"Чаму ж у нас не так?"

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Дзе толькі сёння не пачуеш: беларуская вёска імкліва памірае, а разам з ёй беззваротна знікае і ўнікальны пласт народнай культуры... Пачуць ды ўбачыць гэта, і праўда, можна дзе заўгодна. Але толькі не ў Любанскім раёне, у чым асабіста давялося пераканацца ў час нядаўняга абласнога семінара “Спецыфіка і асаблівасці навучання дзяцей і моладзі рамёствам на Любаншчыне”. Вёска знікае з-за адсутнасці магчымасці сябе рэалізаваць. Людзі ж імкнуцца ў гарады, дзе ёсць не толькі праца, але і годнае баўленне вольнага часу: магчымасць пасядзець пасля працы за кубачкам гарбаты ва ўтульнай кавярні, схадзіць у добра абсталяваную трэнажорную залу, знайсці клуб па інтарэсах для сябе і ўладкаваць у гурток ці секцыю сваіх дзяцей. Усё гэта ёсць і ў любанскай “Камуне” — аграгарадку з савецкай назвай, але з сапраўды заходнееўрапейскім падыходам да прынцыпаў чалавечага жыцця. А калі больш дакладна — у мясцовым Доме культуры.

/i/content/pi/cult/475/10110/10-1.jpg

У майстэрні па ўзорным ткацтве ў Любані.

/i/content/pi/cult/475/10110/10-2.jpg

У вёсцы Сосны-1 не забываюцца на традыцыйныя промыслы.

/i/content/pi/cult/475/10110/10-3.jpg

Майстрыхі калектыву "Вытокі" з вёскі Сосны-1.

/i/content/pi/cult/475/10110/10-4.jpg

За ткацкім станком у СДК вёскі Камуна.

/i/content/pi/cult/475/10110/10-5.jpg

Юная рукадзельніца з вёскі Камуна.

/i/content/pi/cult/475/10110/100-1.jpg

Гурткоў ды секцый тут насамрэч багата. Усе — з акцэнтам на этнакультурны чыннік. Не паверыце, але факт: сярод мясцовых хлопцаў найбольшай папулярнасцю карыстаюцца заняткі... па пляценні лапцяў. Літаральна на вачах яны з нарыхтаванай загадзя сыравіны робяць аўтэнтычны абутак, у якім не адно стагоддзе хадзіў беларускі люд. А вырабляюць лапці ў Камуне як сувенірныя — мініяцюрныя, якімі турысты аздабляюць свае аўтамабілі, — так і прыдатныя для тэатральнага рэквізіту. На ўра разыходзяцца лапці і ў час святаў ды фестываляў.

Чым, дарэчы, не інтэрактыў: пабыць “у скуры” селяніна пачатку ХХ стагоддзя? Думаецца, багата знайшлося б ахвотных правесці дзень у вёсцы, апрануўшы льняную вышыванку, нагавіцы, тыя ж лапці, узяўшы ў рукі серп ці касу! А пасля працы пакаштаваць бярозавіку з лустай свежаспечанага хлеба... Я запісаўся б на такі эксперымент!

У згаданым спісе “аўтэнтычнага селяніна” не хапае немалаважнай дэталі: пояса, якім мусіў падперазаць кашулю кожны паважаючы сябе мужчына. Але і тут Камуна мае прапанову. У СДК працуе народная майстэрня традыцыйнага ткацтва “Матрушка”, якая спецыялізуецца на вырабе ручнікоў і тканых паясоў розных фарматаў. Пяць ткацкіх станкоў, якія не проста пыляцца ў разабраным выглядзе, як у многіх клубах ды музеях, але спраўна і ці не штодня працуюць, сведчаць самі пра сваю запатрабаванасць. Сёння мясцовыя майстрыхі пад кіраўніцтвам Тамары Аксёнчык ткуць ручнікі ў два, чатыры і нават шэсць нітоў, выкарыстоўваюць складаныя тэхнікі двухбаковага перабору, бранага і закладнога ткацтва. Дзякуючы іх працы былі адноўлены панёўны комплекс адзення вёскі Обчын і андарачны комплекс адзення вёскі Кузмічы.

А выраб народных лялек-абярэгаў?.. Без усялякіх замежных грантаў (а нам, бадай, вядомыя выпадкі такога рэнесансу падобнай традыцыі менавіта па трансгранічных праграмах) мясцовыя дзяўчаткі займаюцца гэтай цікавай і, што важна, запатрабаванай турыстамі справай. Робяць юныя майстрыхі гэтыя лялькі не “на аўтамаце”, выключна паўтараючы за настаўнікам, а асэнсавана. Шчыра кажучы, уразіла, як дзяўчынка, з якой давялося пагутарыць, не толькі выдатна ўпраўляецца з тканінай ды нажніцамі, але і тлумачыць значэнне кожнай лялькі, распавядае пра ўсе адметнасці.

Не маеш здольнасці да майстэрства? Стаміўся ад народнага мастацтва? І для такіх ёсць занятак у мясцовым СДК. Трэнажорная зала, нашпігаваная як самым сучасным абсталяваннем, так і самаробнымі спартыўнымі снарадамі, па вечарах ніколі не пустуе. Чаму ж туды не завітаць і за сімвалічны кошт не згуляць партыю ў більярд ці, скажам, пакачаць прэс? Ёсць у СДК і дзе падсілкавацца. Амаль вынаходніцтва дырэктара Дома культуры Ірыны Яскевіч: яна стварыла ў сябе аналаг моднага цяпер “антыкафэ”, якое працуе па прынцыпе “заплаці за ўваход і на здароўе частуйся прысмакамі ды баў вольны час”. А прысмакі ў “Карчме” (менавіта так называецца прастора для адпачынку ў СДК) і сапраўды шыкоўныя! Чаго толькі вартыя фірмовыя стравы: пітны мёд, зроблены па сямейным рэцэпце, ды запечаныя яблыкі, начыненыя тварагом. І няхай не ўводзіць у зман назва: усе напоі ў “Карчме” — выключна безалкагольныя.

Для гурманаў і аматараў народнай кухні ў Камуне працуе нават аб’яднанне, створанае пры мясцовай бібліятэцы, якая дзеліць дах з СДК. Чым не варыянт для любой сельскай бібліятэкі, што імкнецца прывабіць да сябе чытача і такім чынам выжыць? Дый колькасць удзельнікаў кулінарнага аб’яднання сведчыць пра важнасць праблемы стварэння са звычайнай бібліятэкі калі не сацыякультурнага цэнтра вёскі, дык, прынамсі, месца сустрэч і цікавага баўлення часу. Перакананы, такой сельскай бібліятэцы не страшная ніякая аптымізацыя.

Калі “рэтра” — на карысць

Возьмем іншы прыклад з таго самага Любанскага раёна — звернемся да культурнага досведу вёскі Сосны-1. Сельскі Дом культуры тут — драўляны. Не вылучаецца ён і памерамі: як звонку, так і ўнутры — звычайная планіроўка сялянскай хаты пачатку ХХ стагоддзя, аздобленая кроснамі, лавамі, печкай. Ды і замест “лямпачкі Ільіча” тут выкарыстоўваецца звычайная для побыту дзядоў газніца — усё адмыслова вытрымана ў стылі “рэтра”. І жыццё пры гэтым у СДК віруе: дзейнічае выдатны народны аматарскі калектыў “Вытокі”, сталыя ўдзельніцы якога не пакінуць сваёй творчасцю абыякавым нікога. Працуюць пры клубе і народныя майстры, што навучаюць моладзь: дзяўчат — вышыванню крыжыкам і ткацтву, хлопцаў — разьбярству і пляценню сетак (замест рыбалоўных невадаў, забароненых па заканадаўстве, майстры займаюцца вырабам гамакоў). Больш маленькіх далучаюць праз народныя танцы, назіраць за якімі — нібыта глядзець тэатральную пастаноўку.

Не забываюцца ў гэтым СДК і на народныя кулінарныя традыцыі. Да прыкладу, выпякаюць адмысловы хлеб на заквасцы, так званы падарожны, — перад выпечкай яго праколваюць, каб цеста не падымалася. Атрымліваецца і смачна, і зручна. Чым не сувенір для турыста?

Кузня народных майстроў

Для многіх згаданыя вышэй прыклады захавання народнай культуры могуць паказацца лакальнымі, арыентаванымі на маленькую мясцовую супольнасць. Маўляў, у горадзе даўно ўжо не запатрабавана традыцыйная культура, асабліва сярод “прасунутай” моладзі. Няўжо? Цікавасці з боку грамадскасці да традыцыйных рамёстваў у самой Любані не менш, чым у вёсках.

Рэй у гэтай справе вядзе Любанская дзіцячая школа народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — адзіная такога кшталту дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі на Беларусі. Выпускнікоў школа яшчэ не мае — сёлета ёй споўнілася ўсяго тры гады (курс падрыхтоўкі разлічаны на пяць гадоў). А вось вучняў — багата, нават нягледзячы на тое, што заняткі вядуцца на платнай аснове. Дзеці (а гэта 120 вучняў) займаюцца выяўленчым мастацтвам, а таксама — па сямі рамесных кірунках. Сярод іх — кераміка і ганчарства, разьба па дрэве, бондарства, лозапляценне, у тым ліку мастацкае, ручная вышыўка і касцюм, узорнае ткацтва. Многія з настаўнікаў — удзельнікі народнага клуба народных майстроў, створанага пры Любанскім РЦК.

З першых дзён існавання ўстановы апошняй кіруе Любоў Серавокая, па сваёй адукацыі — культуролаг-менеджар. У свой час яна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, пасля чаго ўзначаліла СДК у вёсцы Сосны-1. Па яе словах, першапачаткова ўстанова адкрывалася як Школа рамёстваў. Але ў такім фармаце атрымалася папрацаваць толькі год. У 2012-м, у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі, школа вымушана была змяніць шыльду, абавязковымі ж прадметамі сталі малюнак, жывапіс і кампазіцыя. Парадокс у тым, што гадзін на профільныя заняткі стала значна менш, а гэта значыць літаральна наступнае: бондарствам дзеці займаюцца менш, чым тым жа маляваннем. Можна спадзявацца, што такая рэформа не канчатковая. Як-ніяк, установе дадзена пяць гадоў на эксперымент. Магчыма, па яго выніках варта будзе вярнуцца да першапачатковага варыянта, тым больш, у Любові Серавокай і яе калег маецца шмат прапаноў з тае нагоды. Хочацца верыць, што іх пачуюць. Мае клопат школа і з прадукцыяй для заняткаў па народных рамёствах. Для той жа разьбы па дрэве патрэбны станкі, драўніна...

Вядома ж, праблем і клопатаў у сферы культуры хапае і на Любаншчыне. Але галоўнае, што тут ёсць, — гэта ініцыятыўныя ды крэатыўныя работнікі сферы, якія сваім прыкладам заахвочваюць грамадскасць далучыцца да вытокаў і, самае галоўнае, на мой погляд, ствараюць сапраўдную моду на сваё, роднае, на народную культуру.

“Чаму ж у нас не так?” — гэтае пытанне на зваротным шляху нават уголас задавала большасць удзельнікаў семінара. А менавіта на гэтае пытанне павінны адказаць кіраўнікі сферы культуры ў многіх раёнах нашай краіны. Любаншчына ж давяла на справе, што і на вёсцы можна жыць напоўніцу. Чым не выдатны досвед для пераймання?..

“Іншага шляху не маем...”

Пасля ўсяго ўбачанага на Любаншчыне, не мог не пацікавіцца ў кіраўніка раённай сферы культуры Васіля КАТКАЎЦА, што за цікавосткі нас неўзабаве чакаюць і якім чынам адбываецца фінансаванне амбітных праектаў. Нагадаю, з дасягненняў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі можна адзначыць арганізацыю Рэгіянальнага фестывалю мастацтваў, што аб’яднаў творчыя сілы Глускага, Акцябрскага і Любанскага раёнаў, народнае свята “Фальклорная вандроўка”, Абласны фестываль дзіцячых тэатральных калектываў “Чароўны куфэрак”, які рэгулярна праходзіць на базе Сарачанскага СДК. Што ж чакаецца наперадзе?

/i/content/pi/cult/475/10110/10-6.jpg

— На Дзень Незалежнасці запланавана доўгачаканае адкрыццё “Крамы рамесніка”, якая размесціцца ў будынку Дзіцячай школы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дарэчы, на пачатку ХХ стагоддзя там размяшчалася сінагога. Зараз узгадняюцца ўсе пытанні з санстанцыяй: па загадзе апошяй быў зроблены асобны ўваход у краму. Скажу колькі слоў пра асартымент. Будуць прадстаўлены вырабы не толькі майстроў з Любаншчыны, але і вялікая колькасць разнастайных сувеніраў, дыскаў з відэафільмамі, літаратура, прысвечаная гісторыі і сучаснасці раёна. А ў тым, што нашы майстры могуць уразіць нават самых запатрабаваных турыстаў, можна будзе пераканацца неўзабаве: адмыслова да Чэмпіянату свету па хакеі нашымі бондарамі зроблены бочкі, якія змогуць пабачыць і набыць жыхары ды госці Мінска.

— Адкрыццё сувенірнай крамы — справа, безумоўна, добрая. Але ж, відаць, чакаецца шмат арганізацыйных клопатаў...

— Зараз вырашаюцца самыя галоўныя пытанні: афармленне памяшкання, узгадненне ўсіх аспектаў працы “Крамы рамесніка” са спецыялізаванымі службамі. Той жа бухгалтар павінен пралічыць усе нюансы. Перакананы, калі чалавек прыехаў у Любань, дык праз сувенірную прадукцыю ён павінен адчуць адметнасць раёна, а таму клопаты, веру, марнымі не акажуцца.

— Летась вашымі намаганнямі пабачыў свет дыск “Наперад у мінулае” па выніках аднайменнага тэлепраекта на канале “Беларусь 3”: на DVD сабраны трынаццаць кліпаў сучасных айчынных выканаўцаў з рэпертуару народных калектываў Любаншчыны. Адметным атрымаўся відэаальбом “Аблюбаваная зямля” і “Альбом свята “Я словам слаўлю родны край…” Адкуль ідзе фінансаванне на такую прадукцыю?

— Найперш, укладваем свае кроўныя — пазабюджэтныя сродкі. Іншага шляху няма. Праўда, часам дапамагаюць і спонсары. Тыя ж “Маляваныя сны Паўла Марціновіча” — шыкоўнае мастацкае выданне пра нашага самадзейнага мастака — дапамог выдаць мецэнат Анатоль Статкевіч-Чабаганаў, дарэчы, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Шэраг людзей далучаецца да таго або іншага праекта ў працэсе яго падрыхтоўкі. Так, летась прайшла ўнікальная акцыя “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”, да якой спрычыніліся нашы землякі. Хтосьці падарыў установам культуры раёна камп’ютар, хтосьці дапамог з рамонтам... Узвядзенне той жа Школы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва стала народнай будоўляй. Дапамагалі як арганізацыі, так і грамадскасць — хто чым мог. Мо ў гэтым і сакрэт нашых дасягненняў?..

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"