Колькі слоў пра карціну майстра. “Вечнае вяртаннне” — гэта бясконцыя і вынаходлівыя варыянты аповеду аднаго сюжэта. Аднакурснік завітвае да аднакурсніцы з просьбай параіць яму штосьці ў складанай жыццёвай сітуацыі. Ён закахаўся, і не можа выбраць: ці яму застацца з жонкай, ці сысці да каханкі. Мужчына пакутуе, пытаецца, турбуе каляжанку, усе адказы яму не падабаюцца, ён сыходзіць і… зноў вяртаецца.
Сітуацыя, у якой апынуўся герой, актуальная ва ўсе часы: яна здараецца з людзьмі розных узростаў і характараў. Менавіта гэтую прадказальнасць чалавечай натуры вылучае і абыгрывае аўтар, адмысловым чынам распавядаючы дылему героя некалькі разоў. У выкананні любімых акцёраў Кіры Муратавай — Георгія Дзяліева, Наталлі Бузько, Алы Дзямідавай, Алега Табакова, Рэнаты Літвінавай, Сяргея Макавецкага — гісторыя “бясконца” паўтараецца: у кожнай пары — на свой лад, але з аднолькавым тэкстам. Па сутнасці, гэта вечнае вяртанне “знаёмай тэмы” — і немагчымасць яе вырашэння. Гэта чалавечая прырода, якая не песціць нас сваёй дасканаласцю.
Гісторыя стварэння карціны
— Насамрэч, на самым пачатку гэта мусіў быць кінаальманах. Пяць кінанавел, якія мы хацелі здымаць: дзве — мае, і тры — іншых аўтараў. Але прадзюсар сказаў, што гэта вельмі дорага і, увогуле, кінаальманахі сёння не ў модзе. Зрухаў не назіралася. Тады і з’явілася думка з дапамогай паўтораў зрабіць з маёй навелы поўнаметражны сцэнарый. Напрыканцы яго я дапісала: папярэдні тэкст тройчы паўтараецца трыма парамі акцёраў — мужчынам і жанчынай. І мы запусціліся.
Калі пачаўся падрыхтоўчы перыяд карціны і рэпетыцыі, узнікла ўсё ж больш, чым тры пары. Хтосьці ў гэтым працэсе адсейваўся, хтосьці ўзнікаў, але мне спадабалася шмат варыянтаў, і ў выніку засталося сем пар. Яшчэ нарадзіліся і дадатковыя сцэны. Спачатку іх было дзве, але падумалася: герой — ён жа такі зануда, ён увесь час будзе вяртацца. І ўзнікла яшчэ адна сцэна, а потым я напісала яшчэ адну. У выніку вышлі на чатыры “вяртанні”.
Пра рэпетыцыі і малабюджэтны кінематограф
— Рэпеціравалі мы доўга: каля чатырох месяцяў. Падрабязна. Прадзюсар быў упэўнены, што будзем выкарыстоўваць гэтыя пробы. І потым здзівіўся, што патрэбна камера нармальная, дэкарацыі, трэба ўсё фіксаваць наноў. Але за гэты час ён ужо трохі прызвычаіўся і ўцягнуўся.
Над дэкарацыямі ў карціне працаваў Яўген (Яўген Галубенка — мастак, сцэнарыст, муж Кіры Муратавай, які, дарэчы, суправаджаў яе на "Лістападзе-2013". — Д.А.). Атрымалася, што гаспадынь у нас было больш, чым інтэр’ераў, і тут магла дапагчы толькі пэўная трансфармацыя пакояў. Як можна гэта зрабіць пры абмежаванасці сродкаў? Вядома, з дапамогай мастацкага афармлення. І ўсе тыя дэкаратыўныя аб’екты, работы, што вы бачыце ў інтэр’ерах, Яўген зрабіў сам.
У цэлым, гэта і называецца малабюджэтным кінематографам.
Пра галоўнага героя
— “Галоўны герой” гэтай карціны, насамрэч, — мантаж. Калі пачалі праглядаць зняты матэрыял, мы сталі выразаць самае цікавае ў кожнай пары, рытмічна гэта выкладваць, перастаўляць. Мантаж — гэта драматургія кадра, а драматургія — гэта мантаж слоў. Больш за ўсё гэта мяне і цікавіла ў стужцы. І сталася тут маім захапленнем.
У “Вечным вяртанні” форма становіцца зместам. Стужка так сканцэптуалізавана, “пашыта”, што яе форму, кампазіцыю нельга адарваць ад зместу. Ведаеце, у Яўгена ёсць такі цыкл калажаў. Вы маглі іх бачыць у фільме, работы вісяць у дэкарацыях: рамкі розных форм — круглыя, квадратныя… Унутры адной рамкі — гэткая ж па форме, толькі меншая, і яшчэ адна, і яшчэ… Адбываецца такая гульня. Так і мой фільм чымсьці перагукаецца з гэтым творам. У рэшце рэшт, што такое рамка? Здаецца — другасная форма, але гэта не так. І яна можа стаць зместам. Мне дадзеная ідэя вельмі даспадобы, бо яна ілюструе штосьці вельмі глыбокае пра мастацтва.
Адно і тое ж
— Чаму фільм мае назву “Вечнае вяртанне”? Гэтае выслоўе выкарыстоўвалі не толькі Ніцшэ ці Томас Ман. У 1943-м годзе Жан Дэлануа зняў стужку з такой жа назвай па сцэнарыі Жана Както. У яго карціне гаворка ідзе пра вядомую гісторыю Трыстана і Ізольды: гэтыя героі, закаханыя, на думку аўтара, увесь час расстаюцца і злучаюцца, расстаюцца і злучаюцца — адсюль і “вечнае вяртанне”. Урэшце, гэтая думка — усе тэмы, гісторыі лунаюць у паветры, — гучала ўжо неаднаразова. Як і тое, што сюжэты казак падарожнічаюць з народа ў народ.
У мяне было адразу некалькі варыянтаў назвы майго фільма: “Аднакурснікі”, “Кінапробы” і нават “Дамскае рукадзелле ў духу Казіміра Малевіча”, аднак апошні падаўся мне надта прэтэнцыёзным. А вось “Вечнае вяртанне” адпавядала галоўнай задуме. У мяне таксама ўсё паўтараецца: з рознымі людзьмі, акцёрамі тут адбываеца адно і тое ж. Хачу сказаць, што ў цэлым маё кіно — пра разнастайнасць аднастайнасці людзей і пра іх аднастайнасць разнастайнасці…
Тым не менш, бліжэй да сярэдзіны карціны ў рэчышча фільма ўмешваецца нечаканая сцэна з прадзюсарам і спонсарам, якія адгледжваюць зняты матэрыял нібыта загінулага рэжысёра. Спонсар вагаецца, ці даваць яму сродкі на будучую стужку. Гэтая сцэна і далейшае развіццё лініі прадзюсіравання кіно, механізма здабычы сродкаў на стварэнне арт-прадукту дадае новы фрэйм, рамку асноўнага матэрыялу карціны. Па сутнасці, рэжысёр адсылае гледача і да праблем сучаснай кінавытворчасці, рэалій, у якіх вымушаны працаваць стваральнікі аўтарскага кінематографа. І менавіта за гэтае дасціпнае звяртанне да праблем кіно, за кіно пра кіно, стужка Кіры Муратавай была адзначана спецыяльным прызам журы “Лістапада” — “За эстэтычную дзёрзкасць”. Тым не менш, не магу не адзначыць пэўнай умоўнасці, фармальнасці дадзенага ходу.
Пра савецкі і сучасны кінематограф
— Сёння знайсці грошы на свае фільмы мне вельмі цяжка. Нават не хочацца пра гэта гаварыць. Але я зусім не сумую па савецкіх часах. Аніякай настальгіі. У той час мае карціны ўвогуле клалі на паліцу, і ўсё клеймавалі: маўляў, я ганьблю нашу рэальнасць, здымаю немаведама што…
Я магу смела называць сябе чалавекам перабудовы. Гэты перыяд стаўся для мяне самым плённым: раптам чамусьці ўсе пачалі называць мяне геніем і галоўнае — дазволілі здымаць усё, што пажадаю. З 1986-га па 1989-ы, калі мне ўдалося стварыць “Перамену долі”, “Астэнічны сіндром”, быў “залаты” перыяд. Тады “Дзяржкіно” СССР страціла адну ідэалогію і яшчэ не ўсталявалася ў іншай, а творцы сталі адносна вольнымі. Сёння ж мы становімся рабамі камерцыйнага падыходу да кіно…
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА