Гарадзішча ранняга жалезнага веку — гісторыка-культурная каштоўнасць. Фота Змітра Юркевіча
“ЗЯМЛЯ НАВАГРУДСКАЯ, КРАЮ МОЙ РОДНЫ...”
Такімі словамі пачаў Адам Міцкевіч сваю першую, але недапісаную паэму “Бульбы” (1818 год). Калі “перакласці” гэтыя словы на мову картаграфіі, то родны край паэта, зямля ягоных продкаў укладаецца ў прастору паміж Слонімам, Наваградкам, Карэлічамі, Мірам, Стоўбцамі, Слуцкам, Капылём, Ляхавічамі і Баранавічамі, якія ў часы ВКЛ уваходзілі ў межы Навагрудскага ваяводства. Але больш блізкімі паэту былі землі Баранавіччыны і суседняй Наваградчыны, дзе жылі бацькі паэта. З Радагошчай, а дакладней маёнткам Чомбраў (вядомы з XVI стагоддзя), у ста метрах ад якога было тое гарадзішча, звязана маці паэта Барбара Маеўская, дачка чомбраўскага аканома. Пэўна, тут адбылося яе знаёмства з Мікалаем Міцкевічам (бацькам паэта). І вельмі верагодна, што менавіта ў Чомбраве яны згулялі сваё вяселле. Бо ў традыцыях таго часу браць шлюбы ў парафіі, адкуль паходзіла нявеста. Калі ж нарадзіўся Адам (а ці не адбылося і гэта ў Чомбраве?), то менавіта гаспадыня маёнтка Анэля Вузлоўская, стала яго хроснай маці. Хросным жа стаў Адам Бернард Абуховіч, сябра Вузлоўскіх і патрон Міцкевічаў. Было б дзіўна, калі б малы Адась ніколі не пабываў у маёнтку сваёй хроснай, які знаходзіўся акурат пасярэдзіне шляху з Завосся ў Наваградак. Адсюль і думка, што пэўна не раз ён мог пабываць і на гарадзішчы, якое і сёння, дзякуючы захапляльным краявідам, пакідае моцнае ўражанне. Што ўжо казаць пра часы мінулыя, калі адусюль былі чутны сялянскія спевы, а шляхта зводзіла паміж сабой рахункі ў наездах. Адзін з якіх, чомбраўскі, быў пакладзены ў сюжэтную лінію паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Здымалі ў Чомбраве ў 1928 годзе і аднайменны фільм, у кадрах якога з’явіліся не толькі краявіды, але і мясцовыя жыхары, якія сыгралі ролі сваіх продкаў (сялян і шляхты). Што ж датычыцца старажытнай гісторыі гарадзішча, то яна не менш цікавая. Але, каб не паўтарацца, нагадаем, што апісаная яна ў адным з нядаўніх нумароў “К” (гл. № 22, 2022).
МАРЫ-МАРЫ...
Першыя думкі аб тым, каб правесці талаку на “гары Міцкевіча” (так гарадзішча на Радагошчы часам называюць мясцовыя жыхары), з’явіліся ў нас год таму. Але любая ідэя, як вядома, павінна выспець. А талака на Радагошчы, улічваючы аб’ём працы, сапраўды павінна стаць грандыёзнай. Гарадзішча, якое мае немалую плошчу (сама пляцоўка прыкладна 50х80 метраў плюс магутныя схілы), шчыльна, як частаколам, заросла кустоўем. Раней, як кажуць мясцовыя жыхары і як вядома з публікацый у СМІ, гарадзішча даглядалася. Ладзіліся тут святы і раскопкі. Але ж усё гэта было калісьці. І традыцыю трэба ўзнавіць.
УВАСАБЛЕННЕ ІДЭІ
З прапановай правесці сумесны суботнік на Радагошчы мы звярнуліся да начальніка адзела культуры Навагрудскага райвыканкама Марыны Шабановіч. Кіраўніцтва раёна нашу прапанову ўхваліла, бо, як вядома, гэты аб’ект мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці (3 катэгорыя). Але ці можна было падумаць, што ідэя перарасце ў дзею, якая з’яднае высілкі дзясяткаў навагрудчан, “узброеных” рознымі тэхнічнымі прыладамі і цяжкай тэхнікай? Вядома ж, не. Даведаўшыся пра ідэю суботніка, на дапамогу аддзелу культуры Навагрудскага райвыканкама прыйшлі прадстаўнікі іншых ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Плячом да пляча на крутых схілах Радагошчы працавалі спецыялісты аддзела культуры, устаноў культуры і прадстаўнікі іншых арганізацый: Навагрудскага раённага цэнтра культуры i народнай творчасці, Навагрудскай раённай бiблiятэкi, Валеўскага сельвыканкама на чале са старшынёй Дзмітрыем Пiваварчыкам, СРДУП “Свiцязь”, электрасетак, раённага мiжгалiновага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных устаноў i дзяржаўных органаў. Агулам больш за 30 чалавек. Кіраўніцтвам прадпрыемстваў і арганізацый для правядзення суботніка было прадастаўлена некалькі адзінак тэхнікі — трактары з прычэпамі. “Справа гэта важная, правільная і патрэбная ўсім, не толькі навагрудчанам”, — адзначыў у размове намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Яўгеній Бажко, дзякуючы дапамозе якога ў тым ліку талака і адбылася.
Удзельнікі талакі на Радагошчы. Фота Змітра Юркевіча.
Пачатак талакі быў абвешчаны на 10 гадзін раніцы, але фактычна яна пачалася на гадзіну раней. Таму, калі наш мінскі дэсант дабраўся да Радагошчы, запланаванае на першы суботнік ужо было амаль завершана. Тым не менш праца для двух ураджэнцаў Баранавіччыны і сённяшніх жыхароў сталіцы — гісторыка і валанцёра Іллі Чарняўскага і аўтара гэтых радкоў — знайшлася. Падчас кароткіх адпачынкаў мне ўдалося паразмаўляць з тымі, хто дапамог арганізаваць гэтую талаку і хто браў у ёй непасрэдны ўдзел. Зразумела, што не ўсе дасканала ведалі гісторыю Радагошчы, але ўсе разумелі важнасць моманту. Моманту, з якога пачалося вяртанне гэтаму месцу былой велічы. Уразіў мяне яшчэ глыбокі мясцовы патрыятызм. Бо для многіх удзельнікаў талакі вёскі Валеўка і Радагошча — родныя мясціны. Таму выйсці на суботнік у выхадны дзень (і нават у час водпуску) стала справай гонару. Ад старшыні Валеўскага сельвыканкама Дзмітрыя Піваварчыка даведаўся я пра акалічнасці рэстаўрацыі капліцы, каля якой знайшлі апошні спачын сваякі гаспадароў чомбраўскай сядзібы. У 2019 годзе капліца была адноўленая. І важную ролю ў гэтым працэсе адыграў сённяшні міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, які ў той час займаў пасаду старшыні Навагрудскага райвыканкама.
Удзельнікі талакі на Радагошчы. Фота Змітра Юркевіча.
ПАЧАТАК ПАКЛАДЗЕНЫ. ПРАЦЯГ БУДЗЕ
Завяршылася талака ў гадзіну дня. Тэхніка вывезла гару пераможанага галля. Удзельнікі мерапрыемства пачалі раз’язджацца па дамах. Але мы засталіся, каб абмеркаваць з начальнікам адзела культуры Навагрудскага райвыканкама Марынай Шабановіч вынікі і магчымыя планы на будучыню. Хоць аб’ём выкананых прац уражваў, але вяртацца на гарадзішча трэба будзе яшчэ не раз (пішучы гэтыя радкі, я задумаўся: а чаму б не арганізаваць на Радагошчы валанцёрскі летнік?). А яшчэ нарадзілася ідэя ўсталяваць каля былой сядзібы інфармацыйны стэнд, каб турысты-мінакі маглі даведацца і пра гісторыю маёнтка, і пра сувязь яго з паэтамі Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам і знакамітым фатографам Янам Булгакам. Адзін стэнд ужо ўсталяваны каля згаданай капліцы, але на ім не хапае ілюстрацый і інфармацыя пададзеная ў вельмі сціслай форме. А стымулам паспяшацца з увасабленнем ідэй з’яўляецца тое, што следам за юбілеямі Яна Чачота і Тамаша Зана (2021 год), Ігната Дамейкі (сёлета) крочыць юбілей самога Адама Міцкевіча. У 2023-м споўніцца 225 гадоў з дня нараджэння вялікага беларускага паэта!
Напрыканцы мне б хацелася выказаць словы шчырай удзячнасці ўсім, хто дапамог арганізаваць і правесці гэтую талаку, — намесніку старшыні Навагрудскага райвыканкама і начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгенію Бажко, начальніку аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Марыне Шабановіч, старшыні Валеўскага сельвыканкама Дзмітрыю Піваварчыку. А таксама вялікая падзяка ўсім тым, хто ў гэты дзень далучыўся да талакі!
Запрашаем нашых чытачоў далучыцца да чарговай талакі на Радагошчы, анонс якой мы абавязкова размесцім загадзя!