Мары ў Мары

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Музеі Туркменістана, як выстветлілася, могуць уразіць самага патрабавальнага турыста. Каб пераканацца ў гэтым, пагутарым з дырэктарам Марыйскага гісторыка-краязнаўчага музея Тарэ НАБАТАВЫМ, які днямі завітаў у Мінск у рамках Дзён культуры яго дзяржавы ў нашай.

/i/content/pi/cult/495/10638/14-1.jpg

Марыйскі гісторыка-краязнаўчы музей.

/i/content/pi/cult/495/10638/14-2.jpg— У аснове нашай установы — унікальныя артэфакты, выяўленыя яшчэ за савецкім часам. Музей быў створаны ў 1968-м. Тады ён быў вядомы як Марыйскі гісторыка-рэвалюцыйны музей. А праз некалькі гадоў грамадскасці была прадстаўлена і першая пастаянная экспазіцыя. Сёння Гісторыка-краязнаўчы музей размешчаны ў цэнтры горада ў вялікім трохпавярховым будынку з белага мармуру і каляровага граніту. Палац быў узведзены зусім нядаўна, у 2010 годзе, непадалёк ад абласной бібліятэкі ды галоўнай мячэці. Будынак абсталяваны шасцю выставачнымі заламі, канферэнц-залай, службовымі кабінетамі, сховішчамі, рэстаўрацыйнымі лабараторыямі. Да слова, толькі кошт самога гмаху склаў блізу 18 мільёнаў долараў ЗША.

— Гісторыка-краязнаўчы профіль установы, відаць, абумоўлівае і наяўнасць у фондах этнаграфічнага матэрыялу?

— Сапраўды, у этнаграфічнай зале дакладна ўзноўлены традыцыйны побыт марыйскіх туркменаў. І ўсё ж фонды музея, якія налічваюць каля сарака тысяч прадметаў, звязаны не толькі з этнаграфіяй. Гэта і карціны на гістарычную тэматыку, і габелены, і графіка, кераміка ды скульптура, ювелірныя вырабы са срэбра і старажытная зброя, старадаўнія рукапісы, дакументы па гісторыі краю, а таксама ўсе віды флоры і фаўны Марыйскай вобласці… Ці не самымі каштоўнымі з прадстаўленых артэфактаў з’яўляюцца для нас узоры старадаўняй нацыянальнай вопраткі, туркменскія дываны, адметныя музычныя інструменты…

— І ўсё ж які артэфакт прываблівае найбольшую ўвагу турыстаў?

— У асобнай зале нашага музея прадстаўлена калекцыя археалагічных знаходак, большую частку якой складаюць экспанаты з самага старажытнага горада Сярэдняй Азіі, вядомага навуцы, — Мерва. А адным з найбольш папулярных экспанатаў гістарычнага музея з’яўляецца куфар, упрыгожаны мазаікай са слановай косці, які датуецца другім тысячагоддзем да нашай эры. Ніводзін турыст не застаецца абыякавым да прыгажосці гэтага старажытнага ўзора мастацтва…

— Калі казаць пра турыстаў, то не магу не запытацца: хто складае асноўную групу наведвальнікаў вашага музея?

— Вядома ж, як і ў беларускіх музеях, так і ў нас асноўная аўдыторыя — школьнікі. У гэтым плане на нашу карысць — той факт, што ў Туркменістане вучэбная праграма для школьнікаў ушчыльную звязана з музейнымі заняткамі. Акрамя таго, тэндэнцыя апошніх гадоў: у Марыйскі музей завітвае ўсё больш замежных турыстаў, якія маюць магчымасць скарыстацца паслугамі гідаў на англійскай, турэцкай, нямецкай, рускай і, канешне ж, туркменскай мовах. Прыемна, што з кожным годам расце і колькасць турыстаў з Беларусі.

— Якім чынам вы прывабліваеце замежнага турыста?

— Трэба сказаць, што Мары — не толькі адзін з найбуйнейшых гарадоў нашай краіны, але і самы старажытны на поўдні Туркменістана. Старадаўняя архітэктура, помнікі, унікальныя археалагічныя артэфакты прывабліваюць турыстаў не толькі з постсавецкай прасторы, але і з ЗША, Італіі, Вялікабрытаніі ды іншых краін свету. Павялічваецца таксама і колькасць турыстаў за кошт дзелавых кантактаў Туркменістана. Таму скардзіцца на адсутнасць наведвальнікаў не можам. А вось што нам трэба абавязкова зрабіць, дык гэта якасны інтэрнэт-партал, на якім можна было б віртуальна пазнаёміцца з каштоўнымі музейнымі прадметамі. Гэта — справа бліжэйшай будучыні.

— Не магу не пацікавіцца пра перспектывы супрацоўніцтва з беларускімі музеямі…

— У рамках Дзён культуры Туркменістана мы пастараліся пазнаёміць беларусаў з нашымі ўнікальнымі экспанатамі. Спадзяюся, што неўзабаве і туркменская публіка ў рамках выставачных праектаў на свае вочы зможа пабачыць музейныя прадметы, якія адлюстроўваюць гісторыю беларускага народа. Спадзяюся і на супрацоўніцтва не толькі ў экспазіцыйным плане. Магчыма, беларускіх калег зацікавіць сувенірная прадукцыя, створаная рукамі нашых рамеснікаў, а таксама дзейнасць фальклорнага калектыву, заснаванага пры музеі…

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"