Гучала музыка… Не тая і не там!

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Неспасцігальнасць абедзеннага часу
Не дарэмна сённяшні артыкул цалкам прысвечаны культуры Баранавіцкага раёна, які, як душ Шарко, запомніўся неверагоднымі кантрастамі ў самых розных праявах культурнага быцця. Што і казаць, такі “душ” для журналіста — рэч карысная: не дае расслабіцца, забяспечвае ежу для крытычнага роздуму і падштурхоўвае да аналізу самых розных праяў нашага творчага жыцця (ад захавання працоўнай дысцыпліны да асэнсавання прафесійнай годнасці работніка культуры). А без роздуму і аналізу які артыкул атрымаецца? Шэры ды нецікавы. Але не будзем самі сабе сурочыць…

/i/content/pi/cult/482/10277/10-1.jpg

Кіраўнік Дома-музея А.Міцкевіча ў Завоссі Анатоль Еўмянькоў.

/i/content/pi/cult/482/10277/10-2.jpg

Завоссе.

/i/content/pi/cult/482/10277/10-3.jpg

Інтэр'ер аднаго з пакояў Дома-музея А.Міцкевіча.

/i/content/pi/cult/482/10277/10-4.jpg

Царква ў Вялікай Сваротве.

/i/content/pi/cult/482/10277/10-6.jpg

Айцец Іаан.

/i/content/pi/cult/482/10277/10-7.jpg

Маёнтак у Паланечцы.

/i/content/pi/cult/482/10277/10-8.jpg

"Музыка лета" ля аднаго з СДК.

Каб кот не плакаў

Пра славутую летнюю рэзідэнцыю Радзівілаў і велічны касцёл вёскі Паланечка “Культура” пісала неаднаразова. Нагодай завітаць туды яшчэ раз стаў ліст ад нашай чытачкі з вёскі Русіно Людмілы Антыховіч, устрывожанай захаваннем старадаўняй спадчыны. Заадно захацелі пазнаёміцца з мясцовай клубнай установай. На жаль, пад час нашага візіту Дом культуры ў Паланечцы быў зачынены на абед. Так і не давялося нам даведацца, чый барэльеф аздабляе бакавы фасад будынка. Па ўсім выдавала, што Васіля Іванавіча Чапаева. Мо мясцовая гаспадарка калісьці называлася ў гонар славутага героя Грамадзянскай вайны ды шматлікіх анекдотаў? Прэцэдэнты таму на Беларусі маюць месца быць: ля аднаго з сельскіх клубаў Калінкавіцкага раёна ўстаноўлены бюст легендарнага военачальніка…

Не даведаліся ад культработнікаў мы і пра выкарыстанне багатай гістарычнай спадчыны. А мо неўзабаве ў добраўпарадкаваным парку будуць ладзіцца адметныя музычныя фэсты? Тым больш, па прыездзе ў Мінск нас чакала навіна: у палаца з’явіўся новы ўладальнік. Гісторыка-культурная каштоўнасць абышлася адзінаму пакупніку (мінскай будаўнічай фірме), які ўдзельнічаў у аўкцыёне, у 533 мільёны рублёў.

Галоўнае патрабаванне, якое выстаўлялася да патэнцыйнага пакупніка гісторыка-культурнай каштоўнасці, — захаванне яе гістарычнага аблічча. Як адзначыў новы ўласнік — дырэктар фірмы Віктар Буднік, зацягваць з рэстаўрацыяй прадпрыемства не плануе і неўзабаве палац набудзе новае жыццё. Будзем спадзявацца, што задума гэтая спраўдзіцца, а на карце нашай краіны з’явіцца годны турыстычны аб’ект, даступны не толькі для карпаратыўных ды заможных аматараў адпачыць, але і для кожнага ахвотнага пазнаёміцца са спадчынай свайго краю. На вялікі жаль, прыкладаў таму па рэспубліцы — кот наплакаў…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена РАГІНА

Хадзіў па зарослым прыпалацавым дворыку, слухаў нахабных салаўёў і вельмі палохаўся спачатку ад таго, што кожны мінак на паркавай сцежцы надзвычай шчыра са мной вітаўся. Потым прызвычаіўся. Зрэшты, гаворка — пра векавую вясковую філасофію ўсеагульнай дабрыні: гэта — мая вёска, гэта — мой госць, з якім грэх не павітацца… Я люблю камандзіроўкі за вось такія пранізлівыя моманты шчасця: Беларусь — мой дом, амаль кожны тут — сваяк, родзіч ці аднадумца! І мне лёгка дыхаецца ў гэтым гасцінным доме, дзе замест даху — бясконцае салаўінае неба…

Лісты ў будучыню

Не маглі абмінуць і радзіму славутага Адама Міцкевіча. Навігатар прывёў нас у вёску Завоссе, праўда, і намёку на прысутнасць тут музея не заўважылі. Дапамаглі мясцовыя жыхары, якія не толькі падказалі шлях на музейнае Завоссе (яно за пару кіламетраў ад аднайменнага населенага пункта), але і пахвалілі гэтую ўстанову культуры. І праўда, у Завоссі нас чакала шмат цікавага. Музей-сядзіба Адама Міцкевіча — так бы мовіць, анклаў на баранавіцкай зямлі, бо з’яўляецца не структурнай адзінкай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага райвыканкама, а філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. У выніку такога становішча рэчаў кіраўнік установы ў Завоссі афіцыйна з’яўляецца загадчыкам…

— Не, я не загадчык, а дырэктар! — катэгарычна даводзіць нам Анатоль Еўмянькоў, адстойваючы асабістую прафесійную годнасць...

І ён мае рацыю. Дырэктар — менеджар гаспадар, які адказвае за ўсё. А Анатоль Іванавіч — такі. “Грошай нам на развіццё ніхто не дае, — кажа кіраўнік, — круцімся самі”. У музейнай экспазіцыі (жывой, цікавай, насычанай) з’явілася нядаўна старадаўняя шафа. Вядома ж, з’явілася не сама па сабе — дапамаглі мецэнаты. І не толькі з ёй. Так, для тэатралізацый выкарыстоўваюцца шыкоўныя шляхецкія строі, што, між іншым, былі задзейнічаны ў “Пане Тадэвушы” Анджэя Вайды…

Ёсць і шабля, якая паслужыла не аднаму роду ваяроў Рэчы Паспалітай, — яе падарыла госця з Польшчы, што рашылася развітацца з сямейнай рэліквіяй пасля ўбачанага ў музеі хараства. Маецца ў музеі і сучасны аналаг слуцкага пояса, які Анатоль Іванавіч набыў у Кракаве: была ідэя купіць падобны ў Беларусі ды падтрымаць слуцкіх майстроў, аднак вырашальным аказаўся кошт… Справа ў тым, што набыты пояс за ўласныя грошы спадара Еўмянькова, паездкі ў Польшчу для якога сталі ці не будзённымі. Дзякуючы новым набыткам музейныя тэатралізацыі набылі яркасць і пераканаўчасць. Аляпаватасць тут адсутнічае цалкам, замест яе — спрэс вытанчанасць, густ, павага да вытокаў слыннага паэта…

Музей жыве не толькі экспазіцыямі ды тэатралізацыямі. Чацвёра супрацоўнікаў не грэбуюць і простай сялянскай працай. Да прыкладу, дырэктара мы заспелі за корпаннем у музейным агародчыку. Выкошваецца, у тым ліку і ўручную, трава на немалой прысядзібнай тэрыторыі, пастаянна высаджваюцца дрэўцы. “Кожнае — як ліст у будучыню”, — запэўнівае спадар Еўмянькоў. Мы звярнулі ўвагу, што на галінках — белыя ды чырвоныя стужачкі. Аказалася, іх пакідаюць пад час музейных вяселляў шматлікія маладыя. Натуральна, што, разам з тэатралізацыяй, такая паслуга — платная. Ёсць у кіраўніка музея жаданне пераўтварыць адзін з гаспадарчых будынкаў у гасцёўню. Праўда, спадзяецца ён не на фінансавую дапамогу Міністэрства культуры, а на прыватнага інвестара, які гатовы ўзяць у арэнду будыніну і пасля адпаведнага рамонту прымаць гасцей, што хацелі б затрымацца ў Завоссі даўжэй. Але і наракаць на Мінск не выпадае. Той жа рамонт стрэх з чароту кладзецца якраз на сталічнае кіраўніцтва. І самае крыўднае ў гэтай сітуацыі, што за непатрэбнасцю былі страчаны свае спецыялісты, якія ў свой час спрытна абыходзіліся з чаротам ды саломай. Як вынік, цяпер самім давялося вучыцца ў замежнікаў: адпраўляць майстроў на стажыроўку ў Швецыю.

Крыўдна і яшчэ за адзін паказальны момант у жыцці музея. Чаму, напрыклад, шэсць ахоўніц музея (праходзяць, натуральна, па іншым ведамстве, але сродкі на аплату іх працы мусіць выдаткоўваць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры) атрымліваюць значна больш за чатырох музейшчыкаў, ад якіх у выніку аптымізацыі пазабіралі ўсе даплаты? Вось і атрымліваецца, што Музей-сядзіба Адама Міцкевіча — самадастатковая, замкнёная на сабе структура, без дапамогі спонсара якой — нікуды.

Ці ж у гэтым будучыня такога знакавага для Беларусі аб’екта?..

(Не)лірычнае адступленне Канстанціна АНТАНОВІЧА

Думаецца, Музею-сядзібе Адама Міцкевіча варта звярнуцца да досведу калег з Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. У плане заробку грошай. Там і карчму ў арэнду прадпрымальнікам здалі, і стварылі магчымасць за пэўную плату групам турыстаў скарыстацца мангалам, размешчаным удалечыні ад музейных аб’ектаў, ды згатаваць шашлык. Наколькі памятаю з працы ў музеі, паслуга гэтая ўлетку карысталася вялікім попытам…

Трохкутнасць Вялікай Сваротвы

Плануючы маршрут, вырашылі наведаць унікальны гістарычны аб’ект — адзіную ў Беларусі царкву трохвугольнай у сячэнні формы, якая размясцілася ў Вялікай Сваротве. Як высветлілася, вёска — зусім маленькая і богаслужэнні тут адбываюцца толькі раз на тыдзень. А таму дамовіліся з настаяцелем храма Іаанам Пашкевічам, які жыве ў Моўчадзі, пра сустрэчу і атрымалі згоду. І гэта нягледзячы на “гарачы” ў свойскай гаспадарцы час.

Святар, які, дарэчы, паходзіць з вёскі Рубель Столінскага раёна, распавёў, што першая драўляная царква ў Вялікай Сваротве была ўзведзена ў ХVIII ст. — таксама трохкутняя. Новы храм з бутавага каменя і цэглы пабудаваны ў 1823 г. на сродкі памешчыка Назабытоўскага. Незвычайная форма будынка мае некалькі значэнняў. Так, тры ўваходы ў храм сімвалізуюць адзінства Бога Айца, Бога Сына і Святога Духа. Акрамя таго, такая форма дэманструе і адзінства хрысціян: праваслаўных, каталікоў і ўніятаў, якія маглі ўваходзіць са свайго ўвахода ды маліцца ў адным будынку.

Праўда, сучасны выгляд царква атрымала некалькі гадоў таму. Пасля Вялікай Айчыннай вайны храм заставаўся без даху, і толькі дзякуючы мецэнатам (мясцовым жыхарам, якія зрабілі кар’еру ды зарабілі грошы ў замежжы, але не забыліся на святыню малой радзімы) быў адрэстаўраваны на пачатку новага тысячагоддзя.

Апошнім часам храм не абмінаюць і турысты. Па словах айца Іаана, аб’ект уваходзіць у адзін маршрут разам з Завоссем, а таму тураператары часам просяць прыехаць і паказаць храм гасцям. А вось мясцовых прыхаджан — не так багата. І прычын тут некалькі: і тэндэнцыя да імклівага змяншэння вясковага насельніцтва, і п’янства, з якім як можа змагаецца малады святар, і не асаблівае шанаванне ў агульнай масе мясцовых жыхароў сваёй спадчыны. Тым не менш, айцец Іаан настроены па-баявому: нягледзячы на клопаты з гаспадаркай, бацюшка імкнецца падтрымліваць мясцовыя традыцыі (штогод абыходзіць напярэдадні Хрышчэння хаты ўсіх вернікаў вёскі), адкрыты і да супрацоўніцтва з установамі культуры ды адукацыі.

Зрабіўшы колькі здымкаў на памяць, рушым далей, у кірунку Слоніма, і, заўважаючы па дарозе знаёмы будынак, вырашаем прыпыніцца.

Пікнік ля клуба…

Нагадаем, што летась, недзе ў чэрвені, мы завіталі ў СДК вёскі Моўчадзь. Установа была зачынена, абвестка на дзвярах паведамляла, што работнікі рыхтуюцца да мерапрыемства. Тады мы так і не здолелі высветліць, што за мерапрыемства і дзе канкрэтна да яго трэба рыхтавацца. Факт застаўся фактам: дзверы ва ўстанове былі на замку.

Сёлета лёс ізноў прывёў нас пад вечар у Моўчадзь. І мы зноў (заканамернае журналісцкае жаданне!) вырашылі пазнаёміцца з вясковымі клубнікамі. Пазнаёміцца, пасябраваць, мо і прабачэння папрасіць за леташнюю катэгарычнасць. Не атрымалася. Клубны будынак 21 мая зноў аказаўся зачыненым. Гэтым разам нават абвестак з прычынамі мы не знайшлі. А працоўны расклад на дзвярах пераконваў, што ўстанова і па зімовым (нагадаем, у аўтаваяж адправіліся крыху больш чым за тыдзень да пачатку лета), і па летнім часе павінна працаваць. Аднак правільна сказана: не вер напісанаму.

І яшчэ адна, адрозная ад леташняга, акалічнасць. Праз сцежку ад бакавога клубнага фасада, на муражку пад дрэўцамі, па-хатняму ўладкавалася кампанія з паўдзясятка мужчын вельмі працаздольнага ўзросту. Пілі лёгкія спіртаўтрымліваючыя напоі, шумна і не вельмі літаратурнай мовай штосьці абмяркоўвалі. Маладая кабета на веласіпедзе, спыніўшыся на шашэйцы, клікала з гэтай вясёлай кампаніі нейкага Лёшу, запрашаючы яго кінуць дурноцце і вярнуцца ў сям’ю. Лёша адмоўчваўся, аддаючы перавагу нязмушанаму адпачынку ў “прыклубным фарміраванні”…

Размаўляць з кампаніяй за культуру не было ўжо сэнсу. Таму пакінулі побач з уваходам у СДК легкавік, з паўгадзіны гулялі па Моўчадзі, елі марозіва і ніяк не маглі высветліць стаўленне мясцовага люду да работы клубнікаў. Інакш кажучы, ні станоўчых, ні адмоўных водгукаў так і не дамагліся пачуць. З гэтай незразумелай няпэўнасцю зноў вярнуліся да легкавіка. Аматары прыклубных пікнікоў зніклі ў невядомым напрамку, пакінуўшы пасля сябе плойму пустых пляшак ад напою пад лірычным назовам “Музыка лета”… Не тая музыка гучала тым надвячоркам у Моўчадзі. Не тая і не там…

Мы пачакалі яшчэ з паўгадзіны. Нічога не змянілася. Ад’язджалі з пытаннем: няўжо выпадковасць перарасце ў тэндэнцыю, і праз год, калі завітаем у Моўчадзь, нас будуць чакаць зачыненыя дзверы мясцовага СДК? А так хочацца верыць, што ўстанова культуры эфектыўна працуе для сваіх мясцовых жыхароў, нейкім чынам далучаючы да культуры, выцягваючы іх з багны алкаголю і разбэшчанасці. Ці не так, клубнікі Моўчадзі?..

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Выніковыя ўражанні наступныя. Мы ніколі не забудземся на смак ядранага бярозавіку і свежых творчых ідэй, якімі частаваў нас у Завоссі Анатоль Еўмянькоў. Дзеля такіх сустрэч і варта часцей развітвацца са сталіцай! Цяжкавата будзе пазбавіцца і ўражання, што пакінула пасля сябе «музычная» Моўчадзь. Такія ўражанні кладуцца на душу чорным гнётам. Ад іх — сорамна і вельмі крыўдна.

Фота аўтараў

Пра бачанне перспектывы развіцця ўстаноў культуры Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў Гродзеншчыны , а таксама Пружанскага і Івацэвіцкага раёнаў Брэстчыны чытайце ў наступных нумарах "К".

Чытаце першую частку аўтапрабегу па Міншчыне, Гродзеншчыне і Брэстчыне ў № 22.

Чытайце ранейшыя аўтападарожжы журналістаў "К":
Магілёўшчына і Гомельшчына;

Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына
;

Віцебшчына, Магілёўшчына;

Гродзеншчына, Віцебшчына і Міншчына
;
Міншчына, Віцебшчына, Магілёўшчына.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"