План раёна для раёна? І канцэпцыя

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Мсціслаўшчыне патрэбны грашовыя ўліванні для...
Апошні дзень нашага аўтапрабегу быў цалкам прысвечаны культуры Мсціслаўскага раёна, а дакладней — раённаму цэнтру і Пустынкам. Што і казаць, мясціны — унікальныя па даўніне, адметныя і пейзажамі, і архітэктурай. Крыўдна толькі, што трапляем сюды не летам, а ўзімку ці ўвесну. Але тут нічога не зробіш: журналіст сезон не выбірае. А спяшаліся мы вось па якіх прычынах: яшчэ ў 2011 годзе пісалі на старонках “К” пра тое, што на Мсціслаўшчыне з поспехам дзейнічае раённая Праграма развіцця турызму, за рэалізацыю якой адказвае мясцовы аддзел культуры. Забягаючы наперад, зазначым, што ў адпаведнасці з дадзеным дакументам зроблена ў раёне шмат.Але не толькі гэта сталася стымулам для мэтанакіраванага наведання радзімы кнігавыдаўца Пятра Мсціслаўца. Летась начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Біскуп распавяла, што ў раёне распрацавана канцэпцыя захавання і развіцця гісторыка-культурнай спадчыны Мсціслаўскай турыстычнай зоны. І калі яна будзе адобрана ў самых вярхах, раён узнімецца на якасна новы ўзровень свайго комплекснага развіцця. Вось такая амбіцыйнасць прывабіла і прымусіла нас збірацца ў шлях.

/i/content/pi/cult/476/10129/10-1.jpg

Работы на Свята-Пакроўскай царкве.

/i/content/pi/cult/476/10129/10-2.jpg

Колішні езуіцкі калегіум.

/i/content/pi/cult/476/10129/10-4.jpg

Дырэктар Мсціслаўскага музея Уладзімір Шылянкоў.

Інтэрактыўныя друкарскі станок і патэфон…

Мы яшчэ не паспелі ў гасцёўню ўладкавацца, а дырэктар Мсціслаўскага гісторыка-археалагічнага музея Уладзімір Шылянкоў ужо з намі горача рукаўся і запрашаў у госці да музейных цікавостак… Уладзімір Віктаравіч — сапраўдны музейшчык. Дай яму волю — жыў бы, напэўна, сярод улюбёных экспанатаў. Сітуацыю ратуе тое, што вуліцы і завулкі раённага цэнтра, лічы, — працяг музейных залаў. Такой канцэнтрацыі гістарычных ды архітэктурных помнікаў мы не сустракалі нават у заходніх беларускіх мястэчках. Расіян сюды ўвогуле як пішчом цягне. Нездарма Мсціслаў даўно займеў сталае азначэнне “сярэднявечнага” горада. І прычынай тут не толькі традыцыйны рыцарскі фэст, што збірае сотні аматараў высакароднай шляхецкай даўніны. Проста, Мсціслаў у лясным атачэнні і пры адноснай аддаленасці ад ажыўленых дарог здолеў захаваць сваю велічную, так бы мовіць, княжацкую першароднасць. Дапамог тут, натуральна, патрыятызм такіх асоб, як Наталля Біскуп, Уладзімір Шылянкоў ды многія іншыя, якія жывуць, па сутнасці, у вялікім і адметным горадзе-музеі, з’яўляюцца яго экскурсаводамі ды захавальнікамі…

Мы яшчэ паспеем пагуляць па вуліцах і завулках райцэнтра. А цяпер гаворка — прынамсі, пра гісторыка-археалагічны музей, які пакуль не можа пахваліцца ўласным сайтам, а таму ўвесь свой інтэрактыў прапаноўвае непасрэдна на месцы.

Музей быў адкрыты ў маі 1994 года ў будынку колішняй пошты, узведзеным напрыканцы XIX стагоддзя. На жаль, упушчана шмат часу: згубіліся або аказаліся расцягнутымі па розных музеях унікальныя экспанаты, тыя ж вырабы з мясцовага шклозавода Цеханавецкіх. І ўсё ж музей прыемна здзіўляе сваімі перлінамі. Да слова, досыць рэдкае для раённых музеяў найменне “археалагічны” ўстанова мае невыпадкова. У музеі захоўваюцца два ўнікальныя экспанаты: шалом XV стагоддзя заходнееўрапейскага тыпу і шалом рускага тыпу канца XIV стагоддзя. Летась жа ў рацэ Віхра, што пад Мсціславам, дайверы на глыбіні трох метраў выявілі рыцарскія даспехі, якія праляжалі на дне з 1502 года, калі войска Маскоўскага княства напала на Мсціслаўскі замак. Зараз артэфакты знаходзяцца на рэстаўрацыі ў Мінску і неўзабаве мусяць папоўніць археалагічную экспазіцыю мсціслаўскага музея, створаную, па словах Уладзіміра Шылянкова, сумесна з кафедрай археалогіі Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя Аркадзя Куляшова. Сярод іншага, там цяпер можна пабачыць і зуб маманта, і ўнікальны дрыль першабытнага чалавека, і берасцяную грамату, і нават самшытавыя грабяні...

І ўсё ж ці не галоўная музейная цікавостка, якая эфектыўна прываблівае турыстаў, асабліва маленькіх, — працоўны друкарскі станок, непасрэдна звязаны з брэндавым імем горада — Пятром Мсціслаўцам. Адсюль і інтэрактыўныя заняткі ў музеі з дзецьмі з’ява частая. Ды і сярод замежных турыстаў, па словах спадара Шылянкова, ахвотных атрымаць дакумент за подпісам славутага асветніка багата. Але, калі друкарскі станок — копія, зробленая па ўзоры полацкага станка, то кніга з друкарні, заснаванай Мсціслаўцам у Маскве, — арыгінал.

Сярод безлічы арыгінальных музейных прадметаў чамусьці хочацца вылучыць яшчэ патэфон, які і сёння мае выдатнае гучанне ды экспануецца ў зале “Павятовы горад”, ствараючы тым самым атмасферу ХІХ стагоддзя. Напэўна, пад час той жа Ночы музеяў ці нейкіх інтэрактыўных мерапрыемстваў патэфон становіцца галоўным “героем” свята і, таксама як і друкарскі станок, прываблівае шматлікіх турыстаў.

Магнетызм Пустынак

Ад Мсціслава да Пустынак — крыху больш за дзесяць кіламетраў. Назву паселішча цалкам апраўдвае: насамрэч, ніякіх вёсак наўкол мы не заўважылі. Дый самі Пустынкі — не вёска, а манастырскі комплекс. Яшчэ задоўга да пад’езду гасцей сустракае святло высокай свечкі-званіцы, што вабіць сюды вернікаў.

Забудова Пустынак — адмысловая. Тут кампактна разме-
шчаны ігуменскі корпус, Свята-Успенскі сабор (колішнюю веліч яго засведчваюць яшчэ моцныя сцены і зводы), Свята-Пакроўская царква (цяпер аднаўляецца), а ўнізе, на забалочанай даліне, — царква ў гонар Нараджэння Багародзіцы, у якой ідуць службы і побач з якой бруяе святая крыніца, ды плюс некалькі дамкоў для манахаў.

Мы адчулі: сюды няўлоўна цягне. Гэтая манастырская ціша магнетызуе і суцішае. З гэтай нагоды — невялічкі экскурс у мінулае. Пералом у бітве пад Грунвальдам, як вядома, быў дасягнуты не без удзелу Мсціслаўскай харугвы. А яе кіраўнік — Мсціслаўскі князь, — які незадоўга дагэтуль пакутаваў на хваробу вачэй, заснуў быў ля пустынскай крыніцы ды сасніў, што вада тая яго выратуе. Так і атрымалася. З таго часу тут і ўзнік манастыр. А ў ігуменскім корпусе пасля нядаўняга рамонту на адной са сцен з’явіўся нерукачынны вобраз Хрыста… Карацей, па Пустынках трэба хадзіць павольна, глядзець у сябе, прыслухоўвацца да Бога…

Пустынкі не пустуюць. Тут заўжды шмат наведвальнікаў. Святое месца пакрысе прырастае інфраструктурай. Побач — вялікая паркоўка. А Свята-Успенскі сабор цяпер актыўна рамантуецца. Як распавядае начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, грошы для гэтага выкарыстоўваюцца з Інвестыцыйнай дзяржпраграмы. Але пра тэрміны завяршэння работ казаць цяжка, бо фінансаванне ў любы момант можа спыніцца. Па гэтай жа прычыне, дадае Анатоль Сінкавец, канцэпцыя захавання і развіцця гісторыка-культурнай спадчыны Мсціслаўскай турыстычнай зоны застаецца пакуль толькі канцэпцыяй, а не канкрэтнай раённай праграмай дзеяння, падмацаванай гарантаванымі грашовымі ўліваннямі. Шкада, бо ўліванні тыя Мсціслаўшчыне ох як патрэбны. Без нічога штосьці не атрымаеш.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Я прывёз дахаты пластыкавую бутэльку-“паўтарачку” з вадой, што ўласнаручна набраў са святой пустынскай крыніцы. Назваць тую “паўтарачку” сувенірам неяк не выпадае: гэта сапраўдныя лекі для душы і вачэй. Распрацавана даўно і “тэхналогія” яе здабычы-дастаўкі. Манахі раздаюць ахвотным бутэлькі з этыкеткамі “Крынічная вада з Пустынак”. Сюды госці, як правіла, і наліваюць “лекі”, вязуць дахаты, а потым ізноў вяртаюцца з пустой тарай у Пустынкі…

Маці мая пакаштавала пустынскай гаючай вады і засведчыла: вачам, натомленым ад чытання (ходзім у адну і тую ж бібліятэку), стала значна лягчэй. Словам, вада тая разышлася па сямейных увобмірг. Час ізноў у Пустынкі збірацца...

Шпацыр па мсціслаўскіх вуліцах і завулках

Спачатку пра тое, як была выканана раённая праграма па развіцці турызму. Турысту што ў першую чаргу патрэбна пры гарантаванай наяўнасці цікавостак? Баімся памыліцца, але — жытло. А ў Мсціславе яго — дастаткова. Апрача неблагой гасцёўні ды рыцарскіх палатак пад час летніх рыцарскіх фэстаў можна за сімвалічны кошт пераначаваць у старадаўніх мурах колішняга езуіцкага калегіума: спальныя пакоі не так даўно былі адрэстаўраваны і разам з тым захавалі гістарычны каларыт.

На вуліцы паміж колішнімі даходнымі дамамі “Парыж” і “Лондан” нават цагляны плот — помнік гістарычнага значэння. А поруч з сапраўднымі гістарычнымі артэфактамі кшталту вялізнага жорава, прыстасаванага пад стол вулічнай альтанкі, на райцэнтраўскіх вуліцах ці не на кожным кроку можна сустрэць і наватворы — арыгінальныя вулічныя інсталяцыі ды скульптуры. Да прыкладу, помнік настаўніку з ліставога жалеза — як намёк на ягонае спрадвечнае жалезнае цярпенне...

Наш гід Уладзімір Шылянкоў распавядае, што неблагі музей маецца і ў школе. Створаны ён, як можна здагадацца, ягонымі рукамі. А непадалёк ад яго ў старадаўнім будынку ХІХ стагоддзя неўзабаве размесціцца філіял раённага музея: у галоўным будынку, пра які ішла гаворка вышэй, катастрафічна не хапае экспазіцыйных плошчаў.

Дык на што патрэбны ў Мсціславе грашовыя ўліванні? Вядома ж, на рэканструкцыю канкрэтных гісторыка-архітэктурных аб’ектаў і прывядзенне да ладу турыстычнай інфраструктуры. У чарзе па фінансаванне стаяць касцёл езуітаў, пабудаваны ў 1730 — 1749 гадах, кляштар кармелітаў з касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які мае ўнікальныя фрэскавыя роспісы свецкага характару і патрабуе якаснай рэстаўрацыі. Спадзяёмся, гэтым разам час не будзе ўпушчаны.

На жаль, мы так і не сустрэлі ў горадзе (акрамя ўласна музея) месца, дзе можна набыць арыгінальныя сувеніры з пазнакай непаўторнага мясцовага каларыту. Праўда, Уладзімір Шылянкоў паабяцаў, што ўлетку з гэтым праблем не ўзнікне: разнастайныя сувеніры будуць прапаноўвацца нават паломнікам, што наведваюць Пустынкі.

Няма і вулічнай рэкламы, скіраванай на прапаганду мясцовай архітэктурнай даўніны. Пра тое, што ў адным з жылых дамкоў у свой час спыняўся Янка Купала, мы даведаліся пад час першага прыезду выпадкова, са слоў начальніка тады яшчэ аддзела культуры Наталлі Біскуп...

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Няма нічога дзіўнага ў тым, што ў сферы культуры працуе шмат людзей, нібыта і не звязаных з ёй. Тыя ж бухгалтары, адміністратары, наглядчыкі, ахоўнікі, вадзіцелі... Кожны з іх, перакананы, — прафесіянал сваёй справы. А вось у Мсціславе мы сустрэлі людзей, якія не толькі выконваюць сваю “калякультурную” працу, але разам з тым жыва цікавяцца гісторыяй, народнымі традыцыямі. Да слова, вадзіцель з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, якога да нас скіравалі, каб паказаў шлях да Пустынак, з захапленнем распавёў пра таямніцы Мсціслава, у тым ліку пра старажытныя лазы каля гарадскіх храмаў, дзе яму самому даводзілася бываць. Хто ведае, мо з часам ён стане выдатным экскурсаводам. А калі і не, то — добрым прыкладам для шэрагу тэхнічнага персаналу раённых аддзелаў сферы культуры...

Колькі слоў пра міжнародную супрацу

У Мінску пра Пустынкі ведаюць толькі паўпрафесійныя аматары даўніны. У той жа час, расіяне з прылеглых да Мсціслаўшчыны раёнаў ведаюць пра святое месца ўсё да драбніц. Натуральна, перакос. Але ва ўмовах грашовай нішчымніцы рэй вядзе лагістыка вандровак: расіянам да Мсціслаўшчыны дабрацца — рукой падаць. А з Мінска — гэта гадзін сем язды. А з Гродна?..

Дарэчы, 60 працэнтаў турыстаў, па звестках Уладзіміра Шылянкова, — іншагароднія. З іх чвэрць — замежныя. Так, дзякуючы плённай працы з расійскімі турфірмамі толькі на Масленку сёлета ў музей прыехалі тры вялікія групы турыстаў са Смаленска. Напэўна, надышоў час актыўнага ўзаемадзеяння і з айчыннымі турыстычнымі агенцтвамі, балазе госці Мсціслава расчараванымі не застануцца...

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Хоць і не першы раз мы на Мсціслаўшчыне, але стрымаць свае эмоцыі ад убачанага не маглі і не жадалі. І нават не пра вулічныя гістарызмы гаворка. Людзі ў гэтым лясным кутку Магілёўшчыны — надзвычай гасцінныя і ветлівыя. Гэта, напэўна, у прыродзе ці ад прыроды. Нават мясцовы рэстаран у абедзенны час парадаваў нас таннасцю ды смачнасцю самых разнастайных страў, у дадзеным выпадку аналагічныя пункты грамадскага харчавання многіх раёнаў нашай краіны мсціслаўскім — не канкурэнты. Выснова адзіная: наступным разам завітаем на гасцінную Мсціслаўшчыну ўлетку, калі самы час паблукаць сярод старадаўніх муроў, пакаштаваць гарбаты ці якога бярозавіку ў адным з мноства летніх кафэ (прынамсі, так і павінна быць) гэтага прыгожага еўрапейскага горада. Спадзяёмся, нашы задумы здзейсняцца...

Фота аўтараў

Чытайце ўсе матэрыялы гэтага аўтатура па Міншчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне:

План раёна для раёна? І канцэпцыя;
“Вёскаўтваральнасць” музея? Магчымы варыянты;
Па модусе "дзесьці густа, дзесьці пуста"
;
Як і чым дапамагчы... інвестару?
;
Абяцанага чатырнаццаць гадоў чакаюць.

Чытайце ранейшыя аўтападарожжы журналістаў "К":
Магілёўшчына і Гомельшчына;

Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына
;

Віцебшчына, Магілёўшчына;

Гродзеншчына, Віцебшчына і Міншчына
.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"