А між тым, у свой час ён перамог Мікалая Баскава (у 2000 годзе на Усерасійскім конкурсе вакалістаў “Bella voce” ў Маскве Баскаў атрымаў Трэцюю прэмію, а наш Александровіч — Першую).
Уладзімір жыве цяпер у Санкт-Пецярбургу, гастралюе ў Расіі і за мяжой. Спеваку з унікальнымі данымі апладзіруе Еўропа, яго адзначаюць крытыкі. Цудоўны бас-барытон, якім валодае Уладзімір, — плён бясконцых стажыровак. Прычым — менавіта ў Італіі, на радзіме бельканта. Ён навучаўся ў такіх мэтраў вакальнай культуры, як М.Фрэні, Б.Тэрфель, П.Дамінга, А.Эйзен, Р.Касотта, апошнім часам — у Франка Пальяцы.
Спявак — прызнаны майстра найтонкай камернай лірыкі. Сярод вобразаў, увасобленых ім на тэатральнай сцэне, — Барыс Гадуноў у аднайменнай оперы М.Мусаргскага, Млынар у “Русалцы” А.Даргамыжскага, Рэнэ ў “Іаланце” П.Чайкоўскага, Кароль Філіп у оперы Дж.Вердзі “Дон Карлас”...
А пачыналася ўсё з Беларусі. З 1993 па 1996 год ён навучаўся ў Маладзечанскім ПТВ № 135 і атрымаў спецыяльнасць электраманцёра. Затым з адзнакай скончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча імя Агінскага. Прайшоў школу выдатнага педагога Пятра Пятровіча Туронка. Пасля гэтага цудоўна здаў іспыты па музыцы, акцёрскім майстэрстве і спецыяльнасці ў Ніжагародскую дзяржаўную кансерваторыю. Ён быў адзіным з абітурыентаў, хто атрымаў усе адзнакі “10” на ўступных экзаменах. Паступіў у 1999 годзе ў клас педагога А.М. Сядова.
Будучы першакурснікам кансерваторыі, Уладзімір па вечарах працаваў электраманцёрам у оперным тэатры ў Ніжнім Ноўгарадзе. Хутка яго прынялі стажорам, а затым салістам у оперную трупу Ніжагародскага акадэмічнага тэатра оперы і балета. А далей — адна за адной перамогі на конкурсах, запрашэнні на прэстыжныя праекты, канцэрты, выступленні.
А пакуль пры кожным выпадку спявак наведвае родны горад. І абавязкова завітвае ў навучальныя ўстановы, якія далі яму пуцёўку ў жыццё. Тут заўсёды адкрыты дзверы для дарагога выпускніка. Ды і сам Уладзімір з вялікім задавальненнем сустракаецца са сваімі педагогамі ды сябрамі. Апошнія яго візіты былі вельмі плённымі: ён правёў некалькі майстар-класаў, даў парады тым, хто хацеў бы звязаць свой лёс з музыкай і атрымаць адпаведную адукацыю. А сярод сённяшніх выпускнікоў прафесійна-тэхнічнага каледжа ёсць тыя, хто, як некалі і сам Уладзімір, збіраюцца паступаць у Маладзечанскі музычны каледж імя Агінскага.
Дарэчы, у лістападзе, калі ў нас плануецца канцэрт, прысвечаны 35-годдзю спевака, Уладзімір Александровіч выступіць у суправаджэнні Заслужанага калектыву "Сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа” пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры краіны Рыгора Сарокі.
Наталля СЯНЬКО
Маладзечна