрацыйнай залай і мае сімвалічны змест. Адна з яе сцен зроблена са шкла, за якім знаходзіцца залататканая вытворчасць. Госці музея могуць назіраць за працэсам вырабу на сучасным абсталяванні поўных копій старадаўняга слуцкага пояса. Пры гэтым прысутнасць ткачоў не абавязковая: працэс цалкам аўтаматызаваны. Гэтым падкрэсліваецца думка аб захаванні, пераемнасці нашых лепшых традыцый, іх трансфармацыя ў сучасных умовах. І ад нас залежыць, будзе гэта апошняя стадыя развіцця традыцыі, так бы мовіць, кропка, ці ўсё ж шматкроп’е. Мне хацелася б, каб гэтае шматкроп’е было неабмежавана доўгім...

Гэты аптымізм грунтуецца на фактах. З кожным годам павялічваецца колькасць вырабаў народных майстроў, канцэрна “Беларускія мастацкія промыслы” з разьбой па дрэве, вышыўкі са стылізаванымі ўзорамі слуцкай мануфактуры. Мае студэнты — дызайнеры Мінскага архітэктурна-будаўнічага каледжа — сёння працуюць над стварэннем элементаў вопраткі, упрыгожанняў і нават абіўкі для мэблі з тканіны, якія ўтрымліваюць матывы слуцкага пояса. Не ўяўляеце, як стыльна выглядаюць тыя ж байкерскія банданы ды пярсцёнкі, аздобленыя старадаўнімі шляхецкімі ўзорамі колішніх персіярняў! Галоўнае — не баяцца і смела пераасэнсоўваць ды выкарыстоўваць нашу агульную спадчыну! Такі падыход дапаможа самаідэнтыфікацыі народа, дазволіць павысіць самасвядомасць нацыі. Хочацца, каб не толькі народная, але і наша арыстакратычная культура стала пазнавальным маркерам беларуса…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"