Год таму Мікалай Пашынскі казаў пра набалелую праблему "Славянскага базару...": на фестываль заўсёды з'язджаецца шмат мастакоў, а месца для годнага размяшчэння іх работ не хапае. Прадказваў ён і шляхі вырашэння гэтай праблемы: ператварыць у "жывы вернісаж" пешаходную частку вуліцы Суворава, якая "выпраменьваецца" літаральна ад ратушы - у самай "актуальнай" частцы горада.
Сустрэўшыся з Мікалаем Пятровічам праз год, пачуў, што задума ўжо вось-вось ажыццявіцца. Менавіта на запланаваным раней месцы паўстане новы цэнтр увагі фестывальнай публікі - той самы мастакоўскі вернісаж. Прычым сувеніраў серыйнай вытворчасці, прадаўцы якіх раней імкнуліся "прысуседзіцца" да мастакоў, на "віцебскім Манмартры" вы не знойдзеце: месца там прадугледжана толькі для аўтарскіх работ.
Зразумела, што тэрыторыя, адведзеная для народных умельцаў, з гэтай нагоды зусім не зменшыцца. Інавацый тут ніякіх не будзе: колішнія Саляныя склады зноў стануць эпіцэнтрам "Горада майстроў". Адпаведна, усе ўдзельнікі фестывалю - ад зорак эстрады да жыхароў суседніх вуліц - ізноў здолеюць выбраць адзін з тысячаў сувеніраў на свой густ. Прычым, зноў паўтаруся, не серыйных, а - менавіта арыгінальных. Паводле добрай завядзёнкі, у Цэнтр народных промыслаў з'едуцца ўсе 28 дамоў рамёстваў Віцебшчыны - краю, які ў свой час спарадзіў моду на гэтыя ўстановы.
- Сёння ў нас у гэтай сферы нават існуе своеасаблівае спаборніцтва, бо ўсе ўсведамляюць, што Дом рамёстваў - важны фактар прэстыжу раёна, - кажа Мікалай Пашынскі. - Старшыні райвыканкамаў прыглядаюцца да суседзяў, параўноўваюць: у каго лепей? І калі хто бачыць, што яго край адстае, дык адразу шукае магчымасці, каб скараціць "дыстанцыю" і вырвацца наперад.
Добрая традыцыя "Горада майстроў" - асаблівая канцэнтрацыя ўвагі на адным пэўным відзе ўмельстваў. Летась гэта былі маляванкі, сёлета ж, і ўжо не ўпершыню, - саломкапляценне. Пакуль удзельнікі конкурсу будуць змагацца за статус лепшага, уніклівыя гледачы паспеюць разгледзець тэхналогіі народных сакрэтаў.
Зрэшты, "брэнд" Віцебшчыны - не толькі яе традыцыі. Назва сталіцы фестывалю фігуруе ў кожнай даследчыцкай працы пра авангарднае мастацтва 20-х гадоў. Праўда, арыгіналы большасці твораў, натхнёных у гэтым горадзе (і ім самім), сёння знаходзяцца далёка за яго межамі. Іх вяртання чакаць наўрад ці выпадае: яны - у найпрэстыжнейшых музеях свету.
Хаця, па вялікім рахунку, Казімір Малевіч тварыў зусім не для музеяў. І калі б ён убачыў ажыццяўленне сваіх задум у выглядзе вулічнага графіці, зробленага віцебскімі мастакамі напярэдадні нядаўняга Свята горада, дык, мабыць, быў бы ўсцешаны куды больш, чым з нагоды чарговага павышэння цаны свайго імя на аукцыёне "Сотбіс".
Наведаўшы з тузін еўрапейскіх гарадоў, турыст міжволі адзначае своеасаблівае спаборніцтва між імі ў "намінацыі" "Таннае манументальнае мастацтва". Хтосьці ўпрыгожвае свае вуліцы незлічонымі каровамі, хтосьці - расфарбаванымі ў колер вясёлкі мядзведзямі, хтосьці - крэсламі "ў форме змяі"... Але навошта Віцебску вынаходзіць "Чорны квадрат"? Калі творы яго геніяў пачнуць рэгулярна з'яўляцца на сценах будынкаў, гэта будзе нават больш дзейсны ход папулярызацыі іх імёнаў, чым правядзенне выставак у музейных сценах.
наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Віцебск - Мінск