У актыве Алега Аркадзьевіча — шматлікія артыкулы і публіцыстычныя нарысы ў тагачасным усесаюзным, а таксама рэспубліканскім друку, манаграфіі, альбомы, прысвечаныя творчасці беларускіх мастакоў. Апроч таго, як мастак-практык ён — аўтар многіх музейных, выставачных экспазіцый, дызайнерскіх праектаў афармлення інтэр’ераў буйных будынкаў. Яму даводзілася працаваць разам з А.Анікейчыкам, М.Савіцкім, А.Кішчанкам, Г.Вашчанкам, Б.Заборавым, сябраваць з выдатнымі савецкімі і замежнымі крытыкамі, бо ён меў высокі аўтарытэт як мастацтвазнаўца-прафесіянал, яркі майстар дыскусій, што валодаў энцыклапедычнымі ведамі і незвычайнай мастакоўскай інтуіцыяй.
Таленавіты, разумны, камунікабельны, прывабны, прынцыповы ў пытаннях мастацтва, адданы сяброўству і любові, ён стварыў сябе сам і як мастацкі крытык зрабіў вельмі значны ўплыў на наступнае пакаленне беларускіх мастацтвазнаўцаў ды журналістаў.
Чатыры гады таму ён сказаў на адкрыцці сваёй юбілейнай выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі: “Думаючы аб пражытых гадах, я ўдзячны лёсу за дачыненне, прыналежнасць да тых людзей і тых працэсаў у мастацтве, якія сталі часткай нацыянальнай культуры ХХ стагоддзя…”
Менавіта так. Будзем заўсёды помніць гэтага цудоўнага чалавека, жыццё якога было цалкам аддадзена Яго Вялікасці Мастацтву...