Як і чым дапамагчы... інвестару?

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Дзіўныя законы “культурнай” эканомікі і адмысловая “тэхналогія” адпачынку
Наступны дзень вандроўкі быў цалкам прысвечаны культуры Віцебшчыны. Яшчэ ў Мінску прадумалі, што нас на гэтым адрэзку аўтапрабегу маюць чакаць будучы (спадзяёмся!) гісторыка-археалагічны запаведнік, “імянны” музей з фан-клубам прыхільнікаў асобы, у гонар якой і працуе ўстанова, адна з першых на Беларусі аграсядзіб, дзе адпачынак уведзены у ранг адмысловага і строга рэгламентаванага мастацтва… Пагадзіцеся, вельмі разнастайныя аб’екты. Таму і дзень атрымаўся насычаным ды карысным і для нас, і, як падаецца, для чытачоў.

/i/content/pi/cult/471/10006/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/471/10006/10-2.jpg

У аграсядзібе мы жылі па строгіх законах гасціннасці. Так, звон абазначаў пад'ём.

/i/content/pi/cult/471/10006/10-3.jpg

/i/content/pi/cult/471/10006/10-4.jpg

Аршанскі Музей Уладзіміра Караткевіча і яго старшы навуковы супрацоўнік Вольга Пашковіч.

/i/content/pi/cult/471/10006/10-5.jpg

Друцк на Замкавай гары: ландшафты і першыя збудаванні будучага запаведніка.

А на Друцкім замчышчы — цішыня…

Яшчэ летам ехалі на Круглае праз Талачынскі раён. На трасе, ля аграгарадка “Друцк”, пабачылі старадаўні млын з чырвонай цэглы і вырашылі наступным разам адзін з маршрутаў вандроўкі прысвяціць менавіта гэтым пашанотным у гістарычным плане мясцінам. Так і зрабілі. Вось ён, млын, а вось — перпендыкулярная галоўнай шашы дарога на Друцк. Але вернемся на хвіліну ў 2009 год…

Менавіта тады “К” напісала пра тое, што кіраўніцтва Талачына мае намер стварыць у раёне гісторыка-археалагічны запаведнік. Яго складнікамі меркавалася зрабіць Друцкае гарадзішча XI — XVI стст. (рэшткі паселішча Ранняга Сярэднявечча); курганны могільнік у вёсцы Сенчукі (IX — X стст.); Свята-Пакроўскі манастыр (XVIII ст.) у райцэнтры; Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей, які знаходзіцца ў будынку XIX стагоддзя.; касцёл Святога Антонія (XVIII ст.) у Талачыне; былыя стайні на дзядзінцы і памянёны млын на пад’ездзе да гарадзішча… Натуральна, цікавіла, ці здзейсніліся намеры раённых улад.

Праехалі праз аграгарадок і трапілі ў летапісны тысячагадовы Друцк, адзін з колішніх цэнтраў Полацкай зямлі, валы і сцены якога спынілі Уладзіміра Манамаха, дзе ў XIV стагоддзі нарадзілася Друцкае Евангелле… З 2009-га, па сутнасці, нічога тут не змянілася. Хіба што сям-там над валамі з’явіліся драўляныя абарончыя вежы, з густам, трэба сказаць, упісаныя ў пейзаж. А ён, гэты пейзаж, адкрываўся з дзядзінца настолькі неўтаймоўна-неабсяжны (нават у зімовым, чорна-белым калоры), што нават сэрца замірала. А што тут робіцца ўлетку?! Кажуць, нават разнатраўе наўкола не згубіла свайго першароднага складу і пахне ў час квітнення так неверагодна суладна, як і тысячу гадоў таму…

Словам, вось ён, музей пад адкрытым небам. Укладай грошы, утварай належную інфраструктуру і падлічвай даходы. Чаму ж час у Друцку спыніўся? Але не знайшлі тым надвячоркам нікога з тых, хто ведае адказ на гэтае пытанне. Нават былыя стайні аказаліся зачыненымі. Мы тады яшчэ не ведалі, што належаць яны мясцовай аграфірме і ніяк не выкарыстоўваюцца (а калісьці была сталярка).

Усе патрэбныя і не вельмі аптымістычныя тлумачэнні даў нам праз час начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Талачынскага райвыканкама Валерый Зайцаў. Так, намерам стварэння шматструктурнага запаведніка, які звязаў бы турыстычнымі маршрутамі ці не ўвесь раён, — больш за дзесяць гадоў. Аказваецца, менавіта столькі часу ў праекта ёсць мінскі інвестар, які даўно “набіў руку” на правядзенні платных творчых фестываляў. Чаму ж не ўкладае грошы ў гарадзішча? Па якой такой прычыне не пераўтварае млын і стайню ў кавярню ды гасцёўню? Ды таму, што землі гэтыя лічацца пашай і належаць аграфірме.

Спачатку аддзел Валерыя Зайцава быў заняты складаннем дакументаў на ўтварэнне гісторыка-археалагічнага запаведніка. Справе заміналі змены заканадаўчай базы і адсутнасць палажэння для арганізацыі менавіта запаведніка такога тыпу. Дакументальная база для запаведніка, скажам, ландшафтнага, існуе. Але абмежавацца толькі краявідам (няхай сабе і непаўторным) пры наяўнасці процьмы іншых цікавостак было б не па-гаспадарску…

Потым з’явіўся інвестар, які прапанаваў зрабіць гістарычны Друцк месцам правядзення Фестывалю сярэднявечнай культуры з запрашэннем не толькі беларускіх, але і замежных удзельнікаў. Хоць нейкая ды альтэрнатыва з гарантаваным фінансаваннем. Але для гэтага, як працягвае Валерый Зайцаў, трэба ўсё роўна вывесці зямлю з абароту, перавесці яе на іншага ўласніка-арандатара. Інвестар гатовы ім стаць, але грошы на выплату падаткаў за карыстанне зямлёй абяцае атрымаць з фестывальных даходаў толькі на трэці год гаспадарання. А пакуль інвестар просіць падатковых ільгот…

Валерый Зайцаў перакананы, што ўсё ў іх атрымаецца. Толькі вось Міністэрства культуры ўрэшце павінна ўспрыняць праблему талачынскага дзядзінца як сваю ўласную. Натуральна, праблема не толькі раённая і абласная, яна — рэспубліканская. І вырашаць яе, перакананы Зайцаў, варта ўсім светам, з удзелам зацікаўленых структур усіх узроўняў.

А пакуль на гарадзішчы — зацішна. Яшчэ раз агледзеўшы друцкія краявіды, рушым на Оршу...

(Не)лірычнае адступленне Яўгена РАГІНА

Колькі жыву, столькі і вучуся. Вечны “гімназіст”, які ніяк не можа засвоіць, што ў культуры, на жаль, пакуль не эканамічныя законы ўсебаковай выгоды працуюць, а нейкія, падаецца, над- ці падведамасныя інструкцыі, якія з-за супярэчлівасці і ўзаемавыключэння звязваюць рукі прадпрымальнікам. Талачынская сітуацыя для мяне ўнікальная. Раней падавалася: няма інвестара — справе хана. А тут і інвестар ёсць, і ледзь не дзесяцігоддзе справа з мёртвай кропкі не зрушыцца. Падаецца, не тую эканоміку мы ва ўніверсітэтах вывучалі… Як і чым дапамагчы таму інвестару? Не дай Бог, надакучыць яму чакаць…

Прадказанні Караткевіча здзяйсняюцца

У Оршу прыязджаем ужо зацемна. Не паспелі прыпаркаваць “Хонду” на стаянцы, на якую скіраваў нас навігатар, як пабачылі вялізны партрэт на сцяне будынка. І хоць узніклі сумненні з партрэтным падабенствам, сышліся ў меркаванні, што гэта па-мастацку ўвасоблены не хто іншы, як наш класік — Уладзімір Караткевіч. А сам будынак з партрэтам — музей славутага пісьменніка.

На гадзінніку — 16.45. Да закрыцця ўстановы застаецца літаральна 15 хвілін. Спачатку ламануліся не ў тыя дзверы: зачынена. Мы — у суседнія. Менавіта яны нас і ўпусцілі ў музей. Як аказалася, такое двайное “дзвярное” суседства — невыпадковае і таксама абумоўлена святой памяццю аб Уладзіміры Сямёнавічы. Усё патлумачыла старшы навуковы супрацоўнік Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Вольга Пашковіч. Справа ў тым, што раней у музейным памяшканні знаходзіўся радзільны дом, дзе і пабачыў свет будучы нацыянальны геній. Першыя, зачыненыя, дзверы і вялі ў гэтую медыцынскую ўстанову. А пакінулі іх музейшчыкі вось з якой нагоды. У юнацкія гады Караткевіч разам з дзяўчынай, да якой быў неабыякавы, хаваўся ад дажджу менавіта на ганку таго, старога ўвахода. Успаміны той дзяўчыны сталі праз нейкі час адным з музейных экспанатаў. А ўспамінала яна пра тое, як Валодзя распавёў пад акампанемент дажджу, што ў гэтым будынку ён нарадзіўся, а некалі радзільня абавязкова пераўтворыцца ў музей яго памяці. Усё так і атрымалася. У геніяльнага чалавека нават жарты — прарочыя. І гэты факт аршанскія музейшчыкі здолелі абыграць прыгожа, рамантычна, з вялікай цеплынёй да летуценнай асобы Караткевіча...

Нягледзячы на позні час, Вольга Пашковіч сустрэла нас прыязна і пагадзілася правесці паўнавартасную экскурсію.

У дзвюх прасторных залах на першым паверсе будынка размясцілася музейная экспазіцыя пад агульнай назвай “Партрэт пісьменніка і чалавека”. Цэнтральную частку экспазіцыі першай залы займае творчая майстэрня класіка — фрагмент кабінета яго мінскай кватэры. Да слова, большасць музейных прадметаў — арыгіналы, у тым ліку лісты, нататкі, малюнкі, асабістыя рэчы пісьменніка. Сярод апошніх хочацца згадаць адмысловы самавар, што працуе на вуглях, і каляровы тэлевізар, які з’явіўся ў Караткевіча адным з першых у Мінску. З першым артэфактам Уладзімір Сямёнавіч не развітваўся ў шматлікіх вандроўках па родным краі, а за другі пісьменнік аддаў увесь ганарар за адну са сваіх кніг. Але што расказваць пра экспанаты — іх варта ўбачыць кожнаму на ўласныя вочы! Невыпадкова многія аматары творчасці Караткевіча, можна сказаць, яго фанаты, прыязджаюць у Оршу адмыслова з мэтай наведаць гэтае сапраўды культавае месца.

Трэба сказаць, што музей займаецца не толькі экскурсійнай дзейнасцю. Гэта, да ўсяго іншага, яшчэ і навукова-даследчы цэнтр, які займаецца вывучэннем творчасці Уладзіміра Караткевіча ды іншых пісьменнікаў, а таксама знакамітых людзей Аршаншчыны. У архіве музея назбірана відэатэка фільмаў пра Караткевіча і мастацкіх ды дакументальных стужак, знятых па яго сцэнарыях. Маюцца і аўдыязапісы ўспамінаў сяброў пісьменніка. Тут жа можна пачуць унікальныя запісы голасу самога класіка, музычныя творы беларускіх выканаўцаў на яго вершы. А вось відэаўспамінаў, якія можна было б трансляваць на шыкоўным плазменным тэлевізары гасцям музея, як высветлілася, надта ж мала. Нават агучылі думку: маўляў, пакуль ёсць магчымасць, варта зрабіць запіс Рыгора Барадуліна, які сябраваў з Уладзімірам Сямёнавічам. На жаль, ідэя прагучала запозна…

Пакуль на другім паверсе музея знаходзіцца мастацкая галерэя, прызначаная пад часовыя выставачныя праекты. У бліжэйшых планах — пераабсталяванне яе пад кіназалу-гасцёўню, дзе кожны ахвотны мог бы замовіць ды паглядзець абраны фільм. Разам з тым, гэта можа стаць цудоўнай пляцоўкай для сустрэч наведвальнікаў музея з літаратарамі, даследчыкамі спадчыны Караткевіча. Дарэчы, для апошніх у музеі з’явілася магчымасць працы з каштоўнымі дакументамі, непасрэдна звязанымі з жыццём і творчасцю славутага класіка.

Прадстаўлена ў музеі і сувенірная прадукцыя. Праўда, наўрад ці тыя некалькі буклетаў, прысвечаных Караткевічу і Оршы, ды пара магнітаў з выявай помніка (!) пісьменніку задаволяць сапраўднага фаната творчасці класіка. А мы хацелі прыдбаць магніцікі з выявай не помніка, а любімага пісьменніка...

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Якога інтэрактыву не стае Оршы? Маючы досвед воднага падарожжа па Віліі “Шляхам Тышкевіча”, хацелася б выправіцца і ў падарожжа па маршруце Уладзіміра Караткевіча па Дняпры. Тым больш, насычаць такі маршрут практычна не патрэбна: захаваліся дакументальныя матэрыялы як самога Караткевіча, так і ягоных сяброў. Чаго-чаго, а фактуры для такога воднага падарожжа хапае. Чаму ж тады ў Оршы няма такой атракцыі? Тым больш, перакананы, акрамя мяне, ахвочых да такіх прыгод будзе нямала — як сярод аматараў творчасці Караткевіча, так і сярод тых, хто жадае далучыцца да хараства беларускай прыроды ды мастацкага слова.

“Тэхналогія” здаровага адпачынку

Ужо позняй ноччу скіраваліся ў аграсядзібу “Сябры і К”, што месціцца за тры кіламетры ад Оршы. Чаму вырашылі начаваць менавіта тут? Ды проста яшчэ ў Мінску параўналі кошты нумароў у гасцініцы з пражыццём на аграсядзібе, і вырашылі пытанне на карысць прадпрымальнасці гаспадара апошняй Барыса Шаўцова, які першым адказаў на наша тэлефанаванне. Залішне казаць, што яго кантактны нумар мы без цяжкасцей знайшлі на адпаведным сайце.

Спадзяёмся, нашы фотаздымкі дадуць больш-менш поўнае ўяўленне пра знешні выгляд казачнай дзяржавы, дзясяткі дамкоў якой не паўтараюцца паводле архітэктуры, унутранай планіроўкі ды з густам падабранага інтэр’ера. І ўся гэтая “матэрыяльная база” са шматлікімі масткамі, паветкамі, нечаканай скульптурай, шматлікімі прыбіральнямі ды дэкаратыўнымі платамі размешчана па берагах вялікага возера. Мы жылі ў “Прытулку рыбака” на адным яго баку. Барыс Шаўцоў з жонкай жыве на другім. Нягледзячы на даволі позні час, ён запрасіў нас да сябе ў госці. Каб скараціць час, прапанаваў ісці напрасткі па сталым яшчэ тады лёдзе. Сам выйшаў насустрач. Сустрэліся ў цэнтры ля кампрэсарнага фантана, што жывіць разведзеную рыбу кіслародам. Пакуль дабіраліся да хаты, Барыс паказаў пачатак 10-гектарнага саду, распавёў, што абапал сцежкі, па якой рушым, высаджана пладаносная грыбніца…

Хтосьці скажа: ну, гэта прыхаваная рэклама бізнесмену, у якога і так шмат грошай. У адказ паспрабуем запярэчыць: мы прапаноўваем нашым чытачам майстар-клас па арганізацыі самага што ні ёсць культурнага адпачынку. І справа тут не толькі ў тым, што гаспадар сядзібы запрашае час ад час музыкантаў для стварэння адпаведнага прыазёрнага мастацкага фону. І не ў тым, што ладзіць для ахвотных маладзёнаў самыя разнастайныя па праграмах вяселлі. Асобная размова — пра мастацкія вырабы, зробленыя рукамі гаспадара і яго памочнікаў, і выстаўленыя як на панадворку, так і ў саміх сядзібах. Гэта і жывапіс, і адметная драўляная скульптура, і самабытнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва...

А вось экскурсіі ў гасцей аграсядзібы чамусьці незапатрабаваныя. Па словах спадара Барыса, за ўвесь час працы толькі тройчы турысты да яго звярнуліся з просьбай паказаць культурныя аб’екты Оршы ды наваколляў… У дадзеным выпадку варта скарыстацца прыёмамі так званага агрэсіўнага маркетынгу. Думаецца, не зашкодзілі б у дамах, дзе спыняюцца турысты, тыя ж буклеты з інфармацыяй пра аршанскія музеі ды іншыя славутасці горада.

І ўсё ж, галоўнае, на наш погляд, тое, што ў самы завозны летні час, калі ўсё жытло занята адпачываючымі, ніхто нікому не перашкаджае лавіць рыбу, распальваць вогнішчы, проста любавацца абсягамі. Празмерны шум, як і злоўжыванне спіртным з наступным гарланнем і ненарматыўнай лаянкай на пленэры, тут проста забаронены. Пры парушэнні гэтага правіла кліентам вяртаюцца грошы, а самі парушальнікі з ганьбай выдаляюцца за межы зоны адпачынку і набываюць статус “персоны нон-грата”.

І гэта вельмі істотна з той прычыны, што старшыні нашых сельсаветаў ці не па ўсёй Беларусі атрымліваюць ад вяскоўцаў скаргі на тое, што ў суседніх аграсядзібах — занадта шумны адпачынак, які ніяк нельга назваць культурным. А ўражанне ад яго вымяраецца толькі колькасцю пустых гарэлачных пляшак...

Шаўцоў, які выйшаў па ўзросце на шосты дзясятак, быў афіцэрам, бачыў, як кажуць, Крым ды Рым, і пачынаў свой бізнес далёка ад Беларусі ў якасці будаўніка. Усё жыццё любіць прыроду, сцішаныя ды лірычныя зносіны з ёй (прадаў дом у Оршы, жыве з жонкай на аграсядзібе). Да такога стаўлення прывучае і сваіх кліентаў. Каб стварыць такую вясковую дзяржаву, карэннаму гараджаніну давялося праштудзіраваць тамы спецыялізаванай літаратуры. Прыдалася і “Палеская хроніка” Івана Мележа, дзе апісваюцца тэхналогіі прыручэння прыроды. Ці ж не вартыя пераймання такія апантанасць ды ініцыятыва?..

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Мы не надыхаемся Беларуссю. Падаецца, у яе няма межаў. Не, дакладней кажучы, мяжы няма ў таленавітасці нашых суразмоўцаў і новых сяброў ды знаёмых. Сустракаем такіх, куды б ні рушылі. Не проста сустракаем, а потым пішам пра іх ініцыятыўнасць ды крэатыў, а яшчэ імкнёмся і самі ўзбагаціцца. З Барысам Шаўцовым, да прыкладу, гутарылі пра творчасць, прадпрымальнасць і чалавечнасць ледзь не цягам усёй ночы. І зводзілася тая размова да аднаго: чалавек здольны на ўсё — было б жаданне. А каб яшчэ і не было перашкод…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"