— Якія чаканні звязаны ў вас з “Лістападам”? Вельмі цікава даведацца ваша меркаванне пра мінскі кінафорум, яго праграму. Стужкі якіх рэжысёраў асабліва чакаеце?
— Фестываль — гэта заўжды свята, тым больш — добры фестываль, да якіх я ўжо колькі гадоў смела далучаю “Лістапад”. Чакаю сустрэч з калегамі-сябрамі з розных краін, чакаю новых незвычайных карцін. Прызнацца, усе праграмы для мяне — надзвычай цікавыя.
— Якая роля вам імпануе больш: старшыні журы або ўсё ж такі ўдзельніка кінафоруму?
— Не трэба хітраваць: быць старшынёй журы — ганарова. Мне вельмі даспадобы мая “роля” на “Лістападзе-2012”. Але, з іншага боку, кінафорум паказвае, няхай і па-за конкурсам, мой новы фільм, ладзіць нацыянальную прэм’еру. Гэта — прыгожа!
— Тады традыцыйнае пытанне для старшыні журы: якія вашы крытэрыі таленавітага дакументальнага кіно?
— Талент тым і цудоўны, што ў яго няма крытэрыяў ды правілаў. Растлумачыць талент цяжка, калі ўвогуле магчыма. Але затое адсутнасць яго заўжды відавочная...
— У рамках Мінскага кінафоруму, як вы ўжо адзначылі, адбудзецца прэм’ера вашай новай карціны “Незвычайная Бенька”. Вядома, што вы вельмі скрупулёзна ставіцеся да выбару герояў сваіх карцін…
— Аднойчы я трапіла на канцэрт Светы. Гэта было вельмі прафесійна, яскрава, але ў мяне было адчуванне, што нешта падобнае я ўжо бачыла. Мінула гадоў пяць. Многае змянілася. Света нарадзіла яшчэ адну дачку, напісала новыя песні. І калі мы распачыналі працу над фільмам, я ўсё ж такі па-сапраўднаму не разумела, з кім маю справу. Сёння, скончыўшы стужку пра яе, прайшоўшы разам з ёю шмат канцэртаў (а мы здымалі канцэрты гурта “Сярэбранае вяселле” ў Мінску, Брэсце, Адэсе, Санкт-Пецярбургу, дома ў клоўна Вячаслава Палуніна пад Парыжам), я думаю, што яна — геній. Так бывае. Бенька — паэт, кампазітар, актрыса і рэжысёр. Незвычайная, цудоўная і вельмі прафесійная! Я вельмі рада, што мы знялі пра яе кіно, бо стужка дзякуючы Свеце атрымалася радасная. Такі, ведаеце, фільм шчасця, які можна глядзець, перамотваць назад, скапіраваць, падарыць сябру…
— На ваш погляд, чым сёння прываблівае гледача дакументальнае кіно?
— Сёння, зрэшты, як і заўжды, такая колькасць сумных фільмаў! І глядач сёння, зрэшты, як і ўчора, такі розны! І разважаць пра тое, што прываблівае кагосьці, я не стала б. Але ў мяне ёсць вера, што добрае і сапраўднае кіно абавязкова знойдзе свайго гледача…
Нагадаем, на мінулым фестывалі фільм Галіны Адамовіч “Інакіня” атрымаў спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За гуманізм і духоўнасць у кіно”.