Чэмпіянат свету: гасціннасць мая-2014

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

FAQ па культурнай праграме галоўнага хакейнага старту свету
Культурная праграма ў рамках Чэмпіянату па хакеі 2014 года ў Мінску, які распачнецца 9 мая, мае спалучыць адмысловыя мерапрыемствы і планавыя. Некаторыя з іх — кшталту Міжнароднага фестывалю тэатра лялек, акцыі “Ноч музеяў” — вядомыя публіцы. Аднак будуць і тыя, што ладзяцца менавіта з нагоды буйнога спартыўнага спаборніцтва.

Музеі і выстаўкі

Флагманам сярод падзей, відаць, стала выстаўка сучаснага мастацтва “Avant-gARTe: ад квадрата да аб’екта”, у фокусе якой — сучаснае беларускае мастацтва, трансфармацыя ідэй авангарда. І прадстаўляе яна творы не толькі мастакоў сталіцы ды рэгіёнаў, але і мастакоў-“беларусаў замежжа”. Разам з асобнымі эскпазіцыямі (у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва — “Сто гадоў беларускага авангарда”, на плошчы Якуба Коласа — “Мастак і горад. Belart.by”) выстаўка “Avant-gARTe: ад квадрата да аб’екта”, што ладзіцца ў выставачным комплексе “БелЭКСПА”, уяўляе з сябе маштабную спробу паразважаць пра мінулае і сучаснае беларускага авангарда, а таксама пра адпаведнасць айчыннага сучаснага мастацтва еўрапейскаму кантэксту ды пра нашу адметнасць.

9 мая мастацкую эстафету, праўда, у сваім ключы, падтрымаюць маладыя мастакі ў галерэі “Універсітэт культуры”. Больш за паўсотні работ студэнтаў і выпускнікоў кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацва БДУКіМ будуць сабраны ў адпаведным праекце “Творчасць.by”, які прэзентуе нацыянальную культуру ды пошукі і спробы маладых у адпаведных “дэкаратыўных” відах: саломкапляценне, габелен, батык, ткацтва, выцінанка... Стваральнікі выстаўкі прадставяць лепшыя работы навучэнцаў універсітэта за апошнія дзесяць гадоў.

Сярод навінак у музейнай палітры можна адзначыць экспазіцыю “Карэтная”, якая адкрыецца ў комплексе будынкаў па вуліцы Кірыла і Мяфодзія. Не забываемся і пра выстаўку “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” ў НММ, што прэзентуе беларускае мастацтва як гістарычную паслядоўнасць і ўнікальную культуру.

Акцыі і навацыі

Пэўныя змены зведае Ноч музеяў. Сёлета ў ёй прымуць удзел 12 музейных устаноў сталіцы. Галоўная навінка датычыцца часу правядзення акцыі: нарэшце Ноч музеяў будзе ладзіцца менавіта ўначы. Як зазначыў намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін, большасць музеяў прадоўжыць сваю працу глыбока за поўнач. Той жа Нацыянальны мастацкі абяцае працаваць да 5-й раніцы.

Дый ў цэлым пад час правядзення Чэмпіянату свету па хакеі звычайны працоўны час музеяў павінен падоўжыцца. “Гэта будзе максімальна гнуткі графік, які прапаноўваецца выбудаваць кожнаму музею, зыходзячы з маніторынгу яго наведвальнасці”, — каментуе новаўвядзенні Дзмітрый Шляхцін. Гэта значыць, што кожны музей будзе адносна вольны ў вызначэнні ўласнага рэжыму працы. Ужо сёння вядома, што многія з іх будуць працаваць да 21-й — 22-й гадзіны і, магчыма, без выхадных.

Таксама музейныя ўстановы пойдуць насустрач наведвальніку і ў тэхнічным плане: аўдыягіды, інфакіёскі — усе неабходныя атрыбуты сучаснай культурнай індустрыі павінны быць у наяўнасці. Як і сетка Wi-Fi: ва ўсялякім выпадку, Нацыянальны мастацкі і Нацыянальны гістарычны музеі абяцаюць кропкі доступу ва ўласных сценах.

Пляцоўкі open-air

З пачаткам спартыўнага спаборніцтва на пляцоўцы ля Палаца спорту распачне працу “Горад майстроў” — выстаўка вырабаў рамеснікаў з усёй краіны. Яго падтрымае, ужо амаль напрыканцы Чэмпіянату — 24 — 25 мая, — фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”. Па словах Дзмітрыя Шляхціна, апошняя падзея стане святочным акордам, які прыцягне ўвагу і да Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу, дзе будзе ладзіцца імпрэза. “Пасля апошніх абнаўленняў у парку, мяркую, гэта будзе вельмі атмасфернае мерапрыемства”, — адзначыў ён.

У цэлым, паркі маюць ажывіцца: у святочныя і выхадныя дні ў іх запланаваны выступленні духавых аркестраў. Пляцоўка ля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі таксама стане адным з цэнтраў адпачынку: там запланавана ўрачыстая цырымонія адкрыцця сезона фантанаў.

Што да вядомага музычнага праекта “Джазавыя суботы”, то сёлета ён перамесціцца з пятачка ля Ратушы на пляцоўку ля Палаца спорту. Выступленні айчынных і замежных джазавых калектываў пройдуць 10-га, 17-га, 24-га і 31 мая. Як вядома ўжо цяпер, перад замежнымі і айчыннымі прыхільнікамі джаза выступяць калектывы з Германіі, Латвіі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Польшчы ды Беларусі.

Пешаходная вуліца “перабярэцца” ў Верхні горад. Паводле папярэдніх даных, звыклыя для гэтай тэрыторыі музычныя і тэатральныя дзеі — той жа Форум вулічных тэатраў — пройдуць ля мінскай Ратушы, “у раёне” вуліц Кірылы і Мяфодзія, Герцэна ды Музычнага завулка.

Тэатры і зоны гасціннасці

VIII Міжнародны фестываль тэатраў лялек сёлета пройдзе 15 — 20 мая. І, адпаведна, прыхільнікаў вядомага форуму можа значна паболець. Сёлета ў праграме фэсту заяўлены спектаклі лялечных тэатраў з Германіі, Украіны, Беларусі, Ізраіля, Польшчы, Расіі. Нагадаем, пляцоўкамі VIII Міжнароднага стануць уласна Беларускі дзяржаўны тэатр лялек і Новы драматычны тэатр.

Што да рэпертуару Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, то на час Чэмпіянату тут прыпадае паказ вядомых “хітоў” — збольшага з беларускага рэпертуару. Нацыянальны ж акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета таксама, лічы, зрабіў стаўку на “хіты”, толькі рускай класікі, опера ж будзе прадстаўлена сусветна вядомымі творамі. Наогул, нельга сказаць, што тэатральныя ўстановы Мінска падрыхтавалі нешта асаблівае да спартыўнай дзеі, аднак цікаўнаму гледачу будзе куды пайсці і што паглядзець. У гэты час, у прыватнасці, у Беларускім дзяржаўным цырку новую праграму будуць прэзентаваць вядомыя браты Запашныя.

Вылучаецца сярод іншых тэатраў майскі рэпертуар Маладзёжнага тэатра эстрады: у ім адмыслова да Чэмпіянату па хакеі заяўлена канцэртная праграма “Овертайм”, у якой прымуць удзел артысты эстрады Аляксей Хлястоў, Гюнэш, Вікторыя Алешка, Алена Грышанава, Ганна Благава, гурт “Цягні-Штурхай”, ансамбль “Верасы” ды іншыя.

Не варта забывацца і на адмысловыя канцэртныя праграмы ў трох “зонах гасціннасці” (ля Палаца спорту, Мінскага лядовага палаца спорту і ў Студэнцкай вёсцы), дзе кожныя дзве гадзіны на сцэне будуць выступаць самыя розныя калектывы — ад Заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” да славутай “Бяседы”. Распачне святочнае дзейства 9 мая Заслужаны калектыў краіны “Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"