ЯК УСЁ ПАЧАЛОСЯ
1 мая 2020 года Аляксандр Абрамовіч апублікаваў у сацыяльных сетках некалькі фатаграфій з месца падзей. Да здымкаў краязнаўца дадаў просьбу дапамагчы расчытаць надпіс на камені. У выніку абмеркавання стала зразумела, што гаворка вядзецца пра сапраўднае адкрыццё, бо звязана знаходка са славутым паэтам, нашым земляком Адамам Міцкевічам. А тое, што гэта не містыфікацыя краязнаўцы, пацвердзілі літаратурныя крыніцы.
Далейшае расследаванне паказала, што камень гэты з’явіўся ў Студзёнках яшчэ ў ХІХ стагоддзі, аб чым згадвалася ў кнізе “Pologne, Russie, Siberie: Joseph Kalinowski”. Была яна прысвечана былому афіцэру, інжынеру, паўстанцу, настаўніку Юзафу Каліноўскаму, які ў 1877 годзе ўступіў у манаскі ордэн кармелітаў і прыняў імя Рафал (у 1991 годзе быў кананізаваны). У кнізе, паміж іншага, сцвярджалася, што ў свой час Адам Міцкевіч пабываў у Студзёнках і пакінуў у альбоме гаспадыні запіс: “Ева рай страціла, ты яго, пані, стварыла”. Пазней гэты запіс быў высечаны на камені, які стаяў у садзе, пры дарозе да капліцы. У той жа кнізе сцвярджалася, што візіт у Студзёнкі пакінуў такое моцнае ўражанне ў Міцкевіча, што ён ўвёў яе краявіды як мізансцэну ў сваю паэму “Пан Тадэвуш” (дзеі якой разгортваюцца паміж сённяшнімі Баранавічамі і Навагрудкам). Пазней гэтыя звесткі не раз перадрукоўваліся, але па-за межамі нашай краіны. Пэўна, калі б не знаходка каменя, ніхто на тыя ўспаміны не звярнуў бы ўвагі.
ЯКІМ БУДЗЕ ПРАЦЯГ?
Як толькі рэха гістарычных баталій сціхла, нарадзілася пытанне: а што далей рабіць з артэфактам? У маі 2020 года Аляксандр Абрамовіч даслаў на адрас Нясвіжскага райвыканкама ліст, у якім прасіў “разгледзець пытанне надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці выяўленаму ў вёсцы Студзёнкі каменя з выслоўем паэта Адама Міцкевіча і вясковай сажалкай і дрэвамі, што ўваходзілі ў былы сядзібны комплекс і звязаныя з выдатнымі гістарычнымі дзеячамі”. Неўзабаве прыйшоў адказ, з якога вынікала, што на-
данне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі “3” (рэгіянальнага значэння) адносіцца да кампетэнцыі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Прапанову накіравалі ў Мінскі аблвыканкам для разгляду на абласной радзе па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
Пакуль у Мінску вырашалася і вырашаецца пытанне надання статусу, адбыліся перамены ў Студзёнцы. Аляксандр Абрамовіч атрымаў ад гаспадароў аварыйнага склепа дазвол забраць адтуль камень. І ў маі 2021 года адбылася сумесная талака, у якой бралі ўдзел жыхары Студзёнак, валанцёры Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана і, вядома ж, журналісты газеты “Культура”. У выніку талакі камень Міцкевіча вагой некалькі сот кілаграмаў выцягнулі са склепа, і ён “зноў убачыў сонца”. Аб чым мы таксама згадалі на старонках “К” (гл. № 18, 2021). Пазней ён быў дастаўлены на падворак спадара Абрамовіча, дзе цярпліва чакае вырашэння свайго лёсу.
На думку сённяшняга апекуна каменя Аляксандра Абрамовіча і жыхароў Студзёнкі, з якімі нам удалося паразмаўляць, найлепшым рашэннем было б зрабіць на беразе сажалкі земляны насып (курганчык), усталяваць камень і паставіць невялічкую альтанку, каб прыкрыць яго ад непагадзі. На вялікі жаль, ад былога студзёнкаўскага хараства толькі і засталося, што сажалка, часткова абсаджаная старымі ясенямі і векавым бэзам. Усё астатняе — сядзіба, парк, сад, капліца-пахавальня і маленькія могілкі вакол яе — даўно пайшло ў нябыт. Таму так важна для мясцовых жыхароў захаваць тое малое, што ацалела.
З ГІСТОРЫІ СТУДЗЁНАК
Пэўна, у чытача ўзніклі пытанні, што гэта за Студзёнкі такія, хто тыя Каліноўскія і якое дачыненне яны маюць да вёскі і знойдзенага каменя. Вядомая гэтая вёсачка з XVI стагоддзя. У 1650-м яе гаспадаром становіцца род Радзівілаў. Напрыканцы XVIII стагоддзя Студзёнкі належалі афіцэру радзівілаўскай міліцыі Ігнату Мараўскаму, які ажаніўся з малодшай сястрой Караля Радзівіла “Пане Каханку” Тэафіляй. Пасля смерці мужа Тэафіля выйшла замуж за Яна Развадоўскага, ротмістра кавалерыі літоўскага войска. Неўзабаве пасля шлюбу, у 1807 годзе, Тэафіля памерла. А праз нейкі час Развадоўскі бярэ другі шлюб — з Марыяй Вангродскай (менавіта ў гэты перыяд Міцкевіч мог пабываць у Студзёнках, хоць да сённяшняга дня гэты візіт дакументальна не пацверджаны). У 1833 годзе іх дачка Сафія выйшла замуж за паручніка Андрэя Грушэцкага, двараніна Магілёўскай губерні. А ў 1857 годзе дачка Андрэя Марыя Грушэцкая пабралася шлюбам з Віктарам Каліноўскім (1833—1880), старэйшым братам згаданага вышэй Рафала.
Андрэй Каліноўскі (1805—1878), бацька Віктара, быў асобай вядомай. Спярша настаўнічаў у віленскай гімназіі. Потым перайшоў на працу ў Віленскі шляхецкі інстытут, вядомы сваімі выхаванцамі (прыкладам, там вучыўся кампазітар Міхал Грушвіцкі, пра якога мы не раз пісалі), а яшчэ пазней стаў дырэктарам гэтага інстытута. Андрэй Каліноўскі быў жанаты тройчы. Апошняй яго жонкай стала Сафія Путкамер, бацькамі якой былі граф Ваўрынец Путкамер і… Марыля Верашчака (першае вялікае і напраўду няшчаснае каханне Адама Міцкевіча).
НЯЎДАЛЫЯ ЗАЛЁТЫ ПАЭТА
Бацькамі Марылі былі Антон Верашчака, маршалак шляхты наваградскага павета, і Францішка Анцута, дачка берасцейскага земскага суддзі (і цётка Ігната Дамейкі).То-бок Марыля была з “яснавяльможных”. Таму заваяваць яе сэрца Адам змог, але заключыць шлюб з ёй у “худароднага шляхціча” шансаў не было. Нагадаю, што бацька Адама Міцкевіча, які гаспадарыў у Завоссі, не меў ніводнага прыгоннага. Гэтая гісторыя цалкам магла легчы ў канву паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, у якой усё пачалося менавіта з няўдалых залётаў “худароднага” да “яснавяльможнай”.
У Туганавічах і Больценіках, дзе разгортваўся раман Адама і Марылі, былі свае памятныя камяні, якія лічыліся месцам спатканняў закаханых. У Больценіках такі камень захаваўся. На ім высечаны крыж, які пакінуў або Адам, або Марыля. Ці захаваўся туганавіцкі камень, невядома, але ўбачыць, як ён выглядаў, можна на акварэлі Напалеона Орды.
Дарэчы, пра Туганавічы. Не так даўно славутая альтанка са старых раскідзістых ліпавых дрэваў непазнавальна змяніла сваё аблічча. Некалькі з тых дрэваў, якія памяталі пасяджэнні філаматаў і шэпт закаханых маладзёнаў, былі спілаваныя. Таму спяшайцеся ўбачыць тое, што яшчэ засталося.
ЗАМЕСТ КРОПКІ
Як нам некалькі дзён таму паведаміў Аляксандр Абрамовіч, у чэрвені пытанне надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці каменю Міцкевіча можа быць вырашана канчаткова. Значыць, працяг будзе.