Канцэптуальную праграму прапанаваў бабруйчанам народны фальклорны калектыў “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Выступленне гасцей з Валожыншчыны— уладальнікаў сёлетняй спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва — на адкрыцці міжнароднага форуму ўразіла шматгалоссем у вакале, гранічнай шчырасцю рэпертуару, непаўторным адчуваннем кожнай ноткі ў песні. А іх вакальна-інструментальная кампазіцыя здзівіла кантамінацыяй народных матываў з тэматыкай 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Мужчынскім вакалам здзівілі ваўкавыскія “Уладары”. Цікава, што гэты н а р о д н ы ансамбль народнай музыкі і песні першапачаткова базіраваўся пры Ваўкавыскім дэпартаменце аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Сёння сямёра спевакоў пад кіраўніцтвам Вадзіма Бычака выступаюць на ўсіх значных мерапрыемствах раёна і вобласці з магутным, у тым ліку акапэльным, рэпертуарам народных песень Беларусі, Украіны, Расіі. Цікавыя нумары на гала-канцэртах у спарткомплексе “Бабруйск-Арэна” і на адкрытай пляцоўцы на плошчы Перамогі прапанавалі таксама калектывы з Докшыц і Белазёрска. А для жыхароў горада самымі чаканымі былі выхады народнага ансамбля танца “Прыгажосць”, народнага фольк-шоу балета “Альянс”, народнай аматарскай студыі “Шына-най”… Зрэшты, гэта не дзіва: дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць.