Небяспека точыцца пад зямлёю
Замак быў абраны сярод трох магчымых кандыдатаў - апрача Навагрудка, у гэты спіс уваходзілі таксама Крэва і Гальшаны. Як падкрэсліў міністр культуры падчас свайго выступлення на выязным пасяджэнні Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Нясвіжы (гл. "К" №45 за 2009 г.), гэты выбар абумоўлены некалькімі фактарамі. Сярод іх- не толькі гістарычная роля першай сталіцы ВКЛ, архітэктурная адметнасць замка, а таксама яго размяшчэнне на папулярным турыстычным маршруце, але і пагрозлівы стан апісаных яшчэ Міцкевічам руін. Галоўны спецыяліст аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Вячаслаў Лаўрашчук ведае ў замку кожную расколіну. І са скрухай заўважае, што з кожным годам шчыліны становяцца ўсё большымі. "Рэчыўныя доказы" ён прыводзіць больш чым пераканаўчыя нават для няўзброенага вока. Скрупулёзныя даследаванні грунту, праведзеныя ў замку на пачатку дзесяцігоддзя, дазволілі зразумець галоўную прычыну руйнавання - павольнага, але няспыннага. - Пад Замкавай гарой знаходзіцца магутны водны пласт,- распавядае навуковы кіраўнік аб'екта Сяргей Друшчыц. - Вада знайшла выйсце да Касцельнай вежы і паступова яе разбурае. Да таго ж, руіны вежаў страцілі сваю статычную ўстойлівасць. Для руінаў гэта наогул характэрна. Сяргей Друшчыц нагадаў, што апошнія буйныя руйнаванні адбыліся ў замку параўнальна нядаўна - у 30-ыя гады ХХ стагоддзя. Яны не былі звязаны з "чалавечым фактарам". Тое самае пагражае і сёння. Асабліва праблемны стан у Касцельнай вежы. - Калі, барані Божа, надарыцца нейкая магутная залева, вежа можа проста "спаўзці" па схіле, - кажа Вячаслаў Лаўрашчук. Контрфорсы, пабудаваныя яшчэ ў першай трэці мінулага стагоддзя, здолелі трохі замацаваць вежы, але ж поўнасцю праблема іх кансервацыі тады вырашана не была. Разам са свежымі слядамі руйнавання позірк зрэдчас выхоплівае пустыя бутэлькі ды іншае смецце. Яго зусім небагата - ці то праз культурнасць навагрудчан, ці то дзякуючы рупнасці камунальнікаў, якія прыглядаюць за замкам. Але ўсё адно міжволі звяртаеш увагу і на другую праблему помніка спадчыны. Сёння ён не мае гаспадара, які трымаў бы яго на сваім балансе і непасрэдна адказваў за чысціню і парадак. Бескантрольны доступ у замак адкрыты для ўсіх ахвотных.
Замак як экспанат
Менавіта ў цяперашнім "праблемным" выглядзе замак запомніўся многім пакаленням беларусаў. Сёння гэта маляўнічыя руіны дзвюх вежаў - Шчытоўкі і Касцельнай. Усё астатняе было зруйнавана яшчэ за д з е д а м ш в е дам - у Паўночную вайну. Заканамерна ўзнікае пытанне: якім мае стаць аблічча помніка ў будучыні? Спецыялісты ў адзін голас цвердзяць: гутаркі пра поўнае аднаўленне замку не можа нават весціся. Бо атракцыйная для турыстаў "карцінка" - нішто без належнага навуковага падмурку. - Гаварыць пра рэстаўрацыю таго ці іншага помніка архітэктуры можна толькі ў тым выпадку, калі яго выгляд нам дакладна вядомы і дакументальна пацверджаны, - кажа начальнік упраўлення па ахове спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. - Навагрудскаму замку ў гэтым сэнсе не вельмі пашанцавала, і мы не можам з пэўнасцю сцвярджаць, скажам, якую форму даху мелі яго вежы. Значыць, давялося б фантазіраваць, а фантазіі ў рэстаўрацыі не месца. Помнік спадчыны нельга прыдумаць. Да таго ж, гістарычны выгляд замка за тысячагоддзе яго гісторыі неаднаразова змяняўся, і таму непазбежна паўстала б пытанне: якой эпосе аддаць перавагу пры аднаўленні? - Першае, што трэба зрабіць - дрэнаж схілу, своеасаблівую яго прасушку, - лічыць Сяргей Друшчыц. - Потым умацаваць яго з дапамогай спецыяльных інжынерных канструкцый. Гэта складаны тэхналагічны працэс, але ж ён магчымы на падставе тых грунтоўных даследаванняў, якія ўжо былі праведзены прафесіяналамі. Наступны этап - музеефікацыя. Увесь патэнцыял замка як турыстычнага аб'екта сёння пакуль не раскрыты - ён тоіцца ў нетрах таго самага схілу. У літаральным сэнсе слова. - Да культурнага слоя тут месцамі больш як тры з паловай метры напластаванняў зямлі, - кажа Вячаслаў Лаўрашчук. - У царскія часы мясцовыя ўлады не знайшлі лепшага прымянення для замка, як гарадская звалка. І пад смеццем былі пахаваны падмуркі веж і муроў. Археалагічныя даследаванні дазволілі іх выявіць. "Раскрыўшы" гэтыя падмуркі, рэстаўратары дадуць магчымасць наведвальнікам займець куды лепшыя ўяўленні пра тое, якім быў Наваградскі замак. Іх дапоўняць макеты- і, вядома, расповеды экскурсавода. Пад мурамі Шчытоўкі археолагі выявілі памяшканні. Сёння яны засыпаны зямлёй - каб хаця б трохі "прыгрузіць" вежу. Але, на думку Сяргея Друшчыца, лепшым стабілізатарам яе канструкцыі было б аднаўленне часткі аб'ёмаў. Тым болей, гэтая плошча вельмі спатрэбіцца - пад стварэнне музейнай экспазіцыі. Ператварыць гістарычныя руіны ў прывабны музейны экспанат - мусіць, нават складаней, чым адбудаваць замак з сілікатнай цэглы. Але- магчыма. Галоўны рэсурс тут - крэатыўнасць. На думку Ігара Чарняўскага, паглыбленню ў даўніну могуць паспрыяць сучасныя тэхналогіі. І яны ж дазволяць зрабіць музей у пэўнай меры інтэрактыўным: - Чаму б не даць магчымасць кожнаму ахвотнаму змадэляваць "сваю" версію замка - вядома, на падставе атрыманых у музеі ведаў? Балазе, асновы 3D-анімацыі можна засвоіць вельмі лёгка.
"Рым" не адразу будаваўся
Менавіта на Замкавай гары і ў яе ваколіцах пройдуць цэнтральныя падзеі святкавання на Беларусі 600-гадовага юбілею Грунвальдскай бітвы. Фармат вызначыць было не складана. На стале начальніка аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандра Карачана ўжо сёння ляжыць праект праграмы V Свята сярэднявечнай культуры "Наваградскі замак". Яго можна лічыць папраўдзе ўзорнай праявай івэнт-турызму. Папярэдні фэст сярэднявечнай культуры сабраў каля 40 тысяч наведвальнікаў, павялічыўшы насельніцтва Навагрудка амаль што ўдвая. Сёлета іх лік можа быць яшчэ большым - рэкламная кампанія імпрэзы плануецца вельмі шырокай. Адсюль і заканамернае пытанне: дзе размяшчаць гасцей? Адказ на яго быў знойдзены і апрабаваны ўжо ў мінулыя разы. Непадалёк ад Навагрудка зноў паўстане намётавы лагер з ахоўваемай стаянкай, для ахвотных да больш камфортнага побыту ў горадзе будзе створаны адмысловы банк даных жылля ў наём. Рыцарскі турнір - справа не толькі захапляльная, але і патэнцыйна небяспечная. Таму кожны яго ўдзельнік падпіша кантракт са страхавой кампаніяй. Зрэшты, страхавы выпадак за ўсю гісторыю фэсту здарыўся толькі аднойчы. Польскі рыцар выйшаў на паядынак у няспраўных даспехах, і меч праціўніка рассёк яму губу. Адкрыццё помніка Міндоўгу ў святочнай праграме не пазначана. Але гэта не значыць, што ініцыятыва аддзела культуры па яго ўсталяванні забыта або адкладзена да лепшых часоў. Па словах Аляксандра Карачана, у самым хуткім часе аўтар помніка Генадзь Буралкін мае прадставіць канчатковы праект для зацвярджэння на пасяджэнні райвыканкама. Наперадзе - Рэспубліканскі савет па манументальным мастацтве. "Тэхнічна" паспець да свята пакуль ёсць магчымасць. Але... ахвяраванняў у межах акцыі райвыканкама сёння сабрана небагата. Госці фэсту не здолеюць пераначаваць у гатэлі "Еўропа" - яго сцены пакуль так і не паўсталі. Затое амаль выкананы іншы пункт праграмы - адкрыццё прыватнай галерэі мастака Кастуся Качана. І сапраўды, у двух кроках ад замка ўжо вырасла прывабная камянічка. На жаль, аблічча яе "суседа" па адрасе вул. Замкавая,7, які ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны, турыстаў не парадуе. Гэты аб'ект сёння можна знайсці на сайце Навагрудскага райвыканкама ў спісе незапатрабаваных пабудоў, якія шукаюць інвестара. Пра гістарычную каштоўнасць занядбанага дамка ды яго выгоднае месцазнаходжанне там чамусьці не згадваецца.
...Прыязджаючы ранкам у Навагрудак, штораз прыгадваю кароткаметражку, знятую тамтэйшым відэааматарам Максімам Карповічам. Яе сюжэт трывіяльны: хлопец запрашае дзяўчыну на кубак кавы, але... знайсці натуральны напой у гарадскіх кавярнях не атрымліваецца. Па сабе ведаю - аўтар не хлусіць. І прыхопліваю з сабой тэрмас- як і героі той "карацелькі". Ідучы па цэнтральнай плошчы ў напрамку замка, нельга абмінуць бар з дзівоснай для невялікіх гарадкоў назвай - "Рым". Месціцца ён у дагледжанай старасвецкай камяніцы. Шторазу з году ў год туды заходжу - у надзеі, што адна з найбанальнейшых праяваў сучаснай спажывецкай інфраструктуры (кававарка эспрэса) там, нарэшце, з'явілася. Але ж... усё застаецца без зменаў. Паводле свайго антуражу і асартыменту, "Рым" мала адрозніваецца ад тыповай "закусачнай". Канкурэнтаў у бліжэйшых ваколіцахён не мае. Пытанне пра эспрэса ўздымалася нават падчас нядаўняй сумеснай калегіі Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму. І яно мае зусім не толькі іміджавы аспект. Кубак якаснай кавы каштуе дзесьці тры тысячы рублёў. Столькі ж, колькі і квіток у Мірскі замак. А параўнайце патрэбныя інвестыцыі...
Мінск - Навагрудак - Мінск