Пакуль архівы не канулі ў Лету

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты "Культура"
Можна доўга наракаць на лёс. Маўляў, з нашай багатай на таленавітых творцаў зямлі за мінулыя стагоддзі кім толькі ні была вывезена ды вынішчана незлічоная колькасць скарбаў! Засталося мала дакументальных звестак не толькі, скажам, пра герояў Грунвальдскай бітвы, але і пра беларускіх асветнікаў XVI — XVIІ і нават ХІХ стагоддзяў.

/i/content/pi/cult/477/10144/4-2.jpgМожна, і праўда, доўга наракаць на лёс, шукаючы вакол ворагаў ды вінаватых ва ўсіх бедах. А можна зазірнуць і ў сваю душу. Паразважаць, наколькі мы самі захоўваем нашу спадчыну. І кажу я не пра набіўшыя аскому многім чыноўнікам гістарычныя артэфакты кшталту старадаўніх палацаў ды замкаў, на захаванне якіх патрабуюцца велізарныя сродкі, а — пра дакументы.

Прывяду паказальны прыклад. Імя Уладзіміра Конана вядомае ўсім, хто хоць трохі цікавіцца беларускай філасофіяй, эстэтыкай, гісторыяй культуры. Выдатны даследчык, доктар навук прысвяціў усё сваё жыццё айчыннай навуцы, напісаў сотні артыкулаў, выдаў дзясяткі манаграфій, у якіх раскрыты глыбінны змест нашай літаратурнай і мастацкай спадчыны. Уладзіміра Конана не стала ў ноч з 5 на 6 чэрвеня 2011 года. Здавалася б, за гэты час мог быць апрацаваны архіў вучонага, які ён пакінуў у сваёй кватэры. А ягоная бібліятэка магла б стаць “разыначкай” любога дзяржаўнага кніжнага збору краіны: большасць выданняў мае дарчыя надпісы ад славутых беларускіх творцаў і даследчыкаў.

Замест гэтага больш чым два гады ішла спрэчка паміж спадкаемцамі, якія мелі свае планы наконт спадчыны сваяка, і навуковымі ды бібліятэчнымі ўстановамі краіны. Спрэчка, зрэшты, не прывяла да якіх-кольвечы вынікаў. А днямі мне паступіла прапанова пабываць на прэс-канферэнцыі ў Інстытуце культуры Беларусі з нагоды праблемы захавання і перадачы асабістых архіваў пісьменнікаў-сучаснікаў, дзе і адбылася развязка заблытанай гісторыі з архівам Конана.

Па словах намесніка дырэктара Інбелкульта Ірыны Лапцёнак, высветлілася, што кватэру вучонага, якая перайшла да дзяржавы, не так даўно прадалі. Жыллёва-камунальныя службы, у сваю чаргу, прапанавалі адной са школ паглядзець і адабраць штосьці патрэбнае для сваёй бібліятэкі. Ці не выпадкова адна з настаўніц патэлефанавала менавіта Ірыне Браніславаўне і запыталася пра вартасць адной з кніг: у выданні быў дарчы надпіс Уладзіміру Конану ад сям’і Кіпеляў (літаратуразнаўцаў, публіцыстаў, прадстаўнікоў беларускай эміграцыі ў ЗША). Зразумеўшы сітуацыю, супрацоўнікі Інстытута культуры Беларусі зрэагавалі імгненна: адразу звярнуліся ў ЖЭС і, атрымаўшы “дабро”, за адзін дзень (такая была ўмова) здолелі вывезці з кватэры ўсе тыя рукапісы і кнігі, а таксама асабістыя рэчы, што засталіся пасля візітаў школьнікаў ды іншых “гасцей”.

Сёння вырашаецца далейшы лёс уратаванай спадчыны выдатнага даследчыка. Магчыма, частка калекцыі (рукапісы) будзе захоўвацца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, а яго асабістыя рэчы — у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Галоўнае ў гэтай сітуацыі — каб дакументы былі даступныя для даследчыкаў, маглі выкарыстоўвацца ў музейных экспазіцыях.

А чаму б не стварыць віртуальны Музей-архіў Уладзіміра Конана? Чым не варты пераймання праект з віртуальнымі выстаўкамі на партале “Архівы Беларусі”? Так, асобныя старонкі сайта прысвечаны дакументам з жыцця і творчасці Якуба Коласа і Янкі Купалы, Барыса Кіта, Напалеона Орды... Чаму б не прысвячаць такія выстаўкі і сучаснікам, якія пакінулі яркі след у гісторыі культуры нашага краю?

Пакуль пытанняў застаецца вельмі шмат. Дагэтуль не выяўлены знаходжанне асабістага архіва пісьменніка Анатоля Вялюгіна, не вырашана пытанне перадачы рукапісаў ды іншых каштоўных матэрыялаў Алеся Пісьмянкова... Баюся ўжо запытацца пра захаванне архіўнай спадчыны пісьменнікаў і вучоных з рэгіёнаў... Колькі выдатных творцаў пайшло з жыцця, а іхнія архівы канулі ў Лету разам з імі (былі спалены роднымі, якія папросту не ацанілі іх вартасць)...

Можна колькі заўгодна шукаць вінаватых, але пакуль самі не будзем шанаваць наша, роднае, цаніць (і асабліва — пры жыцці) айчынных творцаў і даследчыкаў, не варта чакаць, што хтосьці нам будзе дапамагаць, вяртаць страчанае за стагоддзі...

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"