Нікому нічога не патрэбна?

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Лекі ад сіндрому “раскіданага гнязда”
На Гомельшчыне ахоплівае асаблівае хваляванне. Не за сябе. За людзей, што жывуць тут і працуюць. Усё ж вобласць калісьці сур’ёзна пацярпела ад чарнобыльскіх наступстваў. Хтосьці скажа: занадта шмат часу мінула. Запярэчым: тагачасны ператрус насельніцтва адчувальны і па сёння. І ў першую чаргу гэта датычыцца кадравага пытання. У адным з раёнаў нам прызналіся, што сапраўдных прафесіяналаў у сферы культуры добра як з дзесяць працэнтаў набярэцца. Сям-там разбураюцца вясковыя апусцелыя хаты: дэмаграфічны крызіс не менш бязлітасны за чарнобыльскую навалу.

/i/content/pi/cult/509/10961/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/509/10961/10-2.jpg

Але і ў такіх няпростых умовах работнікі культуры Гомельшчыны многае робяць для таго, каб вёска наша не адчувала сябе ў краіне часовай, а таму тужлівай ды ўкленчанай жыхаркай.

Гатэль-бібліятэка

Па дарозе на Жлобін заўважылі ўказальнік на Чырвоны бераг і, ведаючы пра рэстаўрацыю старадаўняга палаца, нягледзячы на канец працоўнага дня, вырашылі туды завітаць. І не прагадалі! Заспелі за працай рэстаўратараў, якія даводзілі да ладу ўнутранае аздабленне будынка, што звонку нагадвае казачны замак. Зрабіўшы трохі здымкаў палацавага інтэр’еру ды экстэр’еру, перамовіўшыся колькі хвілін з майстрамі, вырашылі ім не надакучаць — тэрмін здачы аб’екта і так “падціскае” рэстаўратараў.

Паўгадзіны па трасе, і ўжо зіхаціць начнымі агнямі Жлобін. Даўно мы не былі ў гэтым горадзе. Гадоў некалькі. За гэты час цэнтр горада, прыняўшы да сябе “Дажынкі — 2013” і адчуўшы наступствы дзяржаўнага перадсвяточнага “цюнінгу”, змяніўся карэнным чынам. Паболела кавярняў, офісаў незвычайнай нават для Мінска архітэктуры, суперсучасных гатэляў. Словам, ва ўсім адчуваецца гонар Жлобіна за сябе. Так, напэўна, і павінен развівацца перспектыўны "металургічны" горад. Штосьці падобнае ў вулічным выразе гарадскога аблічча бачылі хіба што толькі ў Светлагорску.

Уразіла гасцініца, што называлася да рамонту “Жлобін”. І нават не надзвычайнай цеплынёй утульных нумароў (а вулічны марозчык быў адчувальным) і не тым, што мясцовы бармен нам у адказ пачаў спрабаваць размаўляць па-беларуску. Прыемна здзівіла тое, што збоч лесвіцы на другі паверх прымацаваны паліцы з кнігамі (і сур’ёзная класіка, і лёгкае чытво). Бук-кросінг у самай лепшай сваёй праяве, бо арганізаваны не пад прымусам, а для дадатковай зручнай паслугі гатэльнаму жыхару, што пажадае прабавіць доўгі вечар за чытаннем.

Аптымізаваныя клубы чакае аўкцыён

Паблукаўшы трохі па горадзе, не без дапамогі мясцовых жыхароў знайшлі новы будынак аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жлобінскага райвыканкама, дзе і пазнаёміліся з яго начальнікам Валянцінай Няхай.

Валянціна Васільеўна ў культуры чалавек пакуль яшчэ новы, тым не менш (адразу бачна) грунтоўна ставіцца да арганізацыі дзейнасці ўстаноў культуры. Узяць тую ж работу аўтаклуба. Па пятніцах і суботах з яго ўдзелам цяпер адбываюцца вялікія канцэртныя праграмы не толькі ў маланаселеных вёсачках, але і ў некаторых цэнтрах сельсаветаў: там дзе хоць і дзейнічае ўстанова культуры, але ёй не хапае тэхнічнага патэнцыялу арганізаваць яскравае свята. Пры гэтым да штатных супрацоўнікаў аўтаклуба далучаюцца лепшыя самадзейныя салісты з бліжэйшых устаноў культуры. Пасля кожнага канцэрта праходзіць дыскатэка. У выніку і мясцовыя жыхары атрымліваюць запамінальнае шоу, і культура застаецца ў выйгрышы: праз платныя ўваходныя квіткі на баланс аддзела паступае хай сабе і невялікі, а ўсё ж стабільны прыбытак.

Такім чынам аўтаклуб па некалькі разоў на год завітвае ў адносна вялікія населеныя пункты. Усяго ж у раёне 156 паселішчаў. І па словах Валянцінай Няхай, аб’ехаць усе за год не атрымліваецца. Прасцей і танней падвесці пару чалавек з якогась хутара на канцэрт, чым арганізоўваць яго там...

...Дзе-дзе, а вось у Стрэшыне аўтаклуб не патрэбны. Наадварот! Работнікі культуры гэтага аграгарадка настолькі напоўнілі прастору каларытнымі дзеямі, што да іх могуць прыязджаць на стажыроўку з іншых раёнаў. Стрэшын мае такія брэнды, як святы Пакравоў (у вёсцы дзейнічае 200-гадовая царква), “Агледзіны нявест”, конкурс “Стрэшынскі гаспадар”. А нядаўна Стрэшын з размахам адзначыў 900-гадовы (!) юбілей. Да слова, не абышлося тут без імператрыцы Кацярыны ІІ ды іншай тэатралізацыі... Мае вялікі патэнцыял і аграгарадок “Рэкта”. Чаго вартая адна хатка Дзеда Мароза ды крэатыўныя падыходы мясцовага дома рамёстваў!

А што ж з “бясклубнай” Беліцай, згаданай у папярэднім матэрыяле? Даведаліся мы і пра гэтую вёску. Як аказалася, некалькі гадоў таму мясцовы клуб быў закрыты, а будынак прададзены з аўкцыёна прыватніку для стварэння там кавярні. На думку Валянціны Няхай, вёска стала па сутнасці прыгарадам Жлобіна. Па яе словах, у бліжэйшы час будуць выстаўлены на аўкцыён яшчэ два будынкі ўстаноў культуры. Так, сёлета была закрыта бібліятэка ў Шыхаве. Прычына звыклая: малая колькасць насельніцтва. Засталося там усяго 170 чалавек. Здавалася б, не так ужо і мала. Але большасць жыхароў — людзі сталага веку, школы там даўно няма — таму і вёска лічыцца неперспектыўнай.

Падумалася: мо было б кампрамісным рашэннем пры закрыцці клубнай установы пакідаць хаця б будынак — як пляцоўку для таго ж аўтаклуба? Аднак і тут хапае праблемных нюансаў. Пры такім падыходзе абавязкова ўзнікнуць пытанні ўтрымання ў належным стане гэтых памяшканняў, іх ацяплення.

Што ж да аптымізацыі, дык, па ўяўленні Валянціны Васільеўны, сельскі дом культуры абавязкова мусіць мець творчы калектыў. Да прыкладу, у Чырвоным Беразе дзейнічае народны ансамбль “Наваснянка”, у доме рамёстваў у вёсцы Рэкта — народны ансамбль “Ярыца”, у Кароткавічах — “Сузор’е”. На базе многіх СДК працуюць калектывы без званняў. Самае галоўнае, па прызнанні начальніка аддзела, кожны з іх можна без сораму запрасіць на канцэрт самага высокага ўзроўню. А вось калі СДК не мае брэндавага калектыву, дык мусіць быць ператвораны ў сельскі клуб. Адпаведна ў такіх установах скарачаецца стаўка мастацкага кіраўніка.

Такім прынцыпам кіраваліся ў Жлобінскім раёне. Чым не ініцыятыва, вартая шырокага абмеркавання?

(Не)лірычнае адступленне Кастуся АНТАНОВІЧА

Закрыццё ўстаноў культуры ў сельскай мясцовасці — працэс, на вялікі жаль, пакуль няспынны. Але ж заўсёды можна знайсці нейкае альтэрнатыўнае ды ўзважанае рашэнне праблемы. Возьмем тую ж, ужо колішнюю, бібліятэку ў Шыхаве. Чаму б у яшчэ дыхтоўным будынку, размешчаным у маляўнічай мясцовасці на беразе Дняпра, не стварыць гісторыка-турыстычны цэнтр па ўзоры шмат разоў намі згаданай Івесі? На гэтае пытанне мы атрымалі наступны адказ: аддзел такую справу не пацягне. Таму і было прынята рашэнне выставіць будынак на аўкцыён. Што ж, застаецца спадзявацца толькі на прыватніка.

Шкада бабу Маню

Буда-Кашалёўскі раён сустрэў вёскай Медзвядзёва. Менавіта тут, праехаўшыся адзінай пустыннай вулкай, мы і заўважылі там-сям паміж жывымі яшчэ збудаваннямі “раскіданыя гнёзды”: друз, які быў калісьці сялянскімі хатамі. Як нам распавялі пазней, прыедуць бульдозеры з экскаватарамі і надзейна пахаваюць гэты друз, тут жа — на месцы падмуркаў. Застанецца толькі пляміна свежай зямлі. Дый тая хутка знікне пад снегам… Мы любім вёску, таму нам вельмі балюча. Разумеем, што цяжка кагосьці абвінаваціць у такой сітуацыі: старыя папамерлі, а дзеці іхнія — гадуюцца дзесьці на гарадскіх булках, нават на родавае разваленае ад старасці жытло не прэтэндуюць. Як спыніць адток моладзі? Напэўна, позна ўжо штосьці рабіць. Увесь спадзеў на аграгарадкі. А шараговыя вёскі чакае далейшая аптымізацыя. Але ж пакуль і такія, дробныя ды маланаселеныя, паселішчы неабходна абслугоўваць аўтаклубам і бібліобусам.

Вяртаемся па ўсё той жа вуліцы назад. Ля адной з жывых хацін бачым бабулю з кійком. Вось яна нам на ўсе нашы пытанні і адкажа.

Марыя Іванаўна Гарэлік. Без малага 80 гадоў. Мужык памёр два гады таму. Дзяцей няма. Брат з інсультам ляжыць дзесьці ў Гомелі… Расплакалася баба Маня. Як маглі супакоілі. Аказваецца, выйшла яна з хаты, каб пачакаць мінака ды папрасіць яго вады прынесці. Прынеслі ёй са студні два вядры вады. Расчулілася кабета і працягнула споведзь далей. Бібліобус прыязджаў рэгулярна. Але памерла настаўніца, якая была самай актыўнай чытачкай. Ды і ў бабы Мані зрок пачаў псавацца, хоць яна і па сёння выпісвае “Звязду”. На іншае чытанне сіл не стае. А больш аматараў пачытаць у вёсцы проста няма: з два дзясяткі нямоглых старых засталося… Вось і папрасіла Марыя Іванаўна, каб не ездзіў сюды бібліобус ды не паліў дарэмна бензін. Штосьці падобнае адбылося і з візітамі аўтаклуба. Апошнім разам ён прыехаў, а народ на канцэрт не сабраўся — няма каму збірацца. Дык які ў такім культурным абслугоўванні сэнс? А вось аўтакрама, працягвае баба Маня, — патрэбная! Прязджае рэгулярна: тры разы на тыдзень, абы грошы былі. Але і пенсію рэгулярна дастаўляюць…

За прынесеную ваду ды аказаную ўвагу Марыя Іванаўна шчодра аддзячыла нам смачнымі гарбузовымі семкамі. Цяпер у Медзвядзёве ёсць у нас баба Маня. Ветлівая, шчодрая, адзінокая. Калі ў чарговы раз да яе завітаем? І ці заспеем яшчэ яе? Жыві, Марыя Іванаўна, доўга!..

З Медзвядзёвым усё зразумела. Толькі пляма ад яе праз год-другі застанецца. А як усё ж быць з іншымі, больш буйнымі паселішчамі, якія не займелі аграгарадоцкага статусу? Тут наша бачанне такое: лёс названых вёсак залежыць у пэўнай ступені і ад мясцовых работнікаў культуры. Калі робяць яны сур’ёзную справу, маюць важкі самадзейны калектыў, дык пры такім прафесійным раскладзе ў шчырага чыноўніка рука не падымецца даць адмашку на скасаванне СК ці СДК.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена РАГІНА

І вось што цікава, не хоча баба Маня ехаць у прытулак для састарэлых, нават у бліжэйшы аграгарадок (калі б такая магчымасць была) не жадае перабірацца. Тут гаспадар памёр, тут сад, што памятае яе дзяўчынай, тут асабістае неба і асабістыя аблокі, тут — карані. Якое без іх жыццё?! Паліць яна зараз грубку, котку лашчыць ды згадвае, як з мужыком пазнаёмілася. Гэта першая частка нашага жыцця — для мараў, другая — для ўспамінаў. Калі яны светлыя, дык і Бог сілы дае. І будзе жыць Медзвядзёва, покуль у бабчыных вачах будзе гарэць агонь Памяці.

“Сельсаветаўскі” клуб

Рушым па Буда-Кашалёўшчыне далей. У вёсцы Ліпінічы, уздоўж вясковай дарогі — чарговае “раскіданае гняздо”. Па лядашчым фасадзе з “фасоністымі” калонамі відаць, што будынак меў калісьці дачыненне да мясцовае культуры. Пытаемся ў жанчыны, тая пацвярджае: “Так, клуб. Быў у аварыйным стане. Цяпер пераехаў у сельсавет, а стары будынак — развальваецца”. Рушым у сельсавет, у якім якраз праходзіць нарада з удзелам мясцовых работнікаў культуры. Зрабіўшы ласку сталічным журналістам, кіраўніцтва сельсавета адпусціла да нас Святлану Емяльянаву і Алену Місіянцаву, дырэктара мясцовага СДК ды яго мастацкага кіраўніка адпаведна.

Як нам расказалі суразмоўцы, і праўда, апошнія чатыры гады яны працуюць у новым будынку. Трэба сказаць, што памяшканне для патрэбаў СДК прыйшлося рабіць літаральна сваімі рукамі, якасна ператварыўшы пакоі ашчадкасы і ЗАГСа ў танцавальную залу. Прыемна, што далучыліся да рамонтных работ і мясцовыя жыхары — непасрэдныя кліенты ўстановы. Плошча СДК хоць не вылучаецца вялікімі памерамі, але, па словах Святланы Емяльянавай, месца хапае ўсім. Асноўная аўдыторыя — працоўная моладзь. Таму і дыскатэкі тут даволі папулярныя. І завяршаюцца яны не а 22-й гадзіне, а значна пазней. Менавіта дыскатэкі і дазваляюць выканаць гадавы план па платных паслугах, які складае трохі больш за 6 мільёнаў.

Калі ж казаць у цэлым, перад намі паўстаў сярэднестатыстычны СДК, дзе маюцца гурткі, аматарскае аб’яднанне, свой спеўны калектыў “Чараўнічкі”, які пры наяўнасці гарманіста можа займець статус народнага. Адметна, што прымае ўдзел у рэпетыцыях калектыва і старшыня сельсавета Людміла Куралікава. Па яе ініцыятыве перад уваходам у сельсавет размясціўся маляўнічы інфармацыйны стэнд-постар з выявамі адметных культурных аб’ектаў і суб’ектаў рэгіёна. Вока спыняецца на адной з выяваў — вясковай хаце, аздобленай неверагоднымі па прыгажосці карункамі. Як жа было туды не завітаць?

Майстар-адзіночка

Гэты чалавек лічыць, што ягонае рамяство нікому не патрэбнае. Справа ў тым, што Віктар Лявонаў — знаны разьбяр па дрэве. Жыве спрадвек на Буда-Кашалёўшчыне, у вёсцы Якімаўка і з’яўляецца яе брэндам. Кожны ў наваколлі ведае, дзе жыве сям’я Лявонавых. Адмысловай з пункту гледжання вулічнага дызайну выглядае не толькі зграбны дом, але і прылеглая да яго тэрыторыя.

Трохі сумеўшыся, майстар запрасіў нас у сваю майстэрню — месца, дзе, дзякуючы залатым рукам ды багатаму варштату, і нараджаецца гэтая неверагодная драўляная аздоба. Ля пабудоў іншых вясковых гаспадароў — непрыбранае смецце, заімшэлае бярвенне, іншы векавы друз, як эмбрыён будучага ўсеагульнага заняпаду. А побач з домам Лявонава жыве і буяе творчасць, якую знішчыць немагчыма. Ды толькі вось не надта цікавіць яна іншых.

Здавалася б, мясцовыя школьнікі (а гэта блізу паўсотні дзяцей і падлеткаў) павінны з задавальненнем пераймаць досвед майстра. Ды і мясцовыя дарослыя маглі б быць пастаяннымі ўдзельнікамі ягоных майстар-класаў. Толькі ўсяго гэтага няма. А супрацоўніцтва майстра з СДК абмяжоўваецца хіба што статычным удзелам у народных святах. І ніхто яго майстэрства не жадае пераймаць. Як бы там ні было, але час бязлітасна ідзе, забіраючы ў нябыт не толькі старыя сялянскія хаціны, але і народную памяць, мудрасць і талент пакаленняў. Роспачныя ж словы разьбяра — “Нікому нічога не патрэбна!” — гучаць як папярэджанне: калі вядзе рэй абыякавасць, на дадатную перспектыву разлічваць нельга.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

У вёсцы Струкі, што побач з Якімаўкай, пабачылі, як бульдозеры руйнуюць закінутыя хаты. Фатаграфаваць мы гэты працэс не сталі (няхай пасмяюцца з нас прафесійныя аматары “смажаных” фактаў), бо цярпець не можам так званых "пахавальных" здымкаў. А выснову з усяго пабачанага і сёння апісанага зрабілі далёка не арыгінальную: каб штосьці захаваць ды развіць на карысць нашчадкаў, каб і пытання не ўзнікала “Каму гэта трэба?”, неабходна гэтае “штосьці” любіць як працяг самога сябе. Калі ж няма такога пачуцця, дык знікнуць пакрысе рамяство, традыцыя, культура, а замест новабудоўляў застануцца спрэс раскіданыя гнёзды.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"