У свой час адметны паводле архітэктурнага вырашэння палац Козел-Паклеўскіх у Чырвоным Беразе чакаў звыклы для многіх архітэктурных помнікаў лёс “ціхага скону”. Гадоў сем ён прастаяў спусцелы, амаль без даху. Але цяпер фінансаванне на яго рэстаўрацыю з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў выдаткоўваецца спраўна, таму ёсць усе падставы меркаваць, што рэстаўрацыйныя работы скончацца ў тэрмін, і ўжо налета мы пабачым палац у абноўлена-старым абліччы — ці, прынамсі, яго частку, бо поўны ўвод аб’екта запланаваны на 2010 год.
Балазе сёння можна завітаць туды ў любы час, каб пераканацца, што работы ідуць няспынна. Нават наведванне палаца ўдзельнікамі пасяджэння не стала прычынай для іх прыпынення. І прайшоўшыся заламі, кожная з якіх калісьці мела адметнае стылістычнае вырашэнне, лішні раз пераконваешся: рэстаўрацыя — справа надзвычай карпатлівая. Тая ж старая ляпніна аднаўляецца па драбніцах, з захаваннем усіх аўтэнтычных яе фрагментаў. Навуковы кіраўнік аб’екта Аляксандр Кропатаў распавёў таксама і пра нябачны для вачэй будучых турыстаў інжынерны аспект рэстаўрацыйных работ, які прадугледжвае гідраізаляцыю будынка.
Як адзначыў пад час свайго дакладу на пасяджэнні калегіі начальнік Упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў, рэстаўрацыйныя работы вядуцца або плануюцца і ў многіх іншых сядзібах краю — скажам, нараўлянскім палацы або сядзібе ў вёсцы Хальч, што на Веткаўшчыне. Увогуле, за апошнія тры гады на рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры Гомельшчыны было выдаткавана больш за 28 мільярдаў рублёў, прычым 16 з паловай з іх — з муніцыпальных бюджэтаў.
Праблема захавання гістарычных сядзіб, якія на сённяшні дзень не маюць свайго функцыянальнага прызначэння, была пазначана асобным пунктам у праекце рашэння калегіі. І сапраўды, сёння гэтае пытанне можна назваць адным з самых злабадзённых у справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Але не для Гомельшчыны.
Тут пытанне прыстасавання адноўленых помнікаў мінуўшчыны зазвычай вырашаецца на карысць устаноў культуры: у чачэрскай ратушы цяпер працуе музей, у купецкім доме ў Лоеве— бібліятэка.... Музей размесціцца і ў палацы Козел-Паклеўскіх, а яго экспазіцыя распавядзе не толькі пра рэспектабельны побыт беларускіх сядзіб, але і пра ці не самыя жудасныя старонкі гісторыі чалавецтва, звязаныя з дзіцячым канцлагерам, які калісьці знаходзіўся ў Чырвоным Беразе. Дарэчы, мемарыял “Дзецям — ахвярам вайны”, адкрыты летась у вёсцы, наведала ўжо больш як 560 экскурсій.
Акрэсліваючы ў сваім выступленні на пасяджэнні калегіі турыстычны патэнцыял помнікаў даўніны рэгіёна, намеснік начальніка Упраўлення фізкультуры, спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Вадзім Кармазін звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць інавацый у гэтай сферы — такіх, як, напрыклад, анімацыйныя экскурсіі. Трэба меркаваць, што турцэнтр, у які ў хуткім часе мае ператварыцца вёска Юравічы, стане добрай пляцоўкай па апрабацыі новых ініцыятыў. Усяго ж у рэгіёне сёння створана 105 турыстычных маршрутаў, найцікавейшыя з якіх аб’яднаны ў “Залатое кольца Гомельшчыны”.
Колькасць захопленых наведвальнікаў павялічваеццаЗнакаміты Веткаўскі музей народнай творчасці, які стаў чарговым пунктам маршруту выязнога пасяджэння калегіі, таксама месціцца ў колішнім купецкім доме. У плане захавання самабытнай рэгіянальнай культуры гэты музей, які мае ўжо больш як 20-цігадовую гісторыю, з’яўляецца папраўдзе ўзорным. Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнуў той факт, што ўстанова з невялічкага гарадка мае нават уласных кваліфікаваных рэстаўратараў.
Наведванне Гомельскага абласнога музея ваеннай славы, што месціцца ў помніку архітэктуры мінулага стагоддзя, выклікала ва ўдзельнікаў калегіі не толькі прафесійны інтарэс, але і чыста глядацкае захапленне, уласцівае кожнаму экскурсанту, які аглядае змястоўную калекцыю ваеннай тэхнікі: агулам яе складаюць 38 экспанатаў рознага памеру і калібру. Напрыклад, мэр горада Абердзіна Пітэр Стывен, які пабываў у музеі акурат надоечы пасяджэння калегіі, зазначыў: гомельскі досвед будзе карысны і ў ягонай роднай Шатландыі.
Але папраўдзе знакавым пачынам у адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны Гомельшчыны, без сумневу, з’яўляецца тая дзівосная метамарфоза, якую не так даўно спазнаў колішні палац Румянцавых-Паскевічаў. Ён аднавіў сваю раскошу, здатную папраўдзе ўразіць нават кіраўнікоў рэспубліканскіх устаноў культуры, якія пад час экскурсіі не хавалі сваіх уражанняў, адзначаючы ці не самы галоўны фактар гэтага пераўвасаблення: палац стаў не толькі сімвалам горада, але і месцам, сапраўды запатрабаваным людзьмі. Як адзначыў на пасяджэнні калегіі намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Пётр Кірычэнка, летась палац наведалі 188 тысяч турыстаў, а сёлета гэтая колькасць мае перавысіць двухсоттысячную адзнаку.
Адметна, што пераўтварэнне колішняга Палаца піянераў у палацава-паркавы ансамбль адбывалася пераважна высілкамі самой Гомельшчыны, аб’яднанымі яе губернатарам Аляксандрам Якабсонам. Больш за тое — плынь інвестыцый не спыняецца і па сёння. Па словах дырэктара Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Алега Рыжкова, з абласнога бюджэту штогод выдаткоўваецца каля 10 мільярдаў рублёў толькі на працяг рэканструкцыі комплексу. Неўзабаве плануецца аднавіць і дэндралагічны склад парку, вядомага некалі шматлікімі рэдкімі пародамі дрэў. І ўжо ў наступным годзе мае быць падрыхтавана дасье на ўключэнне ансамбля ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Дарэчы, адпаведныя матэрыялы рыхтуюцца і па іншых помніках архітэктуры Гомельшчыны— самабытных драўляных цэрквах Палесся.
Розныя абліччы спадчыныГісторыка-культурная спадчына дарэмна асацыіруецца ў многіх выключна са старадаўнімі будынкамі. Амаль палову ўсіх помнікаў Гомельшчыны, унесенных у Дзяржаўны спіс, складаюць археалагічныя. Як было неаднаразова адзначана пад час пасяджэння калегіі, ахова гэтых, часцяком непрыкметных на першы погляд, “пагоркаў” асабліва складаная. Істотную небяспеку ўяўляюць для іх і “чорныя капальнікі”.
Важным аспектам аховы помнікаў гісторыі і культуры з’яўляецца няспынны кантроль за іх станам. Пра тое, як наладжана гэтая дзейнасць на Гомельшчыне, засведчыў пакет копій дакументаў, атрыманы ўдзельнікамі пасяджэння калегіі ў Жлобінскім раёне. Ён уключаў рашэнне райвыканкама аб стварэнні інспекцыі для праверкі стану аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс, план мерапрыемстваў па прафілактыцы нанясення шкоды помнікам археалогіі і графік інспектарскіх праверак аб’ектаў.
Як адзначыў Дзмітрый Чумакоў, у цэлым па вобласці такімі праверкамі сёлета былі ахоплены дзве трэці аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс.
Практыкуюцца і міжведамасныя праверкі гісторыка-культурных каштоўнасцей, удзел у якіх бяруць супрацоўнікі пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю. На абласным узроўні прынята рашэнне аб стварэнні раённых каардынацыйных саветаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны — як матэрыяльнай, так і духоўнай. Разам з тым, як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, спецыялісты на месцах нярэдка скардзяцца на нявызначанасць свайго становішча, нястачу рэальных механізмаў ажыццяўлення нагляду за выкананнем заканадаўства.
Яшчэ адна шматлікая група гісторыка-культурных каштоўнасцей — помнікі, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Па словах Дзмітрыя Чумакова, многія з іх былі зроблены ў свой час не з самых надзейных матэрыялаў, і цяпер ступень іх разбурэння дасягае 70 — 80%. Таму ў самы бліжэйшы час чакаецца вялікая праца па наданні гэтым помнікам урачыстага, адпаведнага юбілею, выгляду.
Разам з тым, як адзначыў начальнік Упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі, некаторыя помнікі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны, састарэлі не толькі матэрыяльна — іх эстэтычная вартасць сёння можа падацца спрэчнай. І таму мэтазгодным было б не рэстаўраваць, а замяніць іх на новыя.
Першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Рылатка звярнуў увагу таксама і на неабходнасць сістэмнага падыходу ў справе мемарыялізацыі воінскіх пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны.
Самай нешматлікай катэгорыяй гісторыка-культурных каштоўнасцей сёння з’яўляюцца нематэрыяльныя. Пакуль што на Беларусі іх усяго чатыры, прычым дзве — на Гомельшчыне. Пад час наведвання Веткі ўдзельнікі калегіі маглі пазнаёміцца ў відэазапісе з адной з іх — абрадам “Ваджэнне і пахаванне стралы” з вёскі Казацкія Балсуны, а таксама з актыўнайработай культасветнікаў раёна па зборы і сістэматызацыі мясцовага самабытнага фальклору. Зрэшты, на Гомельшчыне сёння рыхтуюцца неабходныя матэрыялы для надання статуса помніка нематэрыяльнай каштоўнасці яшчэ дзвюм з іх — старадаўнім песням з вёсак Козлы Ельскага раёна і Новае Палессе Лельчыцкага раёна. Па словах Ігара Чарняўскага, узровень падрыхтоўкі гэтых матэрыялаў спецыялістамі з Гомельшчыны настолькі высокі, што можа быць узяты за ўзор для іншых.
* * *
Падзякаваўшы рупліўцам рэгіёна за карысны досвед, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грыдзюшка звярнуў асаблівую ўвагу на пазіцыю мясцовых улад у справе аховы помнікаў даўніны. Зрэшты, яе падкрэслівалі практычна ўсе выступоўцы.
— Спецыялістам нашага ўпраўлення пастаянна даводзіцца сустракацца ў рабочым парадку з прадстаўнікамі мясцовых улад, і магу канстатаваць, што зацікаўленасць улад Гомельшчыны — асаблівая, — адзначыў пад час свайго дакладу Ігар Чарняўскі. — Вельмі важна, што кіраўнікі знаходзяць час асабіста прыняць удзел у вырашэнні пытанняў, датычных аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
Думаецца, менавіта апошняе абумовіла шматлікія поспехі рэгіёна ў гэтай стратэгічнай для дзяржавы галіне.
Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА