Квінтэсэнцыя стратэгіі

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Калегія: як развіваць беларускае кіно?
Вынікі і праблемы развіцця сферы кінематографа Рэспублікі Беларусь за 2009 — 2014 гады, а таксама стратэгічныя задачы яе развіцця на наступную пяцігодку былі абмеркаваны ў час пасяджэння калегіі Міністэрства культуры краіны 16 снежня ў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Юбілейная дата беларускага кіно не перашкодзіла кіраўніцтву і спецыялістам сферы агучыць “балявыя кропкі” айчыннай кінематаграфіі і паспрабаваць вызначыць магчымыя шляхі яе далейшага развіцця. У рабоце калегіі браў удзел намеснік Прэм’ер-міністра краіны Анатоль ТОЗІК.

Вынікі і праблемы

Тон канструктыўнай і адкрытай размове задаў міністр культуры краіны Барыс Святлоў, які ў асноўным дакладзе, абмаляваўшы сітуацыю кінагаліны, вызначыў нароўні з выкананнем пэўных пунктаў Канцэпцыі развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь на 2009 — 2014 гады шэраг праблем.

У прыватнасці, дзейнасць механізма аказання дзяржаўнай падтрымкі вытворцам фільмаў на конкурснай аснове, укараненню якога садзейнічаў Указ Прэзідэнта № 567 “Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь” ад 5 снежня 2011 года. Гэтая ініцыятыва так і не прывяла да фарміравання рэальнага канкурэнтнага асяродка ў вытворчасці кінапрадукцыі, “з’яўлення буйных і стабільна працуючых прыватных вытворцаў”. Так, з’явіліся некалькі недзяржаўных арганізацый кінематаграфіі, якія працуюць больш-менш трывала. Але ж аб’ёмы долі прыбытку, якія пералічваюць прыватнікі ў бюджэт, надзвычай нізкія, канстатаваў міністр культуры.

Да прыкладу, прыватныя кінакампаніі ў 2013 — 2014 гадах вярнулі толькі 0, 22 % ад сродкаў, якія выдаткавала дзяржава на вытворчасць фільмаў.

Не абмінуў увагай Барыс Святлоў і “творчы крызіс” Нацыянальнай кінастудыі, якая па-ранейшаму з’яўляецца асноўным вытворцам фільмаў. “Творчая палітыка кінастудыі не ў поўнай меры садзейнічае развіццю беларускай кінематаграфіі”, — зазначыў ён, падкрэсліўшы, што ў “сцэнарным партфелі” кінастудыі адсутнічаюць кінапраекты, здольныя прывабіць масавага гледача.

Што датычыцца самаакупнасці дзяржаўнай кінастудыі, дык па выніках бягучага года “Беларусьфільм” плануе выйсці на бясстратную працу. Тым не менш паводле папярэдніх 10 месяцаў яе дзейнасць была стратнай. “Нізкая акупляльнасць неігравых і анімацыйных фільмаў”, — пералічыў недахопы міністр культуры. І гэтаксама вылучыў праблемы, якія ўзнікаюць пры стварэнні кінапрадукцыі ў кааперацыі: “Замежныя партнёры разглядаюць беларускіх партнёраў пераважна як крыніцу атрымання сродкаў для дафінансавання сваіх кінапраектаў, не прадастаўляючы ім магчымасці ўплыву на творчы і камерцыйны складнікі”.

Не лепшыя пазіцыі беларускага кіно і ў айчынным пракаце. “Кіно, якое было выраблена ў Беларусі, займае надзвычай малую долю ў паказе фільмаў у кінатэатрах і на тэлеэкранах краіны”, — агучыў міністр культуры дэфіцыт публічнага паказу беларускай кінапрадукцыі. “Сёння беларускі пракат з’яўляецца складнікам міжнароднай дыстрыб’ютарскай сеткі. Фактычна рэпертуар айчынных кінатэатраў фарміруюць расійскія кампаніі. Такая сітуацыя ператварае беларускія фільмы ў малазапатрабаваны прадукт на тым рынку, для якога яны перш за ўсё ствараюцца”, — падсумаваў Барыс Святлоў.

Увогуле, адсутнасць адзінства падыходаў да структуры арганізацый, якія ажыццяўляюць пракат, працэс распаўсюджання і паказу фільмаў у рэгіёнах — таксама адна з істотных праблем, якая патрабуе вырашэння. Тым не менш у рэспубліцы захавана і развіваецца сістэма кінапракатных дзяржаўных арганізацый, і за апошнія пяць гадоў значна павялічыліся рост кінагледачоў і аб’ём выручкі ад рэалізацыі білетаў. І разам з тым мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады ў частцы будаўніцтва новых кінатэатраў з-за адсутнасці фінансавання паўсюдна не выкананы, — канстатаваў міністр культуры, яшчэ раз звярнуўшы ўвагу на адасобленасць кожнай з арганізацый, якія ажыццяўляюць пракат у рэгіёнах.

Канцэпцыі развіцця

Такім чынам, асноўныя праблемы беларускага кінематографа, якія вынікаюць з дакладу, — гэта пакуль яшчэ нізкая самаакупнасць айчыннай кінапрадукцыі, адсутнасць рэальнай канкурэнцыі паміж вытворцамі фільмаў, дзейнай сістэмы пракату і распаўсюджвання беларускага кіно, кадравы дэфіцыт.

План новай “Стратэгіі развіцця кінавідэагаліны на 2015 — 2020 гады”, які агучыў міністр культуры, скіраваны на рашэнне наступных задач.

Па-першае, павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнай падтрымкі вытворчасці фільмаў. Яно, у прыватнасці, прадугледжвае вылучэнне дзяржаўных грантаў Міністэрства культуры для фінансавага забеспячэння праектаў па выніках конкурсаў, што будуць праводзіцца ў фармаце пітчынгаў — адкрытай абароны кінапраектаў. Гэты пункт уключае і ўзмацненне кантролю над вытворцамі фільмаў, якія прэтэндуюць на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі. А таксама “забеспячэнне празрыстасці і падкантрольнасці беларускаму боку выдаткаў і даходаў партнёраў па сумеснай вытворчасці фільмаў з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі”.

Па-другое — удасканаленне нарматыўнага прававога забеспячэння сферы кінематаграфіі, якое, у прыватнасці, прадугледжвае стварэнне і размяшчэнне ў Інтэрнэце інфармацыйнага рэсурсу “Дзяржаўны рэестр фільмаў”, пераход ад дзяржаўнай рэгістрацыі фільмаў да іх класіфікацыі, якая здзяйсняецца ўпаўнаважанай Міністэрствам культуры арганізацыяй.

Наступная задача — забеспячэнне ўстойлівага развіцця Нацыянальнай кінастудыі, якая будзе спалучаць у сабе функцыі кінастудыі і кінафабрыкі. (Так, плануемы аб’ём вытворчасці, у прыватнасці, ігравых карцін, у 2020 годзе дасягне 15 адзінак, а рэалізацыя ўласных фільмаў і аказанне кінатэхналагічных паслуг іншым арганізацыям пры ўмовах завяршэння мадэрнізацыі той жа вытворча-тэхнічнай базы перасягне суму ў 3 мільёны еўра.)

Для дасягнення гэтай мэты план прадугледжвае развіццё пракату і паказу фільмаў. У гэтым яго пункце, у прыватнасці, разглядаецца пытанне аб стварэнні ва ўсіх абласцях, акрамя Брэсцкай, абласных дзяржаўных арганізацый кінематаграфіі шляхам перадачы адпаведным абласным унітарным прадпрыемствам усіх кінатэатраў вобласці. І нароўні з рэканструкцыяй і капітальным рамонтам будынкаў кінатэатраў, мадэрнізацыяй іх абсталявання за кошт сродкаў абласцей, Мінска, прадугледжваецца сумесна з кінастудыяй, рэспубліканскімі і рэгіянальнымі тэлеканаламі правядзенне работы па прапагандзе беларускай кінапрадукцыі.

На калегіі прагучала пытанне аб падрыхтоўцы кінематаграфічных кадраў з улікам патрэбы кінавідэагаліны, у прыватнасці, “мастакоў-аніматараў”, “рэжысёраў мантажа фільма”. Адкрыццё неабходных спецыяльнасцей запланавана ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

План стратэгіі прадугледжвае і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі — у прыватнасці, уключэнне ў праграмы кінафестываляў мерапрыемстваў для развіцця кінабізнеса — так званых "індустрыяльных платформ". Плануецца таксама прыцягненне замежных інвестыцый у вытворчасць фільмаў, аказанне дзяржаўнай падтрымкі ў рэалізацыі “фестывальнага кіно”.

Важным чыннікам развіцця айчыннай кінематаграфіі застаецца і дзяржаўна-грамадскае партнёрства — у прыватнасці, падтрымка Беларускага саюза кінематаграфістаў і Беларускай гільдыі акцёраў кіно ў ажыццяўленні іх статутнай дзейнасці, а таксама правядзенне сумесных з Міністэрствам культуры, кінастудыяй і саюзамі мерапрыемстваў.

Канструктыўныя садаклады

Агучаныя на калегіі садаклады, з аднаго боку, пацвердзілі праблемы айчыннай кінагаліны, якія патрабуюць вырашэння, з іншага — задалі магчымыя накірункі выхаду з сітуацыі, што склалася.

Так, загадчык аддзела экранных мастацтваў філіяла “Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора імя Кандрата Крапівы” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Антаніна Карпілава ўвогуле канстатавала адсутнасць на даным этапе існавання феномена беларускага кіно. “Так, яно мае добры, гуманны твар, але гэтага мала”, — сказала кіназнаўца. Беларускі кінематограф сціснуўся да любоўна-крымінальнай тэматыкі, жорстка зазначыла яна, а між тым выбітная беларуская літаратура мусіць быць апірышчам у стварэнні нацыянальнай кінапрадукцыі, якой зараз пахваліцца кінастудыя “Беларусьфільм” не можа.

Дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” у сваю чаргу зазначыў, што рэканструкцыя, якая зараз адбываецца на прадпрымстве, не дазваляе ёй “разгарнуцца” ў поўную сілу. “Кінастудыя ў дадзены момант не з’яўляецца кінастудыяй поўнага цыклу”, — падкрэсліў Алег Сільвановіч. Адсюль, да прыкладу, яна не можа павялічыць аб’ём паслуг. Яшчэ адзін з “бічоў” прадпрыемства — адсутнасць больш плённага супрацоўніцтва з беларускім тэлебачаннем, якое б дазволіла даносіць айчынную кінапрадукцыю да гледача больш эфектыўна. У якасці станоўчага прыкладу сумеснай вытворчасці дырэктар прывёў стужку “Скрасці Бельмандо”, якую прагледзелі 70 000 кінагледачоў. На жаль, такіх прыкладаў няшмат.

У адказ на гэта намеснік прэм’ер-міністра краіны Анатоль Тозік заўважыў, што наяўнасць гаспадарчых праблем не адмяняе наяўнасці праблем творчых. “Мо не трэба ўпадабляцца расійскаму НТВ у вырабе кінапрадукцыі, а рабіць кіно пра нашу культуру — пра нашы вытокі, пра Тураўскае княства, тое кіно, якое было б цікавае нашаму гледачу?” — задаў надзённае пытанне віцэ-прэм’ер. “Справа не ў базе, справа — у таленавітых рэжысёрах, якія з’яўляюцца асновай нацыянальнай кінематаграфіі”, — развіў сваю думку Анатоль Тозік. І лічба ў 70 000 тут далёка не мяжа, заўважыў намеснік прэм’ер-міністра.

Старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька пазначыў у сваю чаргу значнае павелічэнне прадукцыі Нацыянальнай кінастудыі на айчынных тэлеканалах. “Агульны аб’ём паказа ў 2014 годзе склаў 13 000 гадзін — гэта 10%”, — агучыў лічбы кіраўнік тэлерадыёкампаніі. Да 90-годдзя беларускага кіно былі падрыхтаваны адмысловыя праграмы на тэлеканале “Беларусь 3”, прысвечаныя класіцы айчыннага кінематографа. Між тым, значныя пытанні выклікае якасць копій слынных стужак, якія прадастаўляе кінастудыя, звярнуў увагу заслужаны артыст краіны на так і не вырашанае пытанне вырабу лічбавых копій прадукцыі “Беларусьфільма” савецкага перыяду, якая захоўваецца ў расійскіх кінафотафонаархівах.

Насамрэч актуальных пытанняў, якія патрабуюць разгляду і пошуку нетрывіяльных рашэнняў, пад час абмеркавання было пастаўлена нямала. Яны і сапраўды вартыя карпатлівай прапрацоўкі ды асэнсавання.

Агучаныя прапановы могуць стаць важным унёскам у рашэнне агульнай задачы — як зрабіць беларускае кіно статусным, узняць яго эканамічны патэнцыял.

У гэтым кантэксце нельга забывацца на тое, што маем. На значныя магчымасці беларускага дакументальнага кіно звярнула ўвагу ў сваім садакладзе загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ Людміла Саянкова-Мяльніцкая. Навучыцца яго даносіць да гледача, знайсці пастаянную пляцоўку для яго дэманстрацыі — вось тая задача, вырашэнне якой дазволіць выйсці айчыннай кінадакументалістыцы на новы ўзровень.
Падобная ж сітуацыя і з беларускай анімацыяй, якая трывала заваёўвае прызы на міжнародных форумах, але так і застаецца “тэра інкогніта” для масавага гледача. Гэтую тэзу агучыў дырэктар студыі анімацыйных фільмаў кінастудыі Ігар Галіноўскі.

І вельмі істотную прапанову выказаў у сваім выступленні намеснік дырэктара прыватнай тэатральна-глядацкай установы культуры “Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў “Арт Карпарэшн”, праграмны дырэктар кінафестывалю “Лістапад” Ігар Сукманаў. Гэта — неабходнасць распрацоўкі Закону аб мецэнацтве, які б прастымуляваў прыватніка, патэнцыйнага спонсара ўкладвацца ў айчынны кінематограф, кінафестывалі. І сапраўды, многія з агучаных пытанняў можна вырашыць з дапамогай лагістычных захадаў, прадуманай палітыкі, паразумення, у рэшце рэшт, але тое, што айчыннае кіно мае патрэбу ў інвестыцыях — з гэтым спрачацца цяжка. А для таго, каб забяспечыць устойлівы прыток капітала ў кіно, без адпаведных заканадаўчых захадаў тут не абыйсціся.

 

Святочныя кадры ў тэму

17 снежня сталічны Дом кіно стаў месцам святкавання юбілейнай даты беларускага кінематографа. Урачыстаці з нагоды яго 90-годдзя распачаліся з працэдуры гашэння маркіраванага канверта. Вечарам адбылася імпрэза, на якой віншаванні Прэзідэнта краіны беларускім кінематаграфістам агучыў віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. У святочнай атмасферы былі ўручаны граматы і падзякі стваральнікам беларускага кіно — беларускім кінематаграфістам. Паказ новай карціны Аляксандры Бутар “Салодкае развітанне Веры” завяршыў урачыстую праграму.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

/i/content/pi/cult/509/10954/2-234.jpg

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"