Шакаладнае аблічча Чорнай Панны

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” у перыяд з 9 па 25 мая прапануе сваім наведвальнікам атрымаць задавальненне не толькі ад агляду яго экспазіцый, але і ад музычных праграм. У Палацавым ансамблі Радзівілаў у адмысловую канцэртную пляцоўку ператворыцца Тэатральная зала некаранаваных каралёў, у якой будуць ладзіцца музычна-тэатральныя імпрэзы. У абліччах прыдворных музыкантаў Нясвіжскай Капэлы перад гасцямі выступіць ансамбль старадаўняй музыкі “Кантабіле”, дадаючы да палітры ўражанняў ад наведання музея яшчэ адну яскравую эмоцыю.

/i/content/pi/cult/486/10373/7-1.jpg

Таксама атрымаюць музычнае аздабленне і экскурсійныя праграмы ў Ратушы: пачуць музыку і спевы эпохі барока можна будзе ў Зале ўрачыстых пасяджэнняў. Гэты праект, як паведаміла карэспандэнту “К” намеснік дырэктара музея-запаведніка Наталля Жэрко, стаўся плёнам супрацоўніцтва Музычнага Дома “Класіка” і, уласна, культурнай установы “Нясвіж”.

У цэлым, да “гарачай пары” Чэмпіянату свету па хакеі музей-запаведнік “падрыхтаваўся” па некалькіх пунктах: акрамя адмыслова адкрытай крамы сувеніраў, павелічэння экскурсійнага “штату”, установа не забылася і на разнастайнасць асартыменту паліграфічнай прадукцыі (дарэчы, яна прадстаўлена на сямі мовах), інфакіёскі, аўдыягіды. Не застаўся ўбаку ад прыгатаванняў ва ўсіх сэнсах і “мясцовы” рэстаран “Гетман”: ён значна абнавіў меню, таксама далучыўшы да апісанняў страў пераклад на англійскую мову.

Што да запамінальнага сувеніра, які ў той жа час з’яўляецца і ласункам, то Наталля Жэрко мяркуе, што тут ідэальны варыянт — шакалад “Чорная Панна Нясвіжа”, які выпускаецца фабрыкай “Камунарка” па дамоўленасці з культурнай установай. Ласунак ужо сёння можна знайсці ў продажы, але пасля наведвання Нясвіжа ён атрымлівае дадатковую сімвалічную каштоўнасць, на якую сапраўды складана не разлічваць...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"