Партрэтны калідор "бессмяротнага палка"

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Пра інавацыі галоўнага майскага святкавання
У Інфацэнтры “Культура-інфа” прайшла онлайн-канферэнцыя, прымеркаваная да свята Вялікай Перамогі. Па традыцыі мы высветлілі, якія інавацыі для правядзення галоўнага майскага свята выкарысталі ў музеях, бібліятэках, клубах, дамах рамёстваў і школах мастацтваў нашых раёнаў. Адказаць на гэтае пытанне нам з ахвотай пагадзіліся намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кіраўскага райвыканкама Валянціна ІВАНІЦКАЯ (Ivanickaja), дырэктар Клічаўскага краязнаўчага музея Наталля ХРАМЯНКОВА (Chramiankova), галоўны спецыяліст па культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама Наталля МАЕЎСКАЯ (Majewskaja), дырэктар Іўеўскага раённага метадычнага цэнтра Наталля МУДРЫК (Mudryk).

/i/content/pi/cult/486/10381/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/486/10381/10-3.jpg

аdm.:

— “Культура” шчыра вітае ўдзельнікаў чарговай онлайн-канферэнцыі! Напярэдадні святога для ўсіх нас свята вельмі цікава даведацца, як стартаваў Дзень Перамогі...

Majewskaja:

— Па традыцыі — з мітынгу-рэквіема. У ім прынялі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якіх, на вялікі жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш.

Mudryk:

— А мы пачалі адзначаць вялікае свята напярэдадні — 8 мая: арганізавалі вялікі веласіпедны прабег. Акцыя, што рэалізуецца сумесна з мясцовым аддзяленнем БРСМ, атрымала назву “Ад помніка да помніка”. Удзельнікі велапрабегу стартавалі ад гарадскога помніка землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, і цягам дня наведалі мемарыялы ды памятныя знакі ў вёсках раёна, дзе адбыліся сустрэчы з мясцовымі жыхарамі. Вядома ж, не абышлося і без мітынгу з выступленнямі ветэранаў.

Хочацца сказаць, што ніхто з нашых ветэранаў не будзе забыты, нават калі па стане здароўя чалавек не змог наведаць святочныя мерапрыемствы. Нашы работнікі правялі “агеньчыкі” ў хатах такіх ветэранаў...

Ivanickaja:

— У нас свята таксама стартавала велапрабегам. Прайшоў ён яшчэ 12 красавіка і называўся “Па здароўе — на веласіпедзе”. Гэта — ініцыятыва нашага старшыні райвыканкама Уладзіміра Піскіжава… Вы ведаеце, што Кіраўск не мае грамадскага транспарту, таму веласіпед ёсць у кожнага. У прабегу ўзялі ўдзел больш за 200 чалавек, у тым ліку чэмпіён свету па веласпорце, прызёр Алімпійскіх гульняў Наталля Цылінская. Але самы галоўны ўдзельнік спартыўнай веласіпеднай акцыі — ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Антонавіч Буслаў, пра подзвігі якога “К” калісьці пісала…

аdm.:

— Некалькі гадоў таму нас уразіў музей у Клічаве. І не толькі экспазіцыяй, якая сама па сабе ўнікальная, бо ў раёне з сакавіка па май 1942-га партызаны абвясцілі савецкую ўладу… Гаворка тут ідзе пра, здавалася б, простыя ды агульнадаступныя для любога музейнага спецыяліста рэчы: на музейным дворыку растуць улетку лекавыя зёлкі ад “Зялёнай апітэкі” (на кожнай — шыльдачка з тлумачэннямі), а ў самім музеі цягам года ладзяцца літаратурныя ды музычныя салоны, не пабываць на якіх для мясцовай публікі — маветон. Дык вось, кранаюць гэтыя простыя рэчы душу. І калі бачыш у музеі сумесны плён намаганняў клубнікаў, бібліятэкараў і выкладчыкаў ДШМ, дык цудоўна разумееш, на што варты звычайны раённы аддзел. Словам, інавацыя — гэта калі з душой і для душы…

Chramiankova:

— Дзякуй за добрыя словы. І пра ўнікальнасць нашага партызанскага краю — правільная заўвага… Дарэчы, майская аперацыя фашыстаў па спробах знішчэння партызанаў з дапамогай паветранага дэсанту называлася “Хрушч” (“Майскі жук”), а фінальная, па блакадзе нашых байцоў, — “Арол”. Тым не менш, савецкія абаронцы здолелі прарвацца… Натуральна, Дзень Вялікай Перамогі адзначаецца ў нас з надзвычайнай стараннасцю. З самага ранку аўтакалона з ветэранамі і моладдзю скіроўваецца да Мемарыяльнага комплексу партызанскай славы “Усакіна”. На вясковых брацкіх могілках — 18 партызанскіх магіл. На кожнай з іх застаюцца 18 кошыкаў з кветкамі. А ў самім партызанскім лагеры (дакладная рэканструкцыя) прэзентуецца тэатралізаваная рэканструкцыя ваенных падзей. Летась гэта быў фрагмент прарыву блакады. Сёлета — аднаўленне партызанскага ляснога побыту. Занята пры гэтым немалая колькасць работнікаў культуры.

аdm.:

— Так, не дапамаглі фашыстам ні "хрушчы", ні "арлы"… У чым яшчэ крэатыўныя адметнасці сёлетніх урачыстасцей?

Majewskaja:

— Вялікую ўвагу надалі тэатралізацыі. Да прыкладу, падрыхтавалі шэсце з партрэтамі ўраджэнцаў Бярэзінскага раёна, якія адзначыліся подзвігамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Такім чынам утварыўся своеасаблівы партрэтны калідор пад назвай “Бессмяротны полк”...

Ivanickaja:

— Адначасова з велапрабегам у Кіраўску распачалася акцыя “Агонь славы і памяці герояў”. Гэты агонь будзе пранесены літаральна па ўсіх населеных пунктах раёна, дзе праходзілі баі. І вернецца ён на сваё месца 3 ліпеня — у Дзень Незалежнасці Беларусі, ля брацкіх могілак воінаў і партызан у Кіраўску...

аdm.:

— Ці пройдуць урачыстасці ў вёсцы Боркі, дзе фашысты пасля партызанскага прарыву спалілі амаль дзве тысячы жыхароў?

Ivanickaja:

— Многія ведаюць, што паводле гэтых трагічных падзей Алесь Адамовіч напісаў аповесць “Карнікі”… Там, побач з мемарыяльным комплексам і капліцай, прайшоў мітынг-рэквіем. Дарэчы, прах загінулых пад час фашысцкай карніцкай акцыі быў перанесены некалькі гадоў таму ў агульную брацкую магілу. Раней ці не ў кожным гародзе сённяшніх жыхароў Борак высіліся магільныя крыжы…

adm.:

— Нам жыхары распавядалі ў свой час, што гэтыя крыжы на вясковых падворках — нібы святыя абярэгі…

Ivanickaja:

— Пагаджаюся, у нас кожная пядзя беларуская зямлі крывёй паліта, а таму — святая… Тым не менш, некалькі гадоў таму было прынята агульнае рашэнне, каб перанесці прах загінулых у брацкае пахаванне…

аdm.:

— Прадоўжым гаворку пра святочныя цікавосткі, або, так бы мовіць, пра тэхналогію інавацыйных падыходаў.

Mudryk:

— У нас раённая святочная праграма атрымала назву “Пераможны май”. Сумесна з БРСМ падрыхтавалі акцыю па раздачы жыхарам і гасцям горада чырвона-зялёных стужак. Праходзіць у Іўі таксама фінал лёгкаатлетычнай эстафеты ў гонар Перамогі. Нашы культасветработнікі падрыхтавалі і тэатралізаваную кампазіцыю...

аdm.:

— Цудоўна ведаем, што і Кіраўшчына заўжды славілася маштабнымі рэтра-кампазіцыямі. У адзін з дзён Вялікай Перамогі, да прыкладу, на гарадской плошчы прайшло дэфіле мод 1945 года. Сукенкі, гарнітуры, абутак шукалі па ўсім раёне. Але атмасфера тагачаснага пераможнага мая была з поспехам адноўлена. Чым Кіраўск здзівіў сёлета?

Ivanickaja:

— Ну, не ведаю, ці здзівіў… На гарадской плошчы вырасла саракаметровая па даўжыні Сцяна Памяці са шчытоў, абцягнутых чырвонай тканінай. На іх мы змясцілі фотадакументы, што нагадалі жыхарам пра цяжар ваеннага ліхалецця. А ў цэнтры — партрэтная галерэя нашых слаўных ветэранаў, якія гэты цяжар з гонарам вытрымалі і перамаглі фашысцкую навалу. Побач, на драўляных кубах, размясцілі экспанаты ваеннага часу. Атрымаўся музей пад адкрытым небам… На яшчэ адной пляцоўцы гарадской плошчы працаваў ваенна-палявы кінатэатр. У вялікай вайсковай палатцы дэманстравалася хроніка часоў Вялікай Айчыннай. Інтэр’ер “кінатэатра” таксама быў аформлены ў жанры “рэтра”. Старая кінаўстаноўка, карты ваенных дзеянняў і тагачасныя плакаты стваралі адпаведны настрой. Не абышлося, натуральна, і без палявой кухні...

аdm.:

— Не сумняваемся, здзівілі — і пры гэтым не паўтарыліся! Пытанне да ўсіх: а колькі ўсе гэтыя святочныя інавацыі каштавалі?

Chramiankova:

— Не перажывайце, глабальных выдаткаў не панеслі. Вайсковую вопратку і муляжы зброі для тэатралізацыі нам ахвяраваў у свой час знакаміты беларускі кінаакцёр Ігар Сігоў, які з поспехам у нас выступаў на творчых вечарах. Так што ў нас апрача савецкай формы нават бутафорская гітлераўская маецца. Пад час ваенных рэканструкцый ёсць у што “палонных” апранаць… Да нашага Кургана Славы, дзе былі завершаны святочныя мерапрыемствы, вывозілі планшэты з фотадакументамі. Такая перасовачная музейная выстаўка таксама не патрабавала ўкладанняў. Так што галоўны “расходны матэрыял” — натхненне нашых работнікаў культуры. А натхнення ніколі не шкада… Дарэчы, нягледзячы на шэраг выязных мерапрыемстваў, наш музей працягваў працаваць 9 мая ў звычайным працоўным рэжыме. Як вы разумееце, у гэты дзень у нас было асабліва шмат наведвальнікаў, якія прыходзілі, каб убачыць сваіх родзічаў-вызваленцаў на шматлікіх музейных фотаздымках.

Ivanickaja:

— Так, расходы былі мінімальнымі.

аdm.:

— І ўсё ж, ці шмат людзей адгукнулася дапамагчы ў правядзенні свята? Інакш кажучы, спонсарамі можаце пахваліцца?

Mudryk:

— Для правядзення творчых святочных мерапрыемстваў мы вялікай патрэбы ў спонсарах не адчуваем: нашы работнікі самі з вялікім задавальненнем займаюцца правядзеннем свята. Дый ніхто з артыстаў, музычных калектываў не адмовіўся выступіць у гэты святы для ўсяго народа дзень. Тыя ж народныя майстры сваімі рукамі зрабілі выдатныя падарункі…

Але не абышлося і без спонсараў. Мясцовыя СВК аказалі фінансавую дапамогу ў віншаванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і работнікаў тылу.

аdm.:

— Штогод кожны раён рыхтуе да 9 Мая выдатную канцэртную праграму. А што тут было цікавага?

Ivanickaja:

— На нашым канцэрце не было традыцыйных вядучых. Перад кожным з нумароў работнікі культуры раёна чыталі маналогі, змест якіх цалкам адпавядаў наступнаму канцэртнаму нумару. Словам, і тут было шмат цікавай тэатралізацыі.

Mudryk:

— Сёлета мы падрыхтавалі адразу некалькі канцэртных праграм. Маштабным і відовішчным стаў фінал конкурсу дзіцячай эстраднай творчасці “Зоркі Іўеўшчыны”. Традыцыйна сабралі шмат гледачоў канцэрты самадзейных калектываў з раёна, эстрадная вечаровая праграма. Акрамя таго, адмыслова для моладзі зладзілі тэматычны танцавальны вечар. Карацей, ніхто на свяце не сумаваў! А як свяціліся твары нашых ветэранаў!..

аdm.:

— Як вы думаеце, што варта зрабіць работнікам культуры, каб ветэраны адчувалі ўвагу да сябе не толькі пад час вялікіх святаў?

Majewskaja:

— Як вядома, у нашым горадзе ствараецца Раённы краязнаўчы музей, для гэтага актыўна дзейнічае працоўная група. Неўзабаве музей разам з Раённым цэнтрам рамёстваў размесціцца ў колішнім будынку гімназіі, дзе ўжо распачаўся рамонт. Чым не падарунак для ветэранаў, здабыткі і подзвігі якіх і стануць годнай асновай для стварэння будучай музейнай экспазіцыі?

Запланавалі неўзабаве арганізавана паказаць удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны першую экспазіцыю музея “Воінскі подзвіг продкаў: ад Георгіеўскага кавалера да Кавалера ордэна Славы". Стваральнікам музея надзвычай важна меркаванне людзей, якія прайшлі выпрабаванні ваеннага ліхалецця.

Mudryk:

— Я казала пра “агеньчыкі”, якія нашы работнікі культуры ладзяць у дамах нямоглых ужо ветэранаў Вялікай Айчыннай. Гэтыя агеньчыкі саграваюць душы кожнага з нас...

Ivanickaja:

— Мы таксама ведаем свах ветэранаў і ніколі на іх не забываемся. Нашы бібліятэкары, да прыкладу, запісалі кожны успамін, які цяпер — на вагу золата. Дыскі з гэтымі фільмамі складаюць наш залаты краязнаўчы фонд. І ці можа быць іншым стаўленне да людзей, што такой дарагой цаной здабылі мір для ўсяго свету?!

Ад рэдакцыі. Шчыра кажучы, перад онлайн-канферэнцыяй мы звязаліся з многімі раённымі аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. А пакінулі для друку фактуру, здабытую толькі ў чатырох. Крытэрыем адбору была свежасць успрыняцця таго, што сёння чакаюць ад работнікаў культуры слухачы ды гледачы, найперш у дадзеным выпадку — нашы ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Але гэта не азначае, што ў асобных іншых рэгіёнах Свята Перамогі прайшло нецікава. Дарагія чытачы, тэлефануйце, звязвайцеся па электроннай пошце, пішыце пра свае святочныя эксклюзівы! Абяцаем, калі яны таго вартыя, мы змесцім іх на старонках “К” у спецыяльнай “паслясвяточнай” падборцы.

На здымках: пад час тэатралізацыі ля Мемарыяльнага комплексу партызанскай славы "Усакіна" Клічаўскага раёна.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"