Выстаўка мела назву “PROFECTUS”, што ў перакладзе азначае “рух наперад”. Мяркую, дадзенае вызначэнне адпавядае зместу экспазіцыі, рэаліям навучальнага працэсу ў каледжы і ў пэўнай ступені адлюстроўвае гісторыю “Глебаўкі”. Працяглы час Мінскае мастацкае вучылішча было адзінай у Беларусі кузняй прафесійных кадраў для выяўленчага мастацтва, і праз гэта яго дыплом лічыўся досыць прэстыжным. Але са з’яўленнем Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута яно згубіла ў вачах абітурыентаў частку іміджа і стала ўспрымацца чымсьці накшталт падрыхтоўчых курсаў для мастацкага факультэта БДТМІ. І насамрэч узровень курсавых і дыпломных работ студэнтаў Інстытута ды навучэнцаў Вучылішча-каледжа істотна адрозніваўся. Але зараз ёсць прафесія “дызайнер”, дзе крытэрыі прафесіяналізму не такія акрэсленыя, як у выяўленчым мастацтве. Дызайнераў “сярэдняга звяна” рыхтуюць сёння і ў каледжы імя А.К. Глебава. І трэба адзначыць, што дызайнеры-“глебаўцы” ў спецыяльных дысцыплінах — малюнку ды жывапісе — могуць даць фору студэнтам творчых ВНУ (за выключэннем БДАМ), бо тут камп’ютар яшчэ не выціснуў канчаткова з навучальнага працэсу аловак і пэндзаль.
А дыпломныя работы жывапісцаў ды скульптараў каледжа па якасці набліжаюцца да курсавых, што робяць у Акадэміі мастацтваў. Цікаўныя маглі пераканацца ў гэтым, наведаўшы выстаўку “PROFECTUS”.
У экспазіцыі былі прадстаўлены досыць цікавыя дызайнерскія распрацоўкі навучэнцаў каледжа, такія як сувенірны канструктар “Нясвіжскі палац” (няхай беларускія дзеці выхоўваюцца на айчынных гістарычных рэаліях!) або навучальны дапаможнік па тэме “Супрэматызм”. Гэта рэчы, якія хоць зараз можна запускаць у тыраж. Наведвальнікаў выстаўкі таксама маглі прыемна здзівіць жывапіс і скульптура — відаць, нездарма навучэнцы каледжа неаднаразова станавіліся лаўрэатамі ды прызёрамі конкурсаў у Беларусі, Балтыі, Польшчы, Расіі.