Пачынаючы здалёк, хацеў бы звярнуць увагу на тое, што гэты прынцып знаходзіць адлюстраванне і ў характары адукацыі. Сёння нават сістэма тэсціравання ведаў скіравана не на вертыкальнае глыбокае веданне прадмета, а на гарызантальнае арыентаванне ў свеце паверхняў. Значна важней паставіць “птушачку” ў патрэбным “акенцы”, чым ведаць пра душэўныя рухі герояў Васіля Быкава. Рэальнасць крыецца ў паверхнях. Менавіта ў гэтай павярхоўнай зададзенай рэальнасці мы і жывём. Гэта рыхтуе нас да той па азначэнні зададзенай ролі, якая па ідэі адводзіцца паспяховым людзям сёння.
Распіяраныя прыклады алігархаў — тых жа Абрамовіча і Беразоўскага (апошні — прафесар матэматыкі, між іншым, але акурат да гэтай акалічнасці ніхто не звяртаўся) — дэкларуюць прыярытэт кемлівасці перад грунтоўнымі ведамі. Акрамя ўсяго іншага, грунтоўныя веды даволі цяжка выявіць. Нам зразумела, чаму такія папулярныя серыялы пра паліцэйскіх у адстаўцы і нібыта ўсемагутных бандзюкоў: там у людзей ёсць інстынкт неадкладнага рэагавання. Яны працуюць у рэальнасці, што дынамічна развіваецца і не мае схільнасці да разваг. Гэтая рэальнасць запускае іх у вузкі тунэль прынятага рашэння, дзе няма месца канструктыўнаму сумневу. Як творца я таксама бягу ў тунэлі ўсеагульнага чакання. Як правіла — у нікуды.
Пазітыўнай якасцю кемлівасць сёння лічыцца і сярод людзей творчых. На жаль, я не магу прывесці дарэчных прыкладаў з беларускай культуры: наш культурны асяродак проста недастаткова структураваны. Таму возьмем прыклады з той жа расійскай культуры. Такія базавыя каштоўнасці, як прыродны талент, нешараговыя здольнасці, нярэдка абясцэнены. Вось, скажам, як можа выстаяць задумлівы Аляксандр Сакураў перад энергічным Дзмітрыем Астраханам? Хто такі Мікалай Баскаў з яго ў патэнцыі адметным голасам? Затое абмяркоўваюцца шлюбы-разводы, заляцанні, імкненне да свядомага кітчу (гэта значыць — свядомае жаданне падмануць).
І так можна доўжыць бясконца, раскрыўшы кожны калякультурны таблоід. Але прычына тут, вядома, — чыста чалавечая. Мы сталі жыць лепш, і роля тых гукаў, якія мы чуем, або карцінак, што мы бачым, змянілася. Чалавек натуральным чынам стаў паспяховым спажыўцом, адзначаючы свой духоўны рост тымі тэхналагічнымі навінкамі, якія ён набывае. У сілу гэтай падмены роля мастацтва кардынальна змяняецца. Тэхналагічны прагрэс прапаноўвае дакладную ўпісанасць чалавека ў навакольнае асяроддзе. Драматычнае напружанне сапраўднага мастацтва тут відавочна залішняе. Спектр эмоцый натуральным чынам драбнее, замацоўваючыся ў дыяпазоне ад замілавання да іроніі. Па сутнасці, кожная моцная гуманітарная ідэя становіцца непатрэбнай.
Пра Таркоўскага ўжо, у цэлым, забыліся. Фон Рыер, які месцамі яму сумаштабны, па вялікім рахунку, таксама не патрэбны. Штосьці накшталт Вудзі Алена сёння ідэальна ўпісваецца ў кантэкст. Замест руху думкі слізгаценне па паверхні — пазнакі інтэлекту. Маячок. Знак. Адназначнасць. І тут, натуральным чынам, мы выходзім на пэўную форму блокбастара ў кіно. Спілберг задаў моду “Выратаваннем радавога Райна”, на што Расія адказала “Стомленымі сонцам”, “Легендай № 17” і г.д. Нават “Беларусьфільм” вёў баталіі на гэтым полі зручнага для гледача рэжысёрскага разумення гісторыі, якое павінна быць камфортным.
Сёння патэнцыйны спажывец усё менш “бярэ да галавы” — ён прымнажае вакол сябе нашпігаваныя чужым розумам бліскучыя паверхні. У яго столькі сяброў у “Фэйсбуку”, столькі “карыснай” інфармацыі ў межах аднаго дотыку, што прымнажаць такую інфармацыю думаючы самому, не мае сэнсу.
Каментарыі: