Юбілей. Прыемная рэч у двух актах
Я абсалютна перакананы, што гэты чалавек — асоба унікальная. Шчыры патрыёт зямлі беларускай — без дэманстрацыі гэтага напаказ, бліскучы чараўнік тэатральнай сцены і здымачнай пляцоўкі, цудоўны суразмоўца, з якім можна гаварыць бясконца, надзвычай сумленны і прынцыповы, калі гэта тычыцца маральнага стрыжня чалавека і грамадства ў цэлым.
З 75 гадоў свайго жыцця народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва — больш чым паўстагоддзя працуе ў тэатры і 40 гадоў здымаецца ў кіно! Стаж, пагадзіцеся, зайздросны… 30 верасня ў Купалаўскім тэатры плануецца вялікі творчы вечар гэтага акцёра, прысвечанны ягонаму юбілею, дзе, як стала мне вядома, ён, акрамя ўсяго іншага, будзе спяваць і любімыя песні сваёй маладосці. Не буду інтрыгаваць чытача: гэты чалавек — Генадзь Міхайлавіч ГАРБУК, якога я даўно ведаю і пра якога неаднойчы распавядаў у “Культуры”. 24 ліпеня яму споўнілася аж 75 гадоў — многа гэта ці мала? Для вялікага акцёра — гэта што? Чарговая дата? Падвядзенне вынікаў нейкага этапа жыцця? Альбо — трамплін у будучыню? Асабіста я на гэтае пытанне адказаць не магу, а вось ён… Ну, паглядзім зараз… Бо з гэтага няпростага пытання і пачалася наша сяброўская размова…