Пабачыце самі...
Пачну артыкул з ліста, падпісанага "жыхары Вялікага Мажэйкава". Ад імя жыхароў з карэспандэнтам "К" гаварыў па тэлефоне спачатку Аляксандр, які пакінуў свой кантактны нумар, і Дзмітрый, што ўдакладняў адрас нашай электроннай пошты... Словам, вось тэкст гэтага ліста: "Паважаная рэдакцыя! У нас у пасёлку Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці разабралі Дом культуры. І з гэтага часу ўжо тры месяцы як моладзі па вечарах няма чым заняцца. Выканкам ніякіх дзеянняў не прадпрымае. Вялікая просьба разабрацца па дадзеным пытанні". Натуральна, перад камандзіроўкай стэлефанаваліся з Аляксандрам, каб сустрэцца з ім ды іншымі жыхарамі вёскі. Адказ быў наступны: а што, маўляў, сустракацца? Прыедзеце - усё самі пабачыце... Сваё прозвішча Аляксандр раскрыць не пажадаў. Не звярнуўся ён са сваёй скаргай і ў аддзел культуры Шчучынскага райвыканкама, а даслаў яе нам. І гэта ягонае права. Тым больш, што факты, выкладзеныя ў лісце, цалкам пацвердзіліся. І звязаны яны не з нейкімі асабістымі прэтэнзіямі, а з праблемай агульнавясковага значэння.
Танцы ў Вялікім Мажэйкаве - толькі ў наступным годзе
Высвятляць праблему вёскі пачаў гутаркай з намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама Іванам Сакалоўскім і начальнікам аддзела культуры Янінай Міраненка. - Будынак Вялікамажэйкаўскага СК быў у найгоршым стане, калі параўноўваць з усімі іншымі клубнымі ўстановамі Шчучынскага раёна, - распавяла Яніна Іванаўна. - Гадоў пяць таму ў адной палове будынка, узведзенага яшчэ ў 1953 годзе, адбыўся пажар, і выкарыстоўвалася толькі яго частка. У гэтым "паўклубе" размяшчаўся кабінет загадчыцы, бібліятэка і танцавальная зала. Але будынак патрабаваў неадкладнага рамонту: правальвалася падлога, правісала столь. Таму сёлета, напрыканцы лета, было вырашана перавесці ўстанову культуры ў іншае месца. - У вёску выязджала спецыяльная раённая камісія, - дадаў Іван Сакалоўскі, - якая і склала акт аб тым, што будынак з'яўляецца аварыйным і непрыдатным да далейшага выкарыстання. Рашэннем райвыканкама гэты будынак падлягае спісанню і разборцы. Пытанне з клубам у Вялікім Мажэйкаве будзем закрываць па меры магчымасці. Гэта залежыць не ад нашага жадання, а ад фінансавых сродкаў, якіх не хапае. На жаль, на сённяшні дзень мы не маем грошай, каб вырашыць дадзеную праблему. Але ў нас ёсць іншы шлях: плануем перавесці дзіцячы садок Вялікага Мажэйкава з двухпавярховага будынка ў школу, зрабіць там школу-сад. І тады ў вольным будынку будзе дастаткова прасторы, каб размясціць не толькі клуб, а і бібліятэку, ФАП, сельскі савет. Але, па словах Івана Юльянавіча, адбудзецца гэта толькі ў наступным годзе. Бо якраз у 2010-м колькасць дзяцей у дзіцячым садку зменшыцца: там будзе адна група, а не дзве, як цяпер. Дзве групы ўлады ў школе не размясцілі б, а вось адну - калі ласка. Перавод дзяцей, рамонт і перапланіроўка будынка садка будуць здзейснены ў летні перыяд. Але рамонтныя работы ў той частцы Вялікамажэйкаўскай базавай школы, дзе плануецца размясціць дзіцячы садок, ужо пачаліся. - Як толькі перавядзём дзіцячы садок у школу, пачнём працаваць з тымі памяшканнямі, якія вызваляцца, - кажа намеснік старшыні райвыканкама. - Плануем зрабіць у гэтым будынку танцавальную (на першым паверсе) і глядзельную (на другім) залы, кабінеты для работы гурткоў. Бібліятэку мы ўжо размясцілі ў дзіцячым садку. Цяпер рыхтуем праектна-каштарысную дакументацыю на перапланіроўку і рамонт будынка, а таксама збіраем пакет дакументаў, каб перадаць гэты аб'ект на баланс аддзела культуры.
На адпачынак - у Мураванку
Што ж да меркавання жыхароў Вялікага Мажэйкава наконт таго, што "моладзі па вечарах няма чым заняцца", дык ні намеснік старшыні райвыканкама, ні начальнік аддзела культуры з тым не пагаджаюцца. - На тэрыторыі таго ж сельскага Савета ёсць яшчэ адзін клуб у вёсцы Мураванка, якая размешчана за пяць кіламетраў ад Вялікага Мажэйкава, - кажа Іван Юльянавіч. - Таму часова "дыскатэчная" праблема можа вырашацца з дапамогай гэтага суседняга клуба. - У сельскім клубе ў Мураванцы нядаўна зроблены рамонт, і таму гэты СК цалкам прыдатны для танцавальных вечароў, - дадае Яніна Міраненка. - Ды і хадзіла на танцы ў Вялікамажэйкаўскі СК ад сілы 10 - 15 чалавек. Мы неаднаразова выязджалі з праверкамі па клубах раёна, і я асабіста бачыла, колькі людзей звычайна наведвае танцавальныя вечары ў гэтай установе культуры. Дадам, што цяпер клубнікі Вялікага Мажэйкава часова размясціліся ў памяшканнях мясцовага сельскага Савета і базавай школы, дзе працягваюць сваю работу драматычны гурток і гурток мастацкага чытання, а таксама вакальная група і гурток сольных спеваў. Быццам бы ўсё лагічна і зразумела. Але чаму клуб быў зачынены менавіта цяпер, а не раней, адразу пасля пажару пяцігадовай даўніны? Бо ўжо тады было цалкам зразумела, што СК функцыянуе не на поўную моц: не было глядзельнай залы, кабінетаў для гурткоў... І чаму, ведаючы пра стан Вялікамажэйкаўскага СК, кіраўніцтва раёна яшчэ раней не зрабіла адпаведных захадаў, каб з закрыццём клуба адразу ж перавесці ўстанову ў іншы будынак? Такое ўражанне, што закрыць клуб прымусіла толькі тое, што Вялікае Мажэйкава - аграгарадок гэтага года. Але, хутчэй за ўсё, СК будзе пераходным, як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама, бо ўладкаваць усе пытанні з клубам сёлета не ўдасца па фінансавых прычынах. Аднак яшчэ пару гадоў таму гэтыя прычыны ніяк не перашкаджалі мясцоваму кіраўніцтву навесці парадак з галоўнай установай культуры ў Вялікім Мажэйкаве...
Крыўдна за клуб
З начальнікам аддзела культуры і дырэктарам раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Інай Бяляевай мы, натуральна, наведалі Вялікае Мажэйкава. Клуб цяпер выглядае не вельмі прэзентабельна: даху ўжо няма, а падлога ўнутры памяшкання - уся ў бітай цэгле і смецці... Як запэўнівалі мяне мясцовыя жыхары, з якімі давялося паразмаўляць у Вялікім Мажэйкаве, СК заўсёды карыстаўся ў іх попытам. Што да таго, ці шмат тут зараблялі на аказанні платных паслуг, дык, як кажа мясцовая жыхарка Леакадзія Ількевіч, якая з'яўляецца ўдзельніцай вакальнай групы СК і жыве побач з клубам, часам на танцавальныя вечары па суботах - нядзелях прыходзіў сюды не адзін дзесятак чалавек.
- Дыскатэкі былі, вельмі многа людзей наведвала навагоднія мерапрыемствы, Святы вёскі, - кажа Лекадзія Альбертаўна. - Работа клуба вялася годна, бо ў нас добрая кіраўніца - Ядвіга Савіцкая. - Без клуба нам - аніяк, - умяшалася ў размову паштальён Ганна Якімовіч. - Няхай бы ён працаваў. А то ў садзік пераносяць! А калі ж там яшчэ ўсё адбудуюць - невядома. Вось і даводзіцца мясцовым хлопцам і дзяўчатам хадзіць за пяць кіламетраў да бліжэйшай Мураванкі або збірацца каля магазіна, але з іншымі мэтамі. Навошта СК трэба было бурыць? Моладзі ён патрэбны, ды і нам, старым, таксама хочацца кудысьці схадзіць. Дыскатэкі не наведваем, а вось вечары якія святочныя - дык абавязкова. Калі стары клуб - непрыдатны, дык чаму ў свой час новы не ўзвялі? - Дрэнна і тое, што дзеці па руінах бегаюць, - працягвала Леакадзія Ількевіч. - Дах знялі, а дзеці гуляюць. Не дай Бог, што ўпадзе! - Мясцовыя ўлады плануюць зрабіць клуб у садку, - кажа Часлаў Кучэйка, які раней жыў у вёсцы, а цяпер прыехаў у адведкі да маці з Дзяржынска, - а ці здзейсняцца гэтыя планы - яшчэ невядома. - На танцы ходзім у Мураванку, або, калі ў каго ёсць машына, дык ездзім туды на "чатырох колах", - дадае Коля Табенка, мясцовы хлопец. - У Мураванцы - нармальныя ўмовы, і людзей там хапае... А ў нашай вёсцы без клуба - сумна. Заўсёды хадзіў на дыскатэку з сябрамі. І прыходзіла сюды па суботах ды нядзелях чалавек пад трыццаць...
- Крыўдна, што наш клуб закрылі. А што на Новы год рабіць? Мы пастаянна ў клубе збіраліся, - кажа Галіна Купрэйчык, што працуе даяркай на ферме. - Заўсёды любіла наведваць клуб. А куды тут, на вёсцы, яшчэ можна схадзіць? Шкада, што яго ўжо няма... Нічога не ведаю пра скаргу, але каб мне аб гэтым сказалі, дык я падпісалася б пад ёй... Вось такія меркаванні. І гучаць яны ў вёсцы, якая неўзабаве стане аграгарадком. А такое сельскае пераўтварэнне, думаецца, проста немагчымае без дасканалага культурнага абслугоўвання мясцовага насельніцтва. Пакуль што пра гэта няма і гаворкі, бо нават прыстойнае клубнае памяшканне проста адсутнічае... Як кажа загадчык Вялікамажэйкаўскага СК Ядвіга Савіцкая, план платных паслуг не выконваўся ў іхняй установе культуры ўжо другі год. На яе думку, - з-за таго, што клуб не надта і хацелі наведваць з-за яго дрэннага стану. Пацвердзіла Ядзвіга Вацлаваўна і такі факт: на вялікія святы ўстанова культуры карысталася попытам, але, на жаль, агульную карціну гэта не паляпшала... Тое не дзіва. У клубе, які колькі гадоў стаяў напаўразбураны, выканаць план платных паслуг аб'ектыўна проста немагчыма. Так, будынак СК, узведзены ў 1950-я, знаходзіўся сапраўды ў аварыйным стане. І аднаўляць яго было эканамічна немэтазгодна. Але, як вынікае з меркаванняў жыхароў вёскі, яны таксама ставяць лагічнае пытанне аб тым, чаму ж улады не змаглі вырашыць праблему з новым будынкам для клуба ў ранейшыя, больш спрыяльныя ў эканамічным плане, часіны...
5 кіламетраў - не адлегласць
Зразумела, завітаў і ў будынак дзіцячага садка, дзе праз год мае размясціцца СК. Плошчы сапраўды хапае. Калі адсюль пераселяцца дзеці, дык аддзел культурызаймее выдатны будынак пад клуб. Пагаварыў і са старшынёй мясцовага сельскага Савета Міхаілам Белкам. Балазе кантора сельсавета месціца тутсама. Менавіта на балансе сельскага Савета знаходзіцца аварыйны будынак, у якім размяшчаўся сельскі клуб. - Людзі правільна тэлефанавалі: яны хочуць, каб усё было хутчэй, - тлумачыць прыроду скаргі Міхаіл Юсцінавіч. - Але, я, да прыкладу, увогуле зрабіў бы адзін клуб на сельсавет - у Мураванцы, другі тут і не патрэбны. Ён запатрабаваны на сённяшні дзень, але я сумняваюся, што гэтая ўстанова культуры спатрэбіцца ў Вялікім Мажэйкаве праз пару гадоў. А што цяпер людзі ходзяць пешшу за пяць кіламетраў у Мураванку - дык тое нічога. Я ў свой час і па дванаццаць "адмахваў", каб трапіць на танцы... З такім "аргументам" Міхаіла Белкі цяжка пагадзіцца. Зразумела, можна сцвярджаць тое, што 5 кіламетраў - гэта не адлегласць, але Вялікае Мажэйкава - аграгарадок бягучага года. А вось гэты аргумент - з самых важкіх. І ў аграгарадку павінны існаваць і належным чынам функцыянаваць як мінімум дзве ўстановы культуры: клуб і бібліятэка. Гэта нарматывы Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, так бы мовіць, мінімальны вясковы сацыяльны стандарт. Згадаў і пра просьбу сяльчан абмежаваць доступ да разбуранага будынка. Старшыня сельсавета паабяцаў, што гэтае пытанне неадкладна будзе вырашана.
Узяць за прыклад Васілішкі
Дазволю сабе невялікае адступленне ад асноўнай тэмы артыкула. Вялікае Мажэйкава, на мой погляд, заслугоўвае большай павагі. Бо гэты куток, у якім давялося пабываць (а менавіта - усход Шчучынскага раёна на мяжы з Лідскім), славуты сваімі архітэктурнымі помнікамі. Пра помнік абарончага дойлідства XVI стагоддзя Мураванскую царкву ў вёсцы Мураванка ведаюць і ў нас, і за мяжой. У Вялікім Мажэйкаве знаходзіцца сядзібна-паркавы комплекс канца XVIІІ стагоддзя знакамітага беларускага роду Хадкевічаў, у Васілішках - касцёл Святога Яна Хрысціцеля, сярэдзіны XVIІІ стагоддзя, у суседняй вёсцы Ішчаліна - касцёл Святой Троіцы, таксама сярэдзіны XVIІІ стагоддзя, а каля яго - сонечны гадзіннік! Ды і калі ехаў у Вялікае Мажэйкава, неаднойчы бачыў абапал дарогі выдатныя касцёлы...Карацей кажучы, вёска гэтая - цэнтр унікальнага краю. І хаця б з гэтага яскравага факта павінна мець прыстойнае культурнае аблічча. Каб перад шматлікімі турыстамі не было сорамна. Між тым, узорных прыкладаў вясковай эвалюцыі ў раёне шмат. Да прыкладу, у вёсцы Васілішкі, дзякуючы крэдытам Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, паўстаў шыкоўны Цэнтр культуры і вольнага часу. З 1 студзеня бягучага года культработнікі засяліліся ў новы будынак. Тут ёсць вялікая і малая глядзельныя залы, памяшканне для танцаў, бібліятэка, ДШМ. Дарэчы, паказалі мне і ранейшы будынак Васілішкаўскага дома культуры: маленькі аднапавярховы будынак, дзе да 1939 года месцілася сінагога. Выраз-параўнанне "неба і зямля" цалкам адпавядае выгляду старой і новай устаноў культуры.
Усё гэта, безумоўна, выдатна. Але вось на што хацелася б звярнуць увагу. Як вядома, непадалёк ад Васілішак, у Старых Васілішках, нарадзіўся Чэслаў Нэмэн. Захавалася хата, дзе ён вырас. Дык чаму б не зрабіць у гэтым будынку дом-музей? У адной палове хаты зрабіць аўтэнтычны інтэр'ер 30х - 50-х гадоў мінулага стагоддзя, а ў другой прадставіць экспанаты, звязаных з біяграфіяй слыннага рок-музыканта: ягоныя кружэлкі, фотаздымкі, успаміны сяброў. Тым больш, Нэмэн не перарываў сувязей з Беларуссю, - можна было б звязацца з роднымі і блізкімі спевака ды папрасіць у дар для новага музея нейкія асабістыя рэчы творцы ці дакументы... Да чаго вяду? А да таго, што ў размове з культработнікамі ў Васілішках звяртаў увагу на гэтае пытанне. І як казалі дырэктар Цэнтра культуры і вольнага часу Марыя Будзько ды загадчыца бібліятэкі Ірына Мыслівец, ёсць на малой радзіме Чэслава Нэмэна і тыя, хто сустракаўся з ім, хто мае фота і хто здольны напісаць успаміны. Але пакуль што праца па зборы дакументаў не вядзецца: мусіць, людзям шкада аддаваць здымкі. Пэўна, можна і перазняць, і адсканіраваць будучыя экспанаты, можна правесці і акцыю па зборы падобных матэрыялаў, зрабіўшы акцэнт на мясцовы патрыятызм. Такі музей стаўся б яшчэ адной "разыначкай" гэтых цудоўных мясцін. Не кажу ўжо і пра тое, што пры належна пастаўленай працы турысты з Польшчы абавязкова будуць наязджаць у Васілішкі. Зразумела, на гэтым мог бы зарабляць і аддзел культуры Шчучынскага райвыканкама...
Платная стаянка ля СК
Яшчэ адзін станоўчы прыклад адраджэння і развіцця сяла - СК у вёсцы Мураванка, куды цяпер вымушана хадзіць моладзь з Вялікага Мажэйкава. Мясцовыя клубнікі сёлета выконваюць план платных паслуг. Вельмі шмат людзей прыязджае на мясцовыя дыскатэкі з іншых вёсак: акрамя згаданай, наведваюцца са Скрыбаўцаў і з суседняй - Малога Мажэйкава, якое знаходзіцца ў Лідскім раёне. - Мы нават хочам браць плату за стаянку машын каля клуба, - жартуе загадчыца ўстановы культуры Святлана Скуратава. - Вельмі ўжо шмат іх тут бывае вечарамі ў суботу - нядзелю. Калі ж казаць сур'ёзна, дык выкананню плана дапамагае якасная апаратура у СК, закуплены светлавая апаратура для дыскатэк і... дым-машына. Праграмы тут заўсёды цікавыя, а на дыскатэкі сюды з ахвотай прыязджаюць брэйк-дансеры з райцэнтра. Можа, і сапраўды вялікамажэйкаўцам трэба крыху пачакаць і пахадзіць у Мураванкаўскі СК? Умовы сапраўды спрыяльныя. Можа быць і такое, што жыхары Мураванкі будуць праз год прыязджаць у госці ўжо ў Вялікае Мажэйкава, каб патанцаваць у мясцовым дагледжаным клубе. Пажывем пабачым... *** Напрыканцы артыкула хацелася б вярнуцца да тэмы "ананімных лістоў". Ніяк не магу параўнаць сітуацыю ў Вялікім Мажэйкаве з падобнай у Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці (артыкул у № 37 "К" за 2009 г. "Ці стане Міхееўка аўтэнтычным аграгарадком?"), куды таксама ездзіў па скарзе мясцовых жыхароў. Тады на адрас рэдакцыі прыйшло пісьмо з дзесяткам подпісаў. І калі карэспандэнт "К" прыехаў у вёску, дык людзі, якія пісалі той ліст на адрас рэдакцыі, сабраліся ў памяшканні Міхееўскага СДК і без боязі расказалі пра ўсе свае турботы. У Вялікім Мажэйкаве сітуацыя была іншай. Яшчэ раз паўтару тэзіс, які неаднойчы выказваў і намесніку старшыні Шчучынскага райвыканкама Івану Сакалоўскаму, і начальніку аддзела культуры Яніне Міраненка: наша газета выступае за канструктыўны дыялог з мясцовымі ўладамі і чакае ад іх пэўных захадаў на карысць людзей. А што да скаргаў, дык мы імкнёмся на іх рэагаваць у большасці выпадкаў. І калі яны тычацца пытанняў фінансавання, дрэннай матэрыяльна-тэхнічнай базы, кадравых праблем, а факты, прыведзеныя ў падобным лісце, пасля папярэдняга ўдакладнення па сваіх каналах пацвердзяцца, нашы карэспандэнты заўсёды будуць выязджаць у праблемны рэгіён.
Мінск - Шчучынскі раён - Мінск
Фота аўтара