Большасць такіх творцаў — былых франтавікоў і партызан — я добра ведаў, з некаторымі блізка сябраваў, і таму — да іх, людзей з чыстым сумленнем — у мяне трапяткія адносіны. У розныя часы я шмат пісаў пра іх і ў сродках масавай інфармацыі, і ў кнігах — напрыклад, пра Л.Шчамялёва і М.Савіцкага, С.Селіханава і Я.Зайцава, А.Бембеля і А.Глебава, І.Пушкова і М.Зялёнкіна, М.Гуціева і С.Раманава, В.Вярсоцкага і Т.Паражняка, пра іншых пераможцаў Вялікай Айчыннай.
У вядомага паэта-партызана Анатоля Астрэйкі ёсць цудоўны верш пра такіх мастакоў:
Бывае, смутак душу агартае…
Тады ў музей мастацкі я іду,
І смутак мой, нібы туман, знікае —
З жыццёвай праўдай гутарку вяду.
Сустрэчы рады з кожнаю карцінай,
Перад табой нямею, прыгажосць.
Я слаўлю тых, хто след для нас пакінуў
Пра родны край, пра нашу маладосць.
Гэтыя пранізлівыя па душэўнай чысціні паэтычныя радкі цалкам адносяцца і да народнага мастака БССР, былога партызана Віктара Аляксандравіча Грамыкі — кавалера ордэнаў Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, медалёў “За адвагу” і “Партызану Айчыннай вайны 1 ст.”, а таксама ордэна Францыска Скарыны і ордэна Айчыны 3 ст., Залатога медаля ВДНГ і сярэбранага медаля М.Грэкава.
Я добра ведаў Віктара Аляксандравіча, амаль дзесяць гадоў працаваў з ім у апараце Саюза мастакоў БССР, дзе ён двойчы ўзначальваў гэтую творчую арганізацыю, часта сустракаўся з мастаком у яго майстэрні і на кватэры ў нашым “сурганаўскім” доме, разам рыхтавалі матэрыялы да розных мастацкіх пленумаў і з’ездаў. І што б мы ні абмяркоўвалі, якія б мы праблемы ні закраналі, тэма мінулай вайны заўсёды выходзіла ў нашых гутарках на першы план. І гэта зразумела. Вось яго няпоўны паслужны спіс баявой дзейнасці ў час Вялікай Айчыннай: член падпольнай групы антыфашысцкага супраціўлення ў Оршы, разведчык брыгады Канстанціна Заслонава, кулямётчык, камісар 13-га атрада Смаленскага палка асобага прызначэння, адказны сакратар партызанскай газеты “Народны мсцівец”.
Так, гэты чалавек быў асобай унікальнай. Шчыры патрыёт зямлі беларускай — без дэманстрацыі напаказ; бліскучы жывапісец і педагог-прафесар, з-пад крыла якога выйшла некалькі пакаленняў творцаў; суразмоўца, з кім можна гаварыць бясконца не толькі ўласна пра “справу жыцця” — выяўленчую культуру, а і пра наогул “філасофію быцця”: ад таямніц космасу да сутнасці ваеннай прозы Васіля Быкава, партрэт якога мастак калісьці намаляваў з натуры. А яшчэ ён быў здольным мемуарыстам, сумленным і прынцыповым чалавекам, што датычыцца маральнага стрыжня асобы ды грамадства ў цэлым.
Жывапісец яркай метафарычнасці, складанай алегарычнасці, ён у сваіх найлепшых фігуратыўных карцінах і панарамных пейзажах заўсёды імкнуўся да шматпланавага змястоўнага падтэксту. А падтэкст, дакладней — дэвіз, у яго быў адзіны ў сваім родзе — “убачыць Зямлю ўсю”, які можна з поўным правам аднесці цалкам да ўсяго мастацтва Віктара Аляксандравіча. Бо гэтая Зямля з вялікай літары — галоўная і асноватворная тэма яго мастакоўскага жыцця: зямля, абпаленая агнём вайны і палітая крывёю; зямля, абноўленая пасля Перамогі; зямля і на ёй — чалавек, цудоўны ў сваёй існасці і дабрыні.
Віктар Грамыка. "Яблыкі ўраджаю 1941 года"
Канешне ж, Віктар Грамыка перш за ўсё быў песняром подзвігу чалавека на вайне. І гэты подзвіг ён бліскуча адлюстраваў не толькі ў сімволіка-алегарычных шматфігурных палотнах, але і ў “карцінных” пейзажах-сімфоніях, якія ён вар’іраваў у розных эмацыйных ключах, звязаных з памяццю пра пражытае-адчутае ў мінулай вайне, бо нялёгкае партызанскае юнацтва стрэмкай засела ў ягоным сэрцы. І плынь гадоў гэтае пачуццё не сцірала, а часам нават абвастрала, і тады рука міжволі цягнулася да пэндзля або да пісьменніцкага пяра (успомнім яго мемуары “Вясёлка над дарогай”).
Віктар Грамыка — рэаліст-рамантык, які выпрацаваў гераічны, узвышаны лад мыслення, дзе жыццёвая праўда неаддзельная ад мары, а эпас — ад пранізлівай лірыкі. Партызанская маладосць падарыла мастаку такую магчымасць і сама атрымала ў ягоных творах сваё высокаэстэтычнае вытлумачэнне. Таму работы гэтыя і сёння вельмі сучасныя: ад знакамітых палотнаў “Песня пра мой атрад”, “Яблыкі ўраджаю 1941 года”, “Успамін пра Нарачанскую пераправу”, “Разведчыкам майго палка прысвячаю”, “Развітанне” да эпічных пейзажных карцін “І неба над намі”, “Зямля беларуская”, “Дарогі залатой восені”... Сучаснасць гэтая — у іх адкрытасці, у павазе мастака да гледача, у майстэрстве зрабіць яго давераным сваіх пачуццяў. У гэтым заключаецца вялікае прынцыповае значэнне і каштоўнасць творчасці Майстра.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №21 за 21 мая.