Рэцэпты ад глабалізацыі

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Беларуская вёска даўно ўжо ўключылася ў працэсы глабалізацыі — імкліва сціраюцца ў памяці мясцовай супольнасці народныя традыцыі, не кажучы пра, скажам, лакальныя адметнасці вонкавага афармлення сялянскіх хат. Праўда, праблема гэта не толькі беларуская. У нашых суседзяў клопаты тыя ж. Маюцца ў іх і свае рэцэпты, каб палепшыць сітуацыю.

/i/content/pi/cult/475/10104/13-7.jpgТак, сярод жыхароў польскай вёскі Заліп’е, што ў Малапольскім ваяводстве, кожны год адбываецца конкурс на самы прыгожа аформлены дом. Традыцыя бярэ пачатак з канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя — з задымленых сажай сцен, якія мясцовыя жыхаркі бялілі. Багатая фантазія дазволіла ім убачыць абрысы кветак, лісця і цэлыя букеты. З цягам часу гэтыя абрысы ператварыліся ва ўзоры, спачатку манахромныя, а затым і рознакаляровыя. Выкарыстоўваючы простыя матэрыялы — вапну, сажу з трубы і карычневую гліну, бярозавыя палачкі замест пэндзляў, — жанчыны пачалі маляваць на сценах з вонкавага боку кветкі.

Сёння ў Заліп’і засталося мала што ад старых драўляных хатак і традыцыйных карцін на дамах. Часцей можна сустрэць сучасныя дамы, якія, што самае галоўнае, трымаюцца мясцовых культурных традыцый. Спрыяе гэтаму штогадовае правядзенне пад эгідай Тарноўскага краязнаўчага музея конкурсу “Malowana Chata” на самы прыгожа аформлены дом. Да слова, першы конкурс быў арганізаваны ў 1948 годзе. У выніку, сёння гэтая вёска лічыцца цэнтрам этнаграфічнага народнага мастацтва рэгіёна.

У нашых усходніх суседзяў маюцца таксама цікавыя прыклады. Так, расійская вёска Камарчага ў Краснаярскім краі стала вядомай дзякуючы сваім таленавітым творчым жыхарам. А калі больш дакладна — праславіла сваю малую радзіму пенсіянерка Вольга Косціна, якая ператварыла ўласную хату ў твор мастацтва, упрыгожыўшы яго мазаікай з 30 000 накрывак ад пластыкавых бутэлек. Калекцыя ператварылася ў маштабныя габелены і ў такім выглядзе перамясцілася на сцены і дах драўлянай вясковай хаты.

Вядома, і ў нас ёсць крэатыўныя майстры. Аналагічны ра-
сійскаму праект з’явіўся нядаўна ў беларускай глыбінцы — у вёсцы Брылькі Валожынскага раёна. З 25 000 пластыкавых накрывак ад бутэлек сям’я Алешка ўвасобіла на сваім доме выявы жывёл і герояў мультфільмаў. Яшчэ адзін герой — Волат, сімвал Чэмпіянату свету па хакеі, які днямі стартуе ў Мінску, размясціўся на дзвярах гаража...

І было б выдатна, каб арыгінальныя мастацкія ідэі на вёсцы (асабліва скіраваныя на ўзнаўленне ў розных формах народных традыцый) больш актыўна падтрымлівалі мясцовыя ўстановы культуры.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"