Метро як музей

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Станцыі метрапалітэна ў любым горадзе, дзе яны існуюць, выклікаюць павышаную ўвагу з боку турыстаў. Ды і што тысячы гасцей, скажам, нашага Мінска бачаць адразу пасля Цэнтральнага чыгуначнага вакзала? Так, станцыі сталічнага метро. І пакуль у нас толькі задумваюцца над тым, як іх дадаткова аздобіць у сучасным духу, у іншых краінах на гэтым робяць рэкламу, скіраваную найперш на імідж краіны.

/i/content/pi/cult/473/10052/13-4.jpg

Станцыі метро ў Дубаі маюць музейныя акцэнты.

Так, на станцыях метрапалітэна сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў прадставяць мастацтва розных народаў і культур. Гэтая акцыя прымеркавана да буйнога фестывалю сучаснага мастацтва “Art Dubai 2015”. Да прадстаўнічага форуму станцыі будуць напаўняцца музейнымі экспанатамі. Спачатку рэпрэзентуюць музеі ісламскага мастацтва, арабскай каліграфіі, вынаходніцтваў, сучаснага і візуальнага мастацтва. Дубайскае метро цікавае тым, што гэта самая вялікая транспартная сістэма ў свеце, якая працуе без машыністаў. Першую лінію запусцілі ў 2009 годзе, і цяпер на дзвюх лініях працуе 48 станцый. Неўзабаве многія з іх стануць самымі сапраўднымі музейнымі аб’ектамі.

А вось у колішняй сталіцы Федэратыўнай Рэспублікі Германіі — Боне ўжо некалькі гадоў у Музей нямецкай гісторыі, адзін з самых багатых на інавацыйныя тэхналогіі ў Еўропе, можна трапіць не праз парадныя дзверы (як гэта звычайна робіцца), а праз метро. Варта толькі сесці на так званы U-bahn (нямецкі метрапалітэн) і даехаць да прыпынку “Heussallee”.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"