Тэмпературныя выпрабаванні
Цяпер самы час распавесці пра сутнасць скідзельскай "бібліятэчнай" праблемы больш падрабязна. Як ужо згадваў, у рэдакцыю прыйшоў ліст са Скідзеля ад Іллі Аляксандравіча Барысава. У ім 82-гадовы ветэран Вялікай Айчыннай вайны распавёў спачатку пра ўзнікненне ўстановы культуры. А гісторыя яе сягае ажно ў другую палову 1920-х гадоў, калі бібліятэка размяшчалася ў адной з хат местачкоўцаў. У такім "хатнім" выглядзе ўстанова праіснавала да канца 40-х гадоў і толькі ў пасляваенны час надоўга асталявалася ў аднапавярховым драўляным будынку, што знаходзіцца ў цэнтры Скідзеля. Будынак з пячным ацяпленнем меў спрыяльныя ўмовы для працы. Праблемы, як напісаў Ілля Барысаў, пачаліся ў 2008-м, калі Скідзель святкаваў 500-годдзе. Бібліятэку перавялі са старога будынка на другі паверх універмага мясцовага спажывецкага таварыства, што месціцца таксама ў цэнтры горада. Вось некаторыя вытрымкі з ліста Іллі Аляксандравіча: "...Памяшканне на другім паверсе не адпавядала патрабаванням усіх катэгорый чытачоў, а іх больш за 1600..."; "...Не так проста пераадолець састарэламу чытачу пад сорак прыступак, а для інвалідаў бібліятэчная зала стала зусім недасягальная..."; "Многія чытачы, пераадольваючы прыступкі з дапамогай парэнчаў, парвалі адзенне аб цвікі, дрот ды іншыя жалезкі, якія з іх тырчалі..."; "Да гэтага часу бібліятэка не тэлефанізавана..."; "Чытачам нельга даведацца, ці ёсць патрэбная літаратура, даводзіцца за некалькі кіламетраў ісці ў бібліятэку і часта бывае - дарма..."; "...Сістэма ацяплення парушылася, вядуцца работы па яе абсталяванні наноў..."; "...У гэтых умовах Ніна Гамулецкая, бібліятэкар, цэлы рабочы дзень выконвае свае абавязкі...".
Да таго ж, Ілля Барысаў у сваім лісце распавёў пра тое, што на пасадзе другога бібліятэкара часта змяняюцца людзі: пасля зімы 2008 - 2009 года "з Надзеяй Габаян (Другі бібліятэкар. - Ю.Ч.) не прадоўжылі кантракт, вызвалілі ад пасады <...>, узялі маладога спецыяліста на яе месца, педагога па адукацыі, якая праз восем месяцаў звольнілася, не вытрымаўшы пакут". І яшчэ: стары будынак бібліятэкі цяпер амаль не выкарыстоўваецца, як піша Ілля Барысаў, "перадалі яго Гарадскому таварыству інвалідаў. Адкрываецца будынак на дзве гадзіны ў аўторак. І ўсё. У астатнія дні тут раздолле мышам". Ветэран вайны патлумачыў, чаму ён неабыякавы да лёсу ўстановы: "Яна не толькі мая равесніца, <...> я з'яўляюся яе пастаянным чытачом многія дзесяцігоддзі. <...> Са сваёй асабістай бібліятэкі падарыў паўсотні кніг, якія псуюцца ад перападу тэмператур, як і ўвесь кніжны фонд у 20 тысяч экземпляраў". Напрыканцы свайго ліста ветэран прапанаваў і шляхі выйсця з дадзенай сітуацыі: "Вярнуць бібліятэку на месца, устанавіўшы там аўтаномнае ацяпляльнае абсталяванне, або перавесці яе з другога паверха універмага на першы, а гандлёвую залу абсталяваць на другім. У гэтых умовах кніжны фонд будзе даступны ўсім катэгорыям чытачоў, нават інвалідам-калясачнікам". І напрыканцы - апошняя фраза з ліста: "Гэтае пісьмо - мой боль і крык душы, каб выратаваць культурную ўстанову".
Пазіцыя аддзела культуры
Рэдакцыя адправіла ліст Іллі Барысава на рэагаванне начальніку аддзела культуры Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта Ігару Лябецкаму. Адказ давялося чакаць даволі доўга, карэспандэнт "К" неаднаразова тэлефанаваў Ігару Уладзіміравічу і нагадваў пра адпраўленае пісьмо... Нарэшце з Гродна прыйшоў адказ ад Ігара Лябецкага. У ім начальнік аддзела культуры паведамляў: "Стары будынак бібліятэкі даваеннай пабудовы не меў водазабеспячэння і каналізацыі, патрабаваў капітальнага рамонту. Аднак, згодна з сучаснымі нормамі і патрабаваннямі, было немагчыма размясціць на 170 квадратных метрах звыш дваццаці тысяч экземпляраў кніжнага фонду, чытальную залу і стварыць камфортныя ўмовы наведвальнікам. Згодна з Праграмай захавання і развіцця культуры, у Гродзенскім раёне былі запланаваны камп'ютэрызацыя бібліятэкі, абсталяванне спецыяльных месцаў чытачоў для работы з аўдыёі відэаматэрыяламі, набыццё і ўстаноўка прававой базы. Таму і было прынята рашэнне аб перамяшчэнні бібліятэкі ў вызваленае памяшканне другога паверха магазіна "Універмаг", якое знаходзіцца ва ўласнасці Скідзельскага спажывецкага таварыства". На гэтую ўстанову культуры ў кіраўніцтва Гродзенскага райвыканкама - вялікія планы. "Пасля заканчэння рамонтных работ на базе Скідзельскай гарадской бібліятэкі № 1 плануецца стварыць бібліятэку- Цэнтр сямейнага чытання з зонай адпачынку, мультымедыйным цэнтрам, цэнтрам прававой інфармацыі, абсталяванай чытальнай залай, гульнявым пакоем". А вось як патлумачыла кіраўніцтва аддзела культуры сітуацыю з рамонтнымі работамі, якія вядуцца ва ўстанове: "Правядзенне рамонту ў новым памяшканні планавалася рабіць паступова. Да пераезду бібліятэкі быў адрамантаваны дах і заменены вокны. Бібліятэка пачала функцыянаваць у левым крыле, а ў правым распачаўся рамонт сцен, столі, падлогі.
На гэта было выкарыстана 224 мільёны рублёў". Рамонтныя работы прыпыніліся, як піша кіраўнік аддзела культуры, з-за нізкіх тэмператур у будынку: "Ва універмагу, па віне ўласніка, сістэма ацяплення знаходзілася ў нездавальняючым стане, што і паслужыла прычынай размарозкі батарэй. Гэта, безумоўна, стварыла цяжкасці і для правядзення рамонтных работ, і для працы бібліятэкі, і для наведвальнікаў. Аддзел культуры неаднаразова звяртаўся да кіраўніцтва Гродзенскага раённага спажывецкага таварыства з просьбай і патрабаваннем забяспечыць неабходны тэмпературны рэжым. На сённяшні дзень бібліятэка ацяпляецца, але камфортнай тэмпературы дасягнуць пакуль не ўдалося. У бліжэйшы час плануецца прадоўжыць рамонт памяшканняў, устанавіць бесправадны тэлефон і Інтэрнет". Напісаў Ігар Уладзіміравіч і пра колішні будынак бібліятэкі, які "рашэннем сесіі Гродзенскага раённага савета дэпутатаў перададзены Гродзенскаму абласному таварыству інвалідаў, і не ў кампетэнцыі аддзела культуры сачыць за тым, як ён выкарыстоўваецца". У адказе начальніка аддзела культуры была закранута і кадравая праблема Скідзельскай бібліятэкі. Як напісаў Ігар Лябецкі, былую бібліятэкарку Надзею Габаян звольнілі летась "ва ўзросце амаль 60 гадоў. На вызваленую пасаду быў прыняты работнік з вышэйшай педагагічнай адукацыяй, але праз год маладая жанчына знайшла работу па спецыяльнасці і пачала працаваць у школе". Пасаду другога бібліятэкара цяпер займае іншы чалавек, "Лойша Ала Уладзіміраўна, якая мае сярэднюю адукацыю ў галіне культуры". На вялікі жаль, у лісце начальніка аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама ёсць адказы толькі на некаторыя пытанні, узнятыя ў лісце Іллі Аляксандравіча Барысава. Напрыклад, так і не зразумела, чаму дасюль у бібліятэцы "некамфортна" і людзям, і кнігам, чаму вось ужо другі год нельга тэлефанізаваць установу культуры, чаму людзі рвуць адзенне аб парэнчы, і, нарэшце, чаму так доўга цягнуцца рамонтныя работы? Менавіта з гэтай прычыны на рэдакцыйнай планёрцы было вырашана выехаць у Скідзель і Гродна ды, як кажуць, расставіць усе кропкі над "і" ў гэтай праблемнай сітуацыі.
Асцярожна: цвікі!
Цэнтр Скідзеля выглядае добраўпарадкаваным: прыгожы Дом культуры, свежапафарбаваныя фасады будынкаў, заасфальтаваныя вуліцы, плітка на тратуарах... Нават з першага погляду бачна, што на святкаванне гарадскога юбілею грошай улады не пашкадавалі... Натуральна, сустрэўся з Іллём Барысавым. Разам з ім зайшлі ў Скідзельскую гарадскую бібліятэку № 1. Дарогай ветэран скардзіўся на няўвагу мясцовых улад да праблем установы культуры. Вось і універмаг, звонку вельмі прыстойны. На першым паверсе - магазін прамысловых тавараў. Каб падняцца ў бібліятэку, трэба пераадолець два лесвічныя пралёты, па семнаццаць прыступак у кожным. І сапраўды, парэнчы знаходзяцца ў страшэнным стане: у розных месцах прыкручаны дротам, з іх тырчаць цвікі... Далей - болей. Вялікае памяшканне на другім паверсе падзелена на дзве часткі кавалкам поліэтылену, які звісае са столі. Менавіта такім "дзедаўскім" спосабам рамантуемае памяшканне аддзелена ад працоўнага. З левага крыла нібыта нядаўна пайшлі будаўнікі: з недаробленай столі звісаюць правады, стаяць рыштаванні... У правым крыле працуюць бібліятэкары. І гэтае памяшканне, як відаць "няўзброеным вокам", патрабуе рамонту: шмат у якіх месцах з даху звісаюць кавалкі тынкоўкі... Два бібліятэкары - Ніна Гамулецкая і Ала Лойша - сустрэлі мяне ў куртках. Не дзіва: батарэі ледзь грэюць, у пакоі тэмпература - усяго плюс адзінаццаць градусаў. І ў падобных умовах работнікі працуюць ужо не першы месяц. - Гэта яшчэ што! - паведаміла старшы бібліятэкар Ніна Гамулецкая. - Вось у снежні, калі размарозіліся батарэі, дык працавалі і пры мінусовай тэмпературы, а пасля - і калі было плюс два, плюс пяць... Менавіта тады, па загадзе начальніка аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Ігара Лябецкага, бібліятэкары прыходзілі сюды толькі на чатыры гадзіны ў дзень, а астатні працоўны час знаходзіліся ў дзіцячай установе, што месціцца непадалёк. Напрыканцы снежня - пачатку студзеня ва ўстанове культуры памёрзлі ўсе кветкі, не кажучы ўжо пра тое, што такі "тэмпературны рэжым" даўся ў знакі 20тысячнаму кніжнаму фонду.
Ды і цяпер у бібліятэцы фактычна не працуе чытальная зала: перыёдыку супрацоўнікі выдаюць на дом, бо чытачы адмаўляюцца сядзець у халодным памяшканні. З-за холаду і рамонту пры бібліятэцы вось ужо другі год не праводзяцца пасяджэнні аматарскага аб'яднання "Літаратурна-музычная гасцёўня "Сузор'е талентаў", куды калісьці ўваходзіла 20 - 25 чалавек сталага ўзросту. Пра належнае захаванне кніг пры тэмпературы плюс адзінаццаць градусаў таксама казаць не даводзіцца: паводле існуючых нарматываў, у бібліятэцы павінна быць плюс васемнаццаць. - Будзем прасушваць, праветрываць кнігі, - са скрухай кажа Ніна Гамулецкая, - І спадзявацца, што наступнай зімой сітуацыя з ацяпленнем палепшыцца.
Калі будзе цёпла?
Каб знайсці адказы на ўсе пытанні, завітаў у Гродзенскі раённы выканаўчы камітэт, дзе сустрэўся, у першую чаргу, з начальнікам аддзела культуры Ігарам Лябецкім. Найперш закрануў праблему з ацяпленнем памяшкання бібліятэкі. Чаму ж дасюль ва ўстанове культуры халадэча? - Мы неаднаразова звярталіся да кіраўніцтва Скідзельскага філіяла Гродзенскага спажыўтаварыства, - адказаў мне Ігар Лябецкі, - у чыёй уласнасці знаходзіцца будынак: прасілі, каб арганізацыя забяспечыла цяплом бібліятэку. Але і сёння там не надта камфортна, хоць батарэі ўжо цёплыя. Менавіта нізкая тэмпература ў будынку з'яўляецца прычынай таго, што рамонтныя работы ў Скідзельскай гарадской бібліятэцы № 1 цяпер прыпынены. - Нам літаральна заставалася пакласці да канца падлогу і завяршыць невялікія аддзелачныя работы - шпаклёўку, афарбоўку, - кажа Ігар Уладзіміравіч, - і мы завяршылі б рамонт у левым крыле бібліятэкі яшчэ да канца мінулага года. Тым больш, грошы пад гэта былі выдаткаваны. Але да работ пакуль не прыступаем: чакаем надыходу вясны і цяпла. Бо калі зробім рамонт пры наяўнай тэмпературы, дык выкінем, як кажуць, грошы на вецер: усё роўна трэба будзе ўсё пасля перарабляць. Я вырашыў неадкладна высветліць становішча з ацяпленнем бібліятэкі ў выконваючай абавязкі дырэктара Скідзельскага філіяла Гродзенскага райспажыўтаварыства Лідзіі Шчука: менавіта ва ўласнасці гэтай арганізацыі знаходзіцца будынак універмага. - 17 сакавіка да нас прыязджала камісія, якая правярала якасць выкананых рамонтна-аднаўленчых работ, бо днямі ўсе яны былі завершаны,- распавяла мне Лідзія Іванаўна. - Усе батарэі функцыянуюць, памяшканне праграваецца. Другі паверх цяпер нават больш цёплы, чым першы. Больш падрабязна пра ход рамонтна-аднаўленчых работ распавёў майстар ПУП "СПМК Гродзенскага аблспажыўсаюза" Мікалай Міхалевіч: менавіта яго брыгада была задзейнічана ў аднаўленні сістэмы ацяплення ў памяшканнях універмага. - Адразу ж пасля аварыі прыступілі да ліквідацыі яе наступстваў,- распавёў Мікалай Іосіфавіч. - Усяго ў будынку магазіна размарозілася 331 рабро батарэй. Былі заменены трубы ацяплення і батарэі. У бібліятэку далі цяпло месяц таму, у сярэдзіне лютага. І Лідзія Шчука, і Мікалай Міхалевіч запэўнілі мяне, што паступова ў будынку бібліятэкі будзе больш цёпла. - Будынак універмага даволі працяглы час не абаграваўся, застыў,- кажа Лідзія Шчука. - Таму патрэбны час на тое, каб ён "адагрэўся", тады і ўсталюецца прыдатная тэмпература ў памяшканнях бібліятэкі, якая, спадзяюся, будзе цалкам задавальняць як чытачоў, так і бібліятэкараў. А вось што думае наконт праблемнай сітуацыі з ацяпленнем Скідзельскай бібліятэкі намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама Валерый Клімовіч: - Мы плануем у будучым абсталяваць бібліятэку сваёй аўтаномнай кацельняй, - кажа ён, - каб не залежаць ад райспажыўтаварыства. Гэта, як я лічу, цалкам здыме ўсе пытанні па належным ацяпленні ўстановы культуры.
Справа тэхнічна даволі складаная, але, лічу, вырашальная. А рамонтныя работы ўнутры бібліятэкі плануем давесці да канца менавіта сёлета. Казаць жа пра дакладную дату пачатку рамонтных работ у другім, правым, крыле бібліятэкі пакуль што не выпадае: не дастаткова грашовых сродкаў. Ідэю аўтаномнай кацельні падтрымлівае і намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Маціевіч, да якога я таксама звярнуўся па каментарый: - У нас ёсць установы культуры, абсталяваныя сваімі аўтаномнымі газавымі кацельнямі, - распавядае Сяргей Міхайлавіч, - таму вырашыць гэтую праблему будзе, як мне падаецца, не вельмі складана. Сяргей Маціевіч запэўніў, што ўсе заўвагі, якія ёсць у лісце Іллі Барысава, будуць абавязкова разгледжаны, а выпраўленне сітуацыі ўпраўленне возьме пад кантроль. На днях інжынеры па тэхнічным наглядзе ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама выедуць у Скідзель, каб азнаёміцца з праблемнай сітуацыяй на месцы, а пасля гэтага будуць напісаны рэкамендацыі аддзелу культуры па выпраўленні недахопаў.
Будзе і тэлефон
Вярнуся да гутаркі з начальнікам аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Ігарам Лябецкім. Разам высветлілі ўсе праблемныя пытанні Скідзельскай гарадской бібліятэкі № 1, пра якія згадваў у сваім лісце Ілля Барысаў. Так, напрыклад, зацягнуты рамонт Ігар Лябецкі тлумачыць шэрагам аб'ектыўных прычын. Яшчэ да пераводу бібліятэкі ў іншы будынак на другім паверсе універмага быў адрамантаваны дах, заменены вокны, пафарбаваны фасад. Пасля таго, як бібліятэка апынулася на новым месцы, адразу распачаліся і рамонтныя работы: сцены абшываліся гіпсакардонам, замянялася электраправодка, устанаўлівалася аўтаматычная пажарная сігналізацыя. Усё гэта, зразумела, вымагае часу. Перавод бібліятэкі з другога на першы паверх, як прапаноўваў Ілля Барысаў, не плануецца, бо ў рамонт памяшкання былі ўкладзены вялікія грашовыя сродкі: больш за 200 мільёнаў рублёў. Што да абслугоўвання інвалідаў і пажылых людзей, якім цяжка падымацца на другі паверх бібліятэкі, дык пра вырашэнне гэтай праблемы распавяла дырэктар ЦБС Галіна Дзятчык: - Да нядаўняга часу выходзілі са становішча з дапамогай супрацоўніцы сацзабеспячэння. Яна хадзіла, ды і цяпер ходзіць па дамах, дзе жывуць пажылыя людзі, і разносіць патрэбныя ім кнігі, часопісы, газеты. Часам тое рабілі і бібліятэчныя супрацоўнікі. А з гэтага года ў ЦБС уведзена такая паслуга, як дастаўка кніг на дом па заяўках. Таму лічу, што ўсе патрэбы нашых чытачоў сталага веку і інвалідаў - як у Скідзелі, так і ў іншых паселішчах Гродзенскага раёна - мы задаволім. У хуткім часе ў бібліятэцы нарэшце з'явіцца і свой тэлефон. Праўда, бесправадны. Заяўка ў Гродзенскі вузел электрасувязі філіяла РУП "Белтэлекам" ужо пададзена. На паперы, што даслаў аддзел культуры кіраўніцтву мясцовага філіяла "Белтэлекам", пазначана дата: 2 сакавіка бягучага года.
Тая ж самая сітуацыя - і з парэнчамі, што суправаджаюць шлях у бібліятэку: толькі цяпер у аддзеле культуры схамянуліся і паабяцалі выправіць сітуацыю. Як запэўніла мяне галоўны спецыяліст аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Ірына Голубева, у хуткім часе сіламі гаспадарчай групы будуць зроблены ўсе неабходныя работы па рамонце парэнчаў. *** Калі з'язджаў з Гродна, мясцовыя культработнікі вельмі прасілі, каб нашы журналісты прыехалі сюды яшчэ раз, бо камандзіроўка па скарзе на адзін аб'ект культуры не дае, што ні кажы, поўнай карціны сацыякультурнага жыцця Гродзенскага раёна. А пахваліцца мясцоваму аддзелу культуры сапраўды ёсць чым: у раёне паспяхова праводзяцца ўсе запланаваныя мерапрыемствы па Дзяржпраграме адраджэння і развіцця сяла (летась на рамонт устаноў культуры было выдаткавана амаль чатыры мільярды рублёў), належным чынам камп'ютэрызуюцца сельскія бібліятэкі... Ёсць, натуральна, і свае праблемныя моманты: установы культуры Гродзенскага раёна не выканалі летась планавыя паказчыкі па аказанні платных паслуг, не стае спецыялістаў у сферы бібліятэчнага абслугоўвання. Карацей, пісаць у фармаце "райвыканкамаўскай лятучкі" з "К" ёсць пра што. Што да сітуацыі са Скідзельскай гарадской бібліятэкай, дык завяршу свой артыкул такім чынам: газета будзе пільна сачыць за праблемай у Гродзенскім раёне. І пакуль у "Культуры" ёсць адданыя чытачы, неабыякавыя да стану ўстаноў культуры людзі, да той пары будзем адгукацца на іх лісты.
Мінск - Скідзель - Гродна - Мінск
Фота аўтара
Калі вярстаўся нумар, у рэдакцыю "К" патэлефанавалі з аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама і запэўнілі, што ўстаноўка тэлефоннага апарата ў Скідзельскай гарадской бібліятэцы № 1 адбудзецца літаральна днямі. У якасці пацвярджэння прыйшоў факс копіі плацежнага даручэння за тэлефонны апарат і яго ўстаноўку для Скідзельскай гарбібліятэкі № 1.
Ю.Ч