Мінск: тры тыдні, якія...

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Чэмпіянат свету: як спорт і культура спалучаліся
Ужо заўтра Чэмпіянат свету па хакеі-2014 падыходзіць да сваёй кульмінацыі. Сёння — першы і другі паўфіналы, у нядзелю — матч за трэцяе месца і фінал. За гэтыя два тыдні, што сталіца трапіла ў віхуру “хакейнай ліхаманкі”, горад прыкметна ажыў і разняволіўся. Вядома, “вінаваты” ў гэтым і поспехі нашай хакейнай каманды, што прымусілі нават дачнікаў выбрацца ў горад “на хакей”. Да таго ж, Чэмпіянат дазволіў гораду паказаць тое, што ён звычайна хавае нібыта з-за непатрэбнасці: сваю адкрытасць, хлебасольнасць і зацікаўленасць. Высветлілася, што размераны Мінск можа гаманіць, гудзець і віраваць, як еўрапейскія сталіцы.

— Па-шчырасці, такога нават і не чакала, — адна мая добрая знаёмая, лэдзі, якая займаецца культурнымі ініцыятывамі, падзялілася сваімі ўражаннямі ад гэтых дзён. — Не кажу пра візуальнае аблічча сталіцы, але падзея адчуваецца ў першую чаргу праз настрой людзей. Нават тыя самыя прадаўшчыцы, што кожны тыдзень абслугоўваюць мяне ў краме, робяць усё інакш: яны працуюць з пэўным хваляваннем, энтузіязмам. Аказваецца — можам! А па-другое, горад напоўніўся мужчынамі. Давайце прызнаемся, Мінск — сталіца, у якой пануе жаночая большасць. Яны паўсюль — дзяўчынкі, жанчыны, бабулі… І раптам — гэтая вітальная мужчынская энергія, якая пачала адчувацца ў горадзе...

І сапраўды, ці варта аднесці змены ў абліччы горада на карысць менавіта мужчын, якія прыехалі ў Мінск, але не заўважыць энергетычнага пераўтварэння нашай сталіцы нельга. Ужо стала завядзёнкай, што ўвечары яе вуліцы напоўнены людзьмі, якія проста балююць. Што выступленні вулічных музыкантаў і без пешаходнай зоны ператварыліся ў звыклую практыку. Што замежная гаворка сталася часткай гарадской фанасферы… Спартыўныя падзеі прыцягваюць увагу, але і культурнае жыццё сталіцы стракаціць прапановамі: выстаўкі, канцэрты, фестывалі… Хоць, як высветлілася, аўдыторыя культурных і спартыўных мерапрыемстваў можа зусім не перакрыжоўвацца, але часам гэта цалкам магчыма.

З 12 па 18 мая ў кінатэатры “Перамога” ладзіўся Фестываль еўрапейскага кіно, у рамках якога ў сталіцу прыехалі замежныя творцы. У гонар аднаго з іх — фінскага рэжысёра Лаўры Торхёнена — быў зладжаны невялікі прыём, куды давялося трапіць. Цікавая дэталь: сустрэча праходзіла літаральна перад матчам беларусаў з фінамі. Публіка, сярод якой былі і прадстаўнікі дыпламатычных місій, і культурныя дзеячы, і спартсмены, знаходзілася “ў прадчуванні” будучай гульні. З аднаго боку — ёй нічога не перашкаджала атрымліваць задавальненне ад імпрэзы, што адбывалася “тут і зараз”, з іншага — матч разглядаўся як працяг сяброўскіх ды міжнародных стасункаў. Толькі ўжо ў новым фармаце. Аташэ Пасольства Фінляндыі ў Вільнюсе Крысціна Андэрсан прызналася, што яе строй не выпадкова ўтрымлівае колеры фінскага сцяга: з прыёму яна едзе на спартыўнае мерапрыемства і плануе аказацца “сваёй” сярод заўзятараў фінскай зборнай. Словам, культура і спорт у дадзеным выпадку — цалкам сумяшчальныя.

Яшчэ адзін прыклад цікавага спалучэння. Гаворка пойдзе пра Ноч музеяў, сёлетнія праграмы музеяў якой не абмінулі ўвагай і спартыўную тэму. Шыкоўны — фантастычна-буфанадны — варыянт падрыхтаваў Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура, стварыўшы адмысловы праект не ў музейных сценах, а на пляцоўцы катка ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага. Гаворка — пра пастаноўку оперы на лёдзе, пад час якой спевакі, “рассякаючы” на каньках па той самой ледзяной паверхні, пад акампанемент жывога аркестра выконвалі арыі-споведзі. “К” давала анонс гэтай падзеі, і, вядома, трапіць туды было варта хаця б дзеля таго, каб з цёплай вясновай ночы акунуцца ў зіму. Каб ацаніць арыгінальнасць ідэі пастаноўкі і яе ўвасабленне. Каб пакатацца на каньках пад музыку Штрауса ў выкананні сімфанічнага аркестра... Каб пачуць выступленні гуртоў у такім месцы і паглядзець перформанс, які таксама адбываўся на лёдзе. Дый, вядома, сама опера, што ўтрымлівала ў сабе дастаткова іроніі і гумару, каб не ператварыцца ў кіч. Незвычайная атмасфера — вось чым стаўся адметны гэты праект, і тут спорт ды культура зноў аказаліся разам.

Не застаўся ўбаку ад сваёй спартыўнай варыяцыі і Нацыянальны гістарычны музей краіны. “Алімпійская Беларусь” — так называецца выстаўка, што экспануецца зараз ва ўстанове і прысвечана дасягненням беларусаў на Алімпійскіх гульнях. Здаецца, звычайная экспазіцыя, у якой распавядаецца пра поспехі нашых атлетаў за апошнія дваццаць гадоў, дэманструюцца фатаграфіі, артэфакты беларускіх спартсменаў: напрыклад, пальчаткі хакеіста Руслана Салея, шапачка плаўчыхі Аляксандры Герасіменя, спартыўная форма біятлансткі Дар’і Домрачавай, у якой яна выступала на сочынскіх Гульнях… І тут жа — частка экспазіцыі — камп’ютарныя гульні, выпуск якіх заахвочвае Міжнародны Алімпійскі камітэт, выдаючы ліцэнзію спецыялістам на іх стварэнне напярэдадні чарговага форуму. Куды рушыць спорт? У якую рэальнасць? Магчыма, віртуальныя абшары прывабліваюць гледача ўсё больш і больш? Як змянілася рэпрэзентацыя спартыўных падзей за гэты час? Аўтары выстаўкі прапанавалі наведвальніку паразважаць над гэтымі пытаннямі, не адмаўляючы магчымасці “паспрабаваць на сабе” чары віртуальных гульняў. Што і казаць, ад ахвотных далучыцца да спартыўнай барацьбы ў віртуальным Лондане не было адбою! Вось, калі ласка, яшчэ адзін прыклад спалучэння тэм.

Колькі слоў да агульнай атмасферы, што панавала ва ўстанове ў святочную Ноч. У адной музейнай зале — чэргі, каб пагуляць у віртуальны настольны тэніс, у другой — у атачэнні гістарычных артэфактаў шаманіць ды-джэй, у трэцяй — лётае пер’е, наведвальнікаў сустракаюць прывіды-падкоўдранікі, а ў сярэдзіне пакоя, на матрасах, спіць нейкі абібок… Нацыянальны гістарычны праз адмысловыя праграмы амаль кожнай зале надаваў новае вымярэнне. Дый, вядома, не абышлося без “жывых скульптур”, якія нечакана ўзнікалі ды заміралі ў розных кутах установы...

І гэта яшчэ не ўсё. Ноч музеяў, што цікава, прыпадала і на чарговы матч. Ніколі не забуду гэтую карціну: тры гадзіны ночы, еду на апошнім цягніку метро з парку Горкага, а ў суседні вагон на Кастрычніцкай забягае натоўп балельшчыкаў. “Бе-ла-русь! Бе-ла-русь!” — скандзіруюць яны. Хтосьці побач падтрымлівае гэты вокліч радасці. На прыпынках ён ператвараецца ў суцэльнае трыумфаванне. Так я даведваюся пра тое, што наша каманада перамагла зборную Германіі...

Што і казаць, Мінск не пазнаць. Ён гамоніць і не спіць, дэманструючы свае розныя іпастасі: хтосьці едзе з Ночы музеяў, а хтосьці — з хакейнага матча. Часам людзі перамешваюцца, каб разам пракрычаць “Бе-ла-русь!”, а потым разысціся па дамах. Але галоўнае адбываецца вось у гэты момант, калі такі розны Мінск сустракаецца, бачыць сваю разнастайнасць — і не баіцца яе. Калі горад размаўляе… Калі ён гамоніць…

І хочацца верыць, што тая адкрытасць, якую прадэманстраваў Мінск, не знікне разам з апошнім заўзятарам, што пакіне сталіцу. Не буду ідэалізаваць: Чэмпіянат паказаў і многія недахопы нашага горада, нават яго пэўныя комплексы… Але ён выявіў і вялізны патэнцыял нашай сталіцы, жыхары якой стараліся зрабіць свята як гасцям Мінска, так і сабе самім. Будзем верыць, не ў апошні раз...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"