Абысці фармат, каб слухаць сваё

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты “Культура”
Паняцце “радыёфармат” знаёмае многім аматарам музыкі. Згадваецца, як я яшчэ школьнікам тэлефанаваў на беларускія FM-станцыі з пытаннем: чаму на вашых хвалях ніколі не пачуць так званай альтэрнатыўнай музыкі айчынных выканаўцаў? Гучаў аднолькавы адказ: гэта не наш фармат. Атрымліваецца, што вялікі пласт беларускай музыкі, у тым ліку айчынная бардаўская песня ці той жа эксперыментальны рок (гэты спіс можна доўжыць), не вартыя ўвагі сярэднестатыстычнага беларуса…

/i/content/pi/cult/492/10519/4-33.jpgМне могуць запярэчыць: маўляў, слухай сваіх выканаўцаў праз Інтэрнэт, набывай іх кружэлкі ды хадзі на канцэрты! Як аказалася, тут і пачынаюцца ўсе праблемы. Пагадзіцеся, аддаваць грошы за дыскі невядомага выканаўцы мала хто адважыцца, як і за білеты на іх канцэрты. І менавіта радыё (поруч з тэлебачанннем) з’яўляецца тым шляхам прадставіць, а дакладней — “прапіярыць” шырокай грамадскасці творчасць асобнага выканаўцы ці музычнага гурта. Адчуваю, што і тут са мной не пагодзяцца многія “мэтры айчыннага шоу-бізнесу”, прамаўляючы словы прыкладна такога зместу: “Як вам не сорамна такое пісаць! На айчынных тэлеканалах столькі перадач, дзякуючы якім запальваюцца ўзыходзячыя “зоркі” беларускай эстрады!” Але ў тым і справа, што, па-першае, гэта зоркі менавіта эстрады, а па-другое, падбор усіх гэтых патэнцыйных зорак адбываецца часцей за ўсё суб’ектыўна прадзюсарамі тэлеканалаў.

Вось і атрымліваецца: сабраўся самастойна досыць цікавы калектыў, стварыў някепскі альбом, “патусіў” колькі гадоў у андэграўндзе, жывучы марамі пра вялікія канцэртныя пляцоўкі, — і распаўся з-за банальнага: з-за праблем здабыцця хлеба надзённага.

Дык што ж рабіць? І надалей выканаўцам ды іх патэнцыйнай аўдыторыі застаецца хіба што наракаць на кепскі лёс?

А чаму б у такім выпадку не стварыць адпаведную інтэрнэт-радыёстанцыю? Радыё, на віртуальных хвалях якога гучала б выключна беларуская “нефарматная” музыка. Перакананы, што яно не згубілася б сярод тысяч разнастайных каналаў, якія можна адшукаць у Сеціве. Пры гэтым стваральнікам віртуальнага радыё не трэба набываць дарагое абсталяванне, рэгулярна плаціць за частоты, рэгістравацца і атрымліваць ліцэнзію. Няўжо ў нашай краіне няма здатных на такі крок, і давядзецца чакаць, пакуль за нас гэта зробяць тыя ж палякі ці літоўцы, як гэта здарылася з алічбоўкай ды інтэрнэт-публікацыяй беларускай перыёдыкі 1920 — 30-х гадоў? Думаю, для такой справы знойдуцца і спонсары — учарашнія, а мо і сённяшнія заўзятары “нефарматных” беларускіх фестываляў.

Падзяліўшыся сваімі думкамі адносна такой інтэрнэт-радыёстанцыі з калегам, атрымаў добрую заўвагу: каб радыё было папулярным, яго павінны, найперш, слухаць у аўтамабілі. Ці рэальна для віртуальнага радыё трапіць у кожную машыну? Безумоўна! Як высветлілася, для таго, каб гэта ажыццявіць, у аўтааматара павінна быць усяго толькі магнітола з падтрымкай Bluetooth-злучэння альбо FM-трансмітар (гаджат, даступны кожнаму) і смартфон. Перавага віртуальнага радыё яшчэ і ў тым, што яго вяшчанне не абмяжоўваецца нейкай лакальнай тэрыторыяй, а даступнае літаральна ва ўсім свеце, дзе, вядома ж, ёсць Інтэрнэт.

І яшчэ колькі нюансаў вяшчання. Як дазваляе ўбачыць манторынг, большасць інтэрнэт-радыёстанцый — так бы мовіць, “нямыя”: працуюць амаль цалкам аўтаматычна. Вядома, на іх хвалях гучыць музыка, але апроч яе там не пачуеш голаса вядучага. А каб нешта сказаць, трэба надаваць гэтай справе даволі шмат часу: весці перадачы, прымаць званкі, шукаць цікавыя тэмы. І вядома ж, займацца папулярызацыяй самой радыёстанцыі…

Хочацца спадзявацца, што неўзабаве такое “жывое” радыё будзе гучаць з дынамікаў аўтамабіля пад час аўтападарожжаў “К” і не толькі…

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"