На што здольны глядач, калі яго запытаць

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Я была музейшчыкам: наш глядач аказаўся больш асцярожны, чым…
— Добры дзень! Запрашаю вас у нашу майстэрню-лабараторыю — імправізаваны архіў, дзе вы можаце азнаёміцца з фатаграфіямі ўдзельнікаў Першай сусветнай вайны. Праходзьце, калі ласка!.. Гэты спіч пад час маёй працы на праекце “Архіў сведкі вайны” ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ператварыўся ў свайго кшталту мантру. Прывітанне, якое набывае сілу кода. Прамаўляеш яго — і назіраеш за тым, ці гатовы чалавек да кантакту. І часам, сапраўды, наведвальнік музея “раскрываецца”, нібы дзверы, якія толькі і чакалі дотыку…

/i/content/pi/cult/499/10704/12-1.jpg

Фрагмент аднаго з архіўных фота і пісьмовае ўражанне гледача.

/i/content/pi/cult/499/10704/12-3.jpg

/i/content/pi/cult/499/10704/12-5.jpg

Пад час праекта ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

Выклік

Калі куратар і фатограф Аляксей Шынкарэнка запрасіў мяне да ўдзелу ў сваім праекце “Архіў сведкі вайны”, я паставілася да яго прапановы як, у пэўным сэнсе, да выкліку. Гэты праект — незвычайны і, для нашай музейнай прасторы, навацыйны. Так, “Архіў…” працуе з медыумам фатаграфіі, так, ён адсылае да маладаследаванай гісторыі Першай сусветнай (і, напэўна, тут няма нічога новага, з пункта гледжання рэпрэзентацыі гісторыі), але праект адметны тым, што ўключае ў сябе інтэрактыўныя зносіны, прапануючы не толькі глядзець здымкі, але і абавязкова размаўляць пра іх, “праз іх” з наведвальнікам, рэфлексуючы на тэму вайны. У такім эксперыменце мне браць удзел яшчэ не даводзілася.

“Дык гэта — гістарычная выстаўка?” — пыталіся наведвальнікі, трапіўшы на другі паверх музея і замест звыклай залы пабачыўшы прастору-офіс-бібліятэку. “Не зусім. Але я прапаноўваю вам праз фотасведчанні афіцэраў рускай і нямецкай армій убачыць, якой была паўсядзённасць Першай сусветнай”. “Гэта фотавыстаўка? — перапытваюць, дакранаючыся да паштовак, расстаўленых на кніжных паліцах. “Не, бо мы не прапаноўваем азнаёміцца з фатаграфіямі ў звыклым фармаце — калі яны вісяць на сценах, і на іх прагляд патрабуецца блізу трох хвілін. Мы запрашаем пазнаёміцца з матэрыяламі ў іншым рэжыме — праз фатаальбомы. Наш архіў складаецца з копій фотаграфій з фондаў шасці беларускіх музеяў, прыватных калекцый, — і, напэўна, такі збор сведчанняў відавочцаў Першай сусветнай здольны зацікавіць больш чым на тры хвіліны…”

Зварот да гледача

Пасля першага здзіўлення — момант зацікаўленасці, і наведвальнік пачынае ўнікаць у прапанаваны варыянт прэзентацыі матэрыялу. Людзі глядзелі фотаальбомы, задавалі пытанні, і калі напрыканцы іх “паглыблення ў гісторыю” ад мяне гучала прапанова падзяліцца ўражаннямі наконт запамінальнага фота, — большасць ахвотна пагаджалася пакінуць сваю “гісторыю”. Мяркую, не памылюся, калі скажу, што ў нашых музеях падобны зварот да гледача — рэдкасць (відаць, не будзем лічыць за інтэрактыў кнігу водгукаў і каментарыі ад саміх шаноўных музейшчыкаў). У “Архіве…” ініцыятыва зыходзіла менавіта ад нас. Калі было зададзена галоўнае пытанне, пасля паўзы, пэўнай нерашучасці, людзі пачыналі гаварыць…

Так, у нашых музейных установах чамусьці гэтая форма рэдка выкарыстоўваецца. Размова як важны сродак камунікацыі з гледачом, як, уласна, мэта праекта выклікае рэакцыю, стварае поле для дыскусіі, актуалізуе твор мастацтва, архівы, і разам з імі — пэўныя тэмы, праблемы… Праз адсутнасць такога падыходу, мяркую, мы шмат губляем. Бо тыя адказы, што мне давялося пачуць,  аказаліся сапраўдным адкрыццём.

Хтосьці дзяліўся ўражаннямі стрымана і асцярожна, хтосьці — ахвотна і ўпэўнена, а з кімсьці гутарка ўвогуле набывала вагу дыскусіі, філасофскіх разваг. Высветлілася, што фатаграфія — гэта не толькі тое, што мы бачым, а і тое, у што верым, зноў жа, — медыум, які здольны адкрыць нават нябачнае. “Архіў сведкі вайны” атрымаўся праектам, дзе мне давялося ўбачыць і пачуць публіку з разнастайнымі поглядамі, меркаваннямі, публіку, якую звычайна ўяўляеш як штосьці абстрактнае і няпэўнае, і якая раптам, калі ёй даць магчымасць, пачынае прамаўляць рознымі, але выразнымі і запамінальнымі галасамі.

Хто і што?

За месяц экспанавання мне давялося пагутарыць са значнай колькасцю расіян, украінцамі, амерыканкай, брытанкай, немцам, галандцамі, хлопцам з Манголіі… І, да слова, замежны наведвальнік літаральна імгненна счытваў “правілы гульні”, ахвотна рэагуючы на прапановы. Беларускі глядач аказаўся больш асцярожным, аднак, калі даць яму час асвоіцца, не менш чулым да эксперыментальнай формы.

Наведвальнік выстаўкі, натуральна, быў рознага веку. І калі казаць пра сярэднестатыстычнага, гэта, збольшага, усё ж такі моладзь. Тым не менш, ахвотна наведвае выстаўкі і сталае пакаленне, якое, маючы досвед больш традыцыйных фарматаў экспазіцыі, здольнае разумець новыя падыходы ў працы з гістарычным матэрыялам. За амаль месяц мне давялося сустрэць толькі аднаго пажылога мужчыну, які катэгарычна адмовіўся ўнікнуць у тое, што адбываецца ў зале-майстэрні.

Дамы былі ў захапленні ад фотаархіваў, якія захаваліся ў добрай якасці да гэтай пары (і, важна, што копіі матэрыялаў сапраўды не адрозніваліся ад арыгіналаў), і нават калі і саромеліся казаць пра фатаграфію, выказваць сваю думку, ахвотна — гадзінамі — разглядалі альбомы ў зале. Не бракавала інтарэсу да ваенных фатаграфій і з боку дзяўчат.

Эксперымент з працягам

Праект, які, па словах яго сакуратара, мастацтвазнаўцы Вольгі Рыбчынскай, праводзіў інвентарызацыю і актуалізацыю фондаў архіваў Вялікай вайны і які, па сутнасці, стаўся эксперыментам у беларускай музейнай прасторы, даказаў сваю слушнасць. У яго рамках прайшлі дыскусіі і лекцыі экспертаў пра магчымасці фатаграфіі, прагляд і абмеркаванне беларускай стужкі аб падзеях Першай сусветнай на нашых землях “Першы ўзвод” Уладзіміра Корш-Сабліна, адбыліся інтэрв’ю з тэарэтыкамі, якія таксама выбіралі фота, што запомнілася ім найбольш... Ды ўсё ж галоўнае месца ў праекце займаў глядач — наш сучаснік, які такім вось чынам стаў сведкам вайны.

“Архіў…” быў прэзентаваны і на ІІ Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”. Наступным ягоным “прыпынкам” маюць стаць рэгіянальныя музеі, фатаграфіі з фондаў якіх былі прадстаўлены.

Што даў мне гэты досвед?

Безумоўна, усведамленне таго, што музейных работнікаў трэба берагчы. Тое, што музей сёння — гэта не толькі сховішча ды пляцоўка для прэзентацый, але і месца сустрэч, дыялога, зносін паміж мастаком і публікай, месца для пошуку новых сэнсаў. І нагоды для нараджэння апошніх могуць быць самыя розныя.

Наша публіка можа…

Што яшчэ? Мінчане ўсё ж такі ходзяць у музей. Часам асцярожнічаюць, саромеюцца, лянуюцца, ды ўсё ж цікавяцца і прагнуць. “А чаму няма гучнай рэкламы вашага праекта? Ён жа такі файны!” — выказалася адна дзяўчына пасля “ўводзінаў” у экспазіцыю. Яшчэ пятнаццаць хвілін размовы — і яна прапанавала нашай камандзе у дар… афрыканскіх слімакоў. Проста таму, што ў яе “хатняга” сямейства слімакоў папаўненне. Усё гэта гучыць неверагодна, але я прыводжу гэты прыклад да таго, што беларуская публіка здольная на шмат большае, чым мы можам уявіць.

Фотаматэрыял прадастаўлены праектам

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"