Прынцыпова новая

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

“Музей вайны — тэрыторыя Міру”: прызнанне новай памяці
Новая экспазіцыя Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой” — “Музей вайны — тэрыторыя Міру” — уражвае многім. І выкарыстаннем сучасных музейных тэхналогій (ад інсталяцый да гукавых эфектаў), і мастацкім рашэннем, і падачай матэрыялу… Але, на маю думку, галоўная адметнасць экспазіцыі — у пашырэнні межаў тэмы: яна распавядае пра лёс абаронцаў Цытадэлі пасля 22 чэрвеня 1941 года. Новая экспазіцыя Мемарыяльнага комплексу спрабуе па-іншаму расставіць акцэнты ў складанай гісторыі абароны Брэсцкай крэпасці.

/i/content/pi/cult/495/10600/3-33.jpgХто і як

Аўтары экспазіцыі, якая знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы абарончай казармы — намеснік дырэктара па навуковай працы комплексу Ларыса Бібік і мастак Юрый Сухаў. Увогуле ж, нельга не адзначыць працу ўсяго калектыву музея, які “ўклаўся” ў справу. Аднак вялікая роля ў стварэнні новай экспазіцыі належыць і спонсару, без якога пражэкты да гэтай пары б заставаліся пражэктамі: ён выдаткаваў на праект 15 мільярдаў рублёў.

— Былі праведзены рамонтныя работы будынка, — уводзіць у курс справы дырэктар Мемарыяльнага комплексу Рыгор Бысюк. — Потым — здзейснены ўкладанні ў сучасныя музейныя тэхналогіі, напаўненне экспазіцыі… Мы даўно марылі пра гэты праект, і ён, нарэшце, ажыццявіўся…

Ужо сёння новую экспазіцыю СМІ называюць “прынцыпова новай”. У першую чаргу — праз выкарыстанне тых самых сучасных форм прэзентацыі матэрыялу: сэнсарныя экраны, гукавыя эфекты, інсталяцыі… Карэспандэнту ж “К” істотным падалося спалучэнне факталогіі ды сучасных тэхналогій. І ў першую чаргу — зварот да малавядомых старонак гісторыі тых, хто змагаўся ў Брэсцкай крэпасці і ў раёне горада Брэста, бо пасля мужнай абароны фартэцыі многіх з воінаў чакаў палон. Тысячы чырвонаармейцаў, якія выжылі пасля нападу нямецкай арміі, былі адпраўлены ў канцлагеры, дзе яны змагаліся за жыццё ў невыносных умовах. Гэтая тэма — савецкіх ваеннапалонных — не надта распрацаваная ў рэканструкцыі ваеннай гісторыі ў нашых музейных установах. І спроба Мемарыяльнага комплексу зрабіць крок у гэтым кірунку — вартая ўвагі і ўхвалы.

Сіла прыватных гісторый

— Асноўная маса тых, хто трапіў у палон з крэпасці, — распавядае загадчык аддзела фондаў Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой” Алена Грыцук, — праходзіла праз лагеры “Паўднёвы гарадок” і Бяла-Падляску.

— Захаваліся рэчы і фатаграфіі лекара 31-га асобнага транспартнага батальёна Васіля Чалабанава, — указвае на прадметы ў вітрыне суразмоўца, распавядаючы праз лёс аднаго з абаронцаў крэпасці. — І ў палоне ён аказваў дапамогу сваім таварышам, перажыў цяжкія часіны, дажыў да Перамогі, і яго ўнук пасля вайны перадаў Мемарыяльнаму комплексу зборнік рэцэптаў і лыжку, якімі карыстаўся яго дзед у лагеры…

У экспазіцыі сабраны прыватныя гісторыі абаронцаў, што не пакідаюць абыякавымі. Пры гэтым акцэнт у пабудове расповеду стваральнікі зрабілі на ўхваленні мужнасці савецкіх воінаў, якія ў страшных умовах захавалі чалавечую годнасць і імкненне змагацца.

— Іван Каламіец з Жабінкі: ён знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных на тэрыторыі Нарвегіі… Яго гісторыя — гэта гісторыя міласэрнасці ад незнаёмых людзей. На чужбіне яму дапамагала адна нарвежская сям’я. І пасля вызвалення ён пэўны час жыў у сваіх выратавальнікаў, — Алена Грыцук указвае на фатаграфію ў вітрыне і запісную кніжку абаронцы крэпасці.

Летась музей атрымаў матэрыялы ад дачкі лейтэнанта Брэсцкага ўмацаванага раёна Сяргея Перадзельскага, які прайшоў праз многія лагеры, а напрыканцы трапіў у Бухенвальд… Алена Грыцук не хавае, што гэтыя артэфакты — неацэнныя для Мемарыяльнага комплексу.

— Ён вёў дзённік у палоне і ўвесь час пісаў лісты сваім блізкім: матулі, жонцы і дзвюм дочкам, што засталіся ў яго родным Карачаве, — распавядае яна ягоную гісторыю. — Гэтыя сведчанні кранаюць неверагодна!..

Сяргею Перадзельскаму ўдалося ажыццявіць уцёкі з Бухенвальда, акурат за некалькі дзён да славутага паўстання ў ім ваеннапалонных. Вызваліўшыся, ён працягвае пошукі сваіх родных. Захаваліся яго лісты з Аўстрыі, дзе ён піша ўжо літаральна ў пустэчу, губляючы надзею, піша, таму што не можа не пісаць…. І цуд здараецца: жонка і дочкі лейтэнанта засталіся жывымі...

— Пасля вайны Сяргей Дзмітрыевіч сустракаецца ў Карачаве з сям’ёй, — Алена Грыцук распавядае пра фінал, які падаецца немагчымым. — У іх нараджаецца трэцяя дачка — Таццяна. Менавіта яна і перадала ў нашы фонды арыгіналы кранальных лістоў Перадзельскага і ягоны “Бухенвальдскі дзённік”. Гэта вялікі поспех для музея: выйсці на такога сведку ды атрымаць падобныя каштоўныя дакументы, — падкрэслівае мая суразмоўца.

І ў гэтых матэрыялах бачна, як, нягледзячы на ўсе жахі вайны ды палону, чалавек застаецца чалавекам, кажа Алена Грыцук.

/i/content/pi/cult/495/10600/3-1.jpg

/i/content/pi/cult/495/10600/3-2.jpg

Разнастайнасць тэхналогій

Вядома, як справядліва адзначаюць медыя, новая экспазіцыя імкнецца данесці да наведвальніка інфармацыю не толькі праз звыклыя формы падачы, але і праз выкарыстанне сучасных тэхналогій. Напрыклад, у першай зале “Музея…”, у якой адлюстраваны побыт і жыццё гарнізона крэпасці напярэдадні ўварвання ворага, можна ўбачыць фрагменты фільмаў даваенных гадоў. Ваеннаслужачыя гарнізона мелі падобную “паслугу”: у Брэсцкай крэпасці працавала кінаперасоўка.

— І мы зрабілі падборку стужак, што дэманстраваліся ў тыя часы, абапіраючыся на ўспаміны тых, хто быў у фартэцыі, — распавядае Алена Грыцук пра элемент экспазіцыі.

Момант нечаканага нападу фашысцкіх захопнікаў стваральнікі “Музея…” перадалі праз стварэнне заслоны туману, праз якую праступае стылізаваны макет нямецкай штурмавой лодкі. У цэнтры макета — вітрына з прадметамі абмундзіравання і зброі воінаў вермахта.

Светлавая і аб’ектная інсталяцыя — імітацыя стайні 125-га стралковага палка, якая трапіла пад артылерыйскі абстрэл на пачатку вайны. Манекены напужаных коней — нечаканы і трапны ход у прадстаўленні ваеннай навалы.

Макет расстрэльнай сцяны лагера Дахау, дзе забівалі камісараў, згодна з дырэктывай…

Інтэрактыўная карта канцлагераў Еўропы, па якой можна прасачыць лёсы абаронцаў Брэсцкай крэпасці…

Адмысловая прастора “Рэха вайны”: наведвальнік праходзіць па празрыстай падлозе, скрозь якую бачны археалагічныя знаходкі вайны. І лік гэтых знаходак, нягледзячы на час, усё яшчэ не заканчваецца.

Аўтары экспазіцыі праз выкарыстанне падобных прыёмаў паспрабавалі наблізіць сучасніка да мінулых падзей, зрабіўшы акцэнт на сімвалічных абліччах вайны.

Прызнанне гісторыі

Ды ўсё ж асаблівае месца ў новай экспазіцыі, якая выкарыстоўвае розныя мадэлі ўзаемадзеяння з наведвальнікам, займае зала “Прызнанне”. У ёй — зварот да гісторыі Брэсцкай крэпасці пасля вайны, уласна, яе напісанне.

І тут аддаецца належнае працы савецкага даследчыка і журналіста Сяргея Смірнова, які вярнуў абаронцам Цытадэлі іх добрае імя. Адважуся сказаць: стварыў аблічча Брэсцкай крэпасці, якое мы беражліва захоўваем да гэтай пары...

— Многія з тых, хто змагаўся ў фартэцыі, пасля вайны, пасля палону былі рэпрэсіраваны, — Алена Грыцук “адкрывае” тыя старонкі, якія раней не былі ўпісаны ў афіцыйную гісторыю.

Спецыяліст указвае на фатаграфію Барыса Маслава, лёс якога — аднаго з многіх — быў трагічны ў дадзеным кантэксце. Пасля нямецкага палону ён трапіў у савецкі лагер і загінуў там ад рук звычайнага вязня. “Гэта адбылося ў 1952 годзе”, — адзначае Алена Яўгенаўна.

Хтосьці з воінаў Чырвонай Арміі з-за “палоннага” мінулага быў пазбаўлены членства ў партыі, хтосьці не мог уладкавацца на работу, хтосьці застаўся без воінскага звання….

Толькі ў 1964 годзе, дзякуючы руплівай працы ваеннага карэспандэнта, франтавіка Сяргея Смірнова, які зацікавіўся тэмай абароны Цытадэлі, пачаў збіраць успаміны ўдзельнікаў баёў у фартэцыі, і, урэшце, выдаў кнігу “Брэсцкая крэпасць”, што змяніла стаўленне людзей да мінулага, добрае імя было вернута савецкім воінам.

— У гэтай зале мы сабралі ўспаміны тых абаронцаў, — распавядае Алена Грыцук, — пра пачатак вайны, пра палон… Успаміны сваякоў пра іх. Стаўшы пад адмысловы “гукавы купал”, — тлумачыць яна прынцып дзеяння мультымедыя, што знаходзяцца ў зале, — вы можаце пачуць галасы людзей, якія прайшлі праз столькі іспытаў…

Канстанцін Смірноў, сын Сяргея Смірнова, даследчыка, — таксама ў ліку важных сведак. Ён распавядае, што калі яго бацька толькі ўзяўся за малавядомую тэму, да іх прыходзілі паніклыя і разгубленыя людзі. І сустрэча за сустрэчай да ўдзельнікаў абароны вярталася пачуццё годнасці, калі яны ўсведамлялі сваю невінаватасць і Подзвіг…

Афармляе залу “Прызнанне” дыптых санкт-пецярбургскага мастака Вячаслава Чабатара: сустрэча абаронцаў Брэсцкай крэпасці праз дваццаць гадоў.

— Нават калі воіны прызнаюць адно аднаго праз столькі гадоў, — тлумачыць ідэю аўтара Алена Грыцук, — мастак не вяртае ім маладосць. Бо нават тыя колькі гадзін баёў змянілі іх назаўжды…

Менавіта гэтую залу, дзе спалучаны сучасныя тэхналогіі з усведамленнем і пераасэнсаваннем нашай гісторыі, лічу “цвіком” “Музея вайны — тэрыторыі Міру”: у ёй найлепшым чынам злучыліся новыя падыходы ў музейнай справе і імкненне падысці да Памяці не як да застылага канструкту.

Час не стаіць на месцы, і вельмі важна памятаць пра тое, што мы хочам расказаць сучаснаму чалавеку. У выпадку з новай экспазіцыяй Мемарыяльнага комплексу яе стваральнікам удалося зрабіць істотны крок насустрач апошняму.

 

Хэдлайн рэгіёна

Без “мала-”, але з “але”

Галаграфічны тэатр у Купалаўскім музеі, рэканструкцыі і аб’ёмна-прасторавыя рашэнні ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай, гукавая інсталяцыя ў Брэсцкім абласным краязнаўчым, мультымедыя ў Брэсцкай крэпасці… Нягледзячы на тое, што большасць музейных устаноў краіны пакуль не можа пахваліцца падобнымі прыкладамі ў падачы матэрыялу, сказаць, што тэхналогіі — прэрагатыва замежных музеяў, ужо нельга: мы назіраем зрух у візуалізацыі выставачных прастор.

Тым не менш, пасля аналізу “першых поспехаў” самы час задаць пытанне: а што мы сёння хочам расказаць грамадству, самім сабе, карыстаючыся сучаснымі прыёмамі? Які канцэптуальны складнік закладваем у экспазіцыі ды музеі? Як канструюем нашу памяць? Пра што хочам памятаць, а пра што свядома пазбягаем казаць  — вось тое пытанне, якое і сёння трапляе “ў яблычак”. І ці не становяцца новыя магчымасці своеасаблівай спакусай “яскрава” паўтарыць пройдзены матэрыял, замест таго, каб распавесці пра яшчэ малавядомы? Перад сучаснай музейнай культурай стаяць многія выклікі, але апошні — бадай галоўны.

Разважаючы над гэтым, натуральна прыгадваеш тэмы, табуяваныя за савецкім часам. Але ці з'яўляюцца яны для нас сёння адкрыццямі? І калі яны сталіся ўжо часткай нашай свядомасці, чаму не сказаць пра іх на тэрыторыі музеяў?

Сёння, калі рэгіянальным музеям даводзіцца пераствараць уласнае аблічча, падаецца, менавіта даследаванне лакальнай гісторыі, раскрыццё яе (мала)вядомых старонак — выгаднае выйсце. Так, сучасны музей — гэта высокі ўзровень экспазіцыйнай культуры, праца з увагай гледача, сучасныя тэхналогіі, але ніхто не адмаўляе якасці даследчай працы. Менавіта ў спалучэнні гэтых складнікаў і бачыцца мне будучыня музеяў Беларусі. “Скажыце мне, якая ў вас канцэпцыя, і я прыйду да вас”, — хочацца прамовіць як наведвальніку. Які сэнс маўчаць пра малавядомыя старонкі гісторыі, калі яны ўжо згубілі частку “мала-”?

 

Кажа эксперт

Галіна НЯЧАЕВА, дырэктар Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Шклярава:

— Мы і па сёння ездзім у экспедыцыі. І задаём бабулям пытанні, да якіх проста “не дараслі” пад час папярэдніх вандровак. Развіваемся мы — развіваецца і музей. Я не супраць гаджэтаў. У нас ёсць, да прыкладу, аўдыягіды… Але (гэта, відаць, у веткаўскіх традыцыях) звычайная, здавалася б, экскурсія выбірае ўсе ліміты часу, бо госці, уцягваючыся ў расповед-дзею гіда, становяцца саўдзельнікамі стварэння новага. Словам, музей жывы не толькі за кошт тэхнічных навінак. Мы больш за трыццаць гадоў таму пачалі размаўляць на мове сімвалаў, схаваных у тканых ручніках. І мова гэтая ўдасканальваецца. Шкада, што бабуль, якія жывуць той мовай, становіцца менш… Я ўдзячная маладым супрацоўнікам, якія жывяць музейны сайт. Дзякуючы яму мы рэгулярна абнаўляем матэрыялы і вядзём дыялог са светам…

Фота аўтара

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"